04.06.2001 / 13:00

Валянцін Акудовіч. Бяз нас (да дзясятай гадавіны «НН»)

№ 23 (232), 4 чэрвеня 2001 г.


Бяз нас 
да дзясятай гадавіны «НН»

Валянцін Акудовіч

 

Краіна Беларусь жыве бяз нас. Бяз нас будуюцца дамы, дарогі і масты, бяз нас рухаюцца машыны, цягнікі і самалёты, бяз нас працуюць фабрыкі, заводы, банкі, амбасады і міністэрствы, бяз нас садзіцца бульба, ідуць навуковыя росшукі і бізнэсовыя апэрацыі. Бяз нас спартоўцы ладзяць свае спаборніцтвы, турфірмы — вандроўкі, а філярмоніі — канцэрты. Бяз нас гуляюць вясельлі, спраўляюць хаўтуры, гадуюць і вучаць дзяцей. Бяз нас фармуюць замежную палітыку, ствараюць тэлепраграмы, трымаюць эканоміку і абіраюць прэзыдэнта...

Краіна Беларусь жыве бяз нас. Калі б ня колькі палітычных перадачаў на дзяржаўным радыё і тэлебачаньні, дык сёньня мала б хто ведаў (за выняткам нас саміх), што ў Беларусі, акрамя проста беларусаў, ёсьць яшчэ нейкія “сапраўдныя” (“шчырыя”, “сьвядомыя”, “зацятыя”, “адданыя” і да т.п.) беларусы, гэта значыць — мы. Тыя некалькі “нашых” радыёстанцый за межамі краіны і тыя некалькі “нашых” часопісаў ды газэтаў у ейных межах працуюць на нас і дзеля нас, а не на Беларусь і дзеля Беларусі. Тое самае можна сказаць пра ўсе нашыя публічныя акцыі (мітынгі, шэсьці, пікеты, пэрформансы, графіці...), якімі мы ўжо зь дзесяць гадоў бавім выключна сябе.

Ува ўсім сказаным вышэй няма ніякай навіны. Мы лепей ад пацераў ведаем, хто адасобіў нас ад беларускага народу: польскі мэсіянізм (палянізацыя), расейскі імпэрыялізм (калянізацыя і русіфікацыя), камунізм (саветызацыя), КДБ (ФСБ), Лукашэнка (Крэмль), але найперш — сам нацыянальна несьвядомы (спалянізаваны, скалянізаваны, зрусіфікаваны, засаветызаваны, манкуртызаваны, халопскі, быдлянскі, задраны і задрыпаны) беларускі народ.

Натуральна, што з такім народам мы (як толькі “мы” зьявіліся ў сярэдзіне 80-х) не жадалі мець нічога супольнага. Паколькі зусім без народу абыходзіцца не выпадала, нам нічога іншага не заставалася, акрамя як улегчыся ў адраджэньне скампіляванай з размаітых парэшткаў былога вясёлкавай Беларусі, дзе, згодна з нашымі меркаваньнямі, мы мелі шанец натрапіць на добры беларускі народ, якому ў асалоду было б і служыць і маліцца...

На першы погляд — не ідэя, а цуд, але менавіта з гэтага цуду і распачаўся наш шлях упрочкі ад тутэйшага народу ў ідэальнае нікуды, бо Адраджэньне адмовіла рэальнай Беларусі ў хоць якой вартасьці. За патрабаваньнем вяртаньня гістарычнай спадчыны, мовы і культурнага досьведу мінулага хавалася жорсткая ідэалягічная канструкцыя, у якую ня ўпісваліся здабыткі і каштоўнасьці тагачаснага беларускага грамадзтва, бо ўсе ягоныя перамогі, плёны і радасьці мелі альбо камуністычнае, альбо каляніяльнае паходжаньне. Згодна з выпрацаванай у падпольных галовах канцэпцыяй, права “чалавекам звацца” мелі адно героі супраціву калянізацыі і ахвяры камуністычнага тэрору.

Дзіўна, але глыбока рэпрэсіўную сутнасьць ідэі Адраджэньня не заўважылі ні ейныя адэпты, ні апанэнты —уся ўвага канцэнтравалася на той яе частцы, якая рэпрэсавала вынікі расейскай культурнай і палітычнай экспансіі. Паколькі аб’ектам расейскай экспансіі быў “беларускі народ”, ён і стаўся першай і галоўнай ахвярай адраджэнскіх рэпрэсіяў, што, дарэчы, амаль і не кранулі расейскага імпэрыялізму, супраць якога былі скіраваныя па задуме.

Нашае Адраджэньне сталася своеасаблівым інтэлектуальным генацыдам беларускага грамадзтва, яно адмаўляла ў праве на вартасную ацэнку свайго жыцьця ня толькі сучасьнікам, але й дзясяткам папярэдніх пакаленьняў, якія без супраціву 200 год пражылі пад ярмом усходняга калянізатара. У адрозьненьне ад памерлых, сучасьнікі яшчэ мелі шанец рэабілітавацца. Дзеля гэтага трэ было праклясьці сваё жыцьцё за камуністамі, прачытаць кніжку Ермаловіча “Старажытная Беларусь”, агораць колькі вершаў Геніюш, вывучыць “клясычную мову”, уступіць у БНФ і падпісацца на “Свабоду” ды “Нашу Ніву”.

Гадоў дзесяць таму шмат хто з паспалітых беларусаў (ці то з сораму за ганебнае мінулае, ці то з гонару за наноў скампіляваную гісторыю, ці то з крыўды за занядбаную Бацькаўшчыну) ступіў на пакаянны шлях да Ідэальнай Беларусі... Але далёка ня кожны дайшоў нават да рыштаваньняў, а з тых, што дайшлі, сёньня ўжо мала хто застаўся.

Прычынай таму камуністы, маскоўскае ФСБ, беларускае КДБ, пэрсанальна Лукашэнка і, натуральна, сам беларускі народ (скалянізаваны, зрусіфікаваны, засаветызаваны і г.д.)

Трэ было б дадаць яшчэ адну прычыну, якая мусіць папярэднічаць астатнім: мы думаем не галавой, а сэрцам. А сэрца нам дадзенае дзеля любові ці нянавісьці. Таму канцэпцыя Ідэальнай Беларусі, змацаваная на крыжы любові да свайго краю і нянавісьці да тых, хто мучыў яго, пасавала для палымяных публічных прамоваў (на мітынгах, у вершах, публіцыстыцы), але выявілася цалкам непрыдатнай для рэальнага жыцьця. У гэтай канцэпцыі, як і кожнай, сфармуляванай на думаньні сэрцам, хаваўся яшчэ адзін хіб, а менавіта: яна змушала ўсіх іншых тоесьніцца ў агульнай любові і нянавісьці з тымі, хто яе зладзіў і запрапанаваў. У кожнага з “усіх іншых” сэрца яшчэ балела за нешта сваё: за каханую, грошы, уладу, экалёгію, Бога, братоў нашых меншых, камунізм, ядравую пагрозу, несьмяротнасьць, глябалізацыю, пэрпэтуум мобіле... Таму пакрысе і сыходзілі са шляхоў да Ідэальнай Беларусі тыя, чые сэрцы спачатку адгукнуліся на наш покліч, а потым услухаліся ва ўласнае тухканьне і зразумелі: трэба ў іншы бок...

Але ў адзіноце мы засталіся не таму, што ад нас нехта адышоў, а таму, што абсалютная большасьць жыхароў дзяржавы, у якой мы тулімся па завугольлі, і не зьбіралася выпраўляцца на адкрытую намі “новую зямлю”. Нават калі б па загадзе Лукашэнкі іх заштурхалі да нас дуламі аўтаматаў, і тады б яны ўпотайкі паразьбягаліся па сваіх утульных засьценках. Бо тут усё ім незнаёмае ды нясвойскае. Вакол нейкія Альгерды, Вітаўты, Сапегі, нейкае ВКЛ, БНР, нейкі СБМ і безьліч няўцямнага іншага. Ну добра, да незнаёмага спакваля можна прызвычаіцца. Але як жыць без таго, што напаўняла жыцьцё сэнсам і значэньнем — бяз майскіх і акцябарскіх сьвятаў; бяз трактарнага і аўтамабільнага заводаў, якія ты колісь збудаваў і на якіх адпрацаваў ладны кавалак веку; бяз гонару за перамогу ў вялікай вайне, якую выйграў асабіста ты; без успамінаў пра палёты ў космас Гагарына і свайго роднага Кавалёнка... Дый увогуле, што ты забыўся на гэтай голай высьпе, адкрытай усім скразьнякам свабоды, калі ў цябе ёсьць магутная звышдзяржава, якую ты ствараў уласнымі крывёю і потам і якая праз сваю веліч надавала велічы і табе?

Наш канцэптуальны разрыў зь “беларускім народам” паходзіць ня столькі з рознага стаўленьня да мовы, гісторыі, ідэалёгіі, колькі з вызначэньня таго месца, дзе беларусы жылі апошнія дзьвесьце гадоў.

Мы думаем, што ўсю гэтую пару заставаліся і сёньня займелі свабоду і незалежнасьць толькі дзякуючы пэрманэнтнаму супраціву лепшых з нашых продкаў (і трохі — сучасьнікаў).

“Беларускі народ” (90% насельніцтва Беларусі), у адрозьненьне ад нас, не займеў свабоды, але страціў вялікую дзяржаву, зь якой лічыўся ўвесь сьвет. “Беларускаму народу” сьмешна нават слухаць пра нейкае там рабства, бо добрую траціну палітычнай, эканамічнай ды інтэлектуальнай эліты Масквы складалі беларусы па паходжаньні, а сама Беларусь у канфігурацыі імпэрыі займала адно з самых паважаных месцаў, была індустрыяльна мадэрнізаваная і мела ці не найвышэйшы ўзровень дабрабыту. Нельга сказаць, што “беларускі народ” рашуча настроены супраць незалежнасьці, але і адмаўляцца ад сваёй вялікай гісторыі ў супольнасьці з Расейскай імпэрыяй ён не жадае. Тым болей, што мы яму прапанавалі памяняць ролю вялікага воя і вялікага дойліда, які за гэтыя два стагодзьдзі ці то пабраў, ці то вызваліў палову сьвету, засвоіў частку космасу і збудаваў першую ў сьвеце камуністычную цывілізацыю, на ганебную ролю скалянізаванага раба, які сам з гэтага рабства нават вызваліцца ня здолеў.

Я не ідэоляг і не палітык. Я шараговы валанцёр Нацыянальнай Мроі. Пачынаючы зь “Дзядоў” 1988 г. браў удзел амаль ва ўсіх шэсьцях і мітынгах, якія ладзілі нашыя палітыкі, а з 1991 г. раз на тыдзень абавязкова чытаў “Нашу Ніву”, якая ідэалягічна забясьпечвала і падтрымлівала нашых палітыкаў.

Як шараговы валанцёр, я, мусіць, не павінен сунуцца не ў сваю справу, гэта значыць аналізаваць і тым больш публічна ацэньваць тэорыю і практыку тых, з кім дабрахоць рушыў ужо больш як дзесяць гадоў таму. Але мабыць я зашмат стаптаў чаравікаў на ўсіх гэтых шэсьцях і залішне ўважліва дзесяць год запар прачытваў “Нашу Ніву”, каб цяпер, калі ўжо побач той дзень, калі на чарговую публічную акцыю зьбярэмся толькі мы ўтрох — ідэоляг, палітык ды я, — ня выказаць услых таго, пра што думалася ўжо досыць даўно.

Бо калі думаць ня сэрцам, а тым, чым належыць, няцяжка зразумець, што мы самі (ідэоляг, палітык і валанцёр, які сваёй наяўнасьцю забясьпечваў імпэт ідэоляга і палітыка) адасобілі сябе ад “беларускага народу”, паклікаўшы яго ў краіну, дзе ніхто не жыве, акрамя гістарычных і літаратурных зданяў ды прывідаў.

Натуральна, “беларускі народ” не адгукнуўся на наш покліч у нікуды. А мы яго за гэта занелюбілі і нават трохі ўзьненавідзелі. Якімі толькі словамі ні бэсьцілі мы гэтага балотнага народу, што не хацеў караскацца за намі на голыя выспы! “Народ” нейкі час абыякава трываў нашую лаянку, а потым узяў ды адсунуўся ад нас падалей. Апошнім мы былі ўжо моцна абражаныя.

Увогуле, нашыя стасункі зь “беларускім народам” трагічныя да сьмешнага. З дня ў дзень ва ўсіх падуладных нам СМІ як толькі мы яго ні ганілі і ні ганьбавалі, але пры гэтым дзень пры дні чакалі, што назаўтра ён нас ужо абавязкова палюбіць, пачне чытаць нашыя газэты і кнігі ды далучыцца да нашых мітынгаў і шэсьцяў.

Хаця калі на нашыя стасункі зь “беларускім народам” зірнуць без паблажлівай самаіроніі, можна ўбачыць адкрытую канфрантацыю і варожасьць. Калі “беларускі народ” абраў Лукашэнку, ён адразу пачаў вызнавацца намі за ворага, а краіна Беларусь — за варожую краіну.

Некалі за камуністамі ці ня ў кожнай газэце была рубрыка кшталту “Трушчобы Амэрыкі”, дзе пра ўсе ідэалягічна варожыя краіны пісалі выключна ў ракурсе “нетраў”, “паразаў”, “парушэньняў правоў чалавека”, “падвышкі цэнаў”, “пратэставых выступаў” і да т.п.

На тле гэтай рэтраспэкцыі згадайце, аб чым пішуць нашыя газэты і пра што распавядае нашае радыё?

Дарэмна думаць, што сытуацыя пераменіцца, калі пры ўладзе будзе не Лукашэнка.

Ня мы, а “беларускі народ” яго абраў, і ня мы, а той самы “народ” яго скіне (рана ці позна) і зноў абярэ ня нашага, а свайго прэзыдэнта, і мы зноў будзем пісаць пра Беларусь як пра варожую краіну.

Ці магло, ці можа быць інакш? Бадай — не. Найперш таму, што іншымі не маглі быць мы самі. Падмурак, на які мы абапіраліся ў сваім паўставаньні над вярэдзівам часу, мацаваўся трыма кутнымі камянямі: антыкамунізмам, антыкаляніялізмам і нацыяналізмам. Бяз гэтых двух “анты” тады быў немагчымы трэці складнік. Калі фармаваліся ідэі Адраджэньня (Ідэальнай Беларусі), хіба можна было ўявіць сабе такую канцэпцыю Беларускай Дзяржавы, якая б адначасна спалучала ў сабе плён савецкай, супольнай беларуска-расейскай і нацыянальна-гістарычнай спадчыны. Хіба што як зьдзек тады магла быць успрынятая прапанова задзіночыць у межах аднаго дыскурсу ВКЛ і БССР, Слуцкае паўстаньне і савецкую партызанку, Астроскага і Жукава, Рэч Паспалітую і СССР, Скарыну і трактар “Беларусь”, Грунвальд і вясну 45-га, Дамейку і Чэрскага... Жорсткае разьмежаваньне з аднаго боку па лініі “антыкамунізму”, з другога — па лініі “антыкаляніялізму” было наканаванае нам тым часам, у якім мы падымаліся з каленяў. Памяць пра тое, чым мы падымаліся, будзе трымаць нас да скону (прынамсі, мэтафізычнага), нават калі гэты скон прысьпешыцца ўчэпістасьцю нашай памяці... Пра гэта сьведчыць і адзін з апошніх нумароў “НН”, дзе Сяргей Паўлоўскі і Сяргей Харэўскі з рамантычным патасам пачатку 90-х нахвальвалі “сарматаў”, то бок беларускую шляхту, якая аддана служыла сваёй Бацькаўшчыне, і заклікалі да арыстакратызацыі сучаснай нацыяналнай эліты, раўнуючы з той, старасьвецкай.

У галоўным мы да сарматаў падобныя: яны прафуфукалі Княства Літоўскае й Рэч Паспалітую, а мы — Беларусь.

Дзякаваць Богу, мы не адныя ў гэтай краіне. Шмат хто “нарадзіўся тут”. І тут расьце, вырастае — ужо не абцяжараны невылечнымі комплексамі антыкамунізму й антыкаляніялізму.

Ладная частка тых, што яшчэ толькі паўстае над вярэдзівам часу зь любоўю да Беларусі, чытае “НН”. Але яна чытае там ня тое, што мы пішам, бо сваё мы ўжо напісалі дзесяць гадоў таму, у першым нумары “НН”.

Цяпер, празь дзесяць гадоў, я зь юнацкім імпэтам чакаю другога нумару, які будзе створаны не дысыдэнтамі занядбанай калёніі й прыбышамі з савецкай імпэрыі, а тымі, хто “нарадзіўся тут”.

Пакуль той другі нумар ня выйшаў, я згадваю паплечнікаў па вялікім адраджэнскім рушэньні, якія цяпер недзе самнамбулічна блукаюць усьцяж “ідэальнага нікуды” і задуменна пытаюся ў сябе: навошта мы ў гэтай краіне і што ўвогуле мы тут робім? — Пішам вершыкі і мацуем шэсьці. Здаецца — усё. Усё астатняе робім ня мы, а тыя, хто пра нас нічога ня ведае і ведаць ня хоча.


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру