Былінны багатыр

Учора ў Доме вэтэранаў у Менску адбыўся сход ініцыятыўнай групы па вылучэньні ў кандыдаты экс-прэм’ера Міхаіла Чыгіра

Чтобы жизнь не проходила зря,
Голосуй, мой друг, за Чигиря!

Песьня часоў кампаніі 1999 г.

Сход меўся пачацца а 12-й, але пачалося ўсё са спазьненьнем на гадзіну. У фае ляжалі перадвыбарныя ўлёткі кандыдата. Чыгіровыя інтэрвію на іх былі датаваныя самае позьняе 1999 г. Відаць, яны засталіся з папярэдняй кампаніі, дык, каб не прападала... Будучыя зьбіральнікі подпісаў — у асноўным людзі блізу 40 гадоў, прадстаўнікі інтэлігенцыі, апранутыя сьціпла. Быў, праўда, і дзясятак студэнтаў анархічна-неахайнага выгляду, і немалы адсотак прыгожых даўганогіх дзяўчат. Рэй ва ўсім вяла ня менш прыгожая Юлія Станіславаўна Чыгірова. Вось каб у прэзыдэнты выбіралі парамі...

Заля сустракала тужлівымі шлягерамі “Песьняроў”, збольшага па-расейску, як і ўсё мерапрыемства.

На сходзе Міхаіл Чыгір не прысутнічаў. Ён зьехаў у Маскву, каб выступіць увечары на ОРТ у праграме “Времена”.

Распачаў мерапрыемства Анатоль Паўлаў, колішні дэкан хімфаку і прарэктар БДУ, а цяпер – старшыня прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі Менску. Ён абвесьціў, што ўсіх прысутных тут аб’ядноўвае “сьвятая мэта — зрабіць Рэспубліку шчасьлівай” і распавёў публіцы пра прысутных у залі высокіх гасьцей, якія падтрымліваюць Чыгіра: народнай артысткі Беларусі Станіславы Гулевіч, дачкі слаўнага партызана Музы Заслонавай, Станіслава Багданкевіча, праваабаронцы Гары Паганяйлы, прадпрымальнікаў Анатоля Трухановіча і Валер’я Леванеўскага.

На парадку дня былі два пытаньні: абраньне старшыні ініцыятыўнае групы і абмеркаваньне самога мэханізму кампаніі “Чыгір – у прэзыдэнты!”

Старшынём абралі самога Анатоля Паўлава. На лягічнае пытаньне з залі: чаму не падтрымліваеце Ўладзімера Ганчарыка, раз у ягоным ведамстве працуеце, Паўлаў адказаў проста: “Чыгір – лепшы”.

За адсутнасьцю “віноўніка” ўрачыстасьці пытаньні на галаву Анатоля Паўлава сыпаліся. Напрыклад: чаму не карыстаецеся беларускай мовай? (На сходзе па-беларуску не прамовілі ні слоўца.). Паўлаў: я за беларускую мову гарой, і нават на рэфэрэндуме галасаваў супраць. Аднак думаю па-расейску, а перакладаць цяжкавата. А вось мае ўнукі будуць гаварыць на чысьцюткай беларускай мове, дый Міхаіл Чыгір – вялікі сябар беларускай мовы.

Пасьля чамусьці сп.Паўлаў успомніў, як у бытнасьць прарэктарам выгнаў з інтэрнату Паўла Севярынца. Ён, маўляў, і ня ведаў, што гэта Севярынец, проста зайшоў у пакой, а там такое!.. Што там “такое”, на жаль, не патлумачыў.

У якасьці кіраўніка ініцыятыўнай групы сп.Паўлаў распавёў, што Чыгір — найлепшая кандыдатура, каб зьмясьціць Бацьку, бо, быццам бы, найбольш бруду ў афіцыйных СМІ выліваецца менавіта на Чыгіра як на самага небясьпечнага канкурэнта. Бо ў Чыгіра ёсьць фізычныя і маральныя сілы і велізарны досьвед працы. Бо Міхаіл — мужны чалавек, ён умее трымаць удар. Нарэшце, таму, што ён сапраўдны мужык, а сапраўдных мужыкоў у Беларусі амаль не засталося. Пры ім заробкі былі быццам бы большыя за 100 даляраў, і стабільны рубель, і ніжэйшыя цэны. Ён чалавек учынку і грамадзянскага подзьвігу і г.д.

Працягнуў апалягетыку прадстаўнік Берасьця Анатоль Леванюк, выкладчык філязофіі ў тамтэйшым унівэрсытэце. Як філёзаф, Леванюк найперш абурыўся: “Чаму гэта “няма мужыкоў у Беларусі?” А мы? Раз мы за Чыгіра, значыць мы — мужыкі”. І назваў патэнцыйных выбаршчыкаў кандыдата: людзі 22—40 гадоў.

Наступным выступоўцам быў галоўны рэдактар газэты “День” Аляксандар Тамковіч. Гэты парэклямаваў сваю газэту і пакляўся зьмяшчаць на яе старонках артыкулы пра набалелае і пра нягоднасьць улады, а таксама сказаў, што “Чыгір шмат зрабіў, каб газэта ўбачыла сьвет”.

Выступілі яшчэ прадпрымальнік з Горадні Ўладзімер Васільеў і Мікалай Усьціменка, прадстаўнік Пухавіцкай суполкі Народнай Грамады. Апошні расказаў, што на калгасных палетках, у заводзкіх цэхах, у электрычках народ задумваецца над пытаньнем: хто, калі не Лукашэнка? І калі людзям падказваеш – Чыгір, дык яны радасна пагаджаюцца: так, толькі Чыгір! Усьціменка прапанаваў дэвіз, пад якім ісьці на выбары: “Лепшае жыцьцё кожнаму, і зробіць гэта Чыгір!” — “Чыгір, —казаў Усьціменка, — добры кандыдат, яму не хапае аднаго — улады” — падсумаваў ён.

Тацяна Ваніна, старшыня Чыгіровага штабу, паведаміла, што ўсяго ў ініцыятыўнай групе налічваецца 1056 чалавек, зь іх 317 прысутнічае на зьезьдзе. (Я, праўда, налічыў у залі толькі 200 чалавек разам з журналістамі). Суполкі ініцыятыўшчыкаў ёсьць у 81 раёне Беларусі. Пра сваю прыхільнасьць да Чыгіра заявілі асобныя сябры БСДП-НГ, АГП, БНФ, Беларускай Партыі Працы, Хельсінскага камітэту, ТБМ.

Навуковец Георгі Лепін распавёў пра Чыгіра як пра чалавека добрай душы, грунтуючыся на асабістых успамінах, а таксама пра восеньскія выбары ў “палатку”, калі сумленнаму і сьветламу Міхаілу Мікалаевічу супрацьстаяла беспрынцыпная і жорсткая Наталя Машэрава, хаця і з анёльскім тварам.

Ідэйныя праціўнікі для Чыгіра, як высьветлілася, — толькі Аляксандар Лукашэнка і Наталя Машэрава.

Прыканцы праваабаронца Гары Паганяйла патлумачыў, як лепей зьбіраць подпісы, як запаўняць блянкі.

На ключавое пытаньне, як будзе вызначацца адзіны кандыдат, Анатоль Паўлаў адказаў, што паказчыкам будзе колькасьць сабраных галасоў. А выбіраць аднаго зь пяці будуць самі кандыдаты. Анатоль Паўлаў запэўніў, што, калі падчас збору подпісаў выявіцца, што ў Домаша найлепшыя шанцы і патэнцыял, Чыгір будзе падтрымліваць яго. Гэта трохі падсаладзіла ўражаньне ад сходу, ад якога чамусьці ў галаву неадступна лезла песьня двухгадовай даўніны пра «Чігіря, былінного богатыря».

Эдвард Людовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0