Валеры Булгакаў: “Машэрава – гэта кандыдат Масквы, які будзе ў меру сілаў дапамагаць Лукашэнку”

Прэзыдэнцкія выбары адбудуцца 9 верасьня, праз тыдзень пасьля таго, як Лукашэнку споўніцца 47 гадоў. Які расклад кандыдатаў утварыўся перад этапам збору подпісаў? На пытаньні «НН» адказвае галоўны рэдактар часопісу “Arche” Валеры Булгакаў.

“НН”: Як высока Вы ацэньваеце шанцы Наталі Машэравай, якую расейскія ды расейскамоўныя беларускія мэдыі апошнім часам навязваюць нам у якасьці “альтэрнатывы Лукашэнку”?

Валеры Булгакаў: Перадусім мушу сказаць, што сам удзел Наталі Машэравай у перадвыбарнай гонцы – вельмі моцны ход тых сілаў, якія за ёй стаяць. Гэтая дама валодае некалькімі вельмі важнымі якасьцямі. Па-першае, яна, дзякуючы незабыўнаму для масавай сьвядомасьці беларусаў вобразу свайго бацькі, здольная выклікаць моцную эмацыйную прыхільнасьць нашых суграмадзянаў. Па-другое, яна яшчэ падчас леташніх выбараў у ніжнюю палату беларускага парлямэнту давяла сваю поўную ляяльнасьць і падкантрольнасьць сваім патронам.

Нагадаем, што яна балятавалася ў той самай выбарнай акрузе, дзе за дэпутацкі мандат змагаліся экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір і экс-начальнік упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Фядута. У першым туры Машэрава набрала амаль 49% галасоў выбарцаў, фактычна забясьпечыўшы сабе поўную перамогу (Чыгір тады ўзяў 23%, Фядута – менш за 10% ), у другім, пасьля таго, як Чыгір зьняў сваю кандыдатуру, — 85%.

 

Разьдзіманьне рэйтынгу Чыгіра

Я не сумняюся ў тым, што лукашэнкаўскія паліттэхнолягі ўжо падчас тых выбраў апрабоўвалі сцэнары для выбараў сёлетніх, вывучаючы “запас трываласьці” кандыдатаў ад партыі ўлады.

Раён, дзе балятавалася Машэрава, настроены досыць дэмакратычна – у 1990 г. ад яго (праўда, тады акругі былі меншыя памерам) прайшоў у Вярхоўны Савет XII скліканьня прадстаўнік БНФ Пётра Садоўскі, а ў менскі гарсавет – сябар сойму БНФ Міраслаў Кобаса (праз 5 гадоў у тым самым раёне на выбарах у ВС ХІІІ скліканьня ён выйшаў у другі тур са старшынёй жаночай партыі “Надзея” Валянцінай Палевіковай, але выбары былі прызнаныя “неадбытымі”). У 1989 г. народным дэпутатам СССР ад яе быў абраны Станіслаў Шушкевіч. Дадам, што ў гэтай самай акрузе вось ужо без малога 20 гадоў жыве сам Чыгір, тут хадзілі ў школу яго дзеці, тут яго ўсе ведаюць і любяць. І ў такім “варожым” асяродзьдзі Машэрава становіцца пераможцай без асаблівых клопатаў! Калі такое здараецца ў апазыцыйным Менску, дык што гаварыць пра рэшту краіны!?

Лукашэнкаўскія паліттэхнолягі, трэба аддаць ім належнае, імкнуцца працаваць максымальна надзейна, зводзячы рызыку памылкі да мінімуму. Выкарыстаўшы парлямэнцкія выбары 2000 г. як своеасаблівы палігон, на сёлетніх выбарах яны, відаць, паставілі сабе задачу-мінумум не дапусьціць таго, каб сапраўды апазыцыйны кандытат заняў другое месца, а задачу-максымум – каб за яго прагаласавала ня больш за 10% беларускіх грамадзянаў.

Зыходзячы з гэтага, проста-такі правакацыйным выглядае, напрыклад, нядаўняе інтэрвію былога лукашэнкаўскага “заўхоза” Івана Ціцянкова, у якім ён навязвае шырокай грамадзкасьці думку, што Лукашэнка вядзе вельмі замкнёнае жыцьцё і што ў гэтым жыцьці ён прыслухоўваецца да галасоў трох найбліжэйшых яму людзей, у тым ліку Ўладзімера Канаплёва “зь яго жонкай Алай”. Мэта такога роду публікацый – прытупіць увагу і пільнасьць апанэнтаў сучаснага беларускага рэжыму, зьляпіць Лукашэнку імідж прастакаватага палітыка зь недалёкім сялянскім розумам, схільнага да неабдуманых імпульсіўных рашэньняў (асабліва тут шчыруе штатны аналітык “Белорусской газеты” Міхаіл Падзяляк). Увесь час прэзыдэнтуры Лукашэнкі паказвае, што гэта ня так.

Яшчэ вельмі небясьпечны сымптом палягае ў разьдзіманьні пэўнымі сацыялягічнымі агенцыямі рэйтынгу Міхаіла Чыгіра, які нібыта пакінуў далёка ззаду ўсіх астатніх членаў апазыцыйнай “пяцёркі”. Ня будзем спэцыяльна задавацца пытаньнем, каму гэта выгадна.

Хочацца яшчэ пару словаў сказаць пра Машэраву. Гэтая дама пражывае ў дзяржаўнай рэзыдэнцыі на ўскраіне Менску і працуе на пасадзе “намесьніцы начальніка галоўнага ўпраўленьня парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі і Расіі”. Такім чынам, перад намі прыклад “намэнклятурніка” паводле паходжаньня і “члена партыі ўлады” паводле пакліканьня, які, да таго ж, мае сур’ёзныя сувязі з расійскай уладнай элітай.

 

Масква зацікаўленая
ў экспарце лукашэнкаўскай палітыкі

Можна з пэўнасьцю казаць, што Машэрава – гэта кандыдат Масквы, адно ўдакладніўшы, што на сёлетніх выбарах яна будзе ў меру сваіх сілаў дапамагаць дзейнаму беларускаму прэзыдэнту.

“НН”: Чаму?

В.Б.: Бо Масква зацікаўленая ў экспарце ўнутранай лукашэнкаўскай палітыкі ў іншыя краны СНД, перадусім у частцы яе культурнага, інфармацыйнага і, калі так можна сказаць, ідэалягічнага складнікаў. Не падтрымаць прэзыдэнта, які фактычна аднавіў працэс рэкалянізацыі ўласнага народу, наша ўсходняя суседка ня зможа. Найперш таму, што гэта зрабіла б цяжкое ўражаньне на прэзыдэнтаў іншых постсавецкіх краінаў, зь якімі Расія вядзе перамовы аб уступленьні ў саюз – Малдовы ды Арменіі і, больш за тое, сур’ёзна запаволіла б інтэграцыйныя працэсы на прасьцягу былога СССР, ініцыяваныя Масквой.

Іншая рэч, наколькі эфэктыўнай і адраснай акажацца гэтая падтрымка.

Што тычыцца велічыні шанцаў Машэравай на гэтых выбарах, то, відаць, тыя асобы, якія дырыжуюць яе перадвыбарнай кампаніяй, ацэньваюць іх як дастатковыя, каб яна магла прэтэндаваць на другое месца па выніках першага туру галасаваньня. Калі падчас выбараў ня будзе масавых фальсыфікацыяў, гэтага можа і ня стацца. Палітычная біяграфія Машэравай не складаецца з адных перамогаў – у 1995 годзе яна прайграла на выбарах у ВС ХІІІ скліканьня па аршанскай акрузе камуністычнаму лідэру Васілю Новікаву.

Я асабіста разглядаю як правакацыю заявы намесьніка старшыні Лібэральна-Дэмакратычнай Партыі Расіі Аляксея Мітрафанава і былога віцэ-прэм’ера беларускага ўраду і экс-кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Леаніда Сініцына, што, “калі на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах сваю кандыдатуру вылучыць Н.Машэрава, шанцаў нават у Лукашэнкі будзе мала”. У такім патрыярхальным грамадзтве, як беларускае, жанчына ня мае шанцаў перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах.

 

Сьветлы вобраз каляніяльнага мінулага

“НН”: Ці ёсьць прыклады інфармацыйнай падтрымкі гэтае кандыдатуры маскоўскімі сродкамі масавай інфармацыі?

В.Б.: Цэлая інфармацыйная валтузьня! І гэта недвузначна пацьвярджае, што Машэрава – стаўленіца пэўных расійскіх колаў. Тэлеканал НТВ, газэта “Известия” (вельмі характэрны падкрэсьлена агрэсіўны падзагаловак тагачаснага інтэрвію “Известиям” “Наталя Машэрава: мой натуральны стан – стан барацьбы”) разгарнулі рэкляму яе постаці яшчэ падчас апошніх выбараў у парлямэнт. Важна, што разьлік тады рабіўся і на мабілізацыю ірацыянальных пластоў масавай сьвядомасьці беларускіх грамядзянаў – напрыклад, умела падаграваўся інтарэс да гісторыі з аўтакатастрофай, у якой загінуў Пётра Машэраў, да ягоных кар’ерных пэрспэктываў у імпэрскім цэнтры і г.д. У выніку выходзіў сюжэт з рысамі дэтэктыву і мыльнай опэры – значыцца, акурат тое, што традыцыйна карыстаецца попытам у нашых суграмадзянаў.

Трэба асобна падкрэсьліць, што ўсе гэтыя спэкуляцыі вельмі выгадныя іх ініцыятарам – яны базуюцца на міце пра дасканалага, амаль сьвятога начальніка і навязваюць беларусам настальгію па іх каляніяльным мінулым.

А на мінулым тыдні расійскія мэдыі проста “прарвала”. Пачалася сапраўдная, прафэсійна сплянаваная кампанія інфармацыйнай падтрымкі кандыдатуры Машэравай. Возьмем досыць вузкі сэгмэнт расійскай інфармацыйнай прасторы – расійскія Інтэрнэт-выданьні.

Адной зь першых прамоцыю Машэравай пачала расійская праўрадавая gazetasng.ru. Яе аналітык Арнольд Ступін заявіў, цытую: “У Аляксандра Лукашэнкі на выбарах зьявіцца супернік. У дзень выступу Лукашэнкі ў Горадні, дзе ён казаў, што «мы прошляпили свою страну», маючы на ўвазе СССР, раптам выявілася, што Лукашэнка можа і сам «прошляпить» Беларусь: Наталя Машэрава са словамі «Жанчына ніколі не ўступае ў барацьбу, калі не перакананая, што пераможа», — заявіла аб сваім цьвёрдым намеры балятавацца ў прэзыдэнты Беларусі. Неабходна адзначыць, што Наталя Машэрава можа за кароткі час стаць досыць харызматычнай постацьцю ў Беларусі”.

Але яшчэ за дзень да заявы Машэравай пра вылучэньне расійскі аналітычны сэрвэр polit.ru зьмясьціў аб’ёмістую публікацыю пад назвай “Наталя Машэрава пацьвердзіла свой намер супернічаць з Лукашэнкам на прэзыдэнцкіх выбарах. Лукашэнка пачынае нэрвавацца” прыкладна з такім самым наборам думак.

У той жа дзень рэспэктабэльны маскоўскі kommersant.ru публікуе аналіз “Аляксандар Лукашэнка «прошлепал страну». У Беларусі можа зьявіцца новы прэзыдэнт”, які сваёй стылістыкай моцна нагадвае папярэднія тэксты, хаця і зьмяшчае некалькі арыгінальных заўвагаў. Цытую: “Сваю выбарную кампанію Наталя Машэрава зноў наважылася весьці як кандыдат ад партыі ўлады. Цяпер яе галоўнае апірышча – намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Беларусі Ўладзімер Замяталін, шэры кардынал, які захоўвае сваю пасаду на працягу ўсяго кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі».

Ну і завяршае “інфармацыйную карціну тыдня” публікацыя Сьвятланы Несьцеравай на старонках найбуйнейшага расійскага Інтэрнэт-выданьня gazeta.ru пад назвай “Прызначаная дата адхіленьня Лукашэнкі ад улады”, дзе пяецца той самы хваласьпеў спн.Машэравай: “Машэрава карыстаецца падтрымкай шэрагу буйных функцыянэраў са структур расійска-беларускага саюзу. Відавочна, што рашэньне Машэравай ламае ўвесь перадвыбарны расклад”.

На заканчэньне хачу зьвярнуць яшчэ ўвагу на дзьве рэчы: на відавочна алягічны, пазбаўлены ўсякага сэнсу перадвыбарны лёзунг Машэравай, прыдуманы, магчыма, яе патронам Замяталіным: «Жанчына ніколі не ўступае ў барацьбу, калі не перакананая, што пераможа», і навязьлівае супрацьстаўленьне Машэравай і Лукашэнкі, якое культывуецца расійскімі мэдыямі. Гэтыя дзьве акалічнасьці падштурхоўваць да думкі, што з дапамогай гэтай дамы пэўныя сілы плянуюць прыступіць да маніпуляцый з масавай сьвядомасьцю нашых суграмадзянаў.

 

Машэрава – марыянэтка

“НН”: Калі шанцы яе нізкія, як Вы казалі, чаму Масква зрабіла стаўку на яе?

В.Б.: Галоўнай задачай абсалютнай бальшыні расійскіх мэдыяў падчас выбарнай гонкі будзе стварэньне “ружовага туману”, імітацыі апазыцыйнасьці да Лукашэнкі, стварэньне ілюзіі таго, што Масква не задаволена сваім беларускім саюзьнікам. У сытуацыі, калі амаль усе рэсурсы ўлады знаходзяцца ў распараджэньні Лукашэнкі, гэта паклікана нэўтралізаваць беларускую апазыцыію і тых палітыкаў, зь якімі яна зьвязвае свае надзеі на перамогу ў сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах. Гэта ўсё робіцца для таго, каб стварыць Лукашэнку максымальна камфортныя ўмовы для ягонага па магчымасьці легітымнага пераабраньня на другі прэзыдэнцкі тэрмін.

Задавальняе расійцаў Машэрава яшчэ і таму, што яна прытрымліваецца крайне русафільскіх і беларусафобскіх поглядаў. Напрыклад, на пачатку сакавіка яна ўвайшла ў аргкамітэт нядаўна адбытага “Славянскага зьезду Расійскай Фэдэрацыі, Беларусі і Ўкраіны” разам з такімі афіцыёзнымі дзеячамі, як кажуць у Расіі, “народна-патрыятычнай” арыентацыі, як расійскі скульптар Вячаслаў Клыкаў і былы лідэр шавіністычнай групоўкі “Память” Ігар Шафарэвіч. Яшчэ раней яна была абраная “старшынёй Цэнтральнай Рады Саюзнай грамадзкай палаты” – напаўкамуністычнай грамадзкай арганізацыі пры парлямэнцкім сходзе Расіі і Беларусі.

Але, безумоўна, найважнейшая прычына такой неспадзяванай прамоцыі вельмі празаічная. І ў Маскве, і ў Менску выдатна разумеюць, што ў Лукашэнкі агромністы нэгатыўны рэйтынг. Так, падчас праведзенага НІСЭПД у красавіку 2001 г. у рамках праекту “Беларусь: пэрспэктывы на XXI стагодзьдзе” нацыянальнага апытаньня высьветлілася, што за Лукашэнку ня будуць галасаваць амаль 37% беларускіх выбарцаў. Звышзадача лукашэнкаўскіх паліттэхнолягаў – не дапусьціць таго, каб усе гэтыя людзі прагаласавалі за рэальна апазыцыйнага палітыка. З гэтай мэтай яны ствараюць муляж апазыцыйнасьці накшталт Машэравай, што, дарэчы, сьведчыць пра адпаведныя маральна-этычныя якасьці апошняй. Іншымі словамі, лукашэнкаўскія аналітыкі выдатна разумеюць, што традыцыйны “бацькаў” электарат нікуды ад “бацькі” ня дзенецца, а вось рэшту тых, хто вагаецца, можна і трэба перакупіць пры дапамозе яркіх, але цалкам марыянэткавых постацяў.

Мяркую, што хада выбарнай кампаніі бязьлітасна выявіць гэты рэальны, марыянэткавы статус кандыдаткі Машэравай. Яе могуць зьняць у любы момант з дыстанцыі, змусіць адмовіцца ад далейшага спаборніцтва ў другім туры выбараў, а каб кампэнсаваць “спаленыя” нэрвы – надзяліць пасьля выбараў пачэснай, але малазначнай дзяржаўнай пасадай. Не зьдзіўлюся, калі празь нейкі час пасьля правядзеньня выбараў Уладзімер Пуцін уручыць ён ордэн “За заслугі перад айчынай ІV ступені”.

 

Бітва за гарады

“НН”: Што магло б проціставіць гэтай маскоўска-лукашэнкаўскай стратэгіі незалежнае беларускае грамадзтва?

В.Б.: Я скажу так: гэтыя выбары выйграе той, хто лепш ведае Беларусь і беларусаў. Рэальная Беларусь зь яе рэальным жыцьцём ня ўкладваецца ў нават самыя мудрагелістыя схемы, распрацаваныя ў крамлёўскіх кабінэтах.

Гэтыя выбары пакажуць, хто мае найбольш ясную карціну тых працэсаў, якія адбываюцца ў нашай краіне, і найбольш яснае разуменьне таго, як можна эфэктыўна ўплываць на гэтыя працэсы. Трэба сказаць, што ўжо цяпер вельмі шмат зроблена – прыцягнутыя калясальныя людзкія
рэсурсы, падрыхтаваныя незалежныя назіральнікі, кансалідаваныя незалежныя мас-мэдыі, запачаткаваная мабілізацыйная кампанія, дасягнутая і захаваная згода ў стане рэальна апазыцыйных кандыдатаў.

Посьпех дэмакратычнага кандыдата на сёлетніх выбарах будзе наўпрост залежаць ад таго, ці зможа ён здабыць падтрымку гарадзкіх выбарцаў. 70% беларусаў – гараджане. Перамога ў 20 найбуйнейшых беларускіх гарадох будзе азначаць перамогу ўва ўсёй краіне. Па-другое, шмат будзе залежаць ад таго, ці пойдзе на выбары моладзь і як прагаласуюць жанчыны.

 

Антончык гуляе
на Лукашэнку

“НН”: Як вы ацэньваеце вылучэньне Сяргея Антончыка пад радыкальна рэфарматарскімі лёзунгамі?

В.Б.: Сяргей Антончык трапіў у кепскую кампанію. Фактычна разам зь Леанідам Сініцыным (і Фядутам, каардынатарам яго перадвыбарнай кампаніі), Віктарам Цярэшчанкам і ім падобнымі ён гуляе на карысьць прапрэзыдэнцкіх сілаў. Іх рыторыка шмат у чым падобная. Яны перш за ўсё навыперадкі крычаць аб намэнклятурнасьці, слабасьці і непапулярнасьці ў народзе пяцёркі сапраўды апазыцыйных кандыдатаў і сваёй гатоўнасьці “ўрваць” значную частку галасоў прапрэзыдэнцка настроеных выбарцаў.

Антончыка часткова адрозьнівае тое, што, апрача звыклага ўжо паліваньня гразёй памянёнай пяцёркі, ён прапануе відавочна абсурдную перадвыбарную праграму: за кошт знарочыста апазыцыйных лёзунгаў (спыненьне ўсякай інтэграцыі з Расіяй, імгненнае правядзеньне радыкальных эканамічных рэформаў, увядзеньне прыватнай уласнасьці на зямлю і г.д.) ён ставіць сабе мэту перацягнуць да сябе 5—10% традыцыйнага лукашэнкаўскага электарату.

Ня выключана, што лукашэнкаўцы бачаць у Антончыку той “трэці элемэнт”(роля першага, як высьвятляецца, адведзена Наталі Машэравай), з дапамогай якога можна істотна звузіць базу выбарчай падтрымкі рэальна апазыцыйных кандыдатаў. Такі сцэнар таксама быў апрабаваны падчас леташніх парлямэнцкіх выбараў. Нагадаю, што апрача Машэравай у той выбарчай акрузе, дзе балятаваўся Міхаіл Чыгір, улады ахвотна зарэгістравалі “радыкала” Аляксандра Фядуту, які дасягнуў неабыякіх посьпехаў – узяў трэцяе месца.

 

Памылка Віка

“НН”: Ганс-Георг Вік назваў верасьнёўскія выбары «бітвай Давыда й Галіяфа». А па-Вашаму, чым яны будуць?

В.Б.: Няглядзячы на ўсю сваю павагу да гэтага шаноўнага нямецкага дыплямата лічу такія заявы палітычна шкоднымі. Хоцькі-няхоцькі яны прывучаюць да думкі аб магутнасьці адных кандыдатаў і слабасьці іншых. Тым часам і Аляксандар Лукашэнка, і Сямён Домаш роўныя перад кожным беларускім выбарцам.

Што датычыць саміх выбараў, то яны будуць тым, чым і павінны быць: азартным палітычным шоў зь непрадказальным вынікам.

 

Гутарыў Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0