кадар з кліпу

Нарэшце на Беларусі зьявіўся музычны кліп, што практычна ні ў чым ня саступае высакаякасным замежным відэа — хіба толькі мае куды меншы бюджэт. Я маю на ўвазе кліп гурта GARADzKIJA «Kaŭbasić dy pluščyć». Прэзэнтацыя відэароліка адбудзецца ў пятніцу 15 чэрвеня ў 21:30 на канале беларускага MTV. Пра тое, як і дзе праходзілі здымкі, хто прыклаў да іх сваю руку і адкуль у кліпе столькі прывабных дзяўчын, «Тузіну Гітоў» распавёў лідэр гурта — «гарадзкі» чалавек, сталічны моднік і знакаміты гітарыст Піт Паўлаў.

«Сцэнар кліпу я трымаў у галаве гады тры, — кажа Піт. — Але на той час на ягоныя здымкі не было грошаў. Дакладней, сродкі былі, але не такія вялікія, каб зьняць усё так, як я гэта бачыў». Магчыма, з тае прычыны і зьявіўся кліп на песьню «Jak manekien», зьняты адным плянам — памятаеце, у ім Піт сядзіць на прыпынку — «як манэкен» — і чагосьці чакае. Сядзіць цэлы дзень і чакае, пакуль людзі сьпяшаюцца па сваіх справах. «Але менавіта «Kaŭbasić dy pluščyć» мусіў стаць нашай візытнай відэакарткай».

Ролік зроблены вельмі якасна і сапраўды выглядае нятанна — зразумела ў межах нашых беларускіх рэаліяў.

«Доўгі час мы шукалі добрага рэжысэра, які б здолеў зьняць усё так, як я сам сабе гэта ўяўляю. Нарэшце Ўладзімер Максімкоў параіў зьвярнуцца да Юрыя Стаюнічава. Сьпярша мы сумняваліся, бо Юры ніколі спэцыяльна не займаўся музычным відэа. Добра, што пагадзіліся — атрымалася тое, што атрымалася». Прадусарам выступіў чалавек зь імем Багдан.

Сюжэт наступны: герой Піта прачынаецца зранку ў сваім ложку і, мусіць, не зусім пазнае дзяўчыну, што ляжыць побач — «здавалася, пасьпееш толькі вочы расплюшчыць, як адразу пачынае цябе каўбасіць ды плюшчыць...» — ён хуценька апранаецца і выходзіць з хаты. Трапляе ён на глямурную паці, дзе ягоныя сябры «запальваюць» у кампаніі тузіна вельмі прыгожых дзяўчын. «Мы ладзілі спэцыяльны кастынг — у кадар трапілі самыя прывабныя. У маёй галаве ўвесь час круціўся адзін з кліпаў Pussycat Dolls, дзе яны таньчаць і катаюцца на машыне».

Беларускія дзяўчыны апынуліся нічым ня горшымі за амэрыканскіх «лялек» — глямурна апранутыя, з якасным яскравым мэйк‑ап’ам і стылёвымі фрызурамі, яны ўсьміхаліся ў камэры, аблізвалі вусны, пацягвалі дарагія кактэйлі і зусім па‑галівудзку перакідвалі свае доўгія ногі.

Але дзявочае хараство ня надта цікавіць нашага героя — ён накіроўваецца да кампутара з пазнавальныя лёгам ADSL.BY (а менавіта яны пакрылі значную частку выдаткаў на здымкі відэа) і празь яго трапляе… на дах! Там ужо яго чакаюць музыканты, і іх усіх пачынае «каўбасіць і плюшчыць» у самых лепшых традыцыях Linkin Park. Апроч іх узгадваецца і адзін з кліпаў расейскіх «Зьвяроў». «Але ў іх там усё выглядае нуднавата. Яны проста стаяць на даху і граюць», — кажа Піт. «Гарадзкія» ж і скачуць, і танчаць, і дэманструюць файнае валоданьне музычнымі інструмэнтамі. Сцэну здымалі на даху дома, дзе месьціцца майстэрня Андрэя Вялікжаніна. «Ён выкладае ў Акадэміі Мастацтваў і вельмі дапамог нам у некаторых тэхнічных пытаньнях», — адзначае Піт. А прабуджэньне героя і вечарыну здымалі ў студыі фатографа Данілы Парнюка.

Некаторыя паборнікі маралі могуць абвінавацяць Піта ў залішнім эратызьме зьместу роліка. Маўляў, зашмат прыгожых дзяўчын, зашмат аголенага цела (упс!), занадта задаволена блішчаць вочы ў хлопцаў… Музыка з такім меркаваньнем ня згодны:

«Якая эротыка? Усё вельмі сьціпла. Магчыма, адзін такі момант і ёсьць на ўвесь ролік — калі адна з дзяўчын робіць масаж Алезісу».

Але тут Піт крыху лукавіць — возьмем той момант, калі галоўны герой раптоўна правальваецца праз дах і акурат трапляе на канапу да дзьвюх пекных блізьнятак. Тыя адразу ж бяруць яго ў свае абдымкі — «а я ніколі не бяру да ўвагі шчырыя сяброўскія заўвагі…». Герой катэгарычна адмаўляецца ад прапанаваных кактэйлю ды цыгарэты, але ў цэлым выглядае вельмі задаволеным.

«Сёстраў Касю ды Волю Кароль я ўпершыню заўважыў у «0,5». Наступным разам, як толькі іх убачыў, прапанаваў ім зьняцца ў кліпе».

Эфэктныя брунэткі падышлі да справы вельмі адказна — падабралі адпаведную вопратку і прывялі сваю ўласную грымёршу.

Прэм’ера кліпа адбузецца на беларускім MTV, у пятніцу а 21:30

Тузін гітоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0