Таямніца Сахнавіцкага возера

Пра існаваньне Сахнавіцкай пячоры я ведаў ужо 31 год таму. Аднак “склеп, у якім стаялі труны”, не спакушаў на вандроўку ў тую мясьціну. Нейкі там “склеп, у якім стаялі труны”! Тым ня менш, гэтыя словы ніколі не выходзілі ў мяне з галавы, нават тады, калі жыў у Латвіі — адпрацаваў там прарабам 15 гадоў.

Супрацоўнікі і валанцёры газэты “Вольнае Глыбокае” вырашылі арганізаваць краязнаўчыя экспэдыцыі ў самыя аддаленыя ваколіцы Глыбоччыны. Было адчуваньне, што Глыбоччына — яшчэ нязьведаны край. Але каб настолькі, як аказалася потым, мы нават і ўявіць не маглі…

Завіталі ў вёску Псуя да краязнаўцы Івана Волкава, колішняга дырэктара мясцовай школы, цяпер пэнсіянэра. Ён зьбірае “дыямэнты роднай мовы”, апрацоўвае мясцовыя паданьні. Мы зацікавіліся легендамі пра Сахнавіцкае возера — трэцяе паводле глыбіні возера Беларусі (43,3 м), дзе водзіцца рэдкая для нашага краю рыба стынка.

Уладзімер Скрабатун

 

Беларусь — краіна маляўнічая, багатая цудоўнымі мясьцінамі… Тут на кожных дзесяці вёрстах знаходзяцца месцы і відарысы, у дзясяткі разоў прыгажэйшыя за славутую Лівонскую Швайцарыю.

Фадзей Булгарын, 1835 г.

 

“На беразе возера, у густых хмызьняках, можна жыць некалькі дзён, нікога не сустрэўшы. Але калі гарэзьлівыя хлапчукі з суседняй вёскі знойдуць вас, яны абавязкова пакажуць вам самае адлеглае і цікавае месца, дзе на стромым схіле возера бачны ўваход у каменны склеп. Ён зьявіўся пасьля абвалу, які адбыўся гадоў 20 таму. У склепе — тры вузкія адтуліны, у якіх раней, верагодна, стаялі труны. Цяпер жа лёх стаў адной са славутасьцяў тутэйшых мясьцін”, — такія радкі прысьвяціла Сахнавіцкаму возеру дасьледчыца беларускіх азёраў Вольга Якушка (О.Ф.Якушко, “Край голубых озёр”. Менск: “Ураджай”, 1969).

 

Заварожаныя дары

(паданьне першае)

Дзьве сястры, Феафанія і Леанора, доўгі час жылі ў Варшаве. Іх мужы былі пры каралеўскім двары, не шкадавалі сродкаў і сваім жонкам, яснавяльможным паням, рабілі ім шыкоўныя дарункі: залатыя пярсьцёнкі і ланцужкі, бранзалеты, дарагі посуд, рэдкія ўпрыгожаньні з пэрлін і каштоўных камянёў.

У час падзелу Рэчы Паспалітай мужоў арыштавалі і вывезьлі ў Расею, а пані Феафанія і Леанора вярнуліся ў родныя мясьціны, прыхапіўшы дары сваіх багатых мужоў. Аднаго баяліся яснавяльможныя пані: каб прывезеныя імі дары, незьлічоныя багацьці ня трапілі ў рукі новых расейскіх уладаў. І вырашылі яны прыхаваць свае шматлікія каштоўнасьці ў пячоры, што знаходзілася ў стромах Сахнавіцкага возера. Варшаўскія пані зьвярнуліся да старэнькага дзядка, варажбіта і ведзьмара. Дзядок-вядзьмар заваражыў прывезеныя з Варшавы дары, прачытаўшы над імі хітрую замову. Узяць заварожаныя дары можна толькі нашаптаўшы гэтую ж замову тры разы і тройчы прамовіўшы: “Разваражыцеся, дары!”. Хутка шаноўныя пані памерлі, а дары засталіся ў пячоры.

Здараецца такое: хтосьці рызыкне спусьціцца ў лёх, у яго пачынае круціцца ў галаве, займае дых, падкошваюцца ногі, і ён, як корак, вылятае адтуль.

Напалеонаўскі скарб
(паданьне другое)

Бязладна беглі, адступалі войскі заваёўніка Напалеона, а зь імі пляліся цяжкія фурманкі з нарабаваным у Расеі і Беларусі скарбам: золатам, пэрлінамі ды іншымі дарагімі рэчамі. З Полацку французаў падціскала расейскае войска.

У Празароках абозы зьвярнулі ў напрамку на Чарневічы, каб выйсьці на Кацярынінскі бальшак Дзісна-Лужкі-Вільня. За вёскай Касарова абозы спаўзьлі ў лагчыну, а ўзьняцца на пагорак не змаглі: перашкаджаў вялікі галалёд, а большасьць коней, нарабаваных у беларускіх сялянаў, былі непадкутыя.

Напалеонаўскія ваякі вырашылі пасыпаць пяском кавалак дарогі да Сахнавіцкага возера, завезьці туды нарабаваныя скарбы і прыхаваць іх у склепе надазёрнай стромы. Сказалі — зрабілі. Абозы хутка былі разгружаны, а напалеонаўскія ваякі, нібы Марка па пекле, па коўзкай дарозе праз Чарневічы і гразкую пойму ракі Авуты выпаўзьлі на Віленскі тракт і ўжо бязь цяжкіх абозаў шпарчэй рушылі да сваёй Францыі. А незьлічоныя напалеонаўскія скарбы і па сёньняшні дзень прыхаваныя пад скляпеньнямі ў стромах Сахнавіцкага возера.

 

Склад зброі
(паданьне трэцяе)

Гасьцінец ад Язна да Празарок быў забіты павозкамі з вайсковай амуніцыяй. Казакі пад кіраўніцтвам легендарнага Гая прарвалі польскую абарону і калёнамі на Лужкі й Празарокі рушылі на захад. Польскія вайсковыя абозы былі сьпешна павернуты на Касарова, а адтуль рушылі да стромаў Сахнавіцкага возера. Каб зброя ды іншая вайсковая амуніцыя не дасталіся бальшавікам, яе згрузілі ў сахнавіцкі склеп. Сярод амуніцыі былі вялікія мэталічныя бочкі з атрутнымі рэчывамі. Вось чаму з тым, хто адважыцца спусьціцца ў склеп, адбываюцца дзіўныя здарэньні: сьмяльчак пачынае задыхацца, падступаюць ваніты, зьнікае сіла ў нагах, і ён куляй вылятае са склепу і доўга адлежваецца на зямлі, каб ачуняць.

 

У хлопцаў загарэліся вочы, слава скарбашукальніаў мінулага не давала ім спакою цэлы тыдзень. Як потым я даведаўся, адзін зь іх яшчэ пару гадоў таму ў глыбоцкай кнігарні набыў “Энциклопедию кладоискателя”. Дарэчы, гэтую кнігу, увесь завезены наклад, глыбачане вымелі з кнігарні за два дні. Вось чым у нас цікавіцца народ!

Я выказаў свае сумневы. Якія там “незьлічоныя скарбы”?! Каб яны і былі там некалі, дык іх ужо даўно бяз нас разрабавалі б. Дый Іван Волкаў раіў туды ня лезьці. Але ніхто не схацеў упускаць свой шанец…

І вось, мы ўпершыню ступілі на бераг Сахнавіцкага возера, возера цудоўнай прыгажосьці, больш падобнага да вялікае ракі, шырынёй да 200 мэтраў, што віецца між пагоркаў. Даўжыня яго — два з паловай кілямэтры. Стромкія, нібы ў каньёна, схілы, крыштальнай чысьціні вада. Зьдзівілі нас і дрэвы на стромах, якія на Глыбоччыне насаджаныя толькі ў парках, а тут растуць у натуральных умовах: клён, граб, ясень, ліпа. Шмат векавых дубоў. Вада б’ецца ў стромкі бераг, падмываючы карані дрэваў. Бераг амаль вэртыкальна ўзьнімаецца ўвышыню, яго часта пераразаюць глыбокія яры, дно якіх скрозь усьцелена вялікімі й амшалымі валунамі. На стромах, пад разьлеглымі шатамі дрэў, трава амаль не расьце. Ісьці вельмі цяжка, варта аступіцца, спатыкнуцца, і ты потырч паляціш уніз, у ваду.

 

Легендарная пячора

У першы раз нам досыць доўга давялося шукаць легендарную пячору. Распыталі мужыка, які навязваў каня ля возера. Напачатку ён быў негаваркі. Мабыць, наш выгляд і “Пагоня” на барэтах навялі яго на думку, што прыехаў “рыбнагляд” ці ўлада зьмянілася. Але як далі запаліць і налілі чарку, то дужа хутка знайшлі супольную мову, а потым і супольных знаёмых.

І вось, на вершаліне стромы — сапраўдная пячора. У тоўшчы скалы — тры вузкія, як у лісінай нары, лaзы. Пры візуальным аглядзе ўзьнікла адразу шмат пытаньняў. Найпершае зь іх: пячора — гэта штучнае збудаваньне? На гэта показвала пярэдняя частка аб’екту, быццам вымураваная з палявых валуноў на белай вапнавай рошчыне. Уражаньне такое, што нехта некалі вываліў на адхон некалькі самазвалаў бэтону, зрабіўшы папярэдне тры адтуліны-лазы. Аднак які сэнс у чыстым полі, удалечыні ад якога паселішча, ды яшчэ над абрывам, узводзіць склеп, хай сабе й для трунаў? Па-другое, стваралася ўражаньне, што даволі даўно тут адбылася нейкая катастрофа: уваход усярэдзіну засыпаны жвірам, а пярэдняя частка сьцяны скалы каля ўваходу ў пячору мае як быццам адлом, накшталт сколу на адбітай малатком цагліне.

У першы раз трапіць усярэдзіну пячоры нам не пашчасьціла: прыехалі непадрыхтаванымі. Уваход засыпаны. Трэба браць сапёрныя рыдлёўкі, ліхтарыкі і даўгую вяроўку для страхоўкі.

Другая наша вандроўка сталася больш выніковай. У першы раз, захопленыя доўгімі пошукамі легендарнай пячоры, мы шмат чаго не заўважалі. Аказваецца, то тут то там на подступах да пячоры, на адхонах сахнавіцкіх стромаў выходзіць вонкі аголеная скальная парода. Часам у яе ўпіваецца карэньнем дзябёлая ліпа ці граб. У глыбокім яры, які ўпіраецца проста ў возера, пераразаючы бераг, знайшлі яшчэ тры пячоркі, можна сказаць, гроты, падобныя да нішаў у сьцяне. Зьявілася думка, што асноўная пячора мае шмат бакавых уваходаў і выйсьцяў; пад зямлёй, у нетрах вялікай скалы, існуе сапраўдны падземны горад, “андэграўнд”.

Праз вузкі лаз з дапамогай сапёрнай рыдлёўкі дваім сябрам экспэдыцыі пашанцавала пранікнуць усярэдзіну аб’екту на шэсьць мэтраў. Там можна было прыўзьняцца на палову росту. Сьвятло ліхтарыка выхапіла цэлую арду камароў, якія падрыхтаваліся да зімоўкі, а цяпер ашалелі ад дыму “Прымы”. Бегалі там і дзьве яшчаркі. На скале былі плямы крыві. Пэўна, тут час ад часу ласуюць са здабычы тхор ці лісіца. Скляпеньні і сьцены пячоры — зь пяшчаніку. Можна адкалупаць пласьцінку: зьляжалы, бы прамыты начыста, дробны жвір. Пласьцінка не рассыпаецца ў руках, а ламаецца на кавалкі, нібы шакаляда.

На гэтым — усё! Ход далей засыпаны жвірам уперамешку з вапняком. Дарогі наперад няма. Відаць толькі вузкая норка, якая ідзе ўглыб карставай скалы. Пралезьці туды можа хіба што кот. Адтуліна пакідае яшчэ нейкую надзею — там далёка схаваныя “заварожаныя дары”, але дастаць іх ня хопіць жыцьця, бо трэба перавярнуць не адну сотню кубамэтраў жвіру з камянямі.

Я з натуры не пэсыміст, я — рэаліст.

— Мальцы, — кажу я, — досыць верыць у казкі. Ці мала хто мог прыдумаць усе гэтыя байкі пра “золата скіфаў”, “бочкі з пэрлінамі і золатам”, якія патапілі ў беларускіх азёрах ваякі Напалеона, адступаючы пад націскам расейцаў… Будзем прыяжджаць сюды адпачываць, смажыць шашлыкі, купацца, лавіць рыбу, гатаваць юшку. Прыедзем на пару дзён, паставім намёты, абыдзем усю берагавую лінію: можа, знойдзем яшчэ якія пячоры ці іншыя цікавінкі. Урэшце арганізуем летнік для скаўтаў, акультурым, вычысьцім пячору хоць і на гэтыя шэсьць мэтраў. Прапануем уключыць яе ў турысцкі маршрут па Глыбоччыне.

За зіму высьветлілася, што такіх вар’ятаў, як мы трое, у Глыбокім нашмат больш. І яны шукалі скарбы ў іншых месцах на Глыбоччыне незалежна ад нас. Урэшце наша суполка вырасла да дзесяці чалавек, у выніку чаго паўстала нефармальная краязнаўча-экалягічная група “Сэрвач”. Арсэнал сродкаў для пошуку скарбаў значна павялічыўся: зьявіўся нават мэталяшукальнік. Тут мой аўтарытэт краязнаўцы і аўтара кнігі “Глыбокае на старых паштоўках” значна падупаў. Мяне ўжо ніхто ня слухаў. Усе чакалі лета і мроілі толькі аб адным — дайсьці да канца, чаго б гэта ні каштавала!

 

Пакуль паходні
ня гасьлі

За паўгоду (зіма й вясна) нечакана знайшліся “сьведкі”, якія некалі нешта чулі ці бачылі або траплялі ў гэтую пячору некалькі дзесяцігодзьдзяў таму. Па сьведчаньнях адных — двое хлопцаў з паходнямі ва ўвесь рост(!) забіраліся ў пячору. Праходзілі некалькі дзясяткаў мэтраў, пакуль паходні ня гасьлі і дыхаць ужо не было чым. Вярталіся назад. Па іх меркаваньнях, ход ідзе ажно пад дно возера(!).

Паводле другога сьведчаньня, трое дзяцей-школьнікаў, два хлапчукі й дзяўчынка, недзе пасьля вайны адлучыліся ад сваёй клясы, якая побач працавала на калгасным ільне. Яны зь ліхтарыкамі прабраліся ўглыб пячоры і прабылі там каля чатырох гадзін. Настаўніца спахапілася і пачала іх шукаць. Знайшла гадзін празь пяць, калі тыя ўжо вярталіся. На яе ўшчуваньні яны адказалі так: “Каб Вы ведалі, як там прыгожа! Мы не хацелі вяртацца. Там на сьценах з рознакаляровых каменьчыкаў выкладзена мазаіка…”.

Пачуўшы такое, ніводзін з нас ня мог утрымацца ад далейшых пошукаў. Летам цягам трох экспэдыцый мы расчысьцілі лаз, і нам пашанцавала пранікнуць углыб яшчэ на чатыры мэтры. Вынік такі: галава ўпіраецца ў скалу, і жывот на скале, дзьве паверхні, дол і верх, зьліліся ў адно цэлае. Тупік! Усе мары аб адкрыцьці глыбоцкага “андэграўнду” і авалоданьні “незьлічонымі скарбамі” абрынуліся ў адно імгненьне, як картачны дамок! Канец пошукаў???

Адзіным задавальненьнем было толькі тое, што мэтраў за 70 далей на поўдзень я знайшоў яшчэ адну невялічкую пячору-грот, пра якую да гэтага часу ня ведалі. Цяпер іх, пячор і гротаў, разам будзе пяць… Зьвярнуў я ўвагу на тое, што ў возеры, на плыткаводзьдзі, валяюцца кавалкі карставай пароды, якая невядома якім чынам сюды трапіла. Часам ля самага берагу вада абмывае ладныя фрагмэнты скалы, на якой, упіўшыся карэньнямі, расьце вялікая вольха ці ліпа…

Расчараваным хлапцам я параіў: “Едзем у бліжэйшую вёску! Знойдзем старога дзеда. Распытаем. Можа, усё гэта казкі, хлусьня!..”

 

У Сахнавічах

Заехалі ў Сахнавічы. Каля адной хаты старая лушчыла фасолю. Прадстаўляемся гісторыкамі і журналістамі. Распытваем пра пячору. Старая кажа, што “нічога ня чуе, глухая, расказваць нічога ня будзе”. Паклікала гаспадара.

Гаспадар Павал, на шчасьце, аказаўся дужа гаваркі. Вельмі ахвотна адказваў на пытаньні. Ён пацьвердзіў некаторыя вэрсіі, іншыя абверг. Чутка аб тым, што немцы падчас апошняй вайны зрабілі ў пячоры склад зброі, была лухтой.

— Немцы кватаравалі ў Сахнавічах у сялянскіх хатах, але складу зброі ў пячоры не рабілі. Мне тады было пятнаццаць гадоў, і я ўсё памятаю, што тут адбывалася, — зазначыў гаспадар.

— У пячору мы з мальцамі хадзілі, і не аднойчы. На ўвесь рост, з паходнямі ішлі да таго часу, пакуль паходні ня гасьлі і дыхаць не было чым…

Наконт таго, што “дыхаць не было чым”, адзін зь сяброў нашай экспэдыцыі заўважыў: “Карставая парода. Шмат вапняку. Ідзе рэакцыя, вылучаецца вуглякіслы газ. Ня дзіва, што “дыхаць не было чым” і “гасьлі паходні”.

На пытаньне: “Якой гэта магла быць адлегласьць?” — паказаў рукой: “Як ад хаты да хлява”. Да хлява, як між тэлеграфнымі слупамі — крокаў 50.

Са словаў сьведкі, уваход у пячору быў “акультураны”. Ён быў вымураваны з камянёў на вапнавай рошчыне, зачыняўся дзьвярыма. Калі гэта было зроблена і для чаго, ня ведаў і не памятаў нават ягоны бацька, які пражыў 91 год(!).

І вось мы падышлі да фінальнай рысы. Што сталася зь пячорай? Чаму няма таго ўваходу і дзьвярэй? Чаму яна засыпана?

— Пасьля вайны тут валялася шмат зброі, якую пакідалі немцы, уцякаючы ад савецкіх войскаў. Возьмем з мальцамі толу па два кавалкі, бікфордаў шнур, закладзём у сьцяну, адбяжым на кілямэтар… Як бабахне! Слуп чорнага дыму над лесам! Кавалкі пячоры ляцяць ва ўсе бакі і ў возера таксама… Потым зноў закладзём! Як бабахне!.. Усё хацелася паглядзець: што там усярэдзіне?

— Можа у вас, мальцы, — пытаецца Павал, — ёсьць тол?! Давайце бабахнем яшчэ раз ды паглядзім, што там унутры!

Мы пачалі пераконваць старога, які меў надзіва нездаровую для 71-гадовага чалавека дзіцячую спакусу “бабахнуць яшчэ раз”.

— Ня трэба гэтага рабіць: дзякуючы Вам у Беларусі зьнішчаны ўнікальны гістарычны аб’ект. Такім чынам нічога не даведаешся, а толькі зашкодзіш! Мы не зьбіраемся нічога “бабахаць”, а наадварот, хочам дасьледаваць…

Дзед паабяцаў усяляк нам спрыяць, нават вылучыць сваю ўласную лодку, якую гэтым летам адрамантаваў. Скардзіўся на браканьераў, якія электравудамі губяць шмат рыбы, а самога іхнага ўлову ня будзе і вядра. Пра возера сказаў, што яно дасягае больш як 100 мэтраў (у сапраўднасьці 43,3 м) у глыбіню, “а шчупакі там, як кракадзілы!..”

 

Прадаецца фэрмэрскі фальварак

На супрацьлеглым усходнім беразе возера на строме знаходзіцца аб’ект, занесены ў даведнікі па садова-паркавым мастацтве Беларусі. Там быў фальварак Саньнічкі. Стары яшчэ памятаў прозьвішча пана, які ім валодаў, — Матошка. Яго ў 1939 г. бальшавікі саслалі ў Сібір. Цяпер у двухпавярховым драўляным будынку жыве фэрмэрская сям’я, якая адкупіла яго ў дзяржавы. Па вяртаньні ў Глыбокае мы вырашылі завітаць туды.

Пры ўезьдзе ў фальварак у ліпавай прысадзе — вялікая сажалка. Дарога ўпіраецца ў сятчатую агароджу і жалезныя весьнічкі. На пагорку — стары, з чатырохкалённым парталам і мансардаю будынак, у якім час яшчэ ня зьнішчыў рысы добрай архітэктуры. На панадворку бегаюць ладныя вепрукі. Далей — абрысы парку зь вялікімі дрэвамі.

Нам насустрач выходзіць гаспадыня з хлапчуком. Прадстаўляемся краязнаўцамі. Распытваем пра парк, будынак, сажалку, возера і пячору.

Пра пячору нічога новага не даведаліся. Пра сваю фэрмэрскую гаспадарку жанчына расказвала з сумам. Купілі гэты надзел, адрамантавалі будынак пачатку ХХ ст., які быў цалкам занядбаны. Выкапалі вялікую сажалку, запусьцілі карасёў, якіх два гады падкормлівалі збожжам. Распрацавалі зямлю, узьвялі хлявы. Вось бы жыць і гаспадарыць… Аднак два гады таму памёр муж. Увесь цяжар лёг на жаночыя плечы. А што можна зрабіць? Дзяржава не дае ніякіх крэдытаў. Зямля кепская, неўрадлівая. Трэба ў яе шмат укласьці, каб яна радзіла. Адной усё гэта не пад сілу. Просіць нас дапамагчы ёй знайсьці пакупніка, каб распрадаць фэрмэрскую гаспадарку.

— Месца прыгожае, над возерам, стары парк, у “палацы” — лазьня, камін, тэлефон… Шкада з гэтым усім разьвітвацца, колькі поту праліла, але што зробіш — не пад сілу мне. Хоць бы трапіла ўсё гэта ў добрыя працавітыя рукі…

— Мы і самі купілі б сабе пад “офіс”, — пажартавалі мы, — але ня сёньня*.

 

Радзіма Ластоўскага

За два сэзоны — 1999—2000 г. — мы наведалі шмат якія адлеглыя куткі Глыбоччыны. Але ці складзе гэта хоць 1% абшару тутэйшага краю? Між тым, мы знайшлі шмат цікавага і невядомага: забытыя і закінутыя касьцёлы і цэрквы, якія ніхто не аднаўляе, старыя паркі, не пазначаныя ў адмысловых даведніках, валуны з выбітымі салярнымі знакамі (свастыкай), каменныя крыжы ў лясных гушчарах, нэкропаль на дне возера Шо, дзе стаяць каменныя крыжы… А што будзе, калі мы дасьледуем усю Глыбоччыну?

І ўсё ж не даюць спакою думкі: “Пятнаццацігадовы падлетак, свавольнік Павал са сваімі супольнікамі зьнішчыў мо назаўсёды адзін з самых загадкавых і таямнічых аб’ектаў ня толькі Глыбоччыны, але і ўсёй Беларусі.

Аповеды “сьведкаў” адрозьніваюцца ў дробязях. Адкінем суб’ектыўныя ўражаньні кшталту “сьцены былі ўпрыгожаны каляровай мазаікай”, “пячора ідзе пад дно возера”, а таксама розныя міты аб “незьлічоных скарбах”. Але ёсьць адно агульнае ў гэтых выказваньнях: людзі праходзілі ўглыб пячоры, ішлі на ўвесь рост, далёка, крокаў 50, потым “паходні гасьлі”, “дыхаць не было чым”. Далей ніхто ня мог ступіць і кроку… Пячора не раскрывала сваіх таямніцаў, і дапытліваму падлетку Паўлу не заставалася нічога іншага, як закласьці тол у яе сьцены?

Ня ведаем мы і яшчэ адной акалічнасьці: ці была пячора штучным альбо прыродным утварэньнем? Магчыма, яе некалі высеклі ў скале людзі ці наадварот — скарысталі гатовую, прыродную, але акультурылі, абмуравалі ўваход, уставілі дзьверы.

Што гэта было: манастыр, пахавальны сямейны склеп, сховішча скарбаў? Напэўна, аб гэтым мы ніколі не даведаемся. Выбухі пашкодзілі “тунэль”: абваліліся скляпеньні, нарабіўшы расколін, празь якія нутро пячоры засыпалася жвірам і абломкамі скалы. Патрэбныя неймаверныя высілкі, сродкі і час, каб усё гэта прывесьці ў належны стан…

І яшчэ. Пару дзясяткаў кілямэтраў адсюль — радзіма Вацлава Ластоўскага, прэм’ера БНР, аўтара аповесьці “Лябірынты”, паводле якой у Полацку глыбока пад зямлёй, існуе мітычны горад-пантэон, дзе схавана ўся гсторыя нашага краю. Ці не падказала сахнавіцкая пячора сюжэт для гэтай аповесьці? Згадаў я і кнігу Ў.Арлова “Таямніцы полацкай гісторыі”, дзе аўтар піша пра Альгердаў шлях: “Ён ішоў з Полацку праз рэчку Ўшачу, маёнтак Бязьдзедавічы, паўзь Мядзьведжае возера, на Чортаў мост і Баханькову гару ў напрамку на Глыбокае і далей на Вільню”. Так. Сахнавіцкая пячора стаяла дзесь побач гэтага шляху. Але, прадаўпадобна, я занадта капануў углыб гісторыі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0