Водгук

 З купіны на купіну

Зь вялікім занепакаеньнем даводзіцца чытаць допісы тых чытачоў “НН”, што агітуюць за Зянона Пазьняка як за адзіны слушны выбар.

 

І далоў, маўляў, усю падазроную “намэнклятурную” пяцёрку. Толькі ж той відавочны факт, што ў дзяржаве, кіраванай А.Л., “шчыра-наш” Зянон мог бы толькі ці прайграць, ці быць зьнішчаным, вымушае прыняць тыя допісы “фундамэнталістаў” адзіна за сьведчаньне адчаю: маўляў, калі няма таго “шчыра-нашага”, дык ня трэба нам аніякага, калі ўжо “канаць” — дык з “музыкай” вернасьці ідэалам.

Вядома, тую “музыку” зрабіць было б можна. Толькі вось ніякага “канца”, спадарства, потым ня будзе. А будуць гады і гады брутальнага зацісканьня і павольнага заміраньня рэшткаў усяго дарагога нам. Гады нястачнага і небясьпечнага жыцьця для нас і нашых родных і блізкіх. Зьменіцца хіба адно: “абноўлены” А.Л. будзе горшы, зьлейшы. І яшчэ будуць гады роздумаў кшталту: “А вось калі б да галасоў П. даплюсаваць галасы Ш., вылучыўшы К. на агульнага кандыдата (дарма што з “намэнклятуры”) — ён мог бы тады адцягнуць колькі галасоў яшчэ і ад Л., і ад (другога) К. — а тады ўсё магло б быць з намі зусім інакш...” Déja vu?..

На гэтых выбарах ідзецца, на жаль, не пра тое, дзе і якія нашыя сапраўдныя нацыянальныя інтарэсы, але пра тое, ці будуць яны ў нас увогуле. Ці будзем мы іх сабе абіраць і ці будзе нас хто яшчэ колісь пра іх запытваць. Бо існуе верагоднасьць, што яшчэ праз сем гадоў такога панаваньня могуць быць выпусташаныя і прададзеныя Маскве апошнія рэсурсы незалежнага існаваньня краіны — а зь імі і сама актуальнасьць пытаньня пра нашыя нацыянальныя інтарэсы і будучыню.

То бо ж гэта яшчэ пытаньне, хто ў беларускім руху цяпер сапраўдныя “радыкалы”: ці т.зв. “фундамэнталісты”, якія рупяцца адно аб “музыцы” на ўласныя палітычныя хаўтуры, — ці тыя, хто ўважаюць, што інтарэсы беларускае справы могуць апраўдаць любыя, хай бы нават самыя “падазроныя”, кааліцыі й камбінацыі?

Задачы, якія не вырашаюцца ў адзін ход, могуць мець разьвязаньне ў некалькі ходаў. Мы ў балоце. Адсюль сапраўды ня выбрацца адным крокам, але можна толькі так — з купіны на купіну — не зважаючы, што некаторыя зь іх выглядаюць падазрона і часам патрабуюць намацваць іх палкай... Мусім толькі гэткую дарогу прайсьці, і не заплюшчваць з роспачы вочы.

Мікола П.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0