Уладзімер Содаль

 Здраджаныя назвы

эсэ

 

Гады са два ўжо, як на Цэнтральнай плошчы Менску, што звалася колісь Новае Места, зьявіўся памятны знак, сымбалічны пачатак усіх беларускіх дарог.

...Дарогі, вечныя дарогі, няма канца вам ні супынку... Гэта вельмі важны знак. Ён арганічна ўпісаўся ў наш гарадзкі побыт. Цяпер можна падзівіцца, як гэта мы безь яго жылі-абыходзіліся? Ён надае нам годнасьці й велічы.

Гэты знак — нібыта тая печ, ад якой зручна “скакаць”, распавядаючы пра назвы зямлі, прынамсі, пра назвы нашай сталіцы.

 

Менск пачынаўся з Замкавай гары, дзе Няміга ўпадае ў Сьвіслач, і пашыраўся, далучаючы да сябе ўсё новыя і новыя гарадзкія ўскраіны. Найперш — Траецкую ўскраіну з Траецкаю гарою, Пярэспу, Прызамкавы пляц, Ніжні і Верхні горад. Кожнае ўрочышча мела свой непаўторны самабытны назоў...

Шмат якія зь іх і да нашага часу ў шырокім ужытку менчукоў — Траецкае прадмесьце, Верхні і Ніжні горад, Пярэспа, Старажоўка, Старажоўскі тупік, Камароўка, Залатая Горка, Доўгі Брод, Ляхаўка, Кальварыя, Грушаўка, Чыжоўка, Лошыца, Серабранка, Козырава, Весялоўка, Дразды, Вясьнянка, Дараўка, Зялёны Луг, Малінаўка, Курасоўшчына...

Але ці ўсё ладна ў нашай сталіцы з гарадзкой тапанімікай? Ці заўсёды мы ўдала даем назовы?

Неяк аднаго разу мне дома сказалі: “Тэлефанавалі зь Вільнюсу... Сказалі, каб заўтра прыехаў да іх!”

Я ў думках пачаў ужо зьбірацца ў Вільню, хоць нават уявіць сабе ня мог, хто і зь якой нагоды кліча мяне туды. Пачаў быў ушчуваць сям’ю, чаму не ўдакладнілі, хто тэлефанаваў, хто запрашае ў Вільню...

— Ды ня ў Вільню, — удакладнілі мне. — А ў “Вільнюс”, у кнігарню, што на Каліноўскага ў Менску... Зусім як у той беларускай показцы:

...Сустрэліся дзьве бабулькі.

— Ты дзе была? — пытаецца адна.

— У Берасьці, а во цяпер зьбіраюся ў Валгаград, — адказвае другая.

— А я толькі з Рыгі вярнулася.

Людзі слухаюць бабулек і дзівяцца: такія старэнькія, а вунь якія вандроўніцы! Толькі пасьля дапетрылі, што тыя вандравалі па менскіх гастраномах.

колькі іх, гэткіх непаразуменьняў, недарэчнасьцяў перажыта людзьмі. Ёсьць у Менску вуліца Маскоўская... Яна за бэтонным мастом, непадалёк ад пасажырскага вакзалу. Калісь сюды прыбывалі цягнікі з Масквы. Такую ж назву мае станцыя мэтро. І аўтобусная станцыя... А гэта ўжо на супрацьлеглым баку горада. Яшчэ ў Менску ёсьць Маскоўскі раён, Маскоўскія могілкі. І ўсё гэта ў палярна розных мясьцінах гораду.

З-за гэтага людзі блукаюць па горадзе, марнуюць час, нэрвы, пакуль які добры чалавек не патлумачыць, што ім у Менску з маскоўскага трэба — вуліца, мэтро ці аўтобусны прыпынак, ці мо цэлы менскі Маскоўскі раён...

У Беларусі такіх прыкладаў шмат.

Прыкладам, той, хто мяркуе, што за станцыяй Пухавічы зараз будзе і мястэчка Пухавічы, папросту памыліцца, бо за станцыяй Пухавічы пачынаецца Мар’іна Горка. А да Пухавіч яшчэ дыбаць і дыбаць ці трэсьціся ў аўтобусе.

Або менскі парк Чалюскінцаў. Сапраўдная ягоная назва — Ваньковічаў Лес. Ваньковіч — вядомы ў сьвеце менскі мастак. Сучасьнік Дуніна-Марцінкевіча. Сябраваў з Пушкіным, Міцкевічам, маляваў іхныя партрэты. Хай бы парк так і зваўся — Ваньковічаў Лес. Ёсьць жа ў Парыжы Булёньскі Лес, і ніхто ня бачыць у ягонай назве ні прастаты, ні заземленасьці.

...Род Ваньковічаў вельмі старажытны і славуты ў Беларусі. У Менску, апрача Ваньковічавага Лесу, ацалелі аж дзьве іхныя сядзібы. Адна ў горадзе. Другая — у Сьляпянцы, дзе на Ваньковічавых землях нядаўна збудавалі з катэджаў зграбны гарадок. Назвалі яго, як і належыць паводле міжнародных правілаў, назвай зьніклай вёскі — Вялікая Сьляпянка. Сам гарадок вельмі прывабны. І назвы вуліц у ім прывабныя: Язьмінавая, Ігната Буйніцкага... Не забыліся і пра імя колішняга гаспадара Сьляпянкі — Валента Ваньковіча.

Апрача парку імем чалюскінцаў у Менску названая шчэ й вуліца паблізу аўтазаводу. Дык многія шукаюць яе ля парку.

Куточак беларускай сталіцы паблізу Лагойскага тракту завецца цяпер Севастопальскі парк. Ня гэтак яшчэ даўно гэта былі землі вёскі Вялікая Сьлепня. Ад самой вёскі ў Севастопальскім парку ацалелі два двары. Пацікавіўся, ці памятаюць у гэтых хатах, як зваліся навакольныя землі. На жаль, ужо ніхто нічога не памятае.

ялікая Сьлепня, Вялікая Сьляпянка, Малая Сьляпянка. Малая Сьлепня, Сьлепня — усе яны ад назвы рачулкі Сьляпні. Цяпер на месцы ўсіх гэтых селішчаў паўстаў вялізны гарадзкі мікрараён — Усход.

Усход. Захад. Паўднёвы Захад. Усё бязьлікае і казённае. І абавязкова Арбат!

А Бангалор?! Вуліца Максіма Багдановіча. Краявіды тут скрозь беларускія — гэта ж усё Камароўка. Балота з крывенькімі бярозкамі і каржакаватымі хвойкамі. І раптам — Бангалор! Поўная дысгармонія між словам і навакольлем. Такая ж тапанімічная дысгармонія і на Траецкай Гары: гара Траецкая, пры ёй — пляц Парыскай Камуны, з помнікам Максіму Багдановічу.

Малазразумелай падаецца і назва Сьцяпянка — гэта і чыгуначная станцыя, і селішча пры ёй. Дзе ж тут той стэп? Наўкола балоты ды лясы...

Пра Сьцяпянку ходзіць такая гісторыя. Яшчэ ў мінулым стагодзьдзі яе купіў якісь немец-каляніст. Пацікавіўся ў тутэйшага люду, як завецца мясьціна. Яму адказалі: “Сьляпянка”. Немец ці не дачуў, ці спрацавалі законы нямецкай мовы. Укапаў слуп і прыбіў да яго дошчачку — “Стэпянка”. З тае пары так і пайшло: Стэпянка — Сьцяпянка.

Памылковасьць назвы Сьцяпянка прызнаваў тапаніміст Вадзім Жучкевіч. У сваім “Кратком топонимическом словаре Белоруссии” 1974 г. ён пісаў: “Сьцяпянка. Памылковая форма ад назвы Сьляпянка”. Пра паходжаньне назвы Сьцяпянка ёсьць і яшчэ адна вэрсія: на ейным абсягу месьцілася урадавая дача Цанавы, які Сьляпянку вымаўляў на каўкаскі лад — Стэпянка. Абедзьве вэрсіі сьведчаць, што назва прыблудная, перакручаная.

А назовы Сьляпянка, Сьлепня — вельмі даўнія, як і Камароўка. У гістарычных актах 1599 г. ёсьць такі запіс: “...за Сьляпнёю па гасьцінцу, каторы к гарадзішчу ідзёт…”

Увесь сьвет ведае назву Раўбічы.

Раўбічы — гэта найперш славуты спартовы комплекс па біятлёне і горных лыжах пад Менскам, які сваю назву атрымаў ад суседняй вёскі. Месца для яго абралі невыпадкова — непадалёк месьціцца высачэзная гара. (Між іншым, завецца гэта мясьціна Халяўшчына. Нібы ад прозьвішча княгіні Халевы).

На схілах гары была невялікая вёсачка, што звалася адпаведна тутэйшаму рэльефу Горнаўкай. Гэтая назва, як ніякая іншая, пасавала б спартоваму комплексу — такая яна выразная й характэрная. Адразу кожнаму было б зразумела, чаму спартовы комплекс па горных лыжах разьмясьціўся менавіта тут. Але, на жаль, вёсачку падчас пабудовы комплексу раскідалі — ацалеў адзін двор. Ён нам і нагадвае пра Горнаўку. А што ж Раўбічы? Паводле слоўніка Вадзіма Жучкевіча, назоў Раўбічы паходзіць ад састарэлага імя Роўба!

гадваючы пра спартовы комплекс паблізу Горнаўкі, хацелася прыгадаць, як нашы хакеісты выратавалі назву зьніклай ля Кальварыі вёскі. Назва той вёсачкі была дзіўная. Гукі яе сінічкай цінькалі-ціўкалі — Цівалі! І вось знайшоўся хтосьці з хакеістаў стуль, які так і назваў сваю каманду. Праз нашу хакейную каманду цяпер увесь сьвет ведае назоў “Цівалі” і пытаецца, што гэта такое — Цівалі, а ўжо адказ на пытаньне — справа тэхнікі прафэсіяналаў. Прыклад, варты перайманьня і ўхвалы.

Я спрабаваў пра назвы Горнаўка і Раўбічы пагаварыць са спартоўцамі. Але гэтая мая спроба ня мела ніякага посьпеху. Спартоўцы слухалі і маўчалі, нібыта разумелі, а мо й не разумелі, чаго я так турбуюся, пра якую Горнаўку дбаю... Гаварыў я адзін.

Ня вельмі ўдалася мне гаворка пра Горнаўку і з панамі-трэнэрамі. Уражаньне такое, што ніхто зь іх пра тую Горнаўку і ня чуў, хоць кожнага дня яны з усіх бакоў паслугуюцца маляўнічым горнаўскім кутам.

...Наша сталіца ўвабрала ў сваё ўлоньне шмат прыгарадных вёсак, вёсачак, шмат сенажацяў і палёў... Кожная з гэтых мясьцінаў мела сваю назву. Наш клопат — іх захаваць, ушанаваць. Ні ў
якім разе ня кідаць у забыццё.

Вось дзе, думаецца, вялізарнае поле дзейнасьці для нашай моладзі, для нашых школьнікаў. Мы павінны сваю тапаніміку ведаць, як свае пяць пальцаў. Каб мы ехалі па сваёй сталіцы і чыталі кожны лапік, як кнігу... Вось гэта, дзе Маладзёвы тэатар, Пярэспа.

олісь ціха-млявая ўскраіна Менску зь Пярэспаўскімі могілкамі. З царквой Сьвятой Марыі Магдалены. З масточкам. Цяпер тут шум і тлум. Паходзіць ад назвы рачулкі Пярэспы, якая перасякала зьбег вуліц і ўпадала ў недалёкую адсюль Сьвіслач.

...А гэты маляўнічы куточак нашай сталіцы з Божым дарам — крынічкамі. Таму і назва — Дараўка! Хіба ж такі назоў ня варты, каб яго ведалі, каб яго шанавалі!

І гэтак скрозь. Пад назвай Камароўка мы цяпер ведаем толькі Камароўскі рынак. Даўней Камароўкай яшчэ называлі і цяперашнюю плошчу Якуба Коласа. Абсягі Камароўкі былі калісь значна шырэйшыя. Але пра гэта спакваля ўжо забываецца. Калі мы спыталі ў хлапчукоў, якія гулялі паблізу так званай колішняй Балотнай станцыі, ці ведаюць яны, дзе ходзяць, тыя адказалі, што гуляюць у парку Сяброўства Народаў. На пытаньне: “А дзе ж Камароўка?” — адказалі: “Гэта далёка! Гэта трэба ехаць”. А гулялі яны якраз па колішнім Камароўскім балоце, зь якога брала выток згаданая ўжо тут рачулка Пярэспа.

пазнаваць назвы роднай зямлі, клапаціцца, каб іх не забывалі, ушаноўвалі, надзвычай цікава. Скажам, імем згаданай Пярэспы можна было б назваць маладзёвы тэатар: Маладзёвы тэатар на Пярэсьпе. На гэта нават і сродкаў ніякіх ня трэба. Патрэбна толькі жаданьне!

У нашай сталіцы каля дзясятка паркаў і, як ні дзіўна, ні адзін зь іх не названы беларускім тапонімам. І гэта трывожна. Наша сталіца пачыналася з Замкавай Гары пры ўпадзеньні Нямігі ў Сьвіслач. Замкавай Гары даўно ўжо няма: яе зрэзалі бульдозэрамі і вывезьлі. Вывезьлі нашу гісторыю, а на расчышчанай ад старажытнай гары плошчы збудавалі спартовы комплекс і назвалі Плошчай Восьмага сакавіка. Ходзячы па гэтай плошчы, падумаў: “А назва ж гэтай плошчы мусіць быць адна: Плошча Старажытнага Менску ці Замкавая плошча”. Што да Замкавай Гары, то і яе мусім аднавіць — дзеля гістарычнай справядлівасьці...

А якой думкі пра гэта вы?

...Назвы роднай зямлі, гэтак, як імёны людзей, складаюць асобны пласт нашай лексыкі. Навука, якая вывучае назвы зямлі, называецца тапаніміка. Кожны лапік зямлі мае сваю назву. Гэта дае мажлівасьць людзям лёгка арыентавацца ў прасторы. У кожным краі пераважная большасьць тапонімаў адпавядае мове таго народу, які засяляе гэтую зямлю. Такое непісанае правіла ва ўсіх народаў. Гэтак павінна быць і ў нашай сталіцы, і ва ўсёй Беларусі.

У нас жа мала хто ўдумваецца ў сэнс словаў.

А ёсьць жа міжнародная практыка. Калі ўзьнікае патрэба даць назву якомусь новаму аб’екту, найперш яму даюць тую назву, якую меў той лапік зямлі, на якім гэты новы аб’ект заснаваны. Калі ж гэты лапік безназоўны, тады бярэцца за аснову якаясь бліжэйшая назва. Кажучы пра назвы, мы павінны ведаць, дзе і што было, дзе і што можна рабіць, будаваць, як і дзе сябе паводзіць. Інакш нас будуць на кожным кроку чакаць неспадзяваньні, непаразуменьні, як гэта адбылося на Нямізе. Назвы перасьцерагаюць нас, папярэджваюць ад глупоты, ад няшчасьцяў.

Назвы нашы — гэта вочы беларускай зямлі, і яны павінны быць беларускімі і глядзець на нас шчыра, расказваць пра саміх сябе, дапамагаць нам жыць, натхняць і цешыць нас.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0