Адам Глёбус

Тэлеграмы самому сабе

Адноўленай “Нашай Ніве” 10 гадоў. 10 гадоў маёй працы ў адроджанай “Нашай Ніве”. Не люблю юбілеяў. Не было майго тэксту ў №1, не было ў №100. Не юбілейны я аўтар, бо сваёй прысутнасьцю псую ўрачыстасьці. Я — будзённы нашанівец, які любіць сябе ў “Нашай Ніве” й “Нашу Ніву” ў сабе. У якасьці падарунка дасылаю колькі жартаў, афарызмаў і грэгерыяў на апошнюю старонку першай беларускай газэты.

 

Сярод вайскоўцаў ня знойдзеш аніводнай незаплямленай істоты.

Ня ты паміраеш ад інфаркту, а сэрца пасылае цябе к чорту.

Плягіят мае наступныя маскі: імправізацыя, варыяцыя, вэрсія й, нарэшце, акадэмічная школа ў нацыянальных традыцыях.

У тырана не бывае сяброў, бо найбліжэйшыя паплечнікі мараць яго забіць і раней ці пазьней прыбіраюць.

На ўсіх рэфэрэндумах задаецца толькі адно пытаньне... Жыць хочаш? Адказ запраграмаваны. А гэтыя: як? з кім? дзе? — малаістотныя дэталі.

Нельга прадаць адразу ўсё, у гэтым сутнасьць гандлю.

Грэшнік, які раскаяўся, усё адно застанецца грэшнікам, хай сабе й грэшнікам, які раскаяўся, які ня змог захаваць таямніцу паскуднага ўчынку. Пра гэта добра ведаюць дзяржава, паліцыя й царква, яны жывуць за кошт грэшнікаў, якія пакаяліся.

Надыходзіць час адрачэньняў, і варта адмовіцца ад зробленага, незалежна ад якасьці даробку.

Вера ў вечныя каштоўнасьці патрэбная дыктатару.

Калі ты гатовы ахвяраваць сабою, звычайна ня ведаеш, дзеля чаго; а калі ведаеш — не гатовы.

Усе гадзіньнікі, якія ходзяць, — кульгавыя.

Кентаўры — бяскрылыя дзеці Пэгаса й Музы.

Калі рвеш на шматкі чужынскі сьцяг, гэта не азначае, што ты шануеш свой.

На пасланьнях да Ўсявышняга аніводнага разу не сустракаў дакладнага ці хоць бы ўцямнага адрасу.

Не люблю, калі афарызмы робяцца падобнымі да алавяных салдатаў, а ў французаў гэта ледзь ня правіла.

Калі б вочы насамрэч былі люстэркамі душы, акулісты былі б айцамі царквы.

Каб стаць бацькам нацыі, напачатку варта пабыць яе каханкам.

Ёсьць народы бяз гімнаў, як і гімны без народаў.

У шыбеніц не бывае кветак, а плады ёсьць.

Спачатку хваробы прыходзяць і сыходзяць, а пасьля толькі зьмяняюць адна адну.

У большасьці найлепшых філёзафаў вельмі кепскі канец жыцьця, бо яны занадта лёгка знаходзяць апраўданьне сваім найгоршым учынкам, і ня толькі сваім.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0