Зьнік кіраўнік Пінскай філіі ЗБС

Тыдзень таму, 11 чэрвеня ў панядзелак, зьнік Максім Саханчук, студэнт 3 курсу Пінскага інстытуту кіраваньня, старшыня суполкі ЗБС Пінску.

Апошні раз Максіма бачыла старшыня Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Крысьціна Сідун. Яна разьвіталася зь ім 11 чэрвеня на станцыі мэтро “Плошча Якуба Коласа” а 18-й у Менску. З сабою Максім нёс стос “Студэнцкай газэты”, якую меў завезьці ў Пінск.

Дамоў ён не зьявіўся. Бацькі тэлефанавалі па ўсіх сваяках, сябрах і знаёмых Максіма. Ніхто яго ня бачыў. Ягоны здымак паказалі ў Пінску па тэлебачаньні — ніякага выніку. Бацькі Максіма падалі заяву на вышук у міліцыю. Яны ў роспачы.

Прыгадваецца, што месяц таму пінскай суполкай ЗБС цікавіліся спэцслужбы: сяброў ЗБС (у тым ліку і Максіма Саханчука) выклікалі ў КДБ і бралі падпіскі, што яны ня будуць займацца грамадзкай дзейнасьцю, праводзілі “выхаваўчыя” гутаркі.

Пінскі праваабаронца Аляксей Дзікавіцкі кажа, што Максім быў звычайным юнаком-патрыётам — спакойным і разважлівым. Нічога такога раней зь ім не здаралася. Усіх, хто мае нейкую інфармацыю пра ягоны лёс, просім зьвяртацца да прадстаўніка Беларускага Хельсынскага камітэту ў Пінску праз тэл. (0165) 35-97-76 або ў Праваабарончы цэнтар “Вясна” (017) 231-08-44.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0