Падзеі ў сьвеце

 

Мова на маніторы

Гаворка жыхароў выспы ў Міжземным моры ажывае ў віртуальнай прасторы

Выспа Сардынія належыць Італіі. Сардзкая мова ніколі не была афіцыйнаю (акрамя невялікага прамежку часу ў Сярэднявеччы) і паноўнаю.

 

З 900 г. да Н.Х. на высьпе дамінавала фінікійская культура. Пасьля прыйшлі рымляне, і лаціна выцясьніла фінікійскую ды невядомую зараз старажытнасардзкую мовы. Сяляне й пастухі стварылі на аснове лаціны асаблівы дыялект, які зь цягам часу разьвіўся ў сардзкую мову, перажыўшы каталёнскае, гішпанскае ды італійскае панаваньні.

Пасьля аб’яднаньня Італіі ў местах Сардыніі пачалі размаўляць па-італійску. На вёсцы пануе дзьвюхмоўе — па-сардзку гавораць між сабою, а па-італійску — у афіцыйных установах ды з італійцамі. Сардзкаю моваю, нягледзячы на татальную італізацыю школы ды мэдыяў, гаворыць прыкладна 80% насельніцтва (1,5 млн. чалавек). Сьвядомыя сарды дамагаюцца дзьвюхмоўя.

У 1994 г. доктар Гвіда Мэншынг, прафэсар раманістыкі Бэрлінскага Вольнага ўнівэрсытэту стварыў у Інтэрнэце сайт “Limba e curtura de sa Sardеgna”, каб згуртаваць сардаў, што расьцярушыліся па ўсім сьвеце. Сёньня гэта найвялікшы вэб-рэсурс на сардзкай мове, які прапануе самую разнастайную інфармацыю — ад рэцэптаў прыгатаваньня сардзкага хлебу да сярэднявечных юрыдычных дакумэнтаў.

Сардзкая мова маладасьледаваная і неўніфікаваная, але ўжо ўжываецца ў Інтэрнэце. У Сеціве і выпрацоўваецца агульны варыянт сардзкай мовы. Да таго ж, усе словы ды выразы, якія ўжываюцца шматлікімі наведнікамі сайту, лёгка фіксуюцца, што дапаможа сыстэматызаваць іх, скласьці слоўнікі, удасканаліць граматыку.

Алесь Кудрыцкі

 

У Польшчы жаўнеры п’юць, а ў Чэхіі каровы шалеюць

Два з 11 прэм’ераў ва ўрадах Баўгарыі пасьля 1990 г. былі агентамі камуністычных спэцслужбаў — сьцьвярджае Люстрацыйная камісія, хаця й не называе імёнаў. Камісія падала імёны 52 дэпутатаў апошніх чатырох парлямэнтаў краіны і 78 сёньняшніх кандыдатаў у дэпутаты, якія супрацоўнічалі з спэцслужбамі.

На сем год пазбаўленьня волі асудзіў праскі гарадзкі суд былога вайсковага пракурора камуністычнае Чэхаславаччыны 85-гадовага К.Ваша, які ў 1949 г. на паказальным працэсе дамогся расстрэлу генэрала Г.Пікі, героя дзьвюх сусьветных войнаў, зьвінавачанага ў супрацоўніцтве з брытанскай выведкай.

У паўднёвай Чэхіі выяўлены выпадак каровінага шаленства — першы ў Сярэдняй Эўропе. Відаць, хворыя каровы елі харчовыя дадаткі, прывезеныя з краінаў ЭЗ. На гэтым тыдні забілі 139 кароваў, якія могуць быць заразнымі. Чэхі атачылі месца зьнішчэньня хворых жывёлаў войскам і паліцыяй. Забарону на імпарт чэскае ялавічыны ўжо ўвялі Польшча й Расея.

Віцэ-міністар нацыянальнай абароны Польшчы Робэрт Ліпка нядаўна зьявіўся перад жаўнерамі нападпітку. Пра тое напісалі ў друку, і афіцэр пазбыўся пасады. Праблема п’янства сярод вайскоўцаў настолькі сур’ёзная, што ўрад распрацаваў комплексную праграму, якая прадугледжвае лячэньне афіцэраў-алькаголікаў і дапамогу жаўнерам тэрміновае службы. Значная частка польскіх афіцэраў прайшлі прымусовае лячэньне ў наркалягічных установах, але выкідаць іх з войска не выпадае — навучаньне новых абыдзецца даражэй. Адмысловая лекарская дапамога будзе ажыцьцяўляцца цяпер беспасярэдне па месцы службы.

Колькі дзён таму зьнік адзін з былых кіраўнікоў сэрбскіх спэцслужбаў. Генэрал Уласьцьмір Дзёрдзевіч, кажуць, апынуўся ў Маскве, прыхапіўшы з сабой частку дасье на сёньняшніх вышэйшых чыноўнікаў краіны. Дзёрдзевіч быў замяшаны і ў справу аб прыхоўваньні масавых злачынстваў у Косаве, аднак яго не арыштавалі, а толькі выправілі на пэнсію.

Сяргей Рак

 

Беларускі факультэт у Беластоку

У Гарадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы пачаліся Дні Беластоцкага ўнівэрсытэту. Падчас іх стала вядома, што плянуецца заключэньне дамовы аб супрацоўніцтве паміж двума ўнівэрсытэтамі, згодна зь якой у 2002 г. у Беластоцкім унівэрсытэце пачне працу факультэт беларускай філялёгіі.

 

Аблава на кірмашы

На найбуйнейшым рэчавым рынку Варшавы сіламі паліцыі, памежнікаў і мытнікаў правялі аблаву на гандляроў нелегальным таварам. Падчас яе затрымалі больш за 80 грамадзянаў Беларусі, Арменіі і Ўкраіны. Паліцыя канфіскавала 18 тысячаў нелегальных кампакт-дыскаў, вялікую колькасьць гарэлкі й цыгарэтаў без акцызных марак, відэакасэты зь дзіцячай парнаграфіяй, тэкстыльныя вырабы.

З варагаў у грэкі

У 5.40 12 чэрвеня памежнікі Лоеўскай групы памежных катэраў на Дняпры ля самай дзяржаўнай мяжы спынілі човен, у якім знаходзіліся грамадзянін Беларусі і чацьвёра грамадзянаў Аўганістану. Затрыманыя хацелі нелегальна перасячы беларуска-ўкраінскую мяжу. У працэсе разбору афганцы, якія каля сябе ня мелі ніякіх дакумэнтаў, расказалі, што прыбылі ў Менск з Масквы, а потым выправіліся на Брагіншчыну. Вядзецца следзтва.

Паводле БелаПАН


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0