Чарнобыльскі чар і ягоная статыстыка

Хочам мы таго ці не, але мусім зноў і зноў вяртацца да тэмы Чарнобылю, бо вельмі мала ведаем пра праблему. Разам са сродкамі масавае інфармацыі улады манапалізавалі й праўду пра яе. Недахоп інфармацыі, яе супярэчлівасьць спараджаюць супрацьлеглыя думкі. Адныя беларусы, стомленыя няведаньнем, чаканьнем і няпэўнасьцю, схільныя да неабачлівага аптымізму. Іншыя, з гэтых самых прычынаў, кідаюцца ў паніку.

 

Што ж нам сёньня вядома? У выніку Чарнобыльскай катастрофы ў зоне радыяцыйнага забруджаньня апынуліся 56 адміністрацыйных раёнаў — у тым ліку 41 горад і 3329 вёсак. На забруджанай тэрыторыі пражывае 1,85 млн.чал. Каля 400 тыс.чал. — на тэрыторыях з забруджаньнем звыш 5 кюры на кв.км.

У чарнобыльскіх раёнах нашмат большая колькасьць захворваньняў шчытападобнае залозы. Былы рэктар Гомельскага мэдінстытуту сп.Бандажэўскі біў ва ўсе званы: адбываецца назапашваньне радыяцыі ў арганізмах людзей, расьце колькасьць дзяцей з прыроджанымі паталёгіямі. Наступствы доўгатэрміновага ўзьдзеяньня малых дозаў радыяцыі навукай не дасьледаваныя. Ёсьць небясьпека, што зьменіцца генэтычны код нацыі... Некаторыя праваабаронцы мяркуюць, што Бандажэўскага зьвінавацілі ў хабарніцтве, каб заткнуць яму рот.

НДІ радыяцыйнае мэдыцыны і эндакрыналёгіі правёў параўнальныя дасьледаваньні стану здароўя насельніцтва ў раёнах з рознай радыеэкалягічнай абстаноўкай — Докшыцкім і Хойніцкім. У першым дзеці маюць больш гарманічны целасклад, вышэйшыя ростам. Скардзяцца на частыя галаўныя болі, галавакружэньні. У іх рэгіструюцца функцыянальныя шумы ў сэрцы. У Хойніцкім раёне больш распаўсюджаныя захворваньні сардэчна-сасудзістай, вэгетатыўнай, нэрвовай сыстэмаў, астэнізацыя. Часьцей рэгістраваўся паніжаны артэрыяльны ціск, сымптомы захворваньняў страўнікава-кішэчнага тракту. Як бачым, розьніца ёсьць.

Увесь народ плаціць “чарнобыльскі” падатак — каб падтрымаць тых, хто жыве ў “зоне”. Такім чынам, мы ўсе фінансуем пагрозу для нашага здароўя. Бо дзяржава не забясьпечвае насельніцтва “зоны” чыстымі прадуктамі. Людзі садзяць бульбу на забруджаных землях, зьбіраюць садавіну, грыбы, ягады, палююць, ловяць рыбу й г.д. І ня толькі самі ўсё гэта спажываюць, але й вязуць у чыстыя раёны на продаж. Зерне, бульба, ялавічына, малако, што трапляюць на перапрацоўку, часьцяком “зашкальваюць”. З гэтай прычыны ў Мурманску нядаўна адмовіліся прыняць эшалён мяса з Магілёўшчыны. У Зэльву завезьлі гэтае мяса — і адтуль вярнулі. Дзе яго рэалізавалі — невядома.

Беларусь стала плянэтарным палігонам для дасьледаваньняў наступстваў радыяцыйнай катастрофы. Вучоныя сьвету зь цікавасьцю вывучаюць беларускі “досьвед”. І чым больш там будзе жыць людзей, тым для іх цікавей.

Часьцяком цяперашнія ўлады нагадваюць, што Хірасіма й Нагасакі адноўленыя й там жывуць людзі. Але ў Японіі найперш умовы для жыцьця стварылі нармальныя. Хоць нашыя хойніцка-нараўлянскія Ясі ды Яніны таксама ня скардзяцца: абы пэнсію своечасова плацілі ды вайны не было. Але трэба ж забясьпечыць іх хоць якім мінімумам: завозіць хлеб, гарантаваць мэдыцынскае абслугоўваньне, электрычнасьць і г.д. Для гэтага туды выпраўляюць па разьмеркаваньні “маладых спэцыялістаў”. Ясная рэч, менчукі, берасьцейцы, гарадзенцы намагаюцца ў любы спосаб пазьбегнуць гэткае “камандзіроўкі”. Зразумеўшы, што змагацца з дэзэрцірамі бессэнсоўна, улады знайшлі іншае выйсьце — адкрылі ў гомельскіх ды мазырскіх ВНУ факультэты, што рыхтуюць неабходных спэцыялістаў зь мясцовае моладзі. Яна, маўляў, менш пераборлівая і за льготы падчас паступленьня ў ВНУ пагодзіцца працаваць у родных вёсках.

Стан экалёгіі й дрэннае харчаваньне выклікаюць дысбалянс вітамінаў і мікраэлемэнтаў у арганізьме ды ўстойлівыя зьмены ў імуннай сыстэме. Гэта адна з прычынаў таго, што цяпер у Беларусі сьмяротнасьць большая за нараджальнасьць. Колькасьць насельніцтва несупынна зьмяншаецца. Такое ў нашай гісторыі было толькі ў ваенныя гады.

Увогуле, наступствы аварыі на ЧАЭС можна супаставіць з наступствамі другой сусьветнай вайны. Даваеннай колькасьці насельніцтва Беларусь дасягнула толькі на пачатку 70-х. (Эстонія і Латвія — у 1950 г., Малдова — у 1953 г., Расея — у 1955 г., Украіна — у 1959 г., Літва — у 1965 г.).

Эканамічныя страты вайны Беларусь ліквідавала дзесьці ў сярэдзіне 60-х. Эканамічныя страты ад катастрофы на ЧАЭС ацэньваюцца ў 28-32 гадавыя нацыянальныя бюджэты.

Наступствы вайны Беларусі дапамагаў пераадольваць увесь Савецкі Саюз. З Чарнобылем мы засталіся сам-насам.

За 1986—93 г. колькасьць насельніцтва ў забруджаных раёнах скарацілася на 110 тыс. Зь іх 27% выселена за кошт дзяржавы. Астатнія выехалі самі. Сярод пераселеных дзяржавай працаздольнае насельніцтва складала каля 40%, сярод тых, хто выехаў самастойна — каля 50%. У забруджаных раёнах застаюцца збольшага старыя.

Цікава, што менавіта пасьля катастрофы ў “зоне” пачалося буйное будаўніцтва жыльля. Жыльлёвы фонд там толькі за 1986—90 гг. вырас на 23,15% (у “чыстых” раёнах — на 20%). За 17 гадоў да аварыі, напрыклад, у Нароўлі штогод будавалася каля 4,5 тыс. кв.м. новага жыльля, а ў 1986—99 г. — каля 10 тыс. кв.м.

З-за чару чарнобыльскае бяды адступілі на другі плян іншыя беларускія беды. Між тым, ёсьць раёны і гарады, дзе экалягічная сытуацыя крытычная й без Чарнобылю. Напрыклад, раёны здабычы калійных соляў, дзе вялікая колькасьць засоленых пародаў трапляе ў солеадвалы; трасы нафта- і газаправодаў; фільтрацыйныя збудаваньні прадпрыемстваў і вялікіх гарадоў, што адслужылі свой амартызацыйны тэрмін і г.д. У пэрыяд крызысаў тут магчымыя тэхнагенныя катастрофы.

Нэгатыўна ўплывае на экалягічную сытуацыю й надмерная перагружанасьць Беларусі прамысловымі прадпрыемствамі, якія збольшага не абсталяваныя сучаснымі сродкамі аховы навакольнага асяродзьдзя. Асабліва шкодныя аб’екты хімічнай прамысловасьці, што зьявіліся тут пасьля вайны. Тады ў Беларусі не хапала працоўных месцаў і беларусы прасілі ў саюзнага кіраўніцтва новых заводаў. А ў СССР якраз пачалася хімізацыя...

Цяпер гэтыя заводы тэхналягічна састарэлі. Трэба іх мадэрнізаваць, замяняць абсталяваньне. Але ў бюджэце няма сродкаў. А замежныя інвэстары не ідуць — няма дурных укладаць грошы ў краіну, што ўзяла на сябе ролю ваеннага шчыта Расеі. У выпадку канфлікту з Захадам, Беларусь — тэрыторыя першага ўдару. Тут радыёлякацыйныя станцыі....

Зь іншага боку, згортваецца вытворчасьць — зьмяншаецца й колькасьць выкідаў. Так, за 1990—95 г. выкіды шкодных рэчываў у паветра на экалягічна небясьпечных прадпрыемствах зьнізіліся з 1173,3 тыс.т. да 508,1 тыс.т., і іх колькасьць працягвае зьмяншацца. Сёньня ў гарадах больш надзённым становіцца пытаньне выкідаў ад аўтатранспарту.

Да фактараў, што адмоўна адбіваюцца на здароўі нацыі, дадаецца й матэрыяльная незабясьпечанасьць беларусаў. Так, дзяржаўная “дапамога” на дзіцё 3—16 гадоў складае хіба дзясятую долю мінімальнага спажывецкага бюджэту. Гэтая сума роўная падаходнаму падатку ад сярэдняга заробку. У 2000 г. 44% гараджанаў і 52,7% сялянаў жылі менш, чым на даляр у дзень.

Дзіва што за апошнія 15 гадоў колькасьць захворваньняў ракам у дзяцей павялічылася ў 130 разоў! У вёсках зьявіўся пэдыкулёз. Людзі ня маюць грошай на мыла і пральныя рэчывы. Калі колькасьць хворых на тубэркулёз перавышае 50 чал. на 100 тыс. насельніцтва, лічыцца, што пачалася эпідэмія. У нас гэтая лічба складае прыблізна 53,6, а дзе-нідзе сягае 70 і нават 100 выпадкаў.

Трывогу выклікае й псыхічнае здароўе насельніцтва. Пачасьціліся псыхічныя расстройствы, што наўпрост зьвязана з пагаршэньнем умоваў жыцьця й экалягічнай сытуацыі, сацыяльнай напружанасьцю, адсутнасьцю пэрспэктываў, павелічэньнем алькагалізму і наркаманіі.

За апошняе дзесяцігодзьдзе павялічылася сьмяротнасьць ад інфэкцыйных і паразытарных захворваньняў (на 19,3%), захворваньняў сыстэмы крывазвароту, органаў дыханьня (на 5,4%), органаў страваваньня (на 5%), новаўтварэньняў (на 1,2%). Сярод прычынаў сьмерці дзяцей у першы год жыцьця 66% — анамаліі прыроджаныя і ўнутрыўтробнага разьвіцьця плоду.

Зьмяншаецца працягласьць жыцьця. У жанчынаў за апошнія 15 год яна скарацілася на 5 год. Мужчыны, як правіла, ужо не дажываюць да пэнсійнага веку. Перад пэнсіянэрамі стаіць паўсядзённы выбар: ці лекі купіць, ці яблык... Калі так будзе працягвацца надалей, нашае вясковае насельніцтва вымра праз 40 гадоў, а ўсе беларусы да 2100 г.

Гары Куманецкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0