Сяргей Харэўскі

1654—1986. Гістарычныя паралелі

 

Была ў нашай гісторыі сытуацыя, сваёй безвыходнасьцю падобная да чарнобыльскай.

 

20 траўня 1654 г. войскі маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча рушылі з трох бакоў на Беларусь. З поўдня да іх далучылася казацкая арда Хмяльніцкага. У адначасьсе край быў заліты больш як 100-тысячным войскам чужынцаў. Ім супрацьстаяла ў дзесяць разоў меншая армія Вялікага Княства на чале зь Янушам Радзівілам. Вынікі гэтае драмы красамоўна апісаў Сыракомля: «Вайна з Расеяй набыла жахлівы характар. Шчэрба, Загіеў і Хаванскі занялі ўсю краіну. У Менск увайшлі казакі, татары й калмыкі... У крыві й попеле загінула большая частка жыхароў, зьнішчана большасьць дамоў, манастыроў, сьвятыняў. І прыйшоў мор, які цягнуўся больш за чатыры гады... Горад абязьлюдзеў, стаў пустэльным, павялічыліся адно межы могілак — «залюдніліся гарады мёртвых».

На першы погляд, паратунку не было, але толькі на першы. Былі калясальныя страты, але трынаццацігадовая вайна ўрэшце скончылася. Беларусь выйшла зь яе з апакаліптычнымі стратамі. Насельніцтва зьменшылася на 53%.

Што ў той сытуацыі рабілі валадары? Адразу ж улада вызваліла жыхароў пацярпелых земляў ад падаткаў. Дзе на 10, дзе на 15, а дзе й на 20 гадоў! Людзі мусілі ачуняць, аджыць, нарадзіцца ўрэшце! Адначасова былі дадзены каралеўскія прывілеі жыдам, каб ажывіць гандаль і рамёствы. Велізарныя ахвяраваньні беларуская магнатэрыя павыдаткоўвала на адбудову бажніцаў і кляштараў, што сталіся асяродкамі духоўнасьці й асьветы, мэдыцыны й сацыяльнае апекі.

Параўнаем, што зрабілі ўлады ў Беларусі пасьля Чарнобылю. У першыя гады «чарнобыльскі» падатак у чарнобыльскіх жа раёнах складаў на прадпрыемствах ажно 25%. Гэта быў удар «пад дых» тамтэйшай эканоміцы. Лягічна было б сабе ўявіць, што калі ўся Беларусь плоціць «чарнобыльскі» падатак, дык з «чарнобыльцаў» яго не спаганяюць. Аж не! Тамтэйшыя прадпрыемствы ў забруджаных раёнах і сёньня плацяць 6%-ы «чарнобыльскі» падатак. І ўсе астатнія падаткі таксама!

Гэта падрывае веру людзей у справядлівасьць, у салідарнасьць.

Цяперашняе кіраўніцтва Беларусі, як і папярэдняе і як яшчэ ранейшае, проста ня можа ўцяміць гэткія тэрміны вызваленьня пацярпелага люду як 10—15 гадоў, бо мысьліць выключна сёньняшнімі, аднадзённымі катэгорыямі.

Сапегі, Радзівілы, Храптовічы былі перакананыя, што лёс дзяржавы будзе залежаць ня толькі ад іх, але і ад іхных унукаў і праўнукаў. Таму і рупіліся пра тое, каб край даваў плады і ў будучыні... Пасьля войнаў з Расеяй вясковае насельніцтва раўнастайна перасялялі з Захаду на Ўсход. Гэтак пакрысе і паўстаў беларускі этнас.

Пасьля Чарнобылю таксама трэба было раўнастайна зьмясьціць людзтва з Паўднёвага Ўсходу ў бок Паўночнага Захаду. Але падатковыя грошы, павыбіваныя з усіх без разбору беларусаў, пайшлі не на разумнае адсяленьне, а на прымацаваньне людзей у радыяцыйна брудных раёнах. З-за катастрофы ў канцы 80-х — пачатку 90-х непазнавальна зьмянілі свой воблік Брагін, Ельск, Лельчыцы, Чэрыкаў. Гэтыя гарады былі ўпарадкаваныя, у іх панабудоўвалі новых адміністрацыйных будынкаў, навюткага жыльля, сквэрыкаў з завазным пясочкам. Будаваліся ў гэтых раёнах на «чыстых» дзялках зямлі новыя вёскі. Гэта ўсё — таксама страты ад катастрофы. Тыя, каму дарагая будучыня нашчадкаў, зьедуць адтуль урэшце.

Пры гэтым зьніжаліся тэмпы будаўніцтва ў чыстых раёнах і гарадах. Прырост жыльлёвага фонду ў забруджаных раёнах толькі за чатыры гады пасьля катастрофы склаў амаль 4 млн.кв.м. Калі б хоць палова гэтага жыльля была пабудаваная ў чыстых раёнах, дык больш за 100 тыс. чалавек маглі б жыць у нармальных умовах і не баяцца за лёс сваіх дзяцей і свой таксама. А каб яны былі вызваленыя ад падаткаў, дык Беларусь, магчыма, ужо забылася б на тую трагедыю. На жаль, цяпер лёс Беларусі не вырашаюць арыстакраты.


 

Пра Чарнобыль трэба думаць. Будучыня Беларусі залежыць ад таго, як мы разьбяромся з гэтай навалай і наколькі рэалістычна мы будзем ацэньваць сытуацыю. Сёньня мы друкуем артыкул з аналізам “чарнобыльскай статыстыкі”, а таксама рэфлексіі Сяргея Паўлоўскага і Сяргея Харэўскага аб магчымых падыходах да пераадоленьня наступстваў катастрофы. У адным з наступных нумароў “НН” тэму працягнуць чытацкія водгукі на гэтую тэму, адказ Барыса Тумара, які не пагаджаецца з аргумэнтамі ягоных крытыкаў і матар’ялы францускіх дасьледчыкаў Мішэля Фэрнэкса і Лёрана Басэно — пра рэальныя наступствы Чарнобылю.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0