Сяргей Паўлоўскі

Януш Радзівіл і Чарнобыль

 

Стрыжань беларускай нацыянальнай ідэі — арыстакратызм.

 

Нашыя высакародныя продкі-земляўласьнікі ў абароне сваіх правоў дасягнулі той салідарнасьці, на якой іхная дзяржава Вялікае Княства Літоўскае здолела праіснаваць ажно 500 гадоў нягледзячы на ўсе вонкавыя агрэсіі. І калі сёньня ў нас бясконца перабіраюць прозьвішчы лідэраў дэмакратыі, я згадваю Януша Радзівіла, які пасадзіў Міхненку на кол. Зь якім пачуцьцём ён выпраўляўся ў паход, каб ачысьціць зямлю ад казаччыны і на абязьлюдзелых землях, у зруйнаваных гарадах і спанявераных чалавечых душах усталяваць спакойны звычайны парадак? І думаю я пра гэта ня столькі ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі, колькі ў сувязі зь як сьлед не ацэненай і бясконца загаворанай праблемай — Чарнобылем.

Ня варта спасылацца, што, маўляў, тады было сярэднявечча, а тут — тэхнагенная катастрофа. Справа тут у філязофіі, а не ў эпохах ды тэхналёгіях. Наша арыстакратыя мела цяжка зразумелае сёньня непадзельнае пачуцьцё адказнасьці, багоміла веды і на сваёй зямлі ўсё вырашала і рабіла сама. Уявіце сабе: нікога за сьпінай, а перад вачыма — бяда. І мусіш зь ёй разабрацца, і спадзявацца на нешта не выпадае. На дзяржаву? Дык дзяржава — гэта ты сам, высакародны земляўласьнік, і твой сын, і твой унук, якія пярэймуць пасьля цябе фамільны скарб. Спадзявацца на замежную дапамогу? Але ж беларускія арыстакраты, тыя ж Радзівілы, былі найбагацейшымі ў Эўропе. Нездарма толькі ў нашай гісторыі за іхнай эпохай замацавалася назва «залаты век».

Сёньняшнія носьбіты беларускай ідэі ня маюць адзінага погляду на праблему Чарнобылю. Натуральна, ня маюць і адзінага пляну пераадоленьня наступстваў катастрофы. Бо не гаспадары. У лепшым выпадку, спрабуюць самі ахвярна рабіць неаспрэчнае дабро, абы не сядзець склаўшы рукі, бо ў выніку дабро мусіць дабром і адгукнуцца.

Дыскусія паміж спн.Сурвіллай і сп.Тумарам гаворыць пра няяснасьць Чарнобыльскай сытуацыі нават на ўзроўні найболей зьяднаных ідэйна людзей. Чаму так адбываецца? Магчыма Чарнобыльская тэма яшчэ не для нас, яна застаецца для беларускіх інтэлектуалаў вялікай раскошай, і гаварыць пра яе на тле цяперашняга нашага грамадзтва папросту рана.

За апошнія часы ў Беларусі вырас узровень мэдычнай дыягностыкі ўсялякіх хваробаў і адхіленьняў. Прытым застаўся ранейшым, калі толькі ня зьнізіўся, сацыяльны стандарт.

Паказьнікі захворваньняў прыблізна аднолькавыя па ўсёй тэрыторыі краіны, і ў агульнай плыні гэтае нечысьці разгледзець уласна чарнобыльскія сьляды робіцца ўсё цяжэй, бо няма нармальнага сацыяльнага забесьпячэньня, лекаў, санітарыі. Вось дзе вылазіць сёньняшні Міхненка, вось дзе казаччына. У бараку, дзе няма гарачай вады і дзе чалавек элемэнтарна недаядае, можна колькі заўгодна разважаць пра генныя мутацыі, але бяз толку, калі няма як памыць рукі і няма за што і дзе купіць самага простага амідапірыну, калі ўсе навокал з грыбком на нагах і без аніводнага здаровага зуба ў роце, калі сухоты — што пархі, і ўсё гэта лічыцца нормай. Бо не сьмяротнае. На такім тле папросту не разгледзіш ніякіх чарнобыльскіх наступстваў. Ува ўсім гэтым — атаман Міхненка зь ягонай пагардай да культуры і інтэлекту.

Як вярнуць той культ здаровага ладу жыцьця, калі няма ні грошай, ні маральных стымулаў. Ідзі за свой мізэрны заробак накармі сям’ю мультывітамінамі, звадзі да стаматоляга, вывезі на мора... А калі й ёсьць грошы — дакажы, што трэба, калі ўсе навокал пачуваюцца нібы ў цыганскім табары, гнаным кудысьці бяз мэты, жывуць адным днём. Ідэалёгія арыстакратызму ня можа шукаць апраўданьня бяды, яна мусіць бяду пераадольваць. А ідэалёгія казаччыны прымае наступствы як дадзенасьць. Для яе ўсё, што не сьмяротнае, ёсьць нормай.

У сьвятле сказанага пра нізкі жыцьцёвы стандарт, падаткі з пацярпелых і немагчымасьць на гэтым тле разгледзець рэальныя наступствы катастрофы зусім па-іншаму выглядаюць і народжаныя ў наш час паняцьці — палітычны Чарнобыль і Чарнобыль духоўны.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0