Опэра бязь лідэра

 

Апошняй прэм’ерай сэзону ў Беларускай опэры стаўся “Атэла”. Вэрдзіеўскі шэдэўр паўстаў перад публікай у канцэртным выкананьні, без дэкарацыяў і касьцюмаў. Выканаўцы схематычна адтваралі нейкую бачнасьць акцёрскай гульні. Хор ня ўдзельнічаў, а толькі сьпяваў.

 

Аднак заля была поўная і людзі з прыемнасьцю слухалі музыку. Апошнія опэры Вэрдзі даволі цяжкія для ўспрыманьня. Тут няма завершаных, мэлядычных арыяў, затое шмат псыхалягічных падрабязнасьцяў, якія цяжка ўцяміць бяз словаў. Беларускаму опэрнаму тэатру прыдаўся б “бягучы радок”, які забясьпечвае чытэльны сынхронны пераклад тэксту. Іначай немагчыма задаволіць патрэбы слухачоў і адначасова захаваць вернасьць аўтарскай задуме. Апошнім часам тэатар упікаюць за італійскую мову ў опэрах Вэрдзі і Расіні. Гэткія крытыкі папросту не разумеюць, што ў перакладзе на іншую мову губляецца інтанацыя, стыль, сэнс музыкі. У нацысцкай Нямеччыне і ў Савецкім Саюзе іншаземныя опэры заўжды перакладалі, але тая традыцыя заганная.

А народ умее слухаць і разумець. І пад заслону выбухае воплескамі. Удзячная публіка! Яна любіць свой тэатар з усімі ягонымі недасканаласьцямі. Шмат чаго зьмянілася ў ім за 38 год, што мінулі ад папярэдняй пастаноўкі “Атэла”. Тады спэктакль рабілі з разьлікам на выдатнага ўкраінскага тэнара Зіновія Бабія, які раней бліскуча выступіў у “Аідзе” і “Кармэн”. Нашае опэрнае кіраўніцтва запрасіла яго на сталую працу ў Менск. Галоўнай прынадай для 28-гадовага сьпевака была роля Атэла. Ролю Дэздэмоны засьпявала юная прыгажуня Тамара Шымко, ролю Яга — Анатоль Генералаў. Тая даўняя прэм’ера стала адной з самых яскравых падзеяў у гісторыі Беларускай опэры. У студзені-лютым 1964 г. беларускі “Атэла” з трыюмфам прайшоў у Маскве, на сцэне Крамлёўскага Палацу зьездаў.

Цяперака, праз шмат гадоў вэтэраны памятаюць ня столькі трыюмфы, колькі атмасфэру, у якой рыхтаваўся гэты спэктакль. Працавалі самазабыўна і экстатычна, шалелі, сьмяяліся, плакалі, шукалі сэнс у кожнай ноце і захапляліся адшуканымі скарбамі…

Я дасканала памятаю й прэм’еры канца 80-х. У той час у Менску дзейнічаў Клюб сяброў опэры, і менавіта “клюбнікі” стваралі атмасфэру ажыятажу вакол новых спэктакляў. Перад чарговай прэм’ерай адбывалася клюбная сустрэча з удзелам пастаноўшчыкаў і артыстаў. Рэжысэр дзяліўся сваімі задумамі. Мастак паказваў макет дэкарацыяў. Дырыжор тлумачыў музычныя ідэі спэктаклю. Артысты сьпявалі або распавядалі пра сваё ўяўленьне роляў. “Клюбнікі” — пераважна працаўнікі Акадэміі навук БССР — уважліва слухалі ды ганарыліся сваёй далучанасьцю да высокага мастацтва. Ніхто, акрамя “сваіх”, ня мог трапіць на гэтыя сустрэчы. “Сваіх” абавязкова запрашалі й на генэральны прагон. Запрашалі й чыноўнікаў з ЦК і абкаму, якія вырашалі, ці можна паказаць спэктакль публіцы. Потым ЦК і абкам сышлі ў нябыт, а генэральныя прагоны засталіся. У тэатар пускалі ўсіх, хто ведаў прызначаную гадзіну. Гэта быў сакрэт, які аб’ядноўваў некалькі сотняў сталых гледачоў.

Апошнім часам дырэкцыя ў дзень прагону зачыняе дзьверы тэатру. Камэрцыялізацыя! Ці варта пускаць публіку на генэральную рэпэтыцыю і губляць жывыя грошы, якія людзі мусова заплоцяць, каб паглядзець прэм’еру? Нашыя людзі любяць опэру. Як сьцвярджаюць некаторыя крытыкі (прыкладам, Вольга Брылон у газэце “Культура”), — без узаемнасьці, бо Опэра жыве толькі аднымі гастролямі. Прычым, гастролі гэтыя нібыта ганебныя, бо замежныя імпрэсарыё бессаромна эксплюатуюць толькі аркестар ды хор, а салісты выяжджаюць на фэстывалі амаль выключна ў якасьці турыстаў.

Не пагаджуся са спн.Брылон. Яшчэ пару гадоў таму менавіта гэтак усё і выглядала, але цяпер сытуацыя зьмянілася. Каб у гэтым упэўніцца, дастаткова зірнуць на расклад бліжэйшых гастроляў.

Вось ужо чацьвертае лета запар Беларуская опэра выпраўляецца ў Салятурн (Швайцарыя) для ўдзелу ў фэстывалі “Classic Openair” (Клясыка на сьвежым паветры). Салятурн — мястэчка з насельніцтвам 16000 чалавек (як Смургоні, прыкладам), цэнтар аднайменнага кантону. Калісьці гэта быў ідылічны край пастухоў. Тут памёр Тадэвуш Касьцюшка. Тут ёсьць прыгожыя ляндшафты, якія могуць служыць натуральнымі дэкарацыямі для опэрных пастановак. Ёсьць старажытны бастыён у гонар сьв.Урсуса. А галоўнае — ёсьць вакзал, дзе крыжуюцца сем чыгункавых лініяў. Гэткім чынам, багатыя турысты, што адпачываюць на курортах Швайцарыі, могуць без праблемаў завітаць у Салятурн, каб паслухаць добрую музыку.

У 1997 г. галоўны мэнэджэр фэстывалю Дзіна Арычы “адшукаў” беларускую опэрную трупу. Ён асабіста прыехаў у Менск, прагледзеў шмат спэктакляў і выбраў лепшае. З 10 па 19 ліпеня менчукі прасьпявалі ў Салятурне шэсьць спэктакляў — “Барыса Гадунова”, “Князя Ігара”, “Карміну Бурану”, “Чыя-Чыя-сан”, “Аіду” і “Травіяту”. Квіткі каштавалі ў сярэднім 100 швайцарскіх франкаў (80 амэрыканскіх даляраў) і былі спрададзеныя задоўга да адкрыцьця фэстывалю. У галоўных ролях побач з нашымі салістамі — Натальляй Рудневай, Тамарай Глаголевай, Маратам Грыгорчыкам, Юр’ем Бастрыкавым, Уладзімерам Пятровым — выступаў грузінскі бас Паата Бурчуладзэ, які сьпявае нават у “La Scala”, а таксама ўкраінка Людміла Шымчук, якая калісьці працавала ў Менску, а цяпер — у Вене. А таксама швайцарская зорка апэрэты Наэмі Надэльман. Дырыгаваў Аляксандар Анісімаў.

Летась мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам салятурнскага фэстывалю стаў Ральф Вайкерт. Ён рабіў пастаноўкі ў нью-ёрскай “Metropolitan Opera“ і мілянскай “La Scala”, на фэстывалях у Зальцбургу і ў Вэроне. Сёлета ён прыехаў у Менск і рэпэтаваў зь беларускімі артыстамі ўвесь рэпэртуар для Салятурна. “Атэла”, “Трубадур”, “Дон Карляс”, “Аіда”, “Рыгалета” — бяз гэткіх назваў немагчыма абысьціся ў год Вэрдзі. Акрамя таго, плянуецца “Дон Жуан” В.-А.Моцарта, “Князь Ігар” А.Барадзіна і “Паяцы” Р.Леанкаваля ў адзін вечар з новай опэрай С.Картэса “Юбілей” паводле апавяданьня А.Чэхава.

Прэм’ера дырэктарскай опэры (С.Картэс кіруе опэрным калектывам ужо дзесяць год) адбудзецца ў Швайцарыі. Яна прагучыць у канцэртным выкананьні — як і ўсе іншыя опэры. У Салятурне папросту няма ўмоваў для паўнавартаснага опэрнага спэктаклю. Там патрэбныя галасы, здольныя напаўняць прастору без дапамогі мікрафону і песьціць слых багатых мэляманаў. Некалькіх вакалістаў гэткага кшталту сп.Вайкерт адшукаў у Італіі ды ЗША. Сярод сёлетніх зорак — славуты тэнар Франчэска Арайза. Побач зь імі выступяць беларускія сьпевакі. Тамара Глаголева засьпявае партыі Аіды і Елізаветы ў “Доне Карлясе”, прычым ейнымі партнэрамі будуць Крыстыян Ёхансан і Франчэска Арайза. Натальля Руднева засьпявае партыю Амнэрыс у “Аідзе”. Уладзімер Пятроў — партыю Радрыга ў “Доне Карлясе” і графа ды Люна ў “Трубадуры”… Вядучыя партыі ў розных спэктаклях засьпяваюць Тацяна Варапай, Нагіма Галеева, Тацяна Кнутовіч, Вікторыя Курбацкая, Алег Мельнікаў, Уладзімер Раеўскі, Тацяна Трацяк, Сяргей Франкоўскі…

Што ж ганебнага ў гэткіх гастролях? Хіба толькі тое, што Беларуская опэра выступае пад дзіўным і неўласьцівым тытулам: Bolschoi-Theater Minsk (Бальшой тэатар зь Менску), эксплюатуючы замшэлы імідж маскоўскага Бальшога тэатру. Тым больш, што масквічы апошнім часам страцілі сваю колішнюю рэпутацыю. Ня варта чапляцца за мінуўшчыну, асабліва чужую. Перад вачыма — прыклад пецярбурскага Марыінскага тэатру, які таксама распаўся на опэру і балет. Пецярбурская опэра гастралюе пад новаю назваю — Марыінскі тэатар. Пецярбурскі балет захаваў старую назву — Кіраўскі балет. Маўляў, гэтая марка добра вядомая ў сьвеце, і ня варта яе мяняць. Марыінскі тэатар за два гады набыў надзвычайную папулярнасьць у цэлым сьвеце, а Кіраўскі балет сваю папулярнасьць страціў, хаця танцаваць там сталі лепш.

Чаго было б трэба Беларускай опэры, дык гэта крыху беларускага патрыятызму. Мо тады ў тэатры зьявіўся б сапраўдны лідэр — як Валеры Гергіеў у Марыінцы. Сёньня гэткага лідэра няма. Няма ніводнага рэжысэра. Няма галоўнага дырыжора, бо Аляксандар Анісімаў часта зьяжджае, а ягонага намесьніка Вячаслава Чарнуху ўсур’ёз не ўспрымаюць.

Між тым, у тэатра ёсьць патэнцыял. Ёсьць сьпевакі — у чым можна было пераканацца, паслухаўшы “Атэла”. Тамара Глаголева сьпявала апошнюю сцэну проста дасканала, дый Сяргей Драбышэўскі ў партыі Касія моцна парадаваў. Пад кіраўніцтвам маэстра Вайкерта цудоўна гучаў аркестар. Вось бы ўзяць гэтыя творчыя сілы і скласьці зь іх цалкам новы калектыў, які б працаваў на цалкам новых асновах! Каб тэатрам кіраваў не чыноўнік, не кампазытар з собскімі амбіцыямі, не іншаземны дырыжор, а апякунская рада на чале з сапраўдным лідэрам… Тады і Эўропе было б ня сорамна паказацца.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0