Асабліва небясьпечныя беларускія жывёлы

невялікі рэестар

Жывёльны сьвет Беларусі багаты і разнастайны. Шкада толькі, што чалавек не навучыўся жыць зь ім у гармоніі. Але мы ня мелі на мэце стварыць праблемны нарыс пра канфлікт урбаністычнага сьвету са сьветам прыроды. Гаворка пойдзе пра некаторых вядомых нам беларускіх сысуноў, рыбаў ды жамяру. Распавядзем без прыязнасьці альбо непрыязнасьці. Распавядзем суха, як заолягі. Бо ў вялікіх гарадох людзі пачалі забывацца нат на самое існаваньне жывёльнага сьвету. Ім здаецца, што апроч ката ды сабакі ўвогуле ніякіх жывёлаў няма. Мы мусім нагадаць гарадзкому беларусу, што гэта не зусім слушна.

Жывучы ў горадзе, мы даўно забыліся на страшных прадстаўнікоў жывёльнага сьвету Беларусі. Таму паходы ў грыбы й на ловы часьцяком трагічна сканчаюцца для гарадзкіх жыхароў. Дзеля напаміну пра відавочную небясьпеку падаем невялічкі рэестар асабліва небясьпечных беларускіх жывёлаў. Тут жа распавядзем і пра мэтады барацьбы зь імі.

 

Бусел

Звычайны (белы) бусел здаўна ня любіць людзей і заўжды рабіў чалавеку шмат шкоды. Харчаваўся ён хатняй жывёлай, а ў галодныя гады ня грэбаваў і чалавечынай.

За даўнім часам на нашай зямлі жывёлы й людзі былі ў колькі разоў вялікшыя за цяперашніх. Тагачасны чалавек мог выдзерці зь зямлі хваіну ці бярэзіну сярэдніх памераў. Аднак у бойцы з буслом, які ў тыя залатыя часы быў недзе ў дзесяць разоў большы за прадстаўнікоў чалавечага роду, людзі ня мелі аніякіх шанцаў на перамогу. Толькі ўзброены атрад у дзесяць шабляў быў здольны даць адпор разьюшанаму буслу, таму людзі пазьбягалі перасоўвацца на самоце і вандравалі вялікімі кумпаніямі, што, зрэшты, часам сканчалася трагічна: вялікая сяброўская кумпанія правакавала да ўжываньня напояў, якія ўзмацняюць сяброўства й давер. Напад буслоў на нецьвярозыя й сонныя атрады заўсёды меў сумны для людзей вынік. Як у Чакановіцкім летапісе:

Раптам у небе, зусім для людзей нечакана

Птушка зьявілася, птушка жахлівага роду.

Крылы паўнеба і сонца сьвятло захілілі

Так, што адразу ўваччу парабілася цёмна.

Зубы блішчэлі ў цемры халодна й злавесна

Нам прадракаючы тое, што

вымавіць страшна.

Трэба было нам з табою ашчэрыцца зброяй,

Выхапіць шаблі і дзіды, бусла напалохаць.

Толькі ня ўсталі з травы ваяры, не расплюшчылі вочы,

Вочы, заплюшчаныя крэмбамбуляй ды мёдам,

Крупнікам скутыя рукі ня выцяглі зброі.

Толькі адзін я застаўся жывы ды здаровы.

Бо, як вядома для ўсіх, я манах непітушчы

І не ўжываю напояў, што людзі так любяць.

І пакуль птах той рабіў сваю страшную справу,

Спрытна схаваўся я ў лесе сярод векавечных хваінаў.

Буслы, відаць, наўмысна нападалі на стамлёных алькаголем ваяроў зь вялікім адсоткам утрыманьня сьпірытусу ў крыві. Птах таксама ня супраць быў... дзюбнуць.

Але сустрэча зь белым буслом — ня самае страшнае, што магло здарыцца з чалавекам. Існуе ж яшчэ й чорны бусел. Чорным яго назвалі за жудасны нораў і за тое, што ён прыносіў чалавеку адно беспрасьветна-чорнае. На шчасьце, чорных буслоў значна менш, чым звычайных. Іначай людзі наўрад ці выжылі б на гэтай тэрыторыі. Чорны бусел быў разумнейшы, хітрэйшы, падступнейшы, большы й мацнейшы за белага. Нападаючы на чалавека, ён, перш чым забіць, гуляўся са сваёй ахвярай як кот з мышшу. Або заносіў у гняздо, дзе чалавека задзёўбвалі да сьмерці птушаняты — ад нараджэньня агрэсіўныя й крыважэрныя чарнапёрыя істоты.

У тыя часы буслы ня лёталі ў вырай — зімавалі ў Беларусі. На бусьліную бяду, арганізм гэтых птушак быў уладкаваны такім чынам, што пры надыходзе мінусовае тэмпэратуры яны імгненна засыналі. Людзі, калі знаходзілі заснулага бусла ў полі ці сярод лесу, тэрмінова зьбіраліся ўсёй вёскай (горадам, іншым паселішчам) і на працягу трох зімовых месяцаў несупынна засыпалі птаха зьмерзлымі камякамі зямлі, аж пакуль не ўзьнікаў велічэзны курган. Калі бусел увесну прачынаўся, дык ня мог паварушыць крылом ці лапаю. Сучасныя навукоўцы лічаць, што бусьлінае моцы цалкам хапіла б, каб выбрацца з-пад зямлі, але птушка памірала. Хутчэй ад стрэсу, ад жаху перад цемраю ў вачох і халоднай нерухомасьцю. Адсюль паходзяць курганы на Беларусі.

Буслы ня любяць і баяцца дыму. Таму перш-наперш людзі будавалі ў пасельшчы комін, які быў гарантыяй ад нападу страшных птахаў. Чым болей комінаў на адзінку плошчы, тым меншая верагоднасьць зьяўленьня на гэтай плошчы буслоў.

Першы горад (хутчэй за ўсё, Менск) людзі збудавалі, каб засьцерагчыся ад нападаў буйных і ня вельмі прадстаўнікоў жывёльнага сьвету Беларусі. З гэтай самай мэтай быў спраектаваны ды ўзьведзены першы яшчэ ня вельмі высокі й магутны комін з чырвонай цэглы. Каб з коміну ўвесь час ішоў дым, пад ім зрабілі вялікую печку і плавілі ў ёй руду (руда давала многа сьмярдзючага дыму, які адпужваў зграі жывёлаў, што гойсалі наўкола). Толькі год праз 200 насельнікі краю даўмеліся вырабляць з гэтае руды розныя жалезныя рэчы. Да гэтага карысныя выкапні з высокім утрыманьнем жалеза ішлі адно на дым. Таму цяпер іх засталося няшмат. Затое беларусы навучыліся атрымліваць якасны шчыльны дым розных колераў ды гатункаў з самых разнастайных рэчываў.

 

Крот

Вельмі падступная жывёла. Рые ў глебе замаскаваныя ямкі, заўважыць якія можна толькі пры дапамозе сучаснае высокаадчувальнае тэхнікі. За старым часам чалавек, што патрапіў нагою ў кратовую ямку, быў практычна асуджаны на сьмерць. Пакуль ён спрабаваў выдзерці нагу, крот імкліва нёсься па падземных пераходах і перагрызаў чалавеку сухажыльле. Гэта прытым, што крот харчаваўся зусім іншымі жывёламі, чалавек ня меў для яго харчовае цікавасьці. Зьвер дзейнічаў выключна зь нянавісьці да прадстаўнікоў роду чалавечага. Далейшы лёс чалавека на адной назе сярод лесу, поўнага варожых істотаў, чытачу зразумелы. Калі з бусламі шчэ можна было змагацца пры дапамозе зброі, дык з падземнымі кратамі ваяваць было ўвогуле немагчыма. Таму ходзячы па лесе, людзі папросту чаплялі на ступакі нешта накшталт круглых пляскатых нартаў. Перасоўвацца было вельмі нязручна, затое мелася поўная гарантыя, што ня трапіш у жахлівую “кратовую ямку”. Зрэшты тут быў іншы мінус: цяжка было ўцячы ад іншых драпежнікаў, што перасоўваліся не пад зямлёю, а па зямлі.

 

Курыца

Дзікія ўсяядныя куры раней зьбіраліся ў зграі да 200 галоваў. У пошуках ежы яны гойсалі па лясох ды палёх, жэрлі расьліны, чарвякоў, жамяру, жывёлаў, пакідаючы за сабой пустэльню. Куры пазьбягалі нападаць на групу людзей, асабліва ўзброеных. Але, сустрэўшы самотнага вандроўніка, бяз роздуму кідаліся на яго. Калі чалавек быў узброены, ён адбіваўся ад драпежных птушак шабляю. Дзясяткамі гінулі крыважэрныя істоты. Іх трупы імгненна разьдзіралі жывыя драпежніцы. Пах крыві толькі натхняў кураў на бойку. Звычайна чалавек гінуў у няроўнай барацьбе, калі толькі яму на дапамогу не прыходзілі супляменьнікі. Тады курыны напад меў жыцьцесьцьвярджальны вынік: вёска была забясьпечаная харчам, як мінімум, на тыдзень.

Камар

Гэтыя бязьлітасныя жамярыны падпільноўвалі людзей у лесе, у полі, на балоце, карацей, паўсюль. Велічэзныя камарыныя зграі ў лічаныя хвіліны высмоктвалі з чалавека кроў. Яшчэ камары выкарыстоўвалі людзей у якасьці перасоўных інкубатараў, адкладаючы пад скуру яйкі. Тады здаралася страшнае: камары распаўсюджваліся ў чалавечых паселішчах, і лёс паселішча быў вырашаны. Зрэшты людзі навучыліся змагацца з камарамі, калі пачалі вырабляць жалеза. Былі вымысьленыя сталёвыя абарончыя дасьпехі — кальчугі, пальчаткі, шаломы й г.д. Пасьля гэтых вынаходак камары паразытавалі толькі на бедных сялянах, што ня мелі сродкаў на гэткае антыкамарынае ўзбраеньне. Адсюль паходзіць песьня:

Пара мне ўжо й памерці.

Пра гэта мне грукае сэрца.

Ні шчасьця няма, ні збавеньня.

Пайду камарам на зьядзеньне.

Вось далёка ня поўны пералік небясьпечных жывёлаў, якія толькі й чакаюць сустрэчы з чалавекам, каб забіць яго альбо назаўсёды зрабіць інвалідам. Таму мы рэкамэндуем недасьведчаным гараджанам пры шпацырах у лес выкарыстоўваць наступныя сродкі абароны: агульнавайсковы абаронны камплект (вядомы ў савецкім войску пад абрэвіятураю ОЗК), лыжы (якія, хаця й ускладняюць перасоўваньне па лесе, затое ратуюць ад кратовых ямінак ды іншых хітра зробленых пастак), дымавыя шашкі (іх вельмі ня любяць буслы). Шчасьлівага Вам адпачынку!

Кастусь Гаманец


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0