Дзесяць мяхоў беларускай гісторыі

Міндоўг

соба Міндоўга, першага валадара Вялікага Княства Літоўскага, ахутаная таямніцамі й недагаворкамі. Невядома, адкуль узяўся гэты чалавек, якога сучасьнікі ў вочы звалі Зяма, а за вочы — Міндзюк, невядома, кім былі ягоныя бацькі, у якім унівэрсытэце ён вучыўся, якім правапісам карыстаўся. “Халера яго ведае,” — ляканічна адказвае на ўсе гэтыя пытаньні летапісец, упершыню фіксуючы зьяўленьне Зямы на ўсходнерускіх палітычных даляглядах пад 1219 г., калі той выправіўся з афіцыйным візытам у Галіччыну дамаўляцца з тамтэйшымі алігархамі наконт будаўніцтва лесасекі Гомель—Львоў—Брандэнбург—Тураў, а таксама пра сумесныя літоўска-галіцка-крыжацкія вайсковыя вучэньні ў рамках праграмы “Партнэрства дзеля даніны”. На думку некаторых гісторыкаў, менавіта Міндоўг у рамках гэтай самай праграмы на чале галіцка-валынскай ахоўнай харугвы пры падтрымцы некалькіх нямецка-крыжацкіх айнзацкамандаў спаліў горад Юр’еў з полацкім вэртыкальшчыкам Вячкам на чале, а таксама пазачышчаў сваіх палітычных канкурэнтаў па ўсёй Літве. Нялюдзкімі дзеяньнямі Міндоўг наводзіў жах нават на бегамска-лепельскую флёру й фаўну (у арэале 4,5 м вакол яго вяла трава й здыхалі конікі), а таксама на ўсіх навакольных летапісцаў. Толькі гэтым можна патлумачыць той факт, што да 1235 г. ён ня згадваецца ў аніводнай хроніцы — хто ж будзе пісаць пра гэткага Міндзюка.

Але, нягледзячы на поўную інфармацыйную блякаду й ідэалягічную абструкцыю, па ўсёй Беларусі ішлі пагалоскі пра Міндоўгаў яскравы талент і незвычайныя здольнасьці. Тым часам гібеў бяз князя Наваградак. Ягоныя разбэшчаныя надмернай дэмакратыяй жыхары толькі й ведалі, што выганяць князёў. Перабраўшы ўсіх мясцовых, наваградзкае веча, пасьля непрацяглай бойкі каламі, адзінагалосна вырашыла запрасіць на княжаньне Міндоўга — маўляў, выгнаўшы яго, наваградцы значна ўзьнімуць аўтарытэт гораду. Каб паскорыць працэс, было вырашана даслаць яму электронны ліст, але гуманітарная місія манахаў-дамініканаў, дазнаўшыся, што Міндоўг моліцца Перуну і Бадуну, адмовілася пазычыць мадэм. Давялося скарыстаць пнэўмапошту. І пацягнуліся доўгія дні чаканьня...

На пяты год чыясьці рука штурхнула даўно не рапараваную наваградзкую браму. На парозе стаяў аброслы поўсьцю, нячэсаны, нямыты, няголены, няшчасны беспрытульны князь. Ягонае шляхетнае паходжаньне адразу адчувалася ў ганарлівай паставе, а таксама чыталася на бэджы, прычэпленым на антыгігіенічным кажуху, побач з Жалезным крыжом ІІІ ступені.

— Ты хто? — спыталіся ў яго месьцічы.

— Міндоўг.

— А што ты ўмееш рабіць?

— Рукавадзіць, — адказаў Міндоўг.

Наваградцы дружна пусьцілі сьлязу замілаваньня.

Замест інаўгурацыйнай прамовы Міндоўг распавёў ім, як доўгімі бяссоннымі начамі трызьніў Наваградкам, як ішоў сюды, па дарозе адбіваючыся ад медзьвядзёў, мамантаў і яцьвягаў трызубам, падораным заходнеўкраінскімі братамі па зброі на Дзень Нэптуна.

За Міндоўгам у Наваградку было весела. Перш-наперш ён разьвесіў на ліхтарах дамініканскую гуманітарную місію, зьвінаваціўшы яе ў шпіянажы на карысьць Залатой Арды й Канстанцінопалю. Адрыгнуўся ім мадэм.

Князь цэлыя гады ня мыўся, піў рэквізаваны ў крыжакоў шнапс, маліўся абы-каму, дома не начаваў, трапляў у пастарунак і пры ўсім гэтым упарта рабіў выгляд, што займаецца зьбіраньнем беларуска-літоўскіх земляў.

Калі зьбіраньне канчаткова заходзіла ў тупік, веча, патрабуючы адказнасьці, заганяла князя на найвышэйшую яліну. Каб суцішыць разьюшаных суайчыньнікаў, Міндоўг, седзячы на дрэве, граў ім на дудзе і прыгожа пяяў нацыянальныя песьні на веля-літоўскай мове: “Не загаснуць зоркі ў небе, оrdnung, оrdnung Uber alles”. Веча пускала сьлязу замілаваньня й даравала Міндоўгу ўсё — ніколі раней яны ня мелі такога таленавітага князя.

Па меры вычарпаньня харчовых, грашовых і прамысловых рэсурсаў, Міндоўг ладзіў рэквізыцыйныя паходы да крыжакоў (шнапс, тушонка), мангола-татараў (кумыс, каксагыз), валынянаў (чорныя бровы, карыя вочы), жамойтаў (венікі ў лазьню), палякаў (соль, запалкі).

Слава пра наваградзкага князя кацілася па ўсіх кантынэнтах. Эўрапейскія валадары поўзалі ў Міндоўгавых нагах, упрошваючы каранавацца — піць на брудэршафт з князем неяк несалідна. Крыху пакруціўшы носам, Міндоўг пагадзіўся. Рымскі Папа пакапаўся ў загашніку, зьдзьмуў пыл з заляжалай “б/у-шнай” кароны і электроннай поштай даслаў яе ў Наваградак...

Нягледзячы на зорную кар’еру, у асабістым пляне Міндоўг быў няшчасны адзінокі чалавек. Начытаўшыся куртуазных раманаў, атрыманых па ленд-лізе ад крыжакаў, ён выдумаў сабе Даму Сэрца і, у вольны ад зьбіраньня беларуска-літоўскіх земляў час, шукаў яе па навакольных лясах і балатах. Аднак тагачасныя жанчыны ня ў стане былі асэнсаваць усю веліч ягонай асобы. Збольшага, пасьля мядовага тыдня, яны зьбягалі ў сьвет за вочы, дзе сваім выглядам і паводзінамі дыскрэдытавалі як наваградзкі набілітэт, так і сьвятую ідэю зьбіраньня беларуска-літоўскіх земляў. Каб жонкі не басьцяліся абы-дзе, Міндоўг урэшце збудаваў для іх Лаўрышаўскі манастыр, куды пазьней выправіў і свайго сына Войшалка — многія “мачыхі” былі маладзейшыя за яго, так што хлапец, па ўсім бачна, там не сумаваў. Тыя ж Міндоўгавы абраньніцы, якія затрымліваліся ў ягоных абдымках больш за тыдзень, зазвычай банальна паміралі.

Урэшце веча вырашыла ўзяць асабістае жыцьцё князя пад дзяржаўны кантроль. Пасьля сьмерці чарговай жонкі адпаведная камісія, непасрэдна на хаўтурах, зацьвердзіла новую кандыдатуру і, каб несуцешны Міндоўг не згубіўся ў вясёлых кварталах Наваградку, на памінках адразу ратыфікавала яе. У прэтэндэнткі, здаецца, ужо быў нейкі муж, здаецца, ён недзе там княжыў, але зьбіраньне беларуска-літоўскіх земляў — перадусім!!! Міндоўга традыцыйна загналі на яліну і сказалі: “Жаніся!” — “Добра, давайце яе сюды,” — уздыхнуў той. Ведаючы свайго князя, узброеныя наваградцы вадзілі пад елкай карагоды аж да раніцы. Упэўніўшыся, што ўсё ў парадку, веча выдзеліла маладым пуцёўку на возера Нарач з прафсаюзнага фонду са зьніжкай 40%.

Селі на ўзьбярэжжы, расклалі вогнішча, па старой літоўскай традыцыі засмажылі крыжака ў поўным узбраеньні, нарабілі шашлыкоў, асабліва смачных пад адборную літоўскую бульбачку й гарэлку. Пасьля вячэры падаставалі гітары і пачалі сьпяваць нацыяналістычныя песьні. І тут з вады, у аквалянзе, нацягнутым на кажух, вылез Даўмонт (той самы муж) з групай галаварэзаў хуткага рэагаваньня. Міндоўг, па старой звычцы, залез на яліну, аднак у Даўмонта была бэнзапіла... Наваградзкага князя зацягнулі ў возера і доўга там забівалі.

На месцы гібелі Міндоўга ўдзячныя жыхары беларуска-літоўскага гаспадарства насыпалі выспу (на ёй жыхары прынарачанскіх вёсак дасёньня гоняць самагонку). А наваградцы з тае пары заракліся крыўдзіць ды выганяць князёў. Дый у Наваградку хуткім часам усталяваўся аўтарытарызм. Але пра гэта — наступным разам.

Алег Гардзіенка, Андрэй Скурко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0