ЛЮСТРА ДЗЁН

 

Краёўцы ідуць

Улёткі, разьвешаныя па тэлеграфных слупах, зь ляканічным тэкстам: «Мы — Краёўцы, мы — ідзем! Любі Радзіму!» — і здымкам хлопцаў у вайсковым адзеньні, смургонцаў не напужалі. Ніхто не рыхтуецца да сустрэчы зь імі. Нават чырвонае слова “Край” ды сымбаль — вілы, уторкнутыя ў зямлю, амаль нікога не цікавяць. Пішуць? Няхай сабе пішуць. Ідуць? Нешта не чуваць грукату падкаваных ботаў. Вось прыйдуць, тады пабачым. Хто з нас Радзіму болей любіць.

Тацяна Скарынкіна, Смургоні

 

На 400 тысяч болей

Доўгі час лічылася, што на тэрыторыі Беларусі вайна забрала 2 млн. 200 тыс. чалавечых жыцьцяў. Аднак нядаўна група вучоных-гісторыкаў, архівістаў і музэйных працаўнікоў падвяла вынікі свайго двухгадовага дасьледаваньня і прадставіла новую лічбу людзкіх стратаў на тэрыторыі Беларусі за 1941–44 г.: 2 млн. 596 тыс. 676 чалавек.

Напярэдадні вайны на тэрыторыі БССР (у межах на 22 чэрвеня 1941 г.) жылі 10 млн. 528 тыс. чалавек. У 1945 г. насельніцтва Беларусі (у новых межах, безь Беласточчыны) складала 6 млн. 264,8 тыс. чалавек, а ў 1950 г. пасьля рэавакуацыі — 7 млн. 709 тыс. чалавек.

Паводле БелаПАН

 

Арыштаваны амэрыканец

У Менску ў пятніцу быў арыштаваны амэрыканец Чарльз Пэрыела, кіраўнік менскага прадстаўніцтва адукацыйнага фонду ACCELS, які займаецца спрыяньнем вывучэньню ангельскай мовы. Пры вобшуку ў амэрыканца знайшлі “траўку”. Знаёмыя сп.Пэрыела кажуць, што ён быў схільны да эксцэнтрычных учынкаў. Аднак ці сапраўды ён ужываў наркотыкі, ці яму іх падкінулі, ніхто ня ведае. Афіцыйнага камэнтару амэрыканскай амбасады пакуль не было. У любым разе, арышт скіраваны на нагнятаньне антыамэрыканскай гістэрыі ў грамадзтве.

Б.Т.

БМЗ — за “100 даляраў”?

Са студзеня да чэрвеня бюджэт “не дабраў” 2,5 % падаткаў, і ўраду цяжка знайсьці грошы, каб сплаціць запазычанасьці па заробках настаўнікам і мэдыкам. Нават замежных інвэстараў абклалі новымі падаткамі на стабілізацыю эканомікі, падтрымку сельгасвытворцаў, будаўніцтва дарогаў і жыльля. Многія прадпрыемствы разьлічвалі давесьці заробкі да загаданых 100 даляраў дзякуючы крэдытам. Аднак пазыкі ўжо даюць толькі на два месяцы і далёка ня ўсім. У такіх умовах застаецца толькі цалкам спыняць інавацыйныя адлічэньні.

Першай ахвярай крызысу крэдытнай сыстэмы можа стацца Беларускі мэталюргічны завод. Каб плаціць рабочым “плянавыя сумы” і адначасова купляць сыравіну ды матэрыялы, жлобінцы неаднойчы прасілі дапамогі ў дзяржавы. Але атрымалі толькі дазвол шукаць пазыкі за мяжой пад гарантыю ўласнага абсталяваньня. Кіпрскія бізнэсоўцы і два расейскія банкі гатовыя выратаваць прадпрыемства. Праўда, з умовай: калі завод ня здолее вярнуць грошы праз год, ён ужо ня будзе беларускім.

Сяржук Іваноўскі

Паўтор рэкорду

На мінулым тыдні FIFA выпусьціла новы рэйтынг нацыянальных зборных 203 краінаў сьвету. Беларусы падцягнуліся з 88-га на 84-е месца, паўтарыўшы рэкорд 5-гадовай даўніны. Нашыя першаверасьнёўскія супернікі – украінцы – апусьціліся на 43-ці радок. Палякі засталіся 23-мі ў сьвеце. Сэнсацыйную прапанову атрымалі нашы футбалісты колькі дзён таму. Жаданьне згуляць з нашымі выказалі партугальцы — 5-я каманда ў сьвеце! Аднак, нашыя не сьпяшаюцца пагаджацца. Маўляў, ня ўсіх лепшых здолеем узяць. Але дзе ж мы пасьля знойдзем такога суперніка, каб праверыць рэзэрвы?

Высьветліліся супернікі беларускіх клюбаў у эўракубках. У Кубку UEFA бабруйская «Белшына» згуляе са славацкім «Ружэмбэрокам», БАТЭ — з тбіліскім «Дынама», а «Шахцёр» — з сафійскім ЦСКА. Мазырская «Славія» ў кваліфікацыі да Лігі Чэмпіёнаў паспрачаецца з фарэрцамі.

А беларуская канькабежка Анжэла Кацюга вымушаная рыхтавацца да зімовай Алімпіяды за мяжой, бо ў Беларусі няма адпаведных умоваў. Гэта каштуе немалых грошай, і Міністэрства спорту ўзяло з Анжэлы ды трэнэраў расьпіску, што ў выпадку, калі яна ня ўвойдзе на гульнях у Солт-Лэйк-Сыты ў васьмёрку лепшых, мусіць вярнуць усе выдаткаваныя на падрыхтоўку грошы... З канькамі тады, відаць, прыйдзецца “завязаць”...

Сёньня стартуе тэнісны Ўімбледон — неафіцыйны чэмпіянат сьвету. Летась Вова Ваўчкоў дайшоў ажно да паўфіналу. Цяпер – у фінал?

Богусь Біятлянёнак

Лёс Марынскай вуліцы

Напярэдадні сьвяткаваньня 130-годзьдзя Баранавіч гарадзкія ўлады павесілі колькі памятных шыльдаў на будынкі гораду.

Так, на музэі цяпер вісіць памятка, што ў часе першай сусьветнай вайны там месьціўся штаб нямецкіх войскаў, куды два разы заяжджаў кайзэр Вільгельм ІІ. Будынак мэдычнай вучэльні (падчас вайны штаб СД), быў некалі гатэлем, дзе спыняўся Шалом Алейхем.

А на першым будынку па вул.Савецкай павесілі шыльды з усімі назвамі, якія яна мела: за Расейскай імпэрыяй вуліца звалася “Маріинская”, за немцамі ў І сусьветную — “Hauptstrasse”, за палякамі — “Szeptyckiego”, пасьля верасьня 39-га — “Советская”, падчас ІІ-й сусьветнай вайны — “Марынская”, а пасьля 1945 г. і дасёньня — зноў “Советская”.

Толькі шыльда 1941—44 г. напісаная па-беларуску. Во якая іронія долі.

Руслан Равяка, Баранавічы

Заслона

Патрыярх маскоўскі Алексій на ўкраінскі візыт Папы адказаў візытам у Беларусь. Вандроўка пачалася ў Берасьці, што, па афіцыйнай вэрсіі, як і ўвесь візыт, было зьвязана з 60-мі ўгодкамі нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз, дзеля чаго праваслаўны галава наведаў Берасьцейскую крэпасьць. Ён таксама асьвяціў стары савецкі помнік “Вартавым межам”. Далей ягоны маршрут пойдзе па Палесьсі, празь Янова, Пінск, Столін і Тураў да Гомеля, нібы ўзводзячы духоўную заслону ўздоўж украінскае мяжы. Старт зь Берасьця сымбалічны: з гораду Уніі і цэнтру рэгіёну, дзе жыве многа ўкраінскамоўных.

Патрыярх спрабуе проціставіць беларусаў неслухам-украінцам. Алексій правяраў і трываласьць сувязяў Беларусі з Маскоўскім патрыярхатам, а то, глядзіш, і насамрэч у якім 2004 г. Рымскі Папа зьявіцца ў Менску...

Мікола

Пацярпелыя за Беларусь

21 чэрвеня ўвечары ў Барысаве фашыстоўскія малойчыкі зьбілі дзьвюх непаўнагадовых актывістак моладзевага руху «Зубр» Тацяну і Марыну Ясюк.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0