Ігар Лялькоў

 Адвечная песьня

Аб адной няўдалай спробе аб’яднаньня паваеннай беларускай эміграцыі

 

Чарговая ў нашай гісторыі хваля масавай эміграцыі зь беларускіх земляў, восьмая па падліках Аўгена Калубовіча, хлынула ў Заходнюю Эўропу пры канцы другой сусьветнай вайны ў выніку чарговай жа зьмены акупацыйных рэжымаў у нашым краі. У выніку, на Захадзе апынуліся сотні тысячаў нашых суайчыньнікаў, прычым упершыню сярод іх была значная колькасьць людзей, якія ўсьведамлялі сябе беларусамі. Зусім натуральна, што ў такіх абставінах пасьля 1945 г. на Захадзе склалася самая вялікая ў гісторыі беларускай эміграцыі палітычная плынь.

Як вядома, палітычная актыўнасьць, для таго каб быць выніковай, вымагае вельмі высокай ступені арганізаванасьці і каардынаванасьці ў дзеяньнях суб’ектаў гэтай актыўнасьці. Гэта выдатна разумелі найбольш адукаваныя і дальнабачныя актывісты тагачаснага беларускага руху на эміграцыі, і недарэмна, па словах Янкі Запрудніка, “пэрыяд другой палавіны 40-х — пачатку 50-х гадоў быў часам арганізацыйных намаганьняў… Вялікі высілак быў пакладзены на тое, каб стварыць свае арганізацыі, прышчапіць моладзі нацыянальны сьветагляд, ... наладзіць грамадзка-культурнае жыцьцё ў краёх новага пасяленьня, устанавіць лучнасьць зь іншымі беларускімі асяродкамі, скаардынаваць нутраную і вонкавую дзейнасьць”1 . Аднак, аб’ектыўным фактарам, які значна ўскладняў гэтую арганізацыйную працу, быў сацыяльны склад паваеннага беларускага замежжа. Пераважалі выхадцы зь вёскі, зь іх невысокім адукацыйна-культурным узроўнем, заўсёднай сялянскай хцівасьцю і прыроджаным мэркантылізмам ды індывідуалізмам. Дарэчы будзе заўважыць, што і надзвычай тонкая праслойка інтэлігенцыі, якая складалася літаральна зь некалькіх дзясяткаў асобаў, у большасьці сваёй паходзіла таксама зь вяскоўцаў і, за рэдкім выняткам, не пераўзыходзіла ўзроўню сельскага настаўніка.

Дый гэтая нешматлікая “эліта” ня мела адзінства ў палітычных і рэлігійных пытаньнях (галоўнай прычынаю гэтага былі міжасабовыя канфлікты ў вярхушцы беларускай заходняй дыяспары). Падзел сьвядомых беларусаў у замежжы на “бээнэраўцаў” (прыхільнікаў адноўленай у 1947—48 г. Рады БНР на чале зь Міколам Абрамчыкам) і “бэцээраўцаў” (сымпатызантаў створанай у канцы 1943 г. Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага) выклікаў цяжкасьці ў арганізацыйным станаўленьні нашай палітычнай эміграцыі. Гэта абумовіла яе вельмі сьціплы, у параўнаньні з эміграцыяй палякаў, прыбалтаў або ўкраінцаў, уплыў на ўнутрыпалітычнае жыцьцё Беларусі пад савецкай акупацыяй і на фармаваньне грамадзкай думкі пра Беларусь у дэмакратычным сьвеце.

Маючы ўсё гэта на ўвазе, зьвернемся да працэсаў, якія адбываліся ў канцы 40-х у беларускіх асяродках Францыі. У той час Парыж робіцца цэнтрам “бээнэраўскай”, альбо “крывіцкай” плыні беларускага нацыянальнага руху. Менавіта тут была падрыхтаваная “Дэклярацыя Рады БНР”, якая паведаміла сьвету пра аднаўленьне дзейнасьці дзяржаўнага прадстаўніцтва незалежнай Беларусі ў выгнаньні. Дэклярацыя была апублікаваная ў газэце “Бацькаўшчына”, якая выдавалася ў лягеры для перамешчаных асобаў Астэргофэн (Ніжняя Баварыя), пад фікцыйнай датай 29 сьнежня 1947 г. Гэта дасёньня ўводзіць у зман гісторыкаў з КГБ, якія лічаць, што Рада БНР адрадзілася ў Астэргофэне ў сьнежні 1947 г. (як А.Салаўёў у кніжцы “Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах” (Мн, 1995). Ад 1931 г. у Парыжы дзейнічала найстарэйшая сёньня ў сьвеце беларуская эмігранцкая арганізацыя “Хаўрус беларусаў у Францыі”, існаваў адзіны на эміграцыі беларускі прафсаюз “Аб’яднаньне беларускіх работнікаў у Францыі”, выдавалася першая на Захадзе паваенная беларуская газэта “Беларускія Навіны” і першы легальны друкаваны часопіс “Божым Шляхам”, тут жылі й працавалі Мікола Абрамчык, Лявон Рыдлеўскі, Уладзімер Шыманец, айцец Леў Гарошка — “мазгавы цэнтар” адноўленай Рады. Мэтаю адноўленай Рады БНР было стварэньне паўнавартаснага “беларускага ўраду ў выгнаньні”, прызнанага краінамі Заходняга Сьвету. Аднак, каб дасягнуць гэтага, кіраўніцтва Рады мусіла прадэманстраваць, што за ім стаяць сапраўды значныя сілы як на эміграцыі, так і ў Савецкай Беларусі.

Што да працы Рады БНР сярод удзельнікаў антысавецкага падпольля й партызанскага руху ў паваеннай БССР, то гэтая тэма яшчэ патрабуе адмысловага вывучэньня і выходзіць за межы разгляданай тут праблематыкі. Таму спыняцца на гэтым я ня буду, а толькі адзначу: выглядае на тое, што ўсё ж такі большасьць удзельнікаў антысавецкага беларускага супраціву канца 40-х — пачатку 50-х была прыхільная хутчэй да БЦР, чым да БНР. Сярод эміграцыі Рада БНР магла разьлічваць на падтрымку пераважнай большасьці беларускай грамады ў Францыі й Бэльгіі, Беларускага Нацыянальнага Камітэту Амэрыканскай акупацыйнай зоны ў Нямеччыне, Беларускага Цэнтральнага Дапамогавага Камітэту Нямеччыны, Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі, гіерархаў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, сьвятароў-каталікоў і ўніятаў, ангажаваных у беларускі рух. Гэта была толькі частка эміграцыі. У гэткіх умовах узьнікла ідэя стварэньня Сусьветнага Аб’яднаньня Беларускае Эміграцыі (САБЭ), якое мусіла б публічна падтрымліваць дзейнасьць Рады ад імя ўсёй эміграцыі і забясьпечваць яе легітымнасьць у вачах заходніх хаўрусьнікаў, а таксама кіраваць палітычнай і культурнай працай “бээнэраўскіх” арганізацыяў ува ўсіх краінах сьвету і кантраляваць ападаткаваньне гэтых арганізацыяў “на патрэбы нацыянальнага руху”.

САБЭ было заснаванае рашэньнем Першага сусьветнага зьезду беларускае эміграцыі, які адбыўся ў Парыжы 28 лістапада — 2 сьнежня 1948 г. Дэлегаты зьезду, зьвяртаючыся “да беларусаў і беларусак ува ўсім сьвеце”, заклікалі іх “гуртавацца пад родным сьцягам Беларускае Народнае Рэспублікі, якая цераз Раду БНР, Прэзыдэнта Рэспублікі інж.М.Абрамчыка і Ўрад БНР зьяўляецца безпасярэднім злучвом з прыгожымі традыцыямі нашага вызвольнага змаганьня, яго найвышэйшым дасюль здабыткам і адзінай для нас надзеяй і гарантыяй павароту на вольную Беларускую Зямлю!” Сярод пунктаў рэзалюцыі зьезду найбольшае практычнае значэньне мелі наступныя: “3. Старацца стварыць сталыя матэрыяльныя базы для беларускай грамадзкай працы, выкарыстоўваючы для гэтага мясцовыя ўмовы й магчымасьці. 4. Стварыць адзінае ўсебеларускае кіраўніцтва ўсёй беларускай работы на эміграцыі і ўсестароньняй апекі над беларускімі эмігрантамі ўва ўсіх краінах, дзе б яны ні былі, з прадстаўніцтвамі ад усебеларускага кіраўніцтва”. Той факт, што з 22-х дэлегатаў зьезду 9 прадстаўлялі Францыю, 4 — Вялікую Брытанію, 2 – Нямеччыну і яшчэ з 7 краінаў (Бэльгія, Данія, Швэцыя, Італія, Канада, Аргентына, Аўстралія) прыехалі па адным чалавеку, красамоўна сьведчыць пра ступень уплыву тагачаснай беларускай дыяспары ў Францыі на ўсю “бээнэраўскую” эміграцыю. Ня дзіўна, што старшынём Ураду Сусьветнага Аб’яднаньня Беларускае Эміграцыі быў абраны лідэр Аб’яднаньня беларускіх работнікаў у Францыі Лявон Рыдлеўскі. Дарэчы, ён быў вэтэранам францускага Рэзыстансу й пяць гадоў (1940—1945) правёў у “макі”, г.зн. у партызанах, што мелася забясьпечыць прыхільнае стаўленьне да наваўтворанай арганізацыі з боку нядаўніх пераможцаў нацызму. Адным з заступнікаў старшыні і адначасова фінансавым рэфэрэнтам САБЭ быў прызначаны міністар фінансаў БНР Уладзімер Шыманец. Сядзіба Аб’яднаньня месьцілася, натуральна, у Парыжы, дзе ўжо функцыянавала “Гаспода” Прэзыдэнта БНР Міколы Абрамчыка.

Здавалася, былі створаныя ўсе перадумовы для гуртаваньня пад супольным кіраўніцтвам беларусаў на эміграцыі, прынамсі, тых, хто прытрымліваўся пэўнага палітычнага напрамку. Каб гэта тады адбылося, без усялякага сумненьня, цалкам выканальнымі былі б наступныя, вельмі пэрспэктыўныя пункты рэзалюцыі зьезду: “…2. Зьвязаць і здысцыплінаваць грамадзкія актывы … так, каб праца вялася рацыянальна, плянава і сыстэматычна безь ніякіх перарываў. … 5. Сканцэнтраваць і скаардынаваць усе высілкі ў справе беларускай прэсы і выдавецтва наогул. 6. Стварыць Цэнтральную Беларускую Інфармацыйную Службу і архіў дакумантаў. 7. Правесьці рэгістрацыю беларускіх эмігрантаў ува ўсіх краінах. … 11. Узмоцніць высілкі дзеля павелічэньня колькасьці студыюючых беларусаў з мэтай запэўненьня росту кадраў беларускай інтэлігэнцыі і арганізацыі беларускіх школаў і навуковых установаў. … 14. Стварыць цэнтралю беларускіх камбатантаў-вайскавікоў у сусьветным значэньні дзеля кансалідаваньня і каардынаваньня іх арганізацыйнай работы” ды інш. Увасабленьне гэтых плянаў у жыцьцё дало б магчымасьць беларускай эміграцыі, прынамсі, “на роўных” пачувацца сярод эміграцыйных асяродкаў іншых народаў, што патрапілі пад савецкую акупацыю і, як і беларусы, спадзяваліся на падтрымку й дапамогу краінаў Вольнага Сьвету.

Аднак, напачатку, як сьведчаць дакумэнты, якія мне пашчасціла выявіць у архіўным зборы Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Парыжы, трэ было скаардынаваць дзейнасьць беларускіх арганізацыяў у самім сэрцы руху — у Францыі. Вядзецца пра пратаколы паседжаньняў Каардынацыйнага камітэту беларускіх арганізацыяў у Францыі, першы зь якіх датаваны 27 лютага 1949 г., апошні (пяты) — 16 ліпеня 1950 г. (пратакол №4 адсутнічае). Першапачаткова ў камітэт увайшлі толькі дзьве галоўныя арганізацыі: Хаўрус беларусаў у Францыі на чале зь Міколам Абрамчыкам і Аб’яднаньне беларускіх работнікаў Лявона Рыдлеўскага. На другім паседжаньні ягоны склад папоўнілі яшчэ 6 арганізацыяў, “якія стаяць на грунце БНР і якія маюць самастойны статут ці рэгуляміны”2 : Беларускі выдавецкі фонд (старшыня — Уладзімер Шыманец), Аб’яднаньне беларускіх жанчын (старшыня — Ніна Абрамчык), Беларуская незалежніцкая арганізацыя моладзі (старшыня — Янка Філістовіч), Згуртаваньне беларускіх студэнтаў (старшыня — Міхась Навумовіч), Зьвяз Беларускіх скаўтаў (старшыня – той самы Навумовіч) і Беларуская каталіцкая місія (рэктар — а.Леў Гарошка). Пры гэтым, наколькі мне вядома, зь іх рэальна, а не на паперы, існавала толькі БНАМ Філістовіча дый каталіцкая місія, якая складалася з аднаго айца Лява й займалася ўласьцівай для яе справай рэлігійнага душпастырства. Але колькасьць арганізацыяў была тут справай прынцыповай, бо камітэт пастанавіў, “што кожная Арганізацыя павінна плаціць 10% сваіх складак на карысьць САБЭ”3 .

Аналіз названых пратаколаў дазваляе меркаваць, што менавіта фінансавыя пытаньні былі галоўнай тэмай на паседжаньнях Каардынацыйнага Камітэту. На трэцім паседжаньні Ўладзімер Шыманец абвясьціў, што “кожны Беларус, які прызнае сувэрэнітэт БНР, павінен самаападаткавацца, купляючы маркі БНР”4 . Пратакол пятага паседжаньня прыводжу тут цалкам, бо стаўся ён апошнім тагачасным сьведчаньнем аб’яднаўчых памкненьняў нашых палітэмігрантаў у Францыі (наступны дакумэнт за подпісам “Каардынацыйны Камітэт”, які знаходзіцца ў той самай тэчцы, адносіцца ўжо да 1966 г.) і менавіта ў ім, на маю думку, хаваецца ключ да разуменьня прычынаў няўдачы гэтых памкненьняў:

Пратакол № 5.

Паседжаньня Каардынацыйнага Камітэту з дня 16.7.50.

Прысутнічалі:

Інж. Рыдлеўскі Лявон, а.Гарошка Леў, сп.Шыманец Уладзімер, сп.Навумовіч Міхась, сп.Міцкевіч Аляксандар і Лысуха Мікола.

Парадак дня.

1) Справа Фонду 25 Сакавіка.

2) Вольныя прапановы.

Старшынёю паседжаньня быў выбраны а.Гарошка Леў.

Адн. п. 1.

Слова заняў сп.Шыманец, які накрэсьліў гісторыю нашай эміграцыі, пры гэтым зацеміў[,] што дзеяньне эміграцыі ёсьць разьбітае і ня ёсьць скаардынаванае. Прычым[,] як бы мы ні хацелі дагадзіць розным групоўкам, якія выдзяляюцца ў нас, трэба прыняць агульны плян. Калі б у нас былі зарганізаваны добрыя фінансы, мы маглі б лёгка зарганізаваць прэсу i t.d. На жаль[,] да гэтага часу кожная краіна дзеяла на свой лад.

У сувязі з гэтым, у газэце [“]Бацькаўшчына[”] быў артыкул, які заклікаў нашае грамадзянства ўліцца ў адну поласьць[,] каб дагнаць іншыя нацыі, якія стаяць шмат вышэй[,] як Беларусы. З гэтае прычыны паўстала арганізацыя С.А.Б.Э.[,] каб каардынаваць працу розных арганізацыяў, якія параскіданы па ўсім дэмакратычным сьвеце.

Аднак[,] Урад Б.Н.Р. выдаў дэкрэт у справе Фонду 25 Сакавіка — вольныя складкі. Пры гэтым [ён] перадаў гэтую справу для выкананьня С.А.Б.Э.[,] якая можа затрымаць 25% з даходу. Маркі былі выданы[,] і абавязкова трэба прыступіць да данай акцыі, якая з[ь]яўляецца неабходнай.

Была разгледжана як, і якімі мэтадамі трэба прыступаць да беларусаў, усьведамляючы што гэтыя грошы зьбіраюцца на дзейнасьць ворганаў Б.Н.Р.

Гэтым [для] прадажу марак на Францыю быў выбран сп.Міцкевіч Аляксандар.

Сп.Шыманец зачытаў пастанову фінансавага агэнта С.А.Б.Э.

Пастаноўлена склікаць агульны сход арганізацыяў у Францыі, на парадку дня будзе: “Фонд 25 Сакавіка”.

Зборка адбудзецца 23.7.50.

На гэтым паседжаньне закончана.

Старшыня

Сакратар

паседжаньня

[Подпіс: Лысуха]

[Подпісу няма]5

Невядома, ці адбылася зборка 23 ліпеня 1950 г., аднак САБЭ ціхутка спыніла сваё існаваньне неўзабаве пасьля нараджэньня, так і не выканаўшы ніводнага пункту рэзалюцыі Першага сусьветнага зьезду беларускай эміграцыі; сам гэты зьезд застаўся першым і апошнім у гісторыі нашай дыяспары; Рада БНР за наступныя 40 гадоў так і ня здолела разгарнуць дзейнасьць у маштабе, які плянаваўся ў момант яе адраджэньня... Усё гэта сьведчыць, што галоўнай праблемай, зь якою сутыкнулася кіраўніцтва беларускай палітычнай эміграцыі “бэнээраўскага” напрамку ў канцы 40-х — пачатку 50-х, сталася немагчымасьць мабілізацыі сродкаў эмігрантаў-беларусаў у памерах, неабходных для належнай рэпрэзэнтацыі Беларусі ў вачах патэнцыйных хаўрусьнікаў на Захадзе. Нежаданьне большасьці “простых людзей” са шматтысячнай эўрапейскай беларускай дыяспары выдаткоўваць сродкі на ўтрыманьне сваіх палітычных і культурніцкіх інстытутаў сталася адной з галоўных прычынаў глыбокага крызысу беларускага эміграцыйнага жыцьця ў Эўропе (апрача, хіба, Вялікай Брытаніі), які быў пераадолены толькі беларускай эміграцыяй у Паўночнай Амэрыцы. Няўдалая спроба аб’яднаць намаганьні беларускіх арганізацыяў у Францыі, каб вырашыць супольныя праблемы дыяспары, была адной зь першых прыкметаў набліжэньня гэтага крызысу.

Беларус, як бачым, і ў Францыі застаецца беларусам. Заўсёдная гатоўнасьць да гуртаваньня пад патрыятычнымі лёзунгамі на словах і заўсёдная няздольнасьць выдаткоўваць на ўцялесьненьне гэтых лёзунгаў свае сілы, час і, асабліва, сродкі. І няма ў гэтым ні “савецкасьці”, ні “калхознасьці” — адно “адвечная песьня” непалітычнага люду, праз моц абставінаў уцягнутага ў палітычны вір…

 

 1 Запруднік Я. Уводнае слова // З гісторыяй на “Вы”. Вып.3. — Мн., 1994. — С.6-7.

 2 Пратакол №2 паседжаньня Каардынацыйнага Камітэту з дня 11.9.1949 // Архіў Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Францыі.

 3 Пратакол №2 паседжаньня Каардынацыйнага Камітэту з дня 11.9.1949 // Архіў Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Францыі.

 4 Пратакол №3 паседжаньня Каардынацыйнага Камітэту з дня 25.1.1950 // Архіў Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Францыі.

 5 Пратакол №5 паседжаньня Каардынацыйнага Камітэту з дня 16.7.1950 // Архіў Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Францыі. Рукапіс, аўтограф М. Лысухі, друкуецца ўпершыню.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0