Водгукі

 

Аглядны артыкул Юліі Андрэевай “Караоке па-беларуску”, прысьвечаны вечарыне памяці кампазытара Ігара Паліводы, выклікаў бурную рэакцыю чытачоў (што сьведчыць перадусім пра значнасьць постаці Паліводы-кампазытара), дыскусія выйшла за межы абмеркаваньня ягоных творчых ды жыцьцёвых варункаў і асягнула шырачэзны спэктар пытаньняў – ад журналісцкае этыкі да вызначэньня крытэраў геніяльнасьці. Гэтая дыскусія ляжыць на скрыжаваньні сьветапоглядаў, творчых амбіцыяў, кланавых інтарэсаў, асабістых крыўдаў – новых і даўнейшых. Яна далёкая ад унівэрсальнасьці й усёабдымнасьці – чытачам “НН” яшчэ будзе над чым паразважаць. Тым больш што вызначаць слушнасьць тае ці іншае пазыцыі давядзецца менавіта ім.

 

Кілерка

Слова “крымінал” — з галіны міліцэйскай тэрміналёгіі. Але артыкул Ю.Андрэевай “Караоке па-беларуску” бліжэй за ўсё менавіта да гэтага разуменьня. Сама ж Андрэева выступае ў ролі журналіста-кілера, які адным махам пераступае праз мараль, этыку, сумленьне.

 

Пачынаючы свой артыкул як рэцэнзію на вечар памяці І.Паліводы, аўтарка плаўна скіроўвае ўвагу на ягоную біяграфію і асабістае жыцьцё. Бясконцыя фактычныя памылкі, хлусьня, абразы, бруд, блытаніна — вось што Андрэева выдае за спробу палемікі вакол творчасьці й асобы І.Паліводы.

Зрэшты, “асабісты” погляд Ю.Андрэева мае на ўсё, пра што піша. У кожнай сваёй публікацыі яна стварае ажыятаж перш за ўсё вакол уласнай асобы. Эпатаж і скандал — яе крэда. Андрэева не турбуе сябе такімі “дробязямі”, як удакладненьне імёнаў, фактаў, датаў (у “Караоке па-беларуску” як мінімум 8 фактычных памылак!). Стыль яе артыкулаў заўсёды пагардлівы, фанабэрысты — яна нібыта робіць ласку таму, пра каго піша.

У сваіх дзёньніках І.Палівода называе такі “мастацкі” мэтад вельмі дакладным, хоць і непрыстойным выразам.

Дарэчы, пра дзёньнікі. Мне давялося іх чытаць. Там шмат “салёных” фактаў і рэзкіх меркаваньняў, але патаемныя адкрыцьці Паліводы — “дзіцячы лепет на лужку” ў параўнаньні з “праўдай-маткай”, якую “рэжа” ў артыкуле “Караоке па-беларуску” сп.Андрэева.

Папісваючы ад няма чаго рабіць свае эпатажныя опусы, Ю.Андрэева ўпэўнена, што і далей усёдазволенасьць будзе ёй сыходзіць з рук. Але ўсяму ёсьць мяжа!

Вольга Брылон

 

Непавага

Я прачытаў у газэце “Наша Ніва” ад 21.V. матэрыял Юліі Андрэевай “Караоке па-беларуску” пра свайго сына Ігара і вечарыну яго памяці ў Філярмоніі.

 

Пакідаю ўбаку зласьлівую манеру пісьма аўтаркі, пыхлівасьць, непаважлівыя характарыстыкі ўсім і ўсяму — такі ўжо, відаць, стыль яе журналісцкай працы. Тым ня менш, безапэляцыйны выклад фактаў жыцьця майго сына, ягонага навучаньня і побыту выклікаюць абурэньне ня толькі ў мяне, але і ў многіх людзей, якія ведалі яго пры жыцьці.

Зь першай клясы школы да сканчэньня кансэрваторыі Ігар займаўся ў клясе прафэсара Шэршэўскага. Рыгор Ільліч Шэршэўскі быў адным з заснавальнікаў сучаснай беларускай фартэпіяннай школы, ён адпрацаваў у Менску больш за пяцьдзясят год, выгадаваў вялікую колькасьць першаклясных музыкаў. Ягоную школу прайшлі кампазытары Ігар Лучанок, Генрых Вагнэр, прафэсары й выкладчыкі кансэрваторыі і музычных вучэльняў Рэспублікі, канцэртмайстары Беларускага радыё й Опэрнага тэатру — усіх не пералічыць. Усе вучні шануюць памяць свайго настаўніка, цудоўнага музыкі й чалавека.

У сваім артыкуле Юлія Андрэева так піша пра яго: “У той час у кансэрваторыі выкладаў Ільля(?!) Шэршэўскі — надзвычай таленавіты музыка, які не зрабіў канцэртнае кар’еры з прычыны псыхічнае хваробы”. Гэта ж трэба прыдумаць такую лухту! Забываючыся на праўду, фантазія журналісткі разыгралася на ўсю шыр. Аказваецца, студэнцкі фартэпіянны дуэт Палівода — Раінчык спрабаваў паехаць на Ўсесаюзны конкурс эстрады, але чыноўнікі ў Міністэрстве культуры перакрылі ім кісларод, і цудоўны калектыў разваліўся. Ізноў лухта! Вось яшчэ прыклад поўнай безадказнасьці аўтаркі: “У кансэрваторыі ён сварыўся з выкладчыкамі, потым закахаўся і з гэтае прычыны прасядзеў на адным курсе два гады запар”. Чарговая лухта! Ніколі ён не заставаўся на другі год. І далей у такім разухабістым стылі аўтарка пырхае па творчай біяграфіі кампазытара Ігара Паліводы.

І, нарэшце, Андрэева вырашыла разабрацца ў асабістым жыцьці і сьмерці Ігара. Яна патэлефанавала мне, і мы даволі доўга гутарылі пра Ігара, пра ягоны побыт, характар, сям’ю, дзёньнікі, якіх я ня бачыў, але якія спрабуе надрукаваць удава. Празь дзень у газэце я бачу, што мяне “падставілі” і выкарыстоўваюць для дыскрэдытацыі і прыніжэньня ўдавы памерлага Вольгі, хаця я не магу зразумець, навошта гэта спатрэбілася аўтарцы артыкулу. Андрэева лічыць нашу тэлефонную гутарку за інтэрвію. Тады, паводле законаў журналісцкай этыкі, яна абавязаная была ўзгадніць са мной свае высновы да друку. Але што чакаць ад чалавека, які не абцяжарвае сябе праверкай фактаў, усіх палівае брудам і такім чынам стварае бачнасьць сьмелага і вострага матэрыялу. Гэта дэзарыентуе чытача, зводзіць яго ад праўды.

Я перакананы, што журналістыка супрацьпаказаная кампазытарцы Юліі Андрэевай.

Ігар Палівода-бацька

 

Замест караоке

Мне было сорамна... Як ніколі не было сорамна за тое, што зрабіў нехта іншы.

 

Мне было сорамна за Юлію Андрэеву, якую ведаю даўно і якой заўсёды аддаваў належнае за здольнасьць выказацца рэзка, але па справе, напісаць востра, але менавіта ад уласнае асобы. На фоне абрыдлага акадэмічнага “мы думаем” яе “я” заўсёды ўспрымалася як выклік, як выключэньне з агульнае крытычнае музыказнаўчае прыктыкі, а таму зьвяртала на сябе ўвагу. Ды гэтым разам заўсёды схільная да эфэктнасьці часам за кошт эфэктыўнасьці спадарыня Юлія зьмяшала ў неядомы кактэйль рэцэнзію на канцэрт і бяздоказныя, танныя плёткі, якія разам апусьцілі “НН” да ўзроўню тых афіцыёзных выданьняў, якім дазволена ў журналістыцы свабодна махляваць фактамі ў імя канчатковае мэты, але ж аніяк дзеля чалавечага сумленьня і годнасьці.

Мне было сорамна за газэту, якую я зусім нядаўна назваў “вернаю”, бо верыў у яе і, рэальна ўсьведамляючы, што ў прэсавай практыцы памылкі непазьбежныя, тым ня менш не спадзяваўся, што менавіта ад газэты, якую я звыкся ўспрымаць абавязковаю часткаю ўласнага побыту, атрымаю літаральна поўху. Мне было сорамна за “Нашу Ніву”, бо, заўсёды спакойна ўспрымаючы публікацыі, у якіх выказваліся думкі, што супярэчылі маім уласным уяўленьням пра тую ці іншую зьяву, я хіба ўпершыню ўбачыў, што газэта цалкам даверылася аўтару, аж да таго, што не прымусіла сябе элемэнтарна праверыць факты, сьлепа пайшла за напісаным, хоць негалосны прынцып журналістыкі кажа: не давярай нікому, а найменш — няштатнаму аўтару. І ў выніку “Нашая Ніва” паўстала зжаўцелым быльнягом, а я, прычытаўшы “Караоке па-беларуску”, ці не ўпершыню ў жыцьці раптам адчуў, што мушу тэрмінова мыць рукі ад чорнае друкарскае фарбы. Ня хлушу! У мяне быў шок! І зусім не таму, што я лічу недапушчальным аж настолькі, на падставе амаль выключна чутак, улазіць у асабістае жыцьцё людзей, а таму, што гэта было зроблена менавіта ў “Нашай Ніве”, газэце, якая па духу й зьмесьце аніяк ня можа прэтэндаваць на танную сэнсацыйнасьць. Я спакойна стаўлюся да калегаў, якія працуюць у прэсе, што ў нас называюць “жоўтай”. Справа ніяк не ў спэцыялізацыі журналіста ці газэты, а выключна ў тым, наколькі ён прафэсійна валодае жанрам, стылем, адчуваньнем дыстанцыі. Можна нахабна зазіраць у чужую кішэню ці пад спадніцу, але выключна ў межах жанру ды ўласных здольнасьцяў. Прабачце, але ў гэтым артыкуле я ўбачыў адно: адсутнасьць прафэсіяналізму, і найперш — з боку менавіта газэты. Ня ўцяміла, не адчула, не зрэагавала.

Мне, нарэшце, сорамна і за самога сябе, бо нейкім чынам я таксама маю дачыненьне да “НН” ужо хоць бы таму, што чытаю гэтую газэту і лічу яе неабходнай сёньняшняй Беларусі. Але, спадарыня Юля, вы самі неяк сказалі, што я асабіста вам паспрыяў у авалоданьні нюансамі творчасьці. Ды шмат — гэта ня значыць, што цалкам. Гэта значыць, што ў тым ліку і я не давёў да вас: плёткі з камунальнае кухні можна выносіць на старонкі газэты, але гэта павінна быць адпаведная плёткам газэта. Яны, плёткі, могуць быць няхай сабе ў сенцах Саюзу кампазытараў, але прэса ў цэлым — гэта перш за ўсё спосаб падзяліцца з аўдыторыяй няхай нечым дужа асабістым, інтымным, нечаканым, але – доказна, каб потым можна было адкрыта глядзець у вочы кожнаму, нават таму, хто з вамі ня згодны, чые асабістыя пачуцьці ці амбіцыі вы закранулі. Калі вы шчырыя ў слове — ніхто не заміне вам глядзець адкрыта і сьмела.

Мне здаецца, што Юлія Андрэева пісала, загадзя заплюшчыўшы вочы. На ўсё.

Чорнарабочы беларускай эстрады — так я назваў бы Ігара Паліводу, музыку з самымі звычайнымі чалавечымі слабасьцямі, дзякуючы таленту якога многія беларускія эстрадныя кампазытары сёньня зрабіліся вядомымі. Ня ведаю, колькі соцень песень аранжаваў ён, зрабіўшы, па сутнасьці, з таго самага кулю. Ды выдатна памятаю, як летась у Зялёнай Гуры маэстра Станіслаў Фіялкоўскі ўвесь час распытваў, хто ён такі, той чалавек, які здолеў гэтак расьпісаць партыі песьні “Рэдкі госьць”, якую ягоны Big Warsaw Band, што акампанаваў самой Наталі Коўл і безьлічы іншых сусьветнавядомых зорак, так і ня здолеў годна выканаць для Ірыны Дарафеевай — нават пасьля многіх спрашчэньняў у партытуры і дадатковых рэпэтыцыяў. Аднаго гэтага факту хапіла б, каб стрымацца ад несамавітых выказваньняў.

Я не магу назваць сябе блізкім сябрам Ігара Паліводы, бо не хачу штучна клеіцца да ягонага сьветлага дару. Аднак мне яшчэ ніколі не было гэтак сорамна чытаць артыкул, быццам напісана было тое пра таго чалавека, поруч зь якім я ніколі ня змог бы стаць у нялёгкую для яго часіну.

Цяпер я мушу тое зрабіць. Бо інакш мне было б сорамна ўдвая.

Зьміцер Падбярэскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0