Вольга Брылон

Быццам сіні аганёк...

 

Калі гаворыш пра творчасьць Ігара Паліводы, вельмі проста абыходзіцца бяз гучных словаў і фальшывых эпітэтаў. Ён ня быў “духоўным лідэрам нацыі”, “тытанам думкі” ці “генэратарам ідэй”. Ня меў ніякіх афіцыйных рэгаліяў і званьняў. Але Палівода валодаў тым галоўным, што заўсёды вызначала яго сярод шматлікіх калегаў — вялікім, да апошняй кроплі шчодрым талентам.

 

Такіх, як Ігар Палівода, звычайна называюць “абранымі”, “нетутэйшымі”. Напэўна, ягоная заўчасная сьмерць сталася нават нейкім выкупленьнем за гэты талент. І чарговы раз пацьвердзілася сумная заканамернасьць: геніяльныя творцы не затрымліваюцца на гэтым сьвеце, Бог забірае іх раней за іншых.

Ігар сур’ёзна цікавіўся гісторыяй свайго роду. Ужо ў сталым веку разам зь дзедам, Пятром Ёвавічам ён склаў генэалягічнае дрэва Паліводаў аж да 7-га калена! Як высьветліў Ігар, ягонае прозьвішча мае ўкраінскае паходжаньне, але больш як 200 гадоў таму адзін з Паліводаў пусьціў карані пад Клецкам (і дагэтуль там ёсьць дзьве вёскі — Яжэвічы і Шчэпічы, дзе жывуць цэлыя кланы Паліводаў).

 

Ад Баха да “Шэранькага козьліка”

У Ігара вельмі рана выявілася схільнасьць да музыкі, і бацька, вядомы ў свой час піяніст, адвёў сына ў музычную школу пры Беларускай кансэрваторыі ў клясу прафэсара Рыгора Шэршэўскага. Ігар Палівода выявіўся здольным вучнем. На ІV-м курсе кансэрваторыі, у 1972 г., ён стаўся дыплямантам IV-га Ўсесаюзнага конкурсу піяністаў, які адбыўся ў Менску. Па выніках І-га туру пасьля выкананьня санаты Гайдна Палівода займаў 1-е месца. Потым, на ІІ-м і ІІІ-м турах ён саступіў. Але сябры згадваюць, што Ігар і не імкнуўся ў фаварыты. Ён успрымаў удзел у конкурсе як простую неабходнасьць, таму і не рыхтаваўся сур’ёзна.

“У Ігара гнуткія, моцныя, дакладныя пальцы — цудоўная якасьць піяніста, — пісалася ў адной з рэцэнзіяў на ягоны конкурсны выступ. — Ён іграе жыва, паўнакроўна, мае віртуозную тэхніку”.

У кансэрваторыі вызначылася і яшчэ адна рыса таленту Паліводы — дар імправізатара, здольнасьць ствараць музычныя пародыі. У памяці многіх музыкаў ягонага пакаленьня засталіся кансэрваторскія “капусьнікі”, дзе цьвіком праграмы заўсёды быў фартэпіянны дуэт Ігар Палівода — Васіль Раінчык. Яны гралі “музычныя кактэйлі” — папуры зь вядомых песьняў уперамежку з клясыкай — і дружны студэнцкі рогат падчас іхных выступленьняў пераходзіў у авацыю, калі яны сканчалі і паважна раскланьваліся.

Рэдкае пачуцьцё гумару Ігара Паліводы яшчэ ня раз знойдзе адбітак у ягонай музыцы. Чаго вартае, напрыклад, папуры на тэмы песьняў Райманда Паўлса “Раймонда”, якое Ігар ахрысьціў “ронда-санатным кампотам з рэфрэнам “Allegro Mafioso” (твор гэты даволі часта гучыць па радыё)! А сюіта для камэрнага ансамблю “Шэранькі козьлік”! А харавая фуга “У попа была собака”, якая, у поўнай адпаведнасьці з законамі паліфоніі, уяўляе сабой бясконцы падвойны 4-галосны канон у абарачэньні!

Ня памятаю, каб хтосьці з айчынных кампазытараў так прафэсійна ствараў гэткія высокамастацкія “бірулькі”. Хіба толькі Шастаковіч!

 

У “Песьнярах”

У канцы 70-х у якасьці піяніста і аранжавальніка Палівода трапляе ў ансамбль “Песьняры”. Пазьней, з уласьцівай яму іроніяй, ён напіша ў дзёньніку: “[у “Песьнярах”] з 1979 па 1984 і з 1988 па 1989 год я, як вядома, служыў донарам”... “Песьняры” знаходзіліся тады на піку папулярнасьці, і праца ў ансамблі была на выжываньне — бясконцыя рэпэтыцыі, гастролі, пераезды, пералёты.

Менавіта ў “Песьнярах” Ігар упершыню паспрабаваў сябе на ніве кампазыцыі. Уладзімер Мулявін прапанаваў яму стварыць для ансамбля цыкл песень на вершы Робэрта Бёрнза.

“Атрымалася нейкая эўрапейская музыка, — успамінае Ўладзімер Мулявін. — Калі я прынёс чарнавы варыянт запісу на фірму “Мэлёдыя”, мяне спыталіся: “А тэксты вы залітавалі?..” Альбом гэты так і ня выйшаў, хоць працавалі мы над ім зь вялікім задавальненьнем. Музыка Ігара выявілася вельмі складанай, няшлягернай... Ён быў вельмі здольны музыкант, чалавек з надзвычайным гумарам і вялікім інтэлектам. Ну, напрыклад, такі выпадак. Ідзе рэпэтыцыя... Ён іграе на клявішах, цалкам засяроджаны ў нотах. Падыходжу бліжэй і бачу: замест нот на пюпітры ляжаць шахматныя задачкі. Ён іграў — і адначасова рашаў шахматныя задачкі, уяўляеце?! Але, напэўна, ён мог разам з гэтым яшчэ што-небудзь рабіць, я думаю. І я ў яго нечаму вучыўся, і ён, вядома ж, шмат чаго ўзяў у ансамблі.

Я яго з удзячнасьцю ўспамінаю, нягледзячы на ўсе ягоныя “закідоны”, бо таленавіты чалавек не бывае бяз хібаў. А ён быў ва ўсім таленавіты. За што б ні браўся. Вельмі шкада, што ён пайшоў з жыцьця так хутка. Ён толькі знайшоў сябе”.

У рэцэнзіі на праграму па Бёрнзу, якую “Песьняры” некалькі разоў паказалі на гастролях, Ігару быў прасьпяваны сапраўдны дытырамб: “Палівода — гэта разынка ансамблю, — пісаў крытык, — імклівы, рэактыўны, зоркі, іскрысты агеньчык”.

Палівода быў ініцыятарам выданьня ўнутрыпесьняроўскай газэты “Ведомость”. Выйшла некалькі яе нумароў. Пісалі ў газэту ўсе “песьняры”, але “шэф-рэдактар”, вядома ж, больш за іншых. Ён прыдумляў і жанры гэтым жартоўным опусам — “мэтамарфозмы”, “смурасафізмы”, “філязафічныя баналізмы” і г.д. Мала таго, што Ігар рэдагаваў газэту — ён яе і друкаваў — на машынцы, зразумела ж! Гэта быў своеасаблівы “каліграфічны машынапіс” — без адзінай памылкі і памаркі, з двухбаковымі палямі ў слупку. Ігара заўсёды захапляў працэс друкаваньня і пераплёту. Гэта было ягонае хобі. Усе дзёньнікі, а таксама кнігі вершаў і прозы надрукаваныя й пераплеценыя ім уласнаручна, як ён тлумачыў у дзёньніку — “саматужным спосабам, са стосікаў пісчай паперы і набораў “Юны пераплётчык”. Ён сам вырабляў для сябе нават запісныя кніжкі. На фарзацы кожнага беражліва пераплеценага яго рукамі нататніка — асабісты эксьлібрыс.

 

Зноў студэнт

Ужо ў сталым веку Палівода вырашыў набыць кампазытарскую прафэсію. Ён паступіў у клясу кампазыцыі да Зьмітра Смольскага. Плёнам вучобы сталіся буйныя акадэмічныя творы — кантата “Слова”, канцэрт для фартэпіяна з аркестрам і фартэпіянная саната, якую на адным з кансэрваторскіх канцэртаў бліскуча выканаў піяніст Алег Крымер. У беларускай фартэпіяннай музыцы апошніх дзесяцігодзьдзяў яна сталася адным з самых адметных твораў. Дый увогуле, усё, што ён напісаў у акадэмічных жанрах за гады вучобы на кампазытарскім аддзяленьні, было значным і цікавым.

“Ігар трапіў да мяне ў клас сталым музыкантам, — распавядае Зьміцер Смольскі. — Мне зь ім было цікава працаваць. Гэта быў музыкант вялізнай творчай патэнцыі, таленавітая і адначасова трагічная асоба... У яго было ўсё, каб стаць вялікім музыкантам, каб заняць месца, вартае свайго таленту...”

 

У аркестры Фінберга

З 1989 г. у жыцьці Ігара Паліводы пачаўся новы этап. Ён быў запрошаны ў Дзяржаўны Канцэртны аркестар на чале зь Міхаілам Фінбергам. Плёнам працы ў аркестры сталіся тры песенныя цыклі: “Максім” паводле М.Багдановіча (1992), “Беларушчына” паводле Я.Купалы (1993) і “Матчын сьпеў” паводле А.Куляшова (1994). Дзьвюма апошнімі праграмамі адкрываліся І і ІІ Фэстывалі беларускай песьні і паэзіі ў Маладэчне.

Прэм’ера першага цыклу, поп-опэры “Максім”, адбылася 15 лютага 1992 г. і сталася грандыёзнай падзеяй культурнага і грамадзкага жыцьця краіны. Мне пашчасьціла быць сьведкай трыюмфу гэтага твору. Добра памятаю поўную залю Філярмоніі і той нечуваны ўздым, зь якім публіка ўспрымала кожную мэлёдыю.

У поп-опэры “Максім” у выкананьні Алены Саўленайтэ ўпершыню загучала песьня “Па-над белым пухам вішняў”. Нават калі б Ігар напісаў толькі яе адну, яго ўжо цалкам можна было б залічыць у клясыкі песеннага жанру. Але ці ня клясыка — песьня “Талака”, першыя такты якой вось ужо больш як 10 гадоў гучаць у якасьці застаўкі “Радыёфакту”? Ці ня клясыка “Маладэчна” на словы Леаніда Пранчака, якая стала гімнам гэтага гораду? Паліводавы “зонгі”, як ён сам жартам іх называў, — гэта музыка высокага кшталту, сымфанічная па духу (нездарма ж ён адразу пісаў свае песьні ў партытуры, а не ў клявіры), не разьлічаная на масавага спажыўца. Ці не таму на конкурсах маладых выканаўцаў беларускія канкурсанты з зайздросным пастаянствам абіраюць для выкананьня менавіта песьні Паліводы? Бо ў іх — неспадзяваная глыбіня і цнатлівая прыгажосьць, што ідзе ад беларускай народнай песьні.

Яе Ігар адчуваў на генным узроўні. У яго няма наўпростых цытатаў, але інтанацыі беларускага мэласу нібыта разьлітыя па старонках ягоных партытураў і клявіраў.

“Ён ня быў каньюнктуршчыкам у творчасьці. Ён гэтага не разумеў і не прымаў, — кажа Леанід Пранчак. — Вось такі носьбіт чыстага мастацтва. Згадзіцеся, гэта вялікая рэдкасьць! Я сумую безь яго і заўсёды буду захапляцца тым, што ён зрабіў у беларускай песьні”.

 

“Вечны агонь”

Ігар Палівода прадчуваў сваю сьмерць, нават прадказаў яе на старонках сваіх дзёньнікаў. Ён працаваў днямі і начамі, без адпачынку. Часу на сябе заўсёды не ставала. Да таго ж Ігар шмат піў, часта адыходзіў у запоі. На жаль, алькагалізм — не распуста, як лічаць многія, а цяжкая невылечная хвароба. Ігар спрабаваў зь ёю змагацца, але ня здолеў...

Памёр ён 28 лютага 1996 г.

Ігар быў адзін у сваёй кватэры на Пляханава, якую зваў не інакш як “рабочым кабінэтам”. Выйшла гэтак, што акурат у той момант, калі яму зрабілася блага, патэлефанавала жонка Вольга. “Ты знаеш, мне дрэнна”, — сказаў ёй Ігар. Ягоны голас спалохаў. Вольга выклікала яму на Пляханава хуткую дапамогу. Ігар яшчэ змог сам адкрыць лекарам дзьверы, але сэрца хутка адмовіла. Калі Вольга ўварвалася ў кватэру, ён быў ужо мёртвы, — лекар моўчкі скручваў апаратуру.

Ігару Паліводу ішоў сорак шосты год...

Чым больш пазнаеш творчую спадчыну Паліводы — яго музыку, вершы, літаратурныя эсэ, дзёньнікавыя запісы, незвычайныя малюнкі, тым больш асэнсоўваеш значнасьць ягонае асобы. І тым больш адчуваеш горыч страты. Яму і сапраўды было дадзена бачыць і чуць тое, чаго не адчувалі і ня бачылі многія іншыя. Ігар пакінуў пра сябе добрую, сьветлую памяць. Гэта быў адзін з самых таленавітых мастакоў беларускай зямлі.

З прычыны таго, што ён бясконца паліў, сябры жартам празвалі яго “вечны агонь”. Але ў гэтай жартоўнай мянушцы ёсьць і іншы, глыбейшы сэнс, які асабліва зразумелы цяпер. “Вечны агонь” ён запаліў у душах і сэрцах тых, хто блізка ведаў яго — як памяць пра сябе, як сымбаль нязгаслай сілы сваёй творчасьці, як вобраз вечнай любові да сваёй зямлі і людзей, што жывуць на ёй. І лепшы помнік яму — ягоныя цудоўныя песьні. Песьні, у якіх жыве яго тонкая і шчодрая душа.

Аўтарка выказвае падзяку ўдаве Ігара Паліводы Вользе за магчымасьць карыстаньня ягоным архівам.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0