Людміла Рублеўская

Агні ў крыві радзімы

 

Агонь — увасоблены пераход з адной якасьці ў другую. З аднаго сьвета — у другі. У храмах заўсёды гарыць агонь. Калісьці ён спальваў кроў і плоць ахвяраў, сёньня — кнот у сьвечках і духмянасьці ў лямпадах. Калі глядзіш у полымя, сустракаешся з позіркам боства. Але варта зблытаць і абагавіць сам агонь — зь яго трапятліва-блакітнага асяродку зірне ў тваю спалоханую душу той, чыё імя не называнае… І неадольна захочацца адкупіцца ад гэтага бязьлітаснага позірку і кінуць прагным чырвоным шчупальцам… ну, хоць трэску. І з насалодай, зь неўсьвядомленай баязьлівай агідай назіраць, як дрэва курчыцца і чарнее, як бессаромна адкрыта адбываецца працэс сьмерці і распаду…

Ня ведаю, ці пакланяюцца агню дзе ў сьвеце так, як у Беларусі. Лясы і паляны вакол гарадоў спрэс у чорных восьпінах кастрышчаў.

Колькі седжана ля такіх вогнішчаў, колькі слухана песень! Спачатку — пра сініх птахаў ды засьнежаныя вяршыні, пасьля — пра стан дзявочы Белай Вежы ды зорачкі далёкай чужыны… Сышла рамантыка, дагарэла... А можа, гэта толькі здаецца тым, хто адышоўся далёка ад колішніх вогнішчаў? Нехта ж падкідвае ў іх па-ранейшаму сухое гольле надзеяў, і палымнеюць на шэрых сьценах надпісы “Жыве Беларусь!”.

У ведыйскай і індуісцкай міталёгіі Агні, бог агню, адначасова стары і малады, зямны і нябёсны, забойчы і выратавальны, пасярэднік паміж багамі і людзьмі. На выяве ён мае два абліччы — усьмешлівае і пагрознае…

Грэкі верылі, што Прамэтэй, каб прасьвятліць розум чалавека, вынес з Алімпу сьвятарны агонь, схаваўшы яго ў сьцябло трысьнягу. Але агонь сам сышоў да людзей — агонь, які не абпальваў і не забіваў. Майсей размаўляў зь Ім. Ён сыходзіў на апосталаў. Ён і цяпер штогод у дзень Уваскрашэньня сыходзіць на Гроб Гасподні, і ўсе сьвечкі ў храме самі запальваюцца дзіўным, непякучым полымем…

Штогод па Беларусі езьдзіць “навукова-творчая экспэдыцыя”, возіць па храмах лямпаду з тым Жыватворным агнём. І ў кожным храме запаветную лямпаду чакае натоўп ахвочых запаліць ад сьвятога агню сьвечку. Стаюць у чаргу, штурхаюцца, хвалююцца… Ці хопіць усім?

Савецкі Вечны агонь, сілкаваны расейскім газам, зыходзіць з-пад зямлі… Мабыць, таму ён і мае мала супольнага з тымі сьвечкамі, што запальваюць на Дзяды на магілах. Ля яго немагчыма маліцца… Можна толькі зазіраць у тую прорву, адкуль ён працягвае чырвоныя языкі, і думаць пра сьмерць. Мне чамусьці ў мігценьні Вечнага агню заўсёды бачыліся перакрыўленыя пакутай, выцягнутыя твары… На сваё вясельле я адмовілася ехаць на плошчу Перамогі для традыцыйнага ўскладаньня кветак. Абмежаваліся ўзыходжаньнем на наваствораны Курган Перамогі па праспэкце Машэрава, дзе бранзатварая кабета з рысамі Буды ўздымае ня меч і нават ня серп, а фанфары.

Калі палілі ведзьмаў ды герэтыкоў, інквізытары шчыра верылі, што робяць дабро тым, каго паляць. Некалі на скалістых узьбярэжжах так званыя берагавыя піраты — звычайныя тубыльцы — распальвалі ўначы агні. Караблі плылі на іх і разьбіваліся. Паводле закону ўсё, што трапляла пасьля крушэньня на бераг, рабілася ўласнасьцю мясцовых жыхароў. Гэта была звычайная, побытавая, сямейная справа.

Астанкінская тэлевежа сьвяцілася начамі за маім інтэрнацкім акном, быццам нейкі падманны маяк, блакітны прывід сапраўднага леташняга пажару.

У Беларусі жыве сто пяцьдзясят відаў дзённага матыля, які завецца агнёўка. Псуе гэтая агнёўка ўсё, маючы дзеля кожнае псоты свой асобны від: кукурузу і буракі, хвою і зерне, каноплі і воск у вульлях… З выгляду матыль зусім непаглядны, шэры. Мусіць, назва абумоўленая гэтай усяяднасьцю, як у полымя?

Зачараванасьць агнём у чалавеку этолягі тлумачаць інстынктам. Яны ж прыпадабняюць агню мільганьне сьветлавых эфэктаў, думак і вобразаў на экране тэлевізара, які заварожвае сёньняшняга гома сапіенса гэтак жа, як некалі сапраўдны агонь у вогнішчы. Гэты інстынкт з жывых істотаў ёсьць толькі ў чалавека ды ў сабакі.

Альхімікі насялялі агонь жывымі істотамі — салямандрамі. Хаця Пліній, старажытнарымскі гісторык, апісваў іх як рухавых яшчарак, рамантыкі Сярэднявечча нярэдка ўяўлялі салямандру прыўкраснай жанчынай з вогненнымі валасамі. Яе існаваньне было доказам таго, што можна жыць у агні. Бо як жа будуць вечна гарэць уваскрэшаныя грэшнікі? Ткані з асбэсту прадаваліся пад выглядам скуры салямандры.

Геракліт называў агонь асновай сусьвету. Старая мэдыцына лічыла агонь адным з чатырох складнікаў чалавечае крыві. Калі гэты складнік пераважаў, чалавек валодаў халерычным тэмпэрамэнтам.

На раскопках старога Менску відаць на глыбокім зрэзе зямлі чаргаваньне шэрых палосаў з чорнымі. Гэта сьляды пажараў. Кожная такая паласа — нібыта чорны радок, зь якога наноў пачыналася гісторыя гораду.

Пралетарскі пісьменьнік Максім Горкі любіў ладзіць маленькія вогнішчы ў попельніцах ці хаця б спальваў запалкі. Ягоны герой Данка вырваў уласнае палаючае сэрца, каб асьвятліць свайму народу дарогу зь цемры. А народ па тым сэрцы патаптаўся… А вось сябра Горкага Карней Чукоўскі ў дзёньніках піша, як разам са знаёмцам-камісарам і славутай балерынай езьдзіў на звычайную забаўку савецкай эліты тае пары — глядзець, як спальваюць нябожчыкаў у новаадчыненым крэматорыі. Дамам асабліва падабалася, як у агні выбухаюць вочы.

Вогненныя вёскі, Вечны агонь, купальскае вогнішча, зьніч, агонь чарнобыльскага рэактара… У крыві маёй радзімы дастаткова агню. Але кроў тая чамусьці цячэ ўсё марудней, нібыта балотная флегма. Усё больш кастрышчаў на яе целе…


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0