Зьезд непатрэбных

Іван Саверчанка выйшаў са складу аргкамітэту ІІІ Зьезду беларусаў сьвету ў знак пратэсту супраць калябарацыі з уладамі

ІІІ Зьезд беларусаў сьвету пройдзе 5—6 ліпеня ў менскім Доме Літаратара. Згуртаваньне Беларусаў Сьвету “Бацькаўшчына” спадзявалася, што ўлады дазволяць правесьці зьезд у вялікай залі. Улады заўпарціліся з Канцэртнай заляй “Менск” або, тым больш, Палацам Рэспублікі. Наўзамен прапаноўвалася старая добрая рэзэрвацыя — ДК “Сукно”. Беларусы сьвету пагадзіліся.

Былі нават падрыхтаваныя адпаведныя запрашэньні, але ўлады праз колькі дзён у амаль што ультыматыўнай форме прапанавалі Дом Літаратара. Маўляў, ДК “Сукно” не адпавядае патрабаваньням супрацьпажарнай бясьпекі. Трэба адзначыць, што ў залі Дому Літаратара зь цяжкасьцю зьмясьціліся 370 дэлегатаў нядаўняга зьезду Саюзу пісьменьнікаў, тут жа чакаецца народу ў паўтара раза болей.

Улады працівіліся правядзеньню зьезду падчас прэзыдэнцкай кампаніі, спрабуючы пераканаць арганізатараў перанесьці сход на канец восені. На расейскія арганізацыі беларусаў ціснула пасольства ў Маскве, настойліва просячы ня ехаць на “выразную палітычную акцыю”.

Было нават абвешчана пра стварэньне новай арганізацыі, што мусіла аб’яднаць ляяльных беларусаў замежжа — “Сьвятло Радзімы” ў процівагу ЗБС “Бацькаўшчына”. Але нічога ва ўладаў не атрымалася, дэлегаты едуць, і зьезд адбудзецца.

Старшыня рабочай групы па арганізацыі зьезду Алена Макоўская паведаміла, што мяркуецца ўдзел у працы форуму 500—600 чалавек, прычым з-за мяжы прыедзе 180—200 дэлегатаў і 30 гасьцей.

Зьезд пачнецца а 10-й раніцы ў чацьвер, а ў сераду а 15-й у памяшканьні ЗБС “Бацькаўшчына” будзе наладжаная прэсавая канфэрэнцыя. 5 ліпеня для дэлегатаў будзе арганізаваны канцэрт, а 6 ліпеня — супольная вячэра. Скокаў ля купальскага вогнішча не прадугледжваецца.

На зьезд прыедуць прадстаўнікі 70—80 суполак. Самая шматлікая дэлегацыя будзе, натуральна, з Расеі. Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што менавіта расейскія беларусы падзеленыя паміж сабой на прыхільнікаў ППРБ і ягоных праціўнікаў. Старшыня рэдакцыйнай камісіі зьезду Аляксей Кароль лічыць, што прыхільнікам Лукашэнкі дастаткова прайсьціся па беларускіх крамах, даведацца пра цэны і пераканацца, што жыцьцё ў Беларусі не такое і салодкае, як расьпісвае афіцыйная прапаганда.

Дэлегацыі з далёкага замежжа значна меншыя. Так з ЗША прыедуць 5—6 чалавек: Вітаўт і Зора Кіпелі, Янка і Надзея Запруднікі, Катарына Вініцкая... З Канады мусіць прыехаць Надзея Дробіна, зь Вялікай Брытаніі — старшыня Згуртаваньня Беларусаў Лёля Міхалюк. Не прыедзе лідэр беларусаў Бэльгіі Янка Жучка. Яму ня выдалі візы. Не прыедуць з розных прычынаў Аляксандар Надсан (не захацеў прыніжана прасіць дазволу ў Камітэце па рэлігіях), Івонка Сурвілла, Барыс Рагуля (ляжыць цяжка хворы). Абяцаецца вялікая дэлегацыя беларусаў з Польшчы. Праўда, гісторык Яўген Мірановіч, напрыклад, вагаецца: надта ж траўматычнымі аказваліся ўсе апошнія прыезды ў Беларусь.

Арганізатары паспрабавалі зьвярнуць на зьезд увагу беларускіх уладаў. Дасланыя запрашэньні ў Міністэрствы культуры, адукацыі, у Камітэт па справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў. Ці прыйдзе хто, невядома.

На зьезьдзе плянуецца прыняць пастанову “Замежная беларуская супольнасьць у ХХІ ст.”, які і стане выніковым дакумэнтам форуму. У гэтым рэчышчы будзе падсумаваная праца з часу папярэдняга зьезду. Дэлегаты маюць зноў нагадаць пра існаваньне магутнай дыяспары ў сьвеце і неабходнасьць шчыльнай супрацы паміж Беларусяй і дыяспарай. Беларусаў за межамі Беларусі больш за 2 мільёны, але ці ўсе яны гавораць па-беларуску? Колькі зь іх цікавяцца беларускімі праблемамі? Сярод тых, хто жыве на беларуска-польскім ці беларуска-літоўскім памежжы, шмат хто. Адчуваюць гонар за сваю беларускасьць некаторыя насельнікі Смаленскай вобласьці. А беларусы ў ЗША? З соцень тысяч ураджэнцаў Беларусі ў гэтай краіне сьвядомых добра калі дзясятак тысяч. Паціху адыходзіць старое пакаленьне, маладое збольшага не цікавіцца грамадзкім жыцьцём. А дапамогі з мэтраполіі не дачакаеш.

Вось перастала выходзіць нью-ёрская газэта “Беларус” і што? Беларускія Дзяржкамдрук ці МЗС прапанавалі грошы, паперу? Тая ж самая сытуацыя і ў іншых краінах. Палякі настваралі ва ўсім сьвеце Польскія інстытуты, брытанцы – Брытанскія рады, а беларусы?.. Пашырэньне беларускай культуры ў сьвеце цяперашнім уладам наўрад ці патрэбнае, непатрэбная і тая “дурная” дыяспара, якая ўпарта ня хоча растварацца ў “славянскім адзінстве”.

На зьезьдзе плянуецца прыняць заявы пра жудасную дыскрымінацыю беларускай мовы і выказаць заклапочанасьць палітычным разьвіцьцём Беларусі.

Беларуская інтэлігенцыя па-рознаму ацэньвае будучы зьезд. Мовазнаўца Зьміцер Саўка лічыць, што пазытыў такіх зьездаў — для саміх дэлегатаў з-за мяжы. Яны пабачаць аднадумцаў, сутыкнуцца зь нелукашэнкаўскай Беларусяй. Нічога дрэннага няма ў настальгіі па беларускіх бярозках і клёніках, няхай і гэта лішні раз нагадае ім пра існаваньне Беларусі.

Гісторык Уладзімер Ляхоўскі мяркуе, што, калі на зьезд старыя беларусы проста прыехалі, то і за адно гэта ім можна сказаць дзякуй. На эміграцыі яны столькі зрабілі для пашырэньня ведаў пра Беларусь, што тут дастаткова іхнай прысутнасьці, каб і мы ўздыхнулі лягчэй.

Янка Запруднік у інтэрвію Радыё Рацыя заявіў, што едзе на зьезд з добрым пачуцьцём: з думкамі пра Беларусь, пра Бацькаўшчыну, пра ейнае дабро, пра росквіт, пра тое, што трэба верыць у лепшую будучыню. “У дакумантах, якія плянуецца прыняць на зьезьдзе, адлюстраваная ідэя прыярытэту дэмакратычных каштоўнасьцяў на гістарычным шляху беларусаў. Апроч таго пойдзе гаворка пра існаваньне й разьвіцьцё беларускай дзяржаўнасьці”, — кажа Я.Запруднік.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў кажа, што некаторыя нашыя суайчыньнікі за мяжой лічаць, што беларускія граніцы ўжо ахоўваюць расейскія памежнікі, што ў нас ходзіць расейская валюта. Прынамсі, яны на ўласныя вочы пераканаюцца, што незалежная (няхай і фармальна) Беларусь пакуль існуе. Наўрад ці прынятыя зьездам рэзалюцыі змогуць паўплываць на палітычную сытуацыю ў Беларусі. Ня тая ў нас улада, каб яна прыслухалася да супольнага голасу дыяспары. Затое ва ўмовах распачатай перадвыбарнай кампаніі дэлегаты маглі б сфармуляваць сваё ўяўленьне пра мажлівую кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта. Сп.Арлоў прыгадвае пастанову папярэдняга зьезду, прынятую ў 1997 г. Дэлегаты выказвалі занепакоенасьць выміраньнем беларускай нацыі, зьнішчэньнем яе духоўнага патэнцыялу. У заяве сьцьвярджалася: “Краіна перажывае сыстэмны крызыс, які ахапіў усе бакі грамадзкага жыцьця...” Што зьмянілася за чатыры гады?

Учора прыйшло паведамленьне, што літаратуразнаўца Іван Саверчанка, сустаршыня аргкамітэту зьезду, прыняў рашэньне выйсьці зь яго. І.Саверчанка абвінавачвае аргкамітэт у супрацы з уладамі. ЗБС адкідае такія абвінавачваньні, кажучы, што ўсё супрацоўніцтва з уладамі заключалася ў кампрамісе па знаходжаньні памяшканьня для зьезду. Такі вось скандальчык на адкрыцьцё зьезду, ад якога ніхто нічога вялікага не чакае.

Эдвард Людовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0