Саюз Машэравай і дэмакратаў?

48% беларусаў адмоўна ацэньваюць вынікі кіраваньня Лукашэнкі, столькі сама задаволеных імі

Паводле чэрвеньскага апытаньня грамадзкае думкі, праведзенага Нацыянальным інстытутам сацыяльных, эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, Лукашэнка застаецца самым папулярным кандыдатам у прэзыдэнты.

 

Як вынікае з апытаньня, сёньня за яго гатовыя прагаласаваць недзе 45% выбарцаў, тады як прыкладна 35% беларусаў гатовыя аддаць галасы любому, толькі не Лукашэнку. Колькасьць людзей, якія шчэ ня вызначыліся, скарачаецца. Гэта значыць, што на сёньня Лукашэнка перамагае ў першым туры.

Што да ацэнкі вынікаў кіраваньня Лукашэнкі, дык у гэтым грамадзтва падзялілася роўненька надвое: 48% ацэньваюць іх пазытыўна і столькі сама – нэгатыўна.

Актыўнасьць выбарцаў чакаецца вельмі высокая: ужо цяпер ня менш за 85% людзей гатовыя прыйсьці на выбары. Істотнага зьніжэньня гэтага паказчыка можна чакаць толькі ў выпадку, калі лукашэнкаўскі выбаркам не зарэгіструе некага з апазыцыйных кандыдатаў.

Дарэчы, пасол Вік і амэрыканскае пасольства ў Менску трымаюцца думкі, што БНФ можа заклікаць да байкоту выбараў у выпадку нерэгістрацыі дэмакратычных кандыдатаў, і вельмі баяцца гэтага. Відаць, у эўрапейскіх сталіцах і Вашынгтоне лічаць, што параза Лукашэнкі на верасьнёўскіх выбарах рэальная.

У кулюарных размовах заходнія дыпляматы ў Менску прызнаюць, што гатовыя пагадзіцца на любую кандыдатуру замест Лукашэнкі, нават ня зь ліку дэмакратычных палітыкаў, абы зьмена ўлады адбылася. Дзеля падобнай зьмены, здараецца пачуць, можна ахвяраваць нават пасьлявыбарнай дзеяздольнасьцю дэмакратычнай апазыцыі.

За Машэраву сёньня гатовыя прагаласаваць 17% выбарцаў. Гэта, як сьведчыць апытаньне, збольшага русафілы, расчараваныя ў палітыцы Лукашэнкі, і пратэставы электарат. Праўда, 40% апытаных заяўляюць, што не прагаласуюць за Машэраву ні ў якім разе. Г.зн., што і яна без апоры на галасы дэмакратычнага і нацыяналістычнага электарату ня мае найменшага шанцу на перамогу. Між тым яна дагэтуль цалкам выключае падобную кааліцыю, што і разглядаецца аналітыкамі як сьведчаньне яе непераадольнай несамастойнасьці (пра гэта больш падрабязна – у артыкуле Валер’я Булгакава “Расея і лукашэнкаўскі плян стварэньня псэўдаапазыцыі” на стар. 3).

За апошнія два месяцы ізноў вырас рэйтынг Сямёна Домаша, тады як папулярнасьць Чыгіра, Пазьняка й Ганчарыка трохі зьнізілася. Аднак Чыгір застаецца па-ранейшаму як самым вядомым, так і самым папулярным з кандыдатаў “пяцёркі”. Праўда, і нэгатыўны рэйтынг у яго вельмі істотны. Ён “падабаецца” 18,9% выбарцаў, а “не падабаецца” 32,7%. Тады як Домаш “падабаецца” 12,5% апытаных, а не падабаецца 17,2%.

Такім чынам, Домаш застаецца найбольш пэрспэктыўным дэмакратычным кандыдатам нягледзячы на пахаладаньне ягоных адносінаў з коламі расейскамоўнае апазыцыі і яе СМІ — у прыватнасьці, з “Хартыяй’97”.

Апытаньне абвергла пашыраную думку, што ўдзел у кампаніі Зянона Пазьняка (індэкс даверу да яго па-ранейшаму ніжэйшы за 10%) наймацней б’е па Домашу. Аказваецца, электарат Пазьняка найбольш блізкі чыгіроўскаму (40% выбарцаў Пазьняка гатовыя былі б у выпадку няўдзелу свайго кандыдата падтрымаць Чыгіра, 30% — Машэраву і толькі 28% — Домаша).

Безнадзейна нізкаю застаецца папулярнасьць Ярашука, Гайдукевіча й Сініцына. Калі б выбары адбываліся сёньня, за іх гатовыя прагаласаваць адпаведна ўсяго 2,3%, 4,1% і 1,9% выбарцаў.

Амаль палова рэспандэнтаў ня вераць у сумленнасьць Цэнтравыбаркаму і амаль 80% пазытыўна ставяцца да ідэі незалежнага назіраньня за выбарамі.

Калі верыць апытаньню, найбольш цікавым паваротам кампаніі магло б стацца ўзаемадзеяньне між кандыдатамі дэмакратычнага адзінства і Наталяй Машэравай.

Праўда, давер да вынікаў апытаньня падрываюць некаторыя ягоныя зьвесткі. Так, паводле НІСЭПД, у красавіку колькасьць людзей, якія ня ведаюць, хто такі Ганчарык, складала 23%, а ў чэрвені яна ўзьнялася да 39%, “рэйтынг невядомасьці” Казлоўскага ўзьняўся з 39% да 51%. Як такое магло адбыцца? Мэтады ж дасьледаваньня не зьмяняліся.

Карыстальнікі Інтэрнэту могуць цалкам азнаёміцца з вынікамі гэтага маштабнага апытаньня на сайце www.iiceps.by.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0