З усіх старон

 

Урок Мілошавіча

Барадзін паўторыць лёс Слабадана?

Мілошавіча выдалі Гаагскаму трыбуналу 28 чэрвеня, на сэрбскае нацыянальнае сьвята — дзень Сьвятога Віда. 12 гадоў таму якраз у гэты дзень ён распачаў свой шлях да ўлады, упершыню публічна выклаўшы свае ваяўнічыя ідэі перад мільённым натоўпам на Косаўскім полі, пасьля чаго й распачалася чарада войнаў.

Зянон Пазьняк адкамэнтаваў выдачу Мілошавіча гэтак: маўляў, што Мілошавіча будуць судзіць — гэта слушна, дрэнна, што судзіць будуць ня ў Сэрбіі і што пытаньне выдачы зьвязвалі з аказаньнем эканамічнай дапамогі Сэрбіі. “Я б паступіў інакш”, — заявіў на Радыё Свабода Пазьняк.

Працэс над Мілошавачам – свайго роду паказальны працэс, у навучаньне ўсім кіраўнікам усходнеэўрапейскіх дзяржаваў. Нельга кіраваць краінай у парушэньне міжнародных нормаў, нельга кідаць выклік сусьветнай супольнасьці – інакш гісторыя пакарае.

Паўторны арышт Барадзіна, які адмаўляецца даваць паказаньні ў Жэнэўскім судзе, стаў бы моцным ударам па рэпутацыі ягонага сябра А.Лукашэнкі. Калі Захад сапраўды гатовы гуляць супраць Лукашэнкі на верасьнёўскіх выбарах, такога разьвіцьця падзеяў нельга выключаць.

Б.Т.

 

Беларусь па-за рэйтынгам

Міжнародная арганізацыя па барацьбе з карупцыяй Transparency International абнародавала рэйтынг карумпаванасьці, які ахоплівае 91 краіну cьвету. Найменш карумпаваныя Фінляндыя, Данія, Новая Зэляндыя, Ісляндыя і Сынгапур. Сярод краінаў Сярэдняе Эўропы — Эстонія (28 месца), Вугоршчына (31), Славенія (34), Літва (38). Польшча, разам з Пэру, заняла 44-ы радок. Баўгарыя і Чэхія – 47-ы, Славаччына – 51-ы, Латвія – 59-ы, Румынія – 69-ы, Расея – 79-ы, Украіна – 83-і. Нямеччына апынулася на 20-м месцы (летась была на 17-м, а пазалетась – на 14-м). Беларусі ў рэйтынгу няма, бо складаецца ён міжнароднымі фінансавымі інстытуцыямі, зь якімі афіцыйны Менск папросту не супрацоўнічае — так што міжнародныя капіталісты нічога пра нас ня ведаюць.

 

Абарона канстытуцыйнага ладу

Газэта левай брытанскай інтэлігенцыі Guardian не дамаглася перагляду прынятага 153 гады таму закону, які забараняе друку заклікаць да скасаваньня манархіі, а парушальнікам абяцае пажыцьцёвае зьняволеньне. У сьнежні Guardian пачала кампанію за правядзеньне рэфэрэндуму супраць закону аб спадчыннасьці, згодна зь якім манархам можа стаць толькі асоба пратэстанцкае рэлігіі, народжаная ў законным шлюбе. Генпракурор перасьцярог рэдакцыю, што супраць яе можа быць заведзеная крымінальная справа па законе 1848 г. “Аб дзяржаўнай здрадзе”. Тады рэдактар зьвярнуўся ў судовыя ўстановы, сьцьвярджаючы, што гэта несумяшчальна з законам 1998 г. “Аб правох чалавека”... і прайграў.

С.Р.

 

Папа для ўніятаў

27 чэрвеня Ян Павал II правёў Літургію для грэка-каталікоў на іпадроме ў Львове. Блізу мільёна вернікаў віталі Папу, стоячы ў каламутнай вадзе (моцныя дажджы зрабілі з іпадрому суцэльнае балота). Падчас праезду між сэктарамі на сваім “папамабілі” Ян Павал II вітаў і дэлегацыю беларускіх уніятаў зь Берасьця, Бярозы, Горадні, Івацэвіч, Слоніму ды Пінску, што стаялі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Зьміцер Ятчэня, Івацэвічы

Аптымістаў больш

Гледзячы на ўкраінскія падзеі апошняга часу — шматтысячныя процікучмаўскія пратэсты, адстаўку папулярнага прэм’ера, двухсэнсоўны прыём папы — цікава даведацца, што сабе думаюць паспалітыя ўкраінцы. Вось што сьведчаць вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў, праведзеных Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялёгіі й катэдрай сацыялёгіі Нацыянальнага ўнівэрсытэту “Кіева-Магілянская акадэмія”.

 

Расьце аптымізм — адказ “мяне зусім не задавальняе тое, як ідуць справы ва Ўкраіне” далі 48% апытаных (у 94-м было 67%). Калі ў 1995 г. эканамічную сытуацыю як “вельмі кепскую” ацэньвалі 69%, дык зараз — толькі 22%. У 1998 г. трываць далей такое жыцьцё не маглі 54% грамадзянаў, сёньня — 31%. Тых, хто лічыць становішча добрым, таксама небагата — колькі адсоткаў, бальшыня ацэньвае сытуцыю, як і ня добрую і ня кепскую — жыць можна.

Упершыню ад часоў здабыцьця незалежнасьці доля тых, хто мяркуе, што за мінулы год іх дабрабыт палепшаў (25%) пераважыла долю тых, хто лічыць, што зрабілася горай (17%), рэшта ніякіх зьменаў не адчула. Баючыся “дзікага ўкраінскага капіталізму”, людзі ўсё больш выступаюць супраць прыватызацыі зямлі (колькасьць такіх вырасла з 9% да 28%) і супраць вялікага бізнэсу (з 37% да 51%).

Калі ў 1996 г. 25% апытаных уважалі, што Ўкраіна і Расея маюць аб’яднацца ў адну дзяржаву, дык цяпер так лічаць ужо 32%. Пабольшала й прыхільнікаў расейска-ўкраінскага дзьвюхмоўя — з 39% (1996 г.) да 44%. А доля тых, хто лічыць, што расейскую мову трэба ўвогуле выключыць з афіцыйнага ўжытку, за апошнія гады зьменшылася з 18% да 15%. Большая палова апытаных лічыць, што Ўкраіна й Расея мецьмуць асаблівыя ўзаеміны з адкрытымі межамі, бяз мытняў і візаў.

Як бачым, расчараваньне ўкраінцаў у “алігархічнай незалежнасьці” і кучмізьме робіцца сур’ёзнай пагрозай нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны. Грае на карысьць Расеі й недасканаласьць украінскае сыстэмы падаткаабкладаньня — прадпрымальнік там мусіць хаваць ад дзяржавы свае прыбыткі, каб ня стацца банкрутам, тады як расейскія падаткі зараз больш-менш памяркоўныя.

Большасьць украінцаў заклапочаныя амаль выключна эканамічнымі пытаньнямі ды злачыннасьцю: толькі 16% непакояцца за дзяржаўную бясьпеку, 8% турбуюцца пра нацыянальнае адраджэньне, 4% — пра стан украінскае мовы. Сваімі ворагамі паспалітыя ўкраінцы лічаць алігархаў. 53% апытаных уважаюць алігархаў за “людзей, што больш за ўсіх рабуюць Украіну пры дапамозе ўлады”. Прычым “алігархамі” называюць цяпер усіх кепскіх людзей — нават лідэра камуністаў Сіманенку.

Сяргей Радштэйн

 

У Літве Бразаўскас, у Партугаліі украінцы

Пасьля двухтыднёвага ўрадавага крызысу прэзыдэнт Літвы прызначыў прэм’ерам краіны свайго папярэдніка, галаву літоўскае сацыял-дэмакратыі Бразаўскаса. Прэзыдэнту недаспадобы гэтая фігура, але нічога ня зробіш: левыя маюць 82 месцы ў парлямэнце з 141. Тыдзень таму Бразаўскас потайкі езьдзіў у Маскву (польская газэта Rzeczpospolita піша, што для перамоваў у расейскім “Газпроме”). Журналістам, што тэлефанавалі яму ў той дзень на мабільны тэлефон, цьвердзіў, што знаходзіцца ў Коўне, а праз колькі дзён прызнаўся, што схлусіў. 68-гадовы Бразаўскас сёньня — самы папулярны палітык краю, і па выніках апытаньняў апярэджвае нават Адамкуса.

Сямён Домаш у нядаўнім інтэрвію газэце “Рабочы” назваў Бразаўскаса “палітыкам найвышэйшае клясы”.

Літоўцы зь лютага 2002 г. прывяжуць сваю валюту да эўра. Гэтае рашэньне было прадыктаванае пашырэньнем абсягу замежнага гандлю Літвы з эўрапейскімі краінамі і ўводам на пачатку наступнага году эўра-гатоўкі ў краінах зоны эўра. 8 апошніх гадоў літоўская валюта была прывязаная да даляра.

На гэтым тыдні эстонскі ўрад распачаў у Інтэрнэце праект “Сёньня вырашаю я”. Цяпер усе ахвотныя могуць азнаёміцца з новымі законапраектамі й выказаць ураду празь Сеціва свае заўвагі ды прапановы. У Эстоніі Інтэрнэтам карыстаецца ўжо больш за 35% насельніцтва, прычым у Таліне інтэнсіўнасьць карыстаньня Сецівам меншая, чым у правінцыі.

Пасьля таго, як партугальскі ўрад вырашыў “узаконіць” нелегальных работнікаў, выявілася, што трэцяй па колькасьці нацыянальнай супольнасьцю Партугаліі зьяўляецца ўкраінская. За першую палову гэтага году працоўныя візы атрымалі 24 тысячы імігрантаў з Украіны. Яшчэ прыкладна столькі ж працягваюць працаваць у краіне нелегальна. Партугалія — першая эўрапейская краіна, што дазволіла іншаземцам адкрываць доўгатэрміновыя візы на падставе кантракту з працадаўцам. Цяпер імігранты маюць правы і могуць прывозіць свае сем’і. Прывабнасьць Партугаліі для аматараў зарабіць палягае і ў тым, што там нізкі ўзровень злачыннасьці.

Сяргей Рак

 

Чэславу Мілашу — 90

Паэт, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі (1980) Чэслаў Мiлаш нарадзіўся на Віленшчыне, у Шатэйнях, гадаваўся ў Лiтве. Пасьля быў сьвет польскае цывiлiзацыi, незьлiчоныя падарожжы праз кантынэнты – Эўропу й Амэрыку. “Калі б спыталіся ў мяне, адкуль паходзіць мая паэзія, я адказаў бы: зь дзяцінства, з калядных песьняў, зь літургіі й травеньскіх набажэнстваў, таксама як і зь Бібліі”, – чытаем у Мілашавай духоўнай біяграфіі – рэлігійна-літаратурным эсэ “Зямля Ульра”.

Гутарка з Чэславам Мілашам і эсэ Юрася Бушлякова “Аўтарытэт” – у наступным нумары “НН”.

 

Заклінаньне

Чалавечы розум — прыўкрасны й

непераможны.

Ані краты, ні дрот, ні кніг аддаваньне

пад нож,

Ні выгнаньня вырок нічога яму ня

ўчыняць.

Ён уводзіць у мову й агульнымі робіць

ідэі,

Падае нам руку — і словы “Праўда” і

“Справядлівасьць”

Мы зь вялікай літары пішам, а “крыўду” й “хлусьню” — з малой.

Над усім тым, што ёсьць, ён узносіць,

што быць павінна,

Непрыхільнік адчаю, прыхільнік

надзеі.

Ён ня знае габрэя, ні грэка, ні раба, ні

гаспадара

Й нам дае ў кіраўніцтва супольную

ўласнасьць сьвету.

Ён з агіднага шуму зьнясіленых слоў

Выбірае суворыя, ясныя сказы.

Ён нас вучыць, што ўсё ёсьць дагэтуль

новым пад сонцам,

Размыкаючы сьцяты кулак таго, што

ужо было.

Вечна юная і прыгожая Філё-Сафія

У хаўрусе з паэзіяй служыць адно

Дабру.

Толькі ўчора Прырода адзначыла іх

нараджэньне

Й гэту вестку прынесьлі гарам аднарог

і рэха.

Слаўным быць іх сяброўству, іх час ня

ведае межаў.

Іхным ворагам наканавана загуба.

Кракаў 2001

Верш напісаны адмыслова для праграмы “Верш на свабоду” Беларускай службы Радыё Свабода

Пераклаў з польскай
Андрэй Хадановіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0