Сяргей Паўлоўскі

 Менск бяз Замкавай

У Менску ня стала Лодачнай, былой Ніжняляхаўскай: налічвалася на ёй усяго тры дамы, і гэта было нязручна для ўліку, таму з гэтае вясны дамы на Лодачнай перапісалі на Чырвонаармейскую. Дваццаць чатыры А… Ня стала Лодачнай, і ніхто не заўважыў. Тыя, хто сьвяткуе Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня, відаць, нават ухвалілі рашэньне выканкаму. Ім і назва “Чырвонаармейская” мілейшая за “Лодачную”. Іх незалежнасьць — гэта незалежнасьць ад гісторыі і традыцыі. Бо гісторыя ім пячэ, вярэдзіць душу. Іхная гісторыя — даносы, расстрэлы, мардабой, самадурства, штурм віленскай тэлевежы ў 1991-м, ператварэньне храмаў у зернясховішчы, а людзей — у калгасьнікаў у 40-х, пілаваньне ног “неправаслаўнаму” Хрысту ў ХІХ стагодзьдзі… Сьцерлі Ніжняляхаўскую, цяпер — Лодачную.

Гэтыя ніколі ня спыняцца сьціраць сьляды гісторыі. Ніколі — пакуль іх саміх не сьцярэ гісторыя.

На пачатку лета з рэестру менскіх вуліц зьнікла і самая старая — Замкавая. Прычым зьнікла нашмат больш фатальным чынам, чым Лодачная. Былі разбураныя дзьве апошнія старасьвецкія камяніцы, што заставаліся на ёй. На кавалку сьцяны аднае зь іх захавалася шыльда: Замкавая, 31...

Хто вінаваты?

 

Напачатку гэтага лета Менск разьвітаўся зь яшчэ адной прыкметай сваёй старажытнасьці. З гарадзкога рэестру зьнікла вуліца Замкавая. Былі зьнесеныя апошнія два дамы на гэтай самай старой брукаванцы. Доўгі час Замкавая існавала фрагмэнтамі ў дварах мікрараёну, які вырас на месцы колішняе Нямігі. Трапіць на яе можна было праз выгбу ў будынку з крамай “Алеся”. Там, у двары, і можна было пабачыць кавалкі старадаўняе вуліцы — некалькі камяніцаў быццам сьціснуліся пад наступам бэтонных спарудаў, увесь час зьмяншаючыся то на будынак, то на цэлы завулак.

Замкавая праіснавала 900 гадоў і толькі цяпер атрымала сваю апошнюю каменную бабу ў старасьвецкі фасад.

Неаднойчы мяне наведвала адчуваньне, што жывуць у цяперашнім Менску чужыя людзі. Карэнныя жыхары некуды прапалі, а на зьмену ім прыйшлі іншыя, якія не разумеюць душы места і не шануюць ягонае мінуўшчыны, ягонага ўтулку і прыгажосьці. “Шырокім праспэктам шагаюць”.

Гэта ж толькі падумаць, што Сыракомля ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя, параўноўваючы Менск зь Вільняй, адзначыў эўрапейскасьць сучаснай беларускай сталіцы! “Усё тут такое чыстае, новае, прыгожае, што напраўду імпануе сваёю эўрапейскасьцю таму, хто, як мы, прыехаў зь Вільні”. Аднак тое было паўтараста гадоў таму, калі Замкавая ў Менску жыла паўнавартасным жыцьцём і злучалася з Завальнай і Вялікай Татарскай.

Менскія страты сапраўды “ціхія” і незаўважныя, пакуль на іх не зьвяртаць увагі шырокае публікі. А толькі зьвернеш — адразу пачнуцца галашэньні ў газэтах, заклікі зьберагчы апошнія каштоўнасьці, папрокі герастратам. У герастратаў тут свая тактыка. Яны спыняюць работу і чакаюць, пакуль вэрхал у прэсе ня скончыцца. А які сэнс галасіць, калі асуджаныя помнікі архітэктуры стаяць цэлыя. Месяц стаяць, два, год. І вось у гэтай цішыні аднойчы адбываецца знос. Прымаецца кабінэтнае рашэньне, галоўны ахоўнік помнікаў Бубноўскі, ён жа галоўны “дах” герастратаў, дае дазвол — і старой вуліцы як не было. А колішні плакальнік-інтэлігент неяк выпадкова будзе праходзіць па колішняй вуліцы і падумае: што ўжо галасіць, калі нічога няма. Патрабаваць пакараньня вінаватых? Дык хто ў нас за такое будзе караць, калі ўлада такая. Прырода менскіх зносаў — сапраўды не ў прыродзе людзей, а ў прыродзе ўлады.

Прыклад таго, як герастраты чакаюць, пакуль сьцішыцца грамадзкая думка, я ўзяў не з пустаты. Летась у лютым мы пісалі пра дом на вуліцы Дзімітрава, 3. Гэта комплекс той самай зьнесенай Замкавай. Пасьля публікацыі, што засьцерагала ад зносу камяніцы, падняўся сапраўдны шум у газэтах. Але ўрэшце ўсё сьціхла. Бо дом на Дзімітрава ніхто ня зносіў. Выглядала — адмовіліся. Падзейнічала грамадзкая думка. Чаго больш крычаць. І вось прамінуў год.

Яшчэ ўчора апошні будынак на скрыжаваньні колішняй Замкавай і Дзімітрава, колішняй Вялікай Татарскай, стаяў. Сёньня, магчыма, яго ўжо няма. Тут пытаньне дня-двух. Дакладней, пытаньне працоўнага дня бульдазэрыстаў. Ці пасьпеюць помнік прынесьці ў ахвяру Дню вызваленьня Менску ад фашыстаў ці зробяць гэта пасьля сьвяточнага “вазьліянія”.

Сымболікі ва ўсім гэтым — на цэлую паэму. Колішняя сынагога, пасьля — мастакоўскія майстэрні, месца першых падпольных сходак беларускіх адраджэнцаў, першая фактычная штаб-кватэра Беларускага Народнага Фронту, “Дзяцей Чарнобылю”, першых незалежных прафсаюзаў. Тут табе і музэй генацыду фашыстоўскага і музэй генацыду сталінскага, і музэй найноўшага нацыянальнага адраджэньня, і музэй сучаснага мастацтва. Колькі перабывала ў гэтых сьценах славутага народу! Колькі працавала тут знакамітых скульптараў і жывапісцаў. Здаецца, апошнюю супольную імпрэзу на 25 Сакавіка летась ладзілі тут мастак Віктар Маркавец і паэт Алесь Разанаў. Словам, сапраўды месца адушаўлёнае. Цяжка ў Менску знайсьці падобны будынак, дзе б столькі выяўлялася чалавечае ініцыятывы і натхненьня. Зь іншага боку — сапраўды вартая ахвяра для цяперашняга палітычнага рэжыму. Гэта ж не абы-якая дробязь, а ўсё адно што пайсьці ў Эрмітаж і плёснуць у палатно генія кіслатою. Або ўзяць ды застрэліць Джона Ленана. Ёсьць і такі спосаб патрапіць у гісторыю — празь зьнішчэньне.

Ня ведаю, ці стаіць будынак на Дзімітрава, 3 у момант, калі Вы чытаеце гэтую газэту, ці ўжо лёг залатою купінай свайго каштоўнага друзу пад ударамі каменнае бабы.

Летась у лютым у інтэрвію намесьнік старшыні беларускага Саюзу мастакоў Уладзімер Басалыга казаў, што будынак даўно пара зносіць і што галоўны рухавік у гэтай справе — грошы. Саюзу мастакоў не цярпелася прадаць месца, на якім стаіць помнік. Сп.Басалыга шукаў інвэстара, які б забраў скрыжаваньне былой Замкавай і былой Вялікай Татарскай, а за тое пабудаваў для Саюзу Мастакоў памяшканьняў на сто тысяч даляраў. Каму — помнік і музэй, а каму — даходнае месца.

Некалі ўсю Беларусь называлі Краінай Замкаў. Ад той краіны сёньня амаль нічога не засталося. Зьнесеныя дзясяткі тых сярэднявечных замкаў, за імі адправіліся ў нябыт замчышчы, і вось цяпер у тым самым кірунку адышла менская вуліца Замкавая.

І рэч не ў чалавечай прыродзе і не ў характары гораду Менску. Такія паводзіны дыктуе эпоха — калі казаць абстрактна, і ўлада — калі казаць канкрэтна. Тая ўлада, што нішчыць беларускую старажытнасьць ня менш заўзята, чым гэта рабілі немцы ў мінулую вайну, мае толькі адно азначэньне — акупацыя. Ня хочацца лішні раз казаць моцныя словы, але факты змушаюць называць рэчы сваімі імёнамі.

Беларускія помнікі ператвараюцца ў друз дзеля таго, каб на іхным месцы так званыя “новыя рускія” куплялі сабе жытло. Хто гэтым кіруе, хто стварае такую сытуацыю, хто ўрэшце мае на гэтым зарабіць? Урад, які сёньня складаецца пераважна з прыежджых з Расеі людзей. Зь іншага боку, дзе цяпер абаронцы менскае спадчыны? Найбольш яркая постаць — Зянон Пазьняк, які некалі падымаў на абарону Верхняга гораду менскіх рабочых, — у эміграцыі. Каб не замінаў гэтаму гандлю і гэтай нажыве. Іншы раз здаецца, што і духоўны, культурны кантэкст старажытнага Менску выехаў туды разам зь ім. А тут засталіся толькі тэрыторыі і грошы, вымераць якімі кошт вуліцы Замкавай немагчыма. Дакладней, для гэтага трэба жыць не адно сёньняшнім днём, а ўмець зазіраць далёка ў будучыню. Туды, дзе ў друз будзе ператварацца сёньняшняя бязладная забудова, і на сваё месца пачнуць вяртацца старыя менскія вуліцы. Прыблізна так, як гэта адбылося ў Варшаве. Пасьля вайны.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0