Сымфанічны ў пошуках «Мэрсэдэсу»
Аркестру патрэбны дырыжор-пэдагог, дырыжор-працаголік, дырыжор-патрыёт. Кіраўніком жа паставілі Анісімава
У галоўным аркестры краіны — рэарганізацыя. Заўтра ў Генадзя Праваторава, які быў галоўным дырыжорам Дзяржаўнага Акадэмічнага сымфанічнага аркестру, сканчаецца кантракт, і Філярмонія адмаўляецца ад ягоных паслугаў. Новым кіраўніком аркестру будзе Аляксандар Анісімаў — галоўны дырыжор Опэры. Зараз ён будзе займаць адразу дзьве пасады. Дакладней кажучы, тры, бо ён працуе яшчэ й галоўным дырыжорам Нацыянальнага сымфанічнага аркестру Ірляндыі.
Апошняе дзесяцігодзьдзе нашаму сымфанічнаму аркестру не шанцавала на дырыжораў. У студзені 1991 г., не выгадаваўшы сабе пераемніка, памёр Юры Яфімаў, які стаяў на чале аркестру 20 гадоў запар. За савецкім часам у Беларускай кансэрваторыі дырыжораў не рыхтавалі. Дырыжор — гэта “кіраўнік працоўнага калектыву”, а значыць, намэнклятурная адзінка. Таму дырыжорскія кадры рыхтаваліся пераважна ў Маскве і Ленінградзе, а адтуль разьмяркоўваліся па ўсёй імпэрыі. Студэнты дырыжорскіх факультэтаў былі найчасьцей масквічамі ці ленінградцамі. З тых дырыжораў, хто ў апошнія сорак год працаваў у Менску, карэннымі масквічамі былі Аляксандар Анісімаў, Віктар Дуброўскі, Віталі Катаеў, Генадзь Праватораў. Ленінградцамі — Юры Яфімаў, Віктар Собалеў, Ігар Галаўчын.
Сьмерць Яфімава супала з абвяшчэньнем незалежнасьці. Раптам зрабілася відавочна, што ў краіне няма сваёй дырыжорскае школы. Аркестранты старэйшага пакаленьня зьвярнуліся па дапамогу да Віктара Дуброўскага, які быў галоўным дырыжорам сымфанічнага аркестру ў 1956—1962 г. Дуброўскі на той час працаваў у Смаленску ў народным аркестры. Ён быў ужо немалады чалавек, зьнішчаны хваробамі ды алькаголем, і яму зусім не хацелася мяняць лад жыцьця. Таму ён згадзіўся на прапанову менчукоў, але захаваў за сабой пасаду ў Смаленску. У Менск ён наведваўся даволі рэдка, жыў у гатэлі. З гэтага часу распачалася дэградацыя калектыву. Музыкі зьяжджалі на Захад, маладыя аркестранты ня мелі, у каго вучыцца…
У 1994 г. Дуброўскі памёр, і аркестар ізноў надоўга апынуўся бяз сталага дырыжора. Два гады гэтыя функцыі выконваў швайцарац П’ер-Дамэнік Панэл, яшчэ два — француз Міша Кац. Пасьля гэтых няўдалых досьведаў у 1998 г. на пасаду абвясьцілі конкурс. Аўтарытэтная рада выбрала Праваторава.
Цяпер, калі тэрмін ягоных паўнамоцтваў скончыўся, яго зьнялі ўжо без усялякіх дэмакратычных працэдураў. Дэмакратычная канкурэнцыя канчаткова выйшла з моды ў Беларусі.
Паводле словаў сп.Праваторава, вызначыўся ланцужок будучых кадравых перамяшчэньняў. Аляксандра Сасноўскага вызваляюць з пасады галоўнага дырыжора Музычнага тэатру. Ягонае месца зойме цяперашні галоўны дырыжор сымфанічнага аркестру Тэлерадыёкампаніі Анатоль Лапуноў. На месца Лапунова прыйдзе Генадзь Праватораў. Маэстра задаволены гэтай пераменай, бо ў яго будзе больш магчымасьцяў выконваць новыя творы беларускіх кампазытараў. У адрозненьне ад Дуброўскага, Анісімава і Каца, ён любіць і цэніць музыку нашай краіны.
Мастацкі кіраўнік Філярмоніі Юры Гільдзюк некалі захапляўся Праваторавым — бліскучым музыкам зь міжнароднай рэпутацыяй — і марыў запрасіць яго галоўным дырыжорам. Цяперака ягоная пазыцыя крута зьмянілася. Маўляў, аркестар іграе дрэнна, ангажэмэнтаў няма, заробкі малыя, музыкі губляюць кваліфікацыю на “левых” падпрацоўках. Таму Праваторава мяняюць на больш энэргічнага арганізатара — сп.Анісімава. Не сакрэт — кіраўніцтва Філярмоніі спадзяецца, што Анісімаў будзе прасоўваць наш аркестар і ягоных салістаў на замежным музычным рынку.
Апошнім часам маэстра Анісімаў жыве ў Парыжы. Ягоная біяграфія, зьмешчаная ў Інтэрнэце (http://www.rte.ie/music/nso/anissimov.html), стракаціць назвамі замежных опэрных тэатраў. La Fenice (Вэнэцыя), Teatro Comunale (Флярэнцыя), Opera Bastille (Парыж), Liceo (Барсэлёна), Opera Lyric (Сан-Францыска), Teatro Colon (Буэнас-Айрэс), Staatsoper (Гамбург). Праўда, у ніводным з тых тэатраў Анісімаў ня здолеў затрымацца надоўга. Выпадковыя ангажэмэнты, пастаноўкі расейскіх опэраў… Апошнія ягоныя дасягненьні — “Дэман” Рубінштэйна і “Князь Ігар” Барадзіна ў тэхаскай Grand Opera (Х’юстан). На Захадзе пануе наіўнае ўяўленьне, нібы расейскую музыку найлепей выконваюць расейцы. Анісімаў нарадзіўся ў Маскве, вучыўся ў Санкт-Пецярбурзе, у біяграфічных даведках фігуруе як расейскі дырыжор.
У 1998 г. яго прызначылі галоўным дырыжорам Нацыянальнага сымфанічнага аркестру Ірляндыі — рэспэктабэльнага, хоць і далёка ня лепшага ў Эўропе. Аднак ірляндзкая рэспэктабэльнасьць нічым не дапамагла нашай опэры і балету, дзе Анісімаў па-ранейшаму — галоўным дырыжорам. Большую частку сэзону маэстра за мяжой, а Беларуская опэра для яго — як запасны аэрадром. Яго церпяць, бо ў яго ёсьць харызма, якая прыцягвае публіку і забясьпечвае тэатру рэнамэ.
Аднак Опэра яшчэ паддаецца дыстанцыйнаму кіраваньню, бо там ёсьць дырыжоры і канцэртмайстары, здольныя ўзяць на свае плечы ўвесь цяжар падрыхтоўчае працы. А аркестар ня можа існаваць без аднаасобнай, жорсткай дыктатуры мастацкага кіраўніка. Нашаму Сымфанічнаму патрэбны дырыжор-пэдагог, дырыжор-працаголік, дырыжор-патрыёт, які будзе рупіцца найперш пра аркестар і толькі потым — пра асабістую кар’еру. Дырыжор, які будзе працаваць з аркестрам штодня. Анісімаў — мастацкі лідэр зусім іншага кшталту — капрызная заежджая зорка.
21 чэрвеня ён дэманстраваў свой талент у Філярмоніі, на чале Дзяржаўнага Акадэмічнага сымфанічнага аркестру, які хутка апынецца пад ягонай апекай. Ніякай геніяльнасьці ў тым, што гучала, я не заўважыла. Уражвалі хіба прыдбаныя дырэкцыяй новыя крэслы і пульты для аркестру. Нарэшце нашая філярманічная сцэна глядзіцца імпазантна.
Анісімаў прапанаваў менчукам цікавую праграму, якая складалася выключна з расейскай музыкі. У першым аддзяленьні гучалі творы, натхнёныя праваслаўнай містыкай: аркестравыя фрагмэнты з опэры М.Рымскага-Корсакава “Легенда пра нябачны горад Кіцеж і дзяўчыну Фэўронію” і кантата С.Танеева “Іаан Дамаскін”. У другім аддзяленьні — творы з прысмакам сатанізму: “Рапсодыя на тэму Паганіні” С.Рахманінава і “Паэма экстазу” А.Скрабіна. Аднак у выкананьні маэстра Анісімава аніякай боскасьці ані сатанінства не адчувалася. Музыка была прасякнутая абыякавасьцю й душэўнай стомай. У ёй не было пасылу. Нібы для манэкенаў, а не для людзей ігралася.
Аднак людзі ў залі не хацелі быць манэкенамі. Яны з энтузіязмам пляскалі ў далоні і гукалі “брава”. “Нашая публіка па-дзіцячаму наіўная і часта пляскае недарэчы”, — сказаў неяк маэстра Анісімаў у праграме “Карамболь”. Відаць, яму незразумелы той інстынкт культуры, якім кіруюцца нашыя людзі. Беларуская публіка пляскае ў далоні, бо адчувае патрэбу дапамагаць высокай культуры. Людзі разумеюць, што сапраўдны гонар краіны — гэта ня войска, не футбольная каманда, а тэатры, музэі, аркестры, мова, культура. Рана ці позна гэты факт усьвядомяць і нашы чыноўнікі. Тады й грошы на культуру знойдуцца. І ня трэ будзе арыентавацца ні на Захад, ані на Ўсход. Ня трэ будзе шукаць “паравозу” ў асобе Панэла, Каца ці Анісімава.
“Я вам не “Мэрсэдэс”, — сказаў маэстра Кац, калі яго ўпікалі, што ён ня возіць аркестру на гастролі. І меў рацыю. Цягам апошніх дзесяці год нашыя аркестранты жылі ў надзеі на дырыжора, які забясьпечыць іхны дабрабыт праз замежныя ангажэмэнты. Надзея ня спраўдзілася. Хіба ня варта пашукаць нейкіх іншых шляхоў?
Зрэшты, у прызначэньні Анісімава ёсьць і пазытыўны бок. У адсутнасьць маэстра з аркестрам будуць працаваць маладыя дырыжоры, якія вучыліся ці вучацца ў Акадэміі музыкі.
Юлія Андрэева