БІБЛІЯТЭКА

 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

М.Багдановіч. Поўны збор твораў у 3 т. Т. 3. Публіцыстыка, лісты, летапіс жыцьця й творчасьці / 2-е выд. — Менск: Беларуская навука, 2001. — 461 с. — Наклад 1500 ас. ISBN 985-08-0448-3

У выходных зьвестках і на тытульным аркушы выдавецтва пазначанае як “Белорусская наука” — нібы па-беларуску напісаць боязна…

В.Быкаў. Балота. Знак бяды: Аповесьці. — Менск: ГА “Беларускае тав-ва “Кніга”, 2001. — 496 с.: іл. — (Народная бібліятэка). — Наклад 4000 ас. ISBN 985-6605-06-7

Выданьнем выбраных твораў Васіля Быкава адкрываецца новая кніжная сэрыя “Народная бібліятэка”, галоўным рэдактарам якое — Ніл Гілевіч. Прадмову да кнігі В.Быкава напісаў Міхась Тычына. Каштуе 1,3 т.р.

Гістарычны шлях беларускай нацыі й дзяржавы=The History of the Belarusan Nation and State / Рэд. калегія: М.Біч, Р.Гарэцкі, У.Конан, У.Арлоў ды інш.; Пер. у анг. мову Т.Вінярская. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2001. — 348 с.: іл. — Наклад 700 ас. ISBN 985-6638-27-5

Кніга вялікага фармату, выдадзеная да ІІІ Зьезду беларусаў сьвету. Складаецца з разьдзелаў: “Нацыя”, “Дзяржава”, “Культура”, “Беларусь на мяжы тысячагодзьдзяў”. Зьмешчаныя дакумэнты, што сьведчаць пра станаўленьне й разьвіцьцё беларускае дзяржаўнасьці за тысячагодзьдзе. Гісторыя Беларусі рэпрэзэнтаваная ў табліцах і схемах. Зьмешчаны сьпіс валадароў Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага, ураднікаў БНР, БССР і РБ, кіраўнікоў КПБ. Палову кнігі складае ілюстрацыйны матэрыял. Усе беларускія тэксты дублююцца па-ангельску.

Загародзьдзе-3: Матэрыялы навукова-краязнаўчай канфэрэнцыі “Палесьсе ў ХХ ст.” (1-4 чэрвеня, Беласток) / Укл. і аг. рэд. Ф.Клімука, А.Энгелькінг, В.Лабачэўская. — Менск: Тэхналёгія, 2001. — 320 с. — Наклад 320 ас. ISBN 985-458-034-2

Сярод найцікавейшых матэрыялаў зборніка: Ф.Клімчук “Моўная сытуацыя ў берасьцейска-пінскім Палесьсі ў ХІХ—ХХ ст.”, Г.Цыхун “Пра заходнепалескую літаратурную мікрамову”, А.Квачук “Ваенна-палітычная сытуацыя на Палесьсі ў 1918—19 г.”, Г.Церабунь “Архіўныя крыніцы й друкаваныя выданьні да гісторыі Палесься міжваеннага пэрыяду ў зборах Дзяржаўнага архіву Берасьцейскае вобл.”, А.Трафімчык “Рэарганізацыя школьнае сеткі Заходняе Беларусі ў 1939—41 г.: нацыянальны аспэкт”, І.Яленская “Нямецкая палітыка ўкраінізацыі беларускага Палесься ў 1941—44 г.”

Кантакты й дыялёгі. № 4-5 (64), 2001. — Менск: ГА “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў”, ГА “Беларускае тав-ва дружбы й культурных сувязяў з замежнымі краінамі”, 2001. — 64 с. — Наклад 299 ас.

Выпуск прысьвечаны колішняму рэдактару парыскае “Kultury” Ежы Гедройцу.

Тэорыя й мэтодыка разьвіцьця беларускага маўленьня дашкольнікаў. — Менск: Тэхналёгія, 2000. — 223 с. — Наклад 1000 ас. ISBN 985-458-019-9

Дасьледуецца праблема навучаньня беларускіх дзетак роднае мовы ў варунках панаваньня расейскае. Каштуе 6,3 т.р.

 

Новы ARCHE

Пытайцеся ў кнігарнях і шапіках “Белсаюздруку”

Ён найтаўсьцейшы за ўсю гісторыю часопісу. У ім 320 старонак. Яго тэма – нацыяналізм. Прадмову да яго напісаў Сяргей Дубавец.

 

У рубрыцы “Кніга” ў нумары — “Маніфэст” славутага амэрыканскага тэрарыста-адзіночкі Ўнабомбэра.

У тэме: праца палітоляга Ўладзімера Роўды “Вытокі нацыяналізму», артыкул Сяргея Екельчыка «Нацыяналізм беларусаў, славакаў, украінцаў», эсэ Сакрата Яновіча “2+2=4”, Вінцэсь Мудроў “Успаміны пра «Блакітны ліхтар».

Для аматараў інтэлектуальнай чытанкі: артыкул амэрыканскага славіста Эдварда Кінана, які пераканаўча даказвае, што “Слова пра паход Ігараў” — гэта фальшыўка. Дасьледаваньне пецярбурскага навукоўца Андрэя Катлярчука, прысьвечанае Браншчыне беларускай. Сяргей Варыводзкі піша аб праблеме абортаў, Тодар Копша зьвяртаецца да творчасьці Сьвятланы Алексіевіч, Кастусь Травень аналізуе прозу Ігара Сідарука.

Для аматараў літаратуры: падборка сьвежае постмадэрнісцкае прозы. У ёй: апавяданьне нашаніўца Сяргея Балахонава «Сьмерць лютністы», досьлед старшыні беларуска-індзейскага таварыства Алеся Сімакова «Рэзэрвацыі сьвядомасьці», фантазійныя ўспаміны апошняга жывога слуцкага паўстанца Алеся Яцэвіча (Змагара) «Сьцежкі-дарожкі». Аматары клясычнага пісьменства з асалодаю адкрыюць для сябе новыя пераклады з Гесэ, Бёля, Гербэрта, а таксама верш у прозе Юрася Бушлякова “Лазьня”. Як заўжды ў “ARCHE” — новы, апошні верш Андрэя Хадановіча.

Багатыя і разнастайныя архіўныя матэрыялы нумару. “Хроніка гурту “Мроя” Сержука Сахарава будзе цікавая ня толькі фанатам беларускага року, як і лібрэта опэры Натальлі Арсеньневай “Лясное возера” — ня толькі аматарам опэры. Друкуюцца таксама дасьледаваньне Ільлі Куркова пра першыя гады калектывізацыі Заходняй Беларусі і ліставаньне дзеяча беларускай эміграцыі Сьцяпана Шнэка.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0