Уладзімер Содаль

Рыбак і паляўнічы

 

Янка Лучына — патомны мянчук. Ён нарадзіўся і гадаваўся ў Менску. Хрысьцілі яго 25 чэрвеня 1851 г. у Менскім рымска-каталіцкім катэдральным касьцёле. Бацькі ягоныя жылі на колішняй вуліцы Юраўскай, па адных зьвестках — на 1877 г., у доме Лапіцкага, па іншых — на 1880 г. — мелі свой дом, свой двор на Юраўскай, 23. Вуліца гэтая колісь ішла між Захараўскай і Хрышчэнскай (цяпер праспэктам Скарыны і Інтэрнацыянальнай). Побач з Хрышчэнскай вуліцай быў саборны пляц з катэдральным рымска-каталіцкім касьцёлам, праваслаўнымі сьвятынямі. Яшчэ бліжэй быў мур Петрапаўлаўскага сабору.

На рагавіку Хрышчэнскай колісь жылі Манюшкі. На схіле гары, бліжэй да рэчкі — Ваньковічы. Вось у такім месьце й гадаваўся Янка Лучына. Што ж яго, гарадзкога юнака, інжынэра-чыгуначніка, народжанага ў самым цэнтры Менску Губэрнскага, скіравала да творчасьці на не прызнанай афіцыйна мове? Адным з такіх імпульсаў, штуршком быў прыезд у Менск украінскага тэатру. Спэктаклі на ўкраінскай мове ўзрушылі менскага юнака, і ён адгукнуўся на гэта сваім шчырым вершам па-беларуску — “Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова”:

Дзякую Вам, брацікі, сястрыцы

родныя!

За Вашы хвацкія песьні народныя,

За тую гутарку Вашу вясковую,

За праўду сьветлую, за праўду новую!

...Яе ж паслышыць наша старонка!

Сьпявайце ж, братцы, сьмела і звонка:

Ня згіне песьня і Ўкраіна!

Будзьце здаровы!

Янка Лучына.

 

“Минскій листокъ”

На Юраўскай, недалёка ад дому Янкі Лучыны знаходзілася рэдакцыя газэты “Минскій листокъ”. Яна мела літаратурны дадатак, у якім друкаваліся Лучынавы беларускія вершы.

Карыстаўся ў менчукоў папулярнасьцю і “Альманах Северо-Западного календаря”. Менавіта ў ім на 1862 г. быў надрукаваны адзін з найлепшых Лучынавых вершаў “Роднай старонцы”, пра які шчэ будзе гаворка ў гэтым артыкуле.

Літаратурны дадатак да менскага календара з публікацыяй беларускіх вершаў Янкі Лучыны, паводле слоў Аляксандра Ўласава, быў сапраўдным адкрыцьцём: “Адкрылі цэлы народ, каторы займаў гэтую зямлю”. Лучынаў верш “Роднай старонцы” быў беларускім гімнам, беларускай візытоўкай. Яго цытавалі, ставілі эпіграфам да грунтоўных прац (прыкладам, да “Беларусаў” Яўхіма Карскага).

Янка Лучына быў трохмоўным паэтам: пісаў па-польску, расейску і па-беларуску. Псэўданімам Янка Лучына паэт падпісваў свае беларускамоўныя творы, польскія, адпаведна, — Ян Неслухоўскі, расейскамоўныя — Іван Неслухоўскі.

Пісаць па-беларуску Янка Лучына пачаў пад уплывам культуразнаўчае аўры, што пачала складвацца ў Менску на тую пару. Тут зьявіліся такія рупліўцы, як Аляксандар Слупскі — выдавец “Паўночна-Заходняга Календара”; Фоцінскі — рэдактар; гісторык Мікола Татур; археоляг Андрэй Сьнітка; фальклярыст і этнограф Доўнар-Запольскі.

 

Першая кніжачка
ХХ стагодзьдзя

У 1897-м Янка Лучына памёр. Але думка пра выданьне ягоных беларускіх твораў не пакідала сымпатыкаў ягонай творчасьці. За гэта ўзяліся найперш маладзейшыя, нацыянальна сьведамыя беларусы, выгадаваныя на ягонай паэзіі. І найперш Іван і Антон Луцкевічы.

Гэта зь іхняй рупнасьці ўбачыла сьвет Лучынава “Вязанка”. Назву яе браты Луцкевічы вылушчылі з Лучынавага вершу “Пагудка”:

Назьбіралась вязаначка на дар маёй

браці

Сярэдзь нашых палей, лясоў, сярэдзь

сенажаці.

Не для зыску зьбіраліся і ня дзеля

хвалы,

Так — папросту, як зьбіраем зельле ў

дзень Купалы.

 

“Вязанка”

Зборнік Янкі Лучыны “Вязанка” быў выдадзены “Гуртком Беларускае народнае асьветы”, які заснавалі ў канцы 1902 г. у Пецярбургу Іван і Антон Луцкевічы. Сам Антон Луцкевіч пра гэта згадвае так: “Арганізацыя на першым месцы ў сваёй праграме паставіла: друкаваньне беларускіх чытанак і тварэньне беларускай школы для народу. Пачалі зьбіраць складкі, ладзіць вечарыны, ды гэтак злажыўся невялікі фонд, зь якім мы і прыступілі да друку “Вязанкі” Янкі Лучыны (у 1903 г.). (Ан. Луцкевіч “За дваццаці пяці гадоў (1903-1928). В., 1928)

Сяргей Палуян у сваіх “Лістох у будучыню” паведамляў, што зборнік Янкі Лучыны выйшаў на сродкі ад вечарыны, якая адбылася ў Менску. Паказвалі “Пашыліся ў дурні” Крапіўніцкага.

Цэнзура дазволіла друкаваць “Вязанку” Янкі Лучыны 24 красавіка 1903 г. Беларуская мова на пачатку стагодзьдзя была пад забаронай. Выдаўцы ўвялі цэнзуру ў зман, сказаўшы, што яны выдаюць кніжачку на баўгарскай мове. Ня ўсе водгукі на Лучынаву кніжку былі зычлівыя. Скажам, газэта “Могилевский вестник” у артыкуле “Брашура на беларускай мове” (1906, №76) пагардліва называла паэтычны зборнік “Вязанка” Янкі Лучыны “псэўданароднай літаратурай”, якую нібыта ніхто не разумее.

Першае выданьне “Вязанкі” даўно стала рэліквіяй. Адзін яе асобнік маю ў сваім зборы і я. Да мяне ён прыйшоў ад Алеся Разанава гадоў зь дзесяць ці болей таму. А да яго — зь Вільні, ад сваякоў кнігара Янкі Станкевіча.

У 1992 г. выдавецтва “Мастацкая літаратура” перавыдала факсымільна Лучынаву “Вязанку”, і новыя пакаленьні чытачоў маюць мажлівасьць далучыцца да шчырай, трапяткой Лучынавай паэзіі.

 

Пошук ценяў

Блукаю, сную цяперашнімі вірлівымі менскімі вуліцамі, шукаю сярод сучасных гмахаў са шкла ды бэтону, між непрыкаянай нашай мітусьні якіхсь Лучынавых сьлядоў. І гэта мне калі-нікалі ўдаецца.

Вось у нізовіне за Палацам прафсаюзаў ацалела колькі трохпавярховых мураванак. Гэта, кажуць, рэшта колішняй Юраўскай. Дзесь поблізу жылі Неслухоўскія. Ацалела амаль і ўся колішняя Хрышчэнская — суседка Юраўскай. Шмат чаго ацалела з Лучынавых часоў і на былой Саборнай — зараз гэта Пляц Волі. Ацалеў і колішні Аляксандраўскі сквер. Праўда, ён шмат чаго страціў, зьмяніўся. Зьнікла ўкраса саду — арыгінальная каплічка. Але застаўся фантан “Амур зь лебедзем”. Ён памятае Янку Лучыну. Гэтым фантанам ён не адзін раз цешыўся. Глядзеў на яго сваімі задуменнымі вачыма і бачыў у гэтай кампазыцыі якуюсь цноту і хараство жыцьця.

Пошук Лучынавых ценяў калі-нікалі спараджаў і самыя розныя прывіды Лучынавай постаці...

...Вось ён ідзе Захараўскай вуліцаю на службу. У тэхнічнае бюро. Ён яшчэ пры здароўі. Хада нетаропкая, паважная, у рытме тагачаснага места...

...А вось ён мне мільгануўся на Белацаркоўным беразе Сьвіслачы. Вудзіць рыбу... Янка Лучына быў заўзяты рыбак і паляўнічы.

А вось ён на юраўскім панадворку ля весьнічак. З мыліцамі.

Токі

Янка Лучына памёр 16 (за старым стылем 28-га) ліпеня 1897 г. Пахавалі яго на менскай Кальварыі, дзе ўжо спачывалі ягоны бацька, маці ды іншыя родныя.

Маленькі акропаль Неслухоўскіх, зусім побач са сьвятыняй. Менавіта гэты род даў першага зь менскага гарадзкога асяродзьдзя беларускага песьняра. Янка Лучына — Іван Неслухоўскі — першы беларускамоўны менскі пясьняр.

Магілка яго ацалела, і ў памяркоўным стане. У менчукоў ёсьць добрая нагода яе наведаць.

А дзе ж нашчадкі Неслухоўскіх? Ці жыве дзе хто? Вось гэтага якраз ніхто ў Беларусі ня ведае... Жыў-быў у нашым старым Менску Губэрнскім слынны шляхетны род Неслухоўскіх, і раптам з гэтага роду нікога! Гэта ўжо трагедыя. І ня толькі роду Неслухоўскіх, але ўсяго нашага краю, нашай культуры.

 

Лучынавы промні на старонках “НашаЙ Нівы”

Імя Янкі Лучыны не сыходзіла са старонак першай легальнай беларускай газэты. Чытачы “НН” шукалі ў Лучынавай паэзіі падмогі, духоўнага аптымізму. Для прыкладу згадаем адзін, найбольш яскравы ліст, які быў апублікаваны ў “Нашай Ніве” 15 (23) кастрычніка 1909 г.

Ліст да рэдакцыі

“Мы, сыны Белай Русі, пасылаема сваё гарачае прывітаньне зь “цёплых вод” ... Шукаючы сьвету навукі, мы апынуліся без малога за 2700 вёрст ад роднай старонкі, на берагу Чорнага мора. ...Не пачуеш тут, як дома, свайго роднага беларускага слова, і ад гэтага яно яшчэ даражэйшым нам сталася. Мы на чужыне вучымся яшчэ мацней шанаваць яго і не забываць. Вялікая ўцеха нам тут — гэта газэта “Наша Ніва” зь яе роднай мовай, зь яе весьцямі аб родных вёсках, аб жыцьці нашых далёкіх бацькоў і братоў. Ад душы дзякуем рэдактару газэты, каторы ўзяў на сябе вялікі цяжар сяўбы сьвету і праўды па цёмных вуглох, дзякуем супрацаўнікоў і шлем вам найлепшыя жаданьні. Мы заўсёды будзем удзячны вам за вялікую вашу культурную працу. ...Пры такой працы не замарудзяць споўніцца словы нашага нацыянальнага песьняра, каторы, вяшчэбным вокам відзячы людзей, саўсім адданых падняцьцю грамадзянскай сьвядомасьці беларусоў, сказаў:

“Сонца навукі скрозь хмары цёмныя

Прагляне ясна над нашай ніваю,

І будуць жыці дзеткі патомныя

Добраю доляй, доляй шчасьліваю!”

Вучні Феадасійскага Вучыцельскага Інстытуту:

Сымон Рак (Віленск. губ.), Андрэй Якубоўскі (Гарадз. губ.), Міхась Багданскі (Віленск. губ.), Янук Юрынок (Менск. губ.), Цімафей Кулаеў (Магілёўск. губ.), Ф.Яленскі (Магілёўск. губ.)

“НН”, 15(28).Х.1909 г.

 

“Свабода”, “Наша Доля”, “Наша Ніва”...

Незалежны беларускі друк ХІХ ст. пачынаўся з газэтаў “Свабода”, “Наша Доля”, “Наша Ніва” (імі ж і канчаўся). Усе гэтыя назвы вылушчаныя з апошняй страфы Лучынавага верша “Роднай старонцы”, які вышэй цытаваўся: “Сонца навукі скрозь хмары цёмныя...”.

Калі ўважліва ўгледзецца ў гэтыя радкі, ня цяжка вылучыць словы, якія падказалі заснавальнікам назвы для першых беларускіх газэтаў. Возьмем першыя словы зь першага радка. У арыгінале ў Янкі Лучыны было ня “Сонца навукі”, а “Сонца свабоды...”. Пра гэта сьведчыць у сваёй кнізе “Крокі гісторыі” Аўген Калубовіч: “...прафэсар Эпімах-Шыпіла апавядаў, што рэдактар “Северо-Западного календаря” на 1892 г. А.Слупскі дзеля цэнзурных умоваў у апошняй страфе верша Янкі Лучыны “Роднай старонцы”, ...змушаны быў слова “свабода” замяніць на “навука” (як яно й друкуецца дагэтуль). Але людзі ведалі арыгінал вершу, і ледзьве выдалася мажлівасьць наладзіць выданьне беларускай газэты, ім згадаўся Лучынаў радок з словамі “свабода”. Радок з “Добрай доляй...” падказаў назву “Наша Доля”, а словы з радку “над нашаю ніваю” спарадзілі, падказалі назву “Наша Ніва”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0