Самы доўгі ў сьвеце мацерыковы тунэль быў адчынены ў пятніцу ў Швайцарыі. Першы цягнік праехаў праз 35‑кілямэтровы тунэль, што злучае Фрутыген у кантоне Бэрн з Рарон у кантоне Валаіс.

Тунэль, які быў пабудаваны на працягу васьмі год за 4,3 млрд. швайцарскіх франкаў, скароціць час язды цягнікоў зь Італіі ў Нямеччыну з трох гадзінаў да няпоўных дзьвюх. Таксама ён дазволіць лыжнікам хутчэй даяжджаць да швайцарскіх курортаў — замест 110 хвілінаў за 55. Дапушчальная хуткасьць язды ў тунэлі складае 160 км у гадзіну ў выпадку таварных цягнікоў i 250 км у гадзіну — у выпадку пасажырскіх. Новы тунэль пабіў па даўжыні стары рэкорд — 26,5 км — што належаў тунэлю Хакода у Японіі. У сьвеце існуюць цяпер толькі два даўжэйшыя за яго падводныя тунэлі — у Японіі i тунэль пад каналам Ля‑Манш.

Вольга Данішэвіч, паводле gazeta.pl