Штучны сьнег

Зацемкі

1.

Небарака Рыгоравіч! Газэты зьмясьцілі без камэнтараў: АРЛ сабраўся ўлетку бегчы на лыжах ад Круглай плошчы да помніка Леніну — няхай, маўляў, незалежная мэдэкспэртыза спраўдзіць — хто самы здаровы з прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкае крэсла. А, па-мойму, нічога незвычайнага. Па сталінскай традыцыі, 3 ліпеня на парадзе які ўжо год рушаць спартоўцы. Тыя ж лыжнікі, біятляністы. Хто імітуе язду па сьнезе, хто, можа, на якіх ролікавых лыжах гойсае. Вось для Рыгоравіча і няма розьніцы — што зіма, што лета, бо лыжнікі ўздоўж трыбуны ўсё адно рухаюцца.

Альбо, калі ёсьць штучны лёд — столькі палацаў набудавана, — дык чаму ў нашай краіне немагчымы штучны сьнег? Уяўляеце: зьбіраецца строгае міжнароднае журы — з удзелам Самаранча, Віка, Барадзіна, Кофі Анана і гэтак далей, а Скарынаўскі праспэкт засыпаюць штучным сьнегам. І — гайда хлопцы! Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка — пад нумарам першым! — захлынаецца ад захапленьня камэнтатар Навіцкі. Сьледам, зь вялікім адрывам, Гайдукевіч, Машэрава... Урэшце, варта ведаць сваю гісторыю. Радзівілы ж калісьці езьдзілі ў санках улетку! Ніхто іх за гэта дурнымі не называў, толькі самадурамі. Столькі солі высыпалася на дарогу! Штучнага сьнегу тады не было. Затое сяляне маглі ўзяць бясплатнай солі. Менчукі таксама штучнага сьнегу змаглі б атрымаць, я думаю. Улада напярэдадні выбараў усё раздае шчодра — стыпэндыі, танныя кватэры, здароўе, шчасьце і іншыя даброты, ад якіх адмовіцца цяжка.

2.

Лінія фронту. Штаб фронту. Эшалянаваная аброна. Яшчэ нядаўна савецкае кіно і кнігі былі пераважна пра гэта. Людзі, якія экранізавалі “У жніўні 44-га”, забыліся, напэўна, што пра чырвоную-савецкую армію існуе тысяча й адзін фільм. БТ, нашае непераўзыдзенае БТ абвяшчае прэм’ерны паказ экранізацыі “44-га жніўня”, па-рэклямнаму навязьліва паўтараючы, што зьняты фільм “пад патранатам” знаўцы кіно Аляксандра Рыгоравіча. А значыцца, маўляў, посьпех забясьпечаны.

Разрэклямаваная экранізацыя атрымала ўсяго толькі прыз другога аматара кіно — Пуціна, які нават не прысутнічаў на фэстывалі. Прафэсіяналы праігнаравалі “Жнівень”. Спазьніліся ягоныя аўтары гадоў на 20 з экранізацыяй. Затое якраз трапілі са сваёй прапановай на палітычную кухню АРЛ.

3.

Гэтым разам лінія фронту супала зь дзяржаўнай мяжою. Дзесьці рабіліся ўяўныя мінныя палі, нацягваўся калючы дрот, жаўнеры рылі акопы... На суседнюю украінскую тэрыторыю заехаў “вораг”. Чый вораг? Вораг Алексія ІІ. А мы тут пры чым? А пры тым, што ворагаў для нас вызначае Рыгоравіч. Ён — як бы намесьнік Алексія па палітычнай частцы ў Рэспубліцы. Дзікунства ўсё гэта, адгалоскі халоднай вайны. Толькі замест азызлых савецкіх маршалаў уздоўж межаў езьдзіць Рыгоравіч з царкоўнымі ярархамі.

І з другога боку — мяккі, чалавечны твар Папы Рымскага. Людзкія яго словы, заклікі да паяднаньня ўсіх людзей. А не амаль расісцкія развагі пра нейкую ўяўна-выключную місію славянаў, пра іхную “вядучую ролю ў маральным аднаўленьні сьвету”. Божа ж мой, і людзі ўчорашняга дня спрабуюць адрадзіць духоўнасьць, выкарыстоўваючы нават хлусьню. 80% беларусаў — праваслаўныя?! Ды хутчэй 80% — атэісты! Палічыце, колькі людзей вераць у Бога, колькі наведваюць тыя праваслаўныя цэрквы! І пры гэтым відавочнае неразуменьне сытуацыі. Алексій і Папа Рымскі — постаці рознага ўзроўню. Першы — як бы кіраўнік міністэрства рэлігіі суседняй дзяржавы. Другі — галава невялікай, але вельмі ўплывовай у сьвеце дзяржавы Ватыкан. Нездарма нават сябра АРЛ — Фідэль, якому зусім не патрэбныя былі масавыя вулічныя набажэнствы, гэтак дамагаўся прыезду Яна Паўла ІІ на Кубу.

4.

Ці памятаеце тэлесэансы доктара Кашпіроўскага? Штосьці ён такое прыемнае гаварыў, лагоднае, станоўчае. Ня буду тут узгадваць зусім супрацьлеглыя выступы Рыгоравіча. Толькі згадаю супэргіт БТ, называны ў народзе “тайнымі спружынамі прэзыдэнцкага матрацу”. Там паказваюць розныя жахі: вядзьмаркі вараць атруту, чэрці скачуць, варушыцца кубло гадаў... А голас за кадрам распавядае ўсякую лухту пра непрыхільнікаў АРЛ. Цяжка зразумець, ці гэта паказваюцца жудасныя сны Рыгоравіча, ці гэта — мроі саміх аўтараў? Напэўна, аўтары пачалі зьяжджаць з глузду . Але самае жахлівае, што іхная мэта — запалохаць, зьбіць з тропу гледачоў, каб у тых “дах паехаў”.

У самай пісьменьніцкай кнігарні сталіцы вы ня купіце партрэта пісьменьніка. Ні Янкі Купалы, ні Шэксьпіра. А вось Рыгоравіча — колькі хочаш! Розных памераў і заўжды танна. І гэтак у кожнай кнігарні — дзяржаўнай ці прыватнай, па ўсёй Беларусі. У адной гарадзенскай партрэты АРЛ — на паліцы побач з мастацкімі альбомамі — Рэмбрандт, Пікасо. Праўда, тут жа і кніга аб тэхніцы сэксу — са сплеценымі целамі на вокладцы. Карацей — самыя бэстсэлеры.

5.

Чытаю віншаваньне “дарагім землякам” ад гарадзенскіх аблвыканкаму, аблсавету, гарвыканкаму і гарсавету і вачам ня веру: “3 ліпеня — гістарычная дата вызваленьня рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Што яны там, усе з глузду зьехалі? Горадня была вызвалена 16 ліпеня, г.зн., амаль праз два тыдні. І дата гэтая раней адзначалася ў горадзе тымі ж самымі ўладамі. Ці Горадня — не беларускі горад? Ну, “памыліўся” Рыгоравіч, абвясьціўшы дату вызваленьня гораду датай вызваленьня краіны. Але ж ня трэба, як попкам, паўтараць няпраўду. А можа мясцовым уладам напраўду Горадня, як ейнаму сёньняшняму бургамістру, уяўляецца “маленькім Ватыканам” і “маленькай Швайцарыяй”? Маўляў, прычым тут Беларусь?

Сяргей Максімовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0