Джаз для аматараў Шапэна

У Музычным тэатры адбыўся джазавы канцэрт вакалісткі Лоры Шафран і трыё Анджэя Ягадзіньскага. Канцэрт ладзіўся ў межах міжнароднай музычнай акцыі часопісу “Jazz Forum” і Польскіх інстытутаў у Менску, Маскве і Санкт-Пецярбургу.

Напачатку трыё Ягадзіньскага грала Шапэна. Анджэй Ягадзіньскі — вядомы ў Польшчы шапэніст. Ён працаваў у сымфанічным аркестры Польскага радыё, з найлепшымі джаз-гуртамі аб’езьдзіў паўсьвету. У 1993-м ён заснаваў свой уласны гурт — Andrzej Jagodziński trio.

Гурту Ягадзіньскага ўдалося захаваць распазнавальнасьць шапэнаўскіх мэлёдыяў і адначасова расквеціць іх усімі фарбамі сучаснага джазу. Захаваўся нават своеасаблівы стыль музычнага мысьленьня, уласьцівы Шапэну. Гэта й ня дзіва, бо менавіта Шапэн быў праўдзівым вынаходнікам джазавага сьвінгу.

Праўда, у сольных эпізодах, дзе шапэнаўская музыка гучала амаль у натуральным выглядзе, Яга-дзіньскаму не ставала прафэсійнага піянізму. Гэта было асабліва выяўна для тых, хто знаёмы з фартэпіянным майстэрствам польскага джазавага піяніста Кшыштафа Хердзіна, дэбютны альбом якога таксама называўся “Chopin”. Увогуле, Шапэна выконваюць многія польскія джазмэны. Дастаткова ўзгадаць кружэлку “Ўражаньні з Шапэна” піяніста Лешэка Можджэра (1999), а таксама кружэлку з аранжаваньнямі шапэнаўскіх твораў для клярнэта і струннага аркестру, выдадзеную Кшыштафам Хердзіным і Збышкам Намыслоўскім у 1999 г., калі адзначаліся 150-я ўгодкі з дня сьмерці Шапэна.

Кружэлку “Толькі Шапэн” выдала ў 1999-м і сьпявачка Лора Шафран, якая выступала 26 чэрвеня разам з трыё Ягадзіньскага. Яна папросту сьпявае цэлыя п’есы зь немудрагелістым паэтычным тэкстам з пачатку да канца. Выконвала яна свае старыя гіты — “Lonesome Dancer” (“Самотны танцор”) і “You’ve Changed” (“Ты зьмяніўся”). Як на мой погляд, гэта было аж занадта традыцыйна, а публіцы спадабалася.

Увогуле, сустрэчы з польскім джазам паступова робяцца ў нас звыклымі. Прыгадваецца верасьнёўскі канцэрт саксафаніста Зьбігнева Намыслоўскага зь ягоным квартэтам. Канцэрт адбываўся таксама ў памяшканьні Музычнага тэатру, разам з кірмашом джазавых часопісаў, плякатаў і кампакт-дыскаў.

Квартэт Намыслоўскага грае толькі творы самога Намыслоўскага — унікальны канглямэрат джазу, фальклёру, польскай клясыкі, папулярнай эстрады, рок-музыкі ды іншых плыняў, якія часам не паддаюцца дакладнаму акрэсьленьню. Аднак ягоная гра — у адрозьненьне ад ігры Ягадзіньскага — крыху расчаравала. На працягу ўсяго вечара Намыслоўскі граў бездакорна — але ня болей за тое. Больш мяне ўразіла тады майстэрства пэркусіста Гжэгажа Гжыба. Час ад часу я адчувала сапраўдную прыкрасьць ад таго, што ўсталяваная ў залі сыстэма відэапраекцыі не дазваляла ўбачыць ягоную “кухню” — г.зн., спосаб здабыцьця адмысловых, цалкам незвычайных гукаў і рытмаў. Але найболей спадабаліся тыя абэркі, куявякі, мазуркі, у якіх лунаў шапэнаўскі дух.

Можна шчыра пашкадаваць, што сустрэча сёньняшняга беларуса зь легендамі польскага джазу адбылася так позна.

Бо для пакаленьня нашых бацькоў польскі джаз быў такім сама глытком свабоды, як польскае тэлебачаньне ў Берасьці і Горадні, як часопіс “Przekrój” ці дэманстрацыі польскіх модаў. Нешматлікія менскія фаны (з тых, хто дэманстрацыйна шпацыраваў па праспэкце з газэтаю “Жэньмінь Жыбао” ў руках) паважна паўтаралі імёны смычкоўцаў Міхала Ўрбаняка і Зьбігнева Сэйфэрта, трубача Томаша Станькі, сьпявачкі Ўршулі Дудзяк... Гэта было задоўга да джазавых перадачаў “Голасу Амэрыкі” з камэнтарамі Ўіліса Кановэра.

А ў жніўні 1956 г. палякі зладзілі ў Сопаце Першы фэстываль джазавай музыкі, у часе якога адбыўся й першы ў нашае частцы Эўропы “новаарлеанскі паход”. Па вуліцах курортнага гораду маршыраваў стыхійны маляўнічы натоўп джазавых фанаў біў у барабаны, трубіў у трубы, выгукваў лёзунгі на “імпэрыялістычнай” мове. У гэтым натоўпе быў і 18-гадовы Марэк Карэвіч, і 16-гадовы Зьбігнеў Намыслоўскі...

Менавіта гэтак усё і пачыналася. Цяпер мы бачым плён шматгадовага натуральнага разьвіцьця джазавай культуры ў суседняе Польшчы. Самабытнасьць. Польскасьць. Цікавыя сынтэзы жанраў.

Шкада, што ў параўнаньні з польскай нашая джазавая культура разьвіваецца неяк запаволена. Пад націскам папсы і псэўда-фальклёру людзі страцілі традыцыю музыкаваньня і сьпяваньня.

У дзень леташняга канцэрту — 9 верасьня — Збышку Намыслоўскаму споўніўся 61 год. З гэтае нагоды дырэктар Польскага інстытуту сп.Цэзары Карпіньскі папрасіў публіку засьпяваць традыцыйную віншавальную песьню “Sto lat”, якую пяюць і ў беларускіх вёсках. Ладная частка слухачоў адгукнулася на прапанову даволі своеасабліва, засьпяваўшы па-ангельску “Happy Birthday to You!”. Астатнія ня ведалі ані словаў, ані музыкі. Крыху пазьней на просьбу Намыслоўскага нашая джазавая публіка спрабавала адбіваць далонямі пяцідольнік — найпрасьцейшы рытм, які мусіць быць у крыві беларусаў, бо прысутнічае ў старых беларускіх песьнях. Публікі хапіла тактаў на дзесяць — пры тым, што ў залі сядзела нямала прафэсійных джазмэнаў.

Якая публіка — такія і артысты.

Хоць людзі маштабу Намыслоўскага, Ягадзіньскага, Хердзіна вучыліся калісьці і ў Беларускай кансэрваторыі. Яшчэ перад вайною Масей Вайнберг і Эды Тырманд гралі джаз у жывым этэры Беларускага радыё. Яны ўдвох сядалі за раяль, перад імі ставілі вялізны гадзіньнік (перадача доўжылася дакладна 10 хвілінаў), дамаўляліся наконт танальнасьці і пачыналі граць. Пасьля вайны джаз ужо быў нікому непатрэбны. Вайнберг зьехаў у Маскву і напісаў там 20 сымфоніяў, “залаты фонд” савецкай музыкі. Тырманд зрабілася кампазытаркай сьціплейшага кшталту: пісала рамансы.

Шмат пазьней быў джазавы фартэпіянны дуэт Ігара Паліводы і Васіля Раінчыка. Потым — дуэт Аркадзя Гурава і Якуба Ягудзіна. Абодва дуэты ахвотна гралі клясычную музыку ў джазавых апрацоўках.

Кансэрваторскія “акадэмісты” заўзята спрачаліся: ці можна гэткім чынам “нявечыць” клясыку? І прыходзілі да непазьбежнае высновы: “Нельга ні ў якім разе!”

Потым Гураў — адораны кампазытар і знаўца літвацкага фальклёру — зьехаў у Ізраіль. Ягудзін — таксама таленавіты кампазытар і цудоўны піяніст — памёр у веку 28 гадоў. Гэтыя людзі напэўна здолелі б ажыцьцявіць сынтэз клясыкі, джазу і фольку на беларускай глебе — такі, зь якім мы пазнаёміліся на канцэртах палякаў.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0