Развагі

Сьпеўная эвалюцыя

Да пытаньня пра гімн Беларусі

Мікола Раманоўскі

 

У найноўшай гісторыі беларускага гімну самае цікавае — тое, што, у адрозьненьне ад яго, сьцяг і герб ніякіх сумненьняў не выклікалі.

Я думаю, гэтая сытуацыя ўзыходзіць да другое паловы 80-х, калі пайшлі мітынгі і падобнае. Ад самага пачатку ў атрыбутыку гэтага новага беларускага руху ўвайшла ”Пагоня”. Балазе яна была ўсім знаёмая з Багдановічавага верша. Быў час, калі значкі і плякацікі з ”Пагоняй” вывозілі зь Вільні, дзе яны ўжо рабіліся, а ў Менску яшчэ не. Практычна ў той жа час — ад пачатку мітынгаў — зьявіўся і бел-чырвона-белы сьцяг; забаўна, што я да таго часу, даўно ведаючы пра ”Пагоню”, не падазраваў пра існаваньне бел-чырвона-белага сьцягу. Вось жа, з 1987 г. (”Дзяды” — першы несанкцыянаваны мітынг перад помнікам Купалу, дзе Анатоль Сыс чытаў доўгі сьпіс рэпрэсаваных дзеячаў) увесь адраджэнскі рух ішоў толькі пад бел-чырвона-белым сьцягам і толькі пад ”Пагоняй”. Таму ў 1991 г. яны выглядалі натуральнай і адзінай альтэрнатывай савецкай сымболіцы.

Інакш было з гімнам. У мяне складаецца ўражаньне, што тагачасныя адраджэнцы проста ня ведалі некаторых песень — і вывучвалі іх далёка не адразу. На самым пачатку песьняй, якую сьпявалі стоячы, была ”Пагоня” на словы Багдановіча, а на матыў ”Марсэльезы”. Пра тое, што ў яе ёсьць арыгінальная мэлёдыя — і саму гэтую мэлёдыю — уведалі праз колькі гадоў. Пацешна было чытаць у газэце ”Имя” (ужо ў другой палове 90-х!), што нейкая дэманстрацыя рушыла да Пішчалаўскага замку, пеючы ”Марсэльезу” — ясна, што ”Пагоню” на той матыў. (Аналягічная гісторыя была зь песьняй на словы Н.Арсеньневай ”У гушчарах”: сьпявалі і перадрукоўвалі тэкст з 3 слупкоў; потым адкрылі яшчэ адзін — ”І мы верым: яна разгарыцца”; а казалі, што ёсьць яшчэ 2, але я іх так і не пабачыў.)

Вось жа, сьпявалі ”Пагоню”.

Паколькі мітынгі былі фронтаўскія, там гучала ”Фронт! Фронт! Фронт!” Сокалава-Воюша.

Устаноўчы зьезд БНФ у Вільні адкрыўся сьпяваньнем ”Не загаснуць зоркі ў небе” (словы Янкі Купалы, у нашаніўскую пару прапаноўвалася як гімн, але без наступстваў); са сцэны сьпявала “Дзяньніца”, але публіка амаль не падпявала.

Першы зьезд беларусаў сьвету скончыўся сьпяваньнем ”Мы выйдзем шчыльнымі радамі” — з дынамікаў; здаецца, з усяго партэру адзіны, хто раскрываў рот, быў Пазьняк. Астатнія слухалі моўчкі.

Дзіўна, што апазыцыйныя мітынгі неяк неўпрыкмет перасталі быць сьпеўнымі. Цяпер нават усім вядомую ”Пагоню” не пяюць, ня кажучы пра што іншае. Толькі пад канец мітынгу могуць ладзіцца канцэрты, хто хоча — слухае. Чаму так — ня ведаю. Здавалася б, штó лепш за супольны сьпеў можа зьяднаць тысячы людзей — а ў тых, хто пазірае збоку, абудзіць сымпатыю і жаданьне далучыцца? Тэхнічна ня так і складана і дорага надрукаваць колькі тысяч аркушыкаў з тэкстамі; налепкі ж, пэўна, шматкроць даражэйшыя... Такая практыка, кажуць, была ў Прыбалтыцы падчас “сьпеўнае рэвалюцыі”. Усяляк гэта весялей, чым змрочнае скандаваньне ”Луку на муку”.

Дык вось, пакуль будучы гімн не запяюць тысячы — ён гімнам ня стане. Альбо яго зацьвердзяць ад балды.

Далей зводка таго, што прапаноўвалася і функцыянавала ў якасьці гімну. Пазначаны аўтары словаў.

”А хто там ідзе?” (Янка Купала). Гэта гімнам назваў Горкі. Не магу з ходу назваць ніводнага выпадку, калі б гэта сьпявалася як гімн. Здаецца, калі такое і было, то найпазьней у першай чвэрці стагодзьдзя.

”Не загаснуць зоркі ў небе” (Купала). Вельмі прыгожая песьня, прапаноўвалася ўжо нашаніўскімі дзеячамі.

”Мы выйдзем шчыльнымі радамі” (М.Краўцоў). Афіцыйны гімн БНР. Гучаў у Заходняй Беларусі. Сьпяваецца і дагэтуль у такой якасьці (як гімн беларускае дзяржаўнасьці) на эміграцыі.

”Адвеку мы спалі” (аўтар дакладна невядомы). Фактычны гімн вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі пад Польшчаю, быў вядомы і ў БССР. Сьпяваўся масава.

”Магутны Божа” (Н.Арсеньнева). Рэлігійны гімн. Менавіта рэлігійны, а не дзяржаўны. На эміграцыі гучыць пры рэлігійных урачыстасьцях. Прымальны для любой монатэістычнай канфэсіі, таму мае экумэнічны характар. Быў рэкамэндаваны камісіяй Вярхоўнага Савету 12 скліканьня ў апошні момант перад сканчэньнем паўнамоцтваў таго ВС. Гэта выглядала актам адчаю — ня бачачы ўжо сродкаў да змаганьня на гэтым сьвеце, дэпутаты быццам узмаліліся: “Зрабі свабоднай...”.

”Мы, беларусы, з братняю Русьсю” (М.Клімковіч). Дзяржаўны гімн БССР, выбраны праз конкурс, у якім удзельнічалі найбуйнейшыя паэты — Куляшоў, Танк... Але якраз Клімковіч зь першага ж радка ўзяў патрэбны начальству тон: “з братняю Русьсю”. Цікава было б падняць матэрыялы таго конкурсу.

”Пагоня” (М.Багдановіч). Гучала ў якасьці гімну дэ-факта на мітынгах 80-х — пачатку 90-х гг.

У сьпіс ня ўключаны: палянэз Агінскага — бо гэта музыка, а словаў на яго толькі лянівы не пісаў (і яшчэ таму, што гімну не пасуе разьвітвацца з Радзімай); маразматычная спроба ”Нашага Слова” напісаць гімн талакою; ня менш маразматычныя варыянты, якія дасылаліся ў камісію Вярхоўнага Савету.

Рана ці позна з гімнам давядзецца вызначыцца. Спрэчкі вакол магчымых варыянтаў — гэта фактычна спрэчкі пра густы. Тым часам крытэрый адбору — вельмі просты. Сымболіка мусіць быць традыцыйнаю. Незалежнасьць у 1991 г. абвешчана не ўпершыню. З усіх названых песьняў у якасьці дзяржаўнага гімну (а ня толькі мітынговага сьпеву) у ХХ ст. рэальна функцыянавалі дзьве: ”Мы, беларусы” і ”Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Пра непрымальнасьць ”Мы, беларусы” гаворана-перагаворана. ”Мы выйдзем...” — гімн першай незалежнай беларускай дзяржавы (хоць і нетрывалай). Ці ўзыходзіць сучасная і будучая беларуская дзяржаўнасьць да БНР? Калі так — рашэньне адназначнае.

Хацеў бы падкрэсьліць: прапануецца не варыянт, а крытэрый (традыцыйнасьць), паводле якога і робіцца выбар. Які крытэрый можа яго пераважыць — ня ведаю. Любыя іншыя, як паказалі дыскусіі 90-х, тонуць у бясплённых спрэчках пра густы. Альбо пра тое, як усім спадабацца, што ўжо цалкам беспрадметна.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0