На скрыжалях партызанскай вайны

успамін

 

Зь вясны 43-га нашу вёску партызаны сталі наведваць ледзь ня кожную ноч, а летам, здаралася, і днявалі. За чатыры кілямэтры на поўдзень ад вёскі праходзіла чыгунка, за восем кілямэтраў на поўнач — шаша “варшаўка”. Туды партызаны ноччу хадзілі ставіць міны альбо сьпілоўваць тэлеграфныя слупы.

Мы, вясковыя хлапчукі, за кароткі час па-свойму ацанілі вартасьці кожнага “народнага мсьціўца” — па адзеньні, узбраеньні, паводзінах. Маю ўвагу прыцягнуў адзін зь іх, па прозьвішчы Кардаш. Прыехаў ён у вёску на буланым кані. Апрануты быў партызан у чорную скураную камізэльку і сінія галіфэ, на галаве меў чорную з чырвоным верхам шапку-кубанку, за плячыма — вінтоўку-дзесяцізарадку, на поясе — наган, пару гранат-лімонак, нямецкі шырокі штых у ножнах. Кардаш быў вельмі адчайны і сьмелы, неяк сярод белага дня пад носам у немцаў ён заняў на пашы чараду авечак тутэйшага немца-баўэра. І ў сутычках з акупантамі Кардаш, казалі, не хаваўся за сьпіны таварышаў.

Але аднойчы я ўбачыў яго ў зусім не геройскім абліччы. Завітаў Кардаш сярод дня ў нашу хату, паставіў у чалесьніку вінтоўку і сказаў маці:

— Хозяйка, самогон и хлеб с салом — на стол! И немедленно, иначе стрелять в потолок буду!

Маці зьбегала да суседкі, пазычыла пляшку самагонкі, нарэзала сала, хлеба. Спаражніўшы паўпляшкі, Кардаш раздабрэў, пачаў згадваць сваё даваеннае жыцьцё, якое праходзіла не заўсёды ў ладах з крымінальным кодэксам. Ён зьняў кашулю і з жарам загаварыў да нашага бацькі:

— Посмотри, папаша, сколько на моем теле шрамов! Вот здесь меня полоснул финкой Ванька- “Гнилой Зуб”, а этот шрам на плече покинула Нюрка из Мозырской “малины”. И я, папаша, в долгу не оставался, пощекотал ножиком немало разных блатнюг...

А неўзабаве да вяскоўцаў сталі даходзіць чуткі, што Кардаш вымагае ў жанчын упрыгожваньні — пацеркі, пярсьцёнкі, наручныя гадзіньнікі, у каго яны былі, адзеньне. І ўсё гэта потым абменьвае ў іншых вёсках на самагонку. Партызаны скрозь пальцы глядзелі на ягоныя паводзіны, бо й самі часьцяком калацілі вяскоўцаў.

“Рэйд” Кардаша ў вёску Мялешкі скончыўся трагедыяй. Не знайшоўшы нічога прыгляднага ў доме селяніна Юркі Жыжкевіча, партызан загадаў гаспадару весьці яго ў хлеў, каб працягнуць вобыск. Неўзабаве адтуль пачуўся стрэл. Жонка Юркі выйшла на двор і пабачыла, што муж ляжыць на зямлі з прастрэленай шыяй. Жанчына з бацькам прынесьлі параненага ў хату, неўзабаве туды зайшлі партызаны і зрабілі яму перавязку. Потым жонка адвезла Юрку ў нямецкі вайсковы шпіталь паблізу Слуцку, дзе яго і вылечылі.

Пасьля гэтага здарэньня пра паводзіны Кардаша даведалася партызанскае начальства й загадала расстраляць рабаўніка там, дзе ён зьдзейсьніў сваё апошняе злачынства — проста на вуліцы, паблізу вясковых могілак.

На жаль, мэмуарысты ў сваіх успамінах рэдка калі закраналі цёмныя бакі партызанскае вайны, хоць факты, падобныя да расказанага, здараліся нярэдка. Не забыць мне халоднага травеньскага ранку 43-га году, калі, вярнуўшыся са схованкі ў гумне, дзе мы з братам начавалі, убачылі ў хаце заплаканую, з дрыжачымі рукамі і губамі маці. На досьвітку ў хату зайшлі два партызаны, сталі патрабаваць ад яе хромавую тужурку. Хоць маці й казала, што няма (адкуль ёй быць — пры бальшавіках за працадні давалі па 200 грамаў зерня і лічаныя капейкі ў канцы году, дык нават не было за што набыць хлеба і солі), рабаўнікі, узяўшы сякеру, выбілі прасьценак падпечча. Аднак жаданае тужуркі там не было. Тады партызан Пятрусь Праневіч з суседняй вёскі, прыставіўшы шырокі нямецкі багнэт да матчынай шыі, сказаў: “Что тебе дороже — жизнь или тужурка? Выбирай”. Дзеці малыя прачнуліся і ўсчалі плач. Маці таксама расплакалася, і толькі пасьля гэтага марадзёры сышлі, каб у суседняй хаце, пры вобшуку, разьбіць рукаяткай нагана галаву жанчыне сталага веку. Пакідаючы яе хату, пагразілі: “Пикнешь кому-либо про нас — пеняй на себя”. Таму ні маці, ні тая жанчына нікому з партызанаў нічога не расказвалі — баяліся!

У страху, лічы, жылі ўсе тры гады. Амаль штоноч чуўся з вуліцы густы вокліч “Хозяин, открой!” і пагрукваньне ботам у дзьверы. Сустракала начных гасьцей маці — бацька баяўся начаваць дома і хаваўся недзе ў хлеве. Пачынаўся знаёмы “шмон” — партызаны шныпарылі па кутках хаты, у каморы, заглядалі на вышкі, нярэдка шампаламі прамацвалі гліняную падлогу ў сенцах. Што ім падабалася — забіралі. Днём вёску наведвалі паліцаі — хмурыя, у доўгіх брудных шынялях мадзяры або разгуляй-нахабныя, з матам-пераматам у размове ўласаўцы.

І ўсю гэтую ўзброеную да зубоў навалач трэба было трываць, выслухоўваць пагрозы й абразы.

...Сёньня, калі наведваю вясковыя могілкі, іду перш-наперш да магілы маці, успамінаю яе словы, сказаныя перад абразом пасьля таго, як летам 44-га Чырвоная Армія пагнала на захад немцаў: “Дзякуй табе, сьвятая Маці Божая, што нарэшце можна ноччу спаць спакойна ўсім — і дарослым, і дзецям”.

Міхась Тычына

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0