ЛЮСТРА ДЗЁН

 

Муляж бомбы на вакзале

Падчас “Славянскага базару” ў Віцебску на вакзале ўчора знайшлі муляж бомбы. Па стылі гэта вельмі нагадвае “тэракт” супраць расейскай амбасады ў дзень прыезду Пуціна.

Шпіёна — пад адзінага кандыдата

У Менску ўпершыню ў новай беларускай гісторыі засудзілі на 7 гадоў шпіёна – грамадзяніна Нямеччыны, паляка родам, Хрыстафора Леца. Выявілі, што ён агентурную сетку ў Беларусі стварыў. Сетка яго і здрадзіла. Прысуд Лецу прымеркавалі на той дзень, калі апазыцыйная “пяцёрка” вызначала адзінага кандыдата.

Б.Т.

Урадзілі чарніцы

На Івацэвіччыне сёлета людзі здалі ўжо ў нарыхтоўчыя канторы пад 200 т чарніцаў. Дзяржава прымае іх па 600 рублёў за кілё. Найбольш ягадаў урадзіла вакол вёсак Магіліцы, Рэчкі, Краі, Рудня.

Аляксандар Горбач, Івацэвічы

 

Ліга Чэмпіёнаў у Мазыры

У сераду ў чарговым раўндзе папярэдняга этапу Лігі Чэмпіёнаў “Славія” сустракае братыслаўскі “Інтэр”. Гэта вам не Фарэры, тут гульня мусіць быць сур’ёзнай.

 

Выстава графікі

У Нацыянальным мастацкім музэі ідуць дзьве выставы графікі: беларускае (новыя паступленьні музэю) ды нямецкае, ад Інстытуту Гётэ. У беларускай частцы — творы Кашкурэвіча, Літвінавай, Асецкага, Савіча ды інш., карціны канца 90-х. У нямецкай — карціны й кніжная графіка мастакоў з калёніі Ворпсвэдэ, канца ХІХ — пачатку ХХ ст. Тады ў Эўропе многія мастакі зьбягалі з буйных гарадоў “бліжэй да прыроды” ды аб’ядноўваліся ў творчыя калёніі. Калёнія Ворпсвэдэ пад Брэмэнам была самай знакамітай у Нямеччыне. Працягнуцца выставы да канца лета.

Канцэрты на 27-га

Культурная праграма на 27-га дае выбар, куды пайсьці. У Менску а 17-й – рок-канцэрт “Пабудуем дом наш – Беларусь!” Хоць лёзунг трохі састарэў з прычыны таго, што Домаш адрокся змаганьня на карысьць Ганчарыка, «Крама», NRM, “Уліс”, “Цмокі” ды інш. ад гэтага горш сьпяваць ня будуць. Плянавалася, што канцэрт будзе ў парку Горкага, але дазволілі толькі на Бангалоры.

А 20-й у той жа дзень у клюбе-кавярні “Графіці” — выступ “Пані Хіды”. Месьціцца клюб на зав.Калініна, 16 (мэтро Парк Чалюскінцаў). Утульная сяброўская абстаноўка, файнае разьліўное піва ды жывая музыка.

Кангрэс

29-га — Кангрэс беларускай моладзі. Мае адбыцца ў Палацы культуры тэкстыльшчыкаў. Дадатковая інфармацыя праз тэл. (017) 232-27-43.

Дзяніс Носаў

Нязлы парторг
Скварцоў стаў кіраўніком БТ

Валеры Скварцоў апошнім часам працаваў на розных дарадчых пасадах у прэзыдэнцкай адміністрацыі, выканкаме саюзу Расеі й Беларусі.

 

Выпускнік журфаку, гадоў дзесяць таму сп.Скварцоў доўгі час быў парторгам БТ, і з гэтай пасады сышоў разам са зьнікненьнем кампартыі. Супрацоўнікам тэлебачаньня ён запомніўся з добрага боку: не ў свае справы ня лез, умеў выслухаць, творцам маралі не чытаў: добрасумленны чыноўнік, якому ўдалося нават пабыць сакратаром Саюзу пісьменьнікаў, ня будучы нават сябрам Саюзу. Жонка ягоная, Лера Скварцова — знакамітая ў свой час тэлерэжысэрка, кіравала рэдакцыяй літаратурна-драматургічных праграмаў. Таму “вэтэраны” творчых рэдакцыяў ды цяперашняя “дырэкцыя пэрспэктыўнага вяшчаньня”, у якую сагналі няўгодных журналістаў, спадзяюцца, што пры Скварцову ў этэры будуць ня толькі “рэзанансы” ды замежныя фільмы, але й уласныя тэлепраграмы.

Лукашэнка, адчайна змагаючыся за пераабраньне, дэманструе сваю памяркоўнасьць і цэнтрызм. Дарэчы, ён прызначыў Скварцова старшынём БТ празь дзень пасьля надрукаваньня ў “Рэспубліцы” ўказу аб прызначэньні яго ж намесьнікам старшыні Дзяржкам-друку. Замітусіўся Лукашэнка!

Але спадзевы на раптоўную й моцную “адлігу” ў БТэшным этэры марныя. Скварцоў, які б памяркоўны ні быў, хоць і не чалавек Лукашэнкі, але ягоны стаўленік. Больш за тое, галоўным на БТ ён ня будзе, як не былі імі ні Чыкін, ні Кісель. Хіба што мо трохі ўтаймуе рыбакоўска-хрусталёўскую “махвію”. А тады ў верасьні будзе відаць.

Арцём Лук’яновіч

Пад Стоўпцамі – вялізнае радовішча жалезнай руды

Прыкладна на 20 даляраў за квадратны мэтар узрасьлі з пачатку году сярэднія цэны на кватэры ў Менску. У “лідэрах” апынуліся аднапакаёўкі. Калі ў сту-дзені можна было набыць кватэрку недзе ў Шабанах за 6500 даляраў, дык сёньня найтаньнейшая будзе каштаваць 7500—8000 даляраў. Але й гэта не мяжа. Менскія рыэлтэры мяркуюць, што ўвосень цэны павялічацца яшчэ на 10—15%. Абумоўлена гэта ростам сярэдняга заробку ў краіне.

З падвышкай “мінімалкі” стала вядомая новая раскладка падаходнага падатку. Сплачваць яго па стаўцы 9% зараз мусяць тыя, чый даход з розных крыніцаў у месяц не перавышае 125.000 руб., па стаўцы 15% — 312.500 руб., 20% — 437.500 руб., 25% — 562.500 руб. Усе, хто мае даход, большы за гэтую адзнаку, “пойдуць” па максымальнай стаўцы 30%. Дарэчы, падатковыя службы сьцьвярджаюць, што калі “максымальшчыкамі” па выніках году, як чакаецца, стануць менш за 1% ад працуючых грама-дзянаў Беларусі, дык “мінімальшчыкамі” сёлета зноў апынуцца практычна ўсе вяскоўцы, сацыяльныя работнікі і дзеячы культуры, а таксама большасьць настаўнікаў і мэдыкаў.

Прэзыдэнт “Слаўнафты” сп.Гуцэрыеў хоча, каб доляй нашай краіны ў сумеснай беларуска-расейскай “Славянскай нафтавай кампаніі” былі актывы некалькіх буйных прадпрыемстваў, найперш наваполацкага “Паліміру” і менскага “Гарызонту”. Пад заклад іх маёмасьці расейцы плянуюць атрымаць крэдыты на рэканструкцыю Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, а таксама на распрацоўку Тайлакоўскага радовішча нафты ў Сыбіры.

Сапраўднай сэнсацыяй сталася дасьледаваньне беларускіх геолягаў, праведзенае ў Стаўпецкім раёне ля Аколава. Там, выявілася, ёсьць радовішча кварцытаў з утрыманьнем жалеза каля 36%. Спэцыялісты ўжо падлічылі, што тае руды з-пад Стоўпцаў хопіць для работы Жлобінскага мэталюргічнага камбінату сама меней на 30—35 гадоў.

Сяржук Іваноўскі

Затрыманыя

Лiдэр берасьцейскай фiлii Маладога Фронту Сяржук Бахун быў асуджаны на дзесяць ночаў арышту. У Слоніме затрымлівалі кіраўніка ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша – Алеся Масюка. У Менску затрымалі 8 “зуброўцаў” — удзельнікаў пікету “Свабода Тыбэту”. Кіраўнікі “Зубра” паведамляюць імёны трох: Анатоля Падокшына, Васіля Жакава, Яраслава Шастакова. Астатніх не выдаюць, каб мамкі не дазналіся.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0