З УСІХ СТАРОН

 

Басовішча як Басовішча

Сёлетняе 12-е Басовішча не расчаравала тых, хто прыехаў туды ўпершыню, і нічога новага не адкрыла “сталым наведнікам”. Заўсёднае сьвята піва, музыкі й свабоднага каханьня (прэзэрватывы раздавалі задарма). Новай была хіба нечаканая агрэсіўнасьць у міжнародных стасунках: калі ў мінулым годзе фактычна не было ніякіх сутычак, дык сёлета колькі разоў польскія скінгеды зьбівалі беларусаў толькі за тое, што яны беларусы.

 

Запіс на беластоцкай студыі, які, нягледзячы на заявы арганізатараў пра роўнасьць усіх чатырох ляўрэатаў, заўжды лічыўся галоўным прызам, выйграў менскі гурт “Імпэт”. Гомельскі “Бан Жвірба”, польскія “085” і “Праект 2000” атрымалі грашовыя ўзнагароды.

Астатнія суцяшаліся файным гукам і добрым півам. Самы шчасьлівы беларускі гурт “Happy Face” так інтэнсіўна радаваўся жыцьцю, што арганізатары яго нават не хацелі выпускаць на сцэну.

Ізноў не абышлося без абвінавачваньняў у несумленнасьці журы. Сымпатыі гледачоў яўна былі на баку гурту “Бан Жвірба” зь ягоным энэргетычным фолкам на мяжы з гранджам. Першы раз засьвяціліся на Басовішчы радыкальна-прыпанкаваная “Голая манашка” й джаз-рокавая “Halina bezu” — рэальныя пераможцы наступных фэстаў.

Парадавалі й госьці. “Палац”, безь цяжкіх гітарных эфэктаў і нагружанай рытм-сэкцыі, нечакана лёгка падняў народ і прымусіў дурэць у пыле перад сцэнай. Колькі разоў натоўп палівалі вадой з брандспойту — зусім як на “Вудстоку”. Сапраўдным каралём фэсту стаўся “Ўліс”, ад якога, здавалася б, цяжка ўжо было чакаць нечага кардынальна новага. Пасьля ўлісаўскай праграмы “Люстэрка” польская культавая “Pidżama Porno” выглядала блякла й няўпэўнена. Радыё Рацыя нават узнагародзіла “Ўліс” адмысловым прызам за вернасьць Басовішчу. Тут зь яго маглі б браць прыклад многія маладыя гурты, якія гэтым разам зьехалі зь цьвёрдым намерам ніколі больш сюды не прыяж-джаць. Зрэшты, хто б ім верыў — пройдзе год, прыйдзе ліпень, напішуцца новыя песьні, і ўсе, хто зможа, ізноў зьявяцца тут — граць, слухаць, перамагаць, расчароўвацца, знаёміцца — жыць.

Халімон


Праваслаўныя
службы па-беларуску

Пазаўчора ў Вільні аднавіліся беларускія багаслужбы. У самым цэнтры, у царкве Сьв.Міколы. Гэта вялікая падзея. Апошнія службы па-беларуску тут правіў а.Коўш да вайны. Немцы яго забілі. А цяпер служыць а.Навінскі, магутны тэоляг. Некалькі дзясяткаў вернікаў, што сабраліся на першую службу, прыйшоў прывітаць архіяпіскап Віленскі і Літоўскі Хрызастом. Той самы, адзіны ў Расейскай праваслаўнай царкве, які пакаяўся за сувязі царквы з КГБ у савецкі час. Службы будуць адбывацца ў царкве Сьвятога Міколы штосуботы а палове на дзясятую раніцы.

Віленскі

 

У Лёндане — за Домаша

У выбарчы штаб Сямёна Домаша прыйшло паведамленьне зь Вялікай Брытаніі. “Мы, грамадзяне Беларусі, якія часова пражываюць на тэрыторыі Вялікай Брытаніі, аддаем свае галасы на карысьць Сямёна Домаша для вылучэньня яго кандыдатуры на пасаду прэзыдэнта”, — пішуць аўтары факсымільнага пасланьня. Пад гэтай заявай паставілі свае подпісы Ягор Якунін, Кацярына Каліноўская, Ніна Васюкевіч, Аляксей Залеўскі, Уладзімер Гоманаў, Андрэй Шуба, Аляксандар Новік, Аксана Вераб’ёва, Настасься Андрэйчыкава і іншыя, усяго 21 чалавек. Гэта маладыя людзі ў веку 19—22 гадоў, якія цяпер вучацца або працуюць на туманным Альбіёне.

На жаль, людзі, якія знаходзяцца за мяжой, ня маюць права паставіць подпісы за некага з кандыдатаў — заканадаўства не дазваляе (і гэта, хіба што, парушэньне правоў гэтых людзей). Тым ня менш, у выбарах 9 верасьня ўдзел змогуць узяць усе. Праўда, ці пагодзяцца яны прагаласаваць за Ганчарыка — пытаньне. Ганчарык яшчэ мусіць даказаць, што здольны абараняць інтарэсы беларусаў.

Б.Т.

 

Юшчанку кааліцыя,
сэрбскаму каралю палац

Ва Ўкраіне з нагоды 10-е гадавіны незалежнасьці абвешчаная амністыя — выпусьцяць 35 тыс. вязьняў. Гэта можа прывесьці да эпідэміі сухотаў, бо ў турмах доля хворых дасягае 80%. Цягам апошніх 10 год колькасьць сухотнікаў ва Ўкраіне вырасла ўдвая, дасягнуўшы 500 тыс. чалавек.

Выключна пасьпяховымі называюць аналітыкі амэрыканскае кампаніі “Планэкон” эканамічныя дасягненьні Ўкраіны за першую палову году. Экспэрты прагназуюць на гэты год рост валавага ўнутранага прадукту на 7%. Прамысловы бум назіраецца ва ўсіх галінах, апрача вугальнай. Тэмпы росту прамысловай вытворчасьці перавысілі 24% у год. Прырост у нафтахімічнай прамысловасьці, якая знаходзіцца пад кантролем расейскіх і казахскіх інвэстараў, сягнуў 60%. Аб’ёмы раздробнага гандлю вырасьлі на 8,5%, даходы насельніцтва — на 9%.

Такі посьпех — плён кіраўніцтва першага за часоў незалежнасьці прэм’ера нацыянал-дэмакрата Юшчанкі. Дзякуючы гэтаму эканамічнаму ўздыму, былы кіраўнік Нацбанку і прэм’ер застаецца самым папулярным палітыкам краіны, нягледзячы на тое, што раўнівы да ягонае папулярнасьці Кучма адправіў яго ў адстаўку. На мінулым тыдні Юшчанка ўтварыў новую нацыянал-дэмакратычную кааліцыю, у якую ўвайшлі абодва крылы былога Руху.

Брытанія прапануе скасаваць замежныя запазычанасьці Малдовы, а таксама Арменіі, Грузіі, Казахстану й Таджыкістану. Запазычанасьць Малдовы перавышае $731 млн. Для параўнаньня: у Беларусі яна складае 812,5 млн. пры тым, што беларускі ВУП у пяць разоў большы за малдоўскі.

Альгірдас Бразаўскас сфармаваў новы кабінэт, які стаў дванаццатым урадам Летувы з часоў аднаўленьня незалежнасьці. 68-гадовы Альгірдас Бразаўскас вярнуўся ў той самы кабінэт, зь якога яго выгналі сілай увесну 1990 г., калі будынак ЦК КПЛ на паўтара году занялі савецкія акупацыйныя войскі. Бразаўскас тады быў першым сакратаром ЦК. Вярнуўшыся, ён адзначыў, што за гады кабінэт анітрохі не зьмяніўся, толькі фатэль — новы. Стаўшы прэм’ерам, Бразаўскас можа ганарыцца, што за сваё жыцьцё займаў усе вышэйшыя дзяржаўныя пасады краіны. Ён ужо быў прэзыдэнтам, кіраўніком кампартыі, маршалкам парлямэнту, намесьнікам прэм’ера, міністрам.

У Летуве многія выказваюць занепакоенасьць, што пасьля ўступленьня ў Эўразьвяз з краіны на працягу 10 гадоў на заробкі зьедзе да 300 тыс. самых прадпрымальных і эканамічна актыўных работнікаў. Праўда, урадоўцы супакойваюць: на іх думку, пошукі работы звабяць ня больш за 2—4% працоўных — да 60 000 асобаў. Пасьля ўступленьня ў Эўразьвяз Літва штогод будзе атрымліваць да 800 млн. даляраў датацыяў з эўрапейскага бюджэту, а да ўступленьня можа штогод разьлічваць на 105 млн. даляраў. Напрыклад, на фінансаваньне закрыцьця першага энэргаблёку Ігналінскае АЭС Эўразьвяз ужо ад-шкадаваў 145 млн. даляраў.

У Сэрбію вяртаецца нашчадак сэрбскіх каралёў Аляксандар Караджорджавіч. Колішнюю сэрбскую дынастыю пасьля другой сусьветнай вайны пазбавілі ўлады, маёмасьці й грамадзянства. Кароль Пятро памёр у выгнаньні. Цяпер ягоны сын Аляксандар, брытанскі бізнэсовец, атрымаў назад у распараджэньне каралеўскія Белы й Стары палацы, якімі да гэтага карыстаўся прэзыдэнт Сэрбіі. Сэрбскія манархісты спадзяюцца аднавіць каралеўскую форму кіраваньня пры падтрымцы праваслаўнае царквы.

Сяргей Рак

 

 

Забіў сына за мову

У Алтайскім краі раней судзімы 44-гадовы ўзбэк Абдугафар Баратаў давёў да самагубства роднага сына. Вярнуўшыся пасьля першае адседкі дамоў, ён пабачыў, што яго 14-гадовы сын зусім забыўся родную мову. Ён забараніў хлопцу таварышаваць зь сябрамі ды кулакамі прымушаў вучыць узбэцкую. Адным красавіцкім ранкам Баратаў спытаў у сына па-ўзбэцку, каторая гадзіна, і, не атрымаўшы адказу, паабяцаў увечары даць пытлю. Вярнуўшыся ж із працы, пабачыў, што сын застрэліўся з дубальтоўкі. Суд прысудзіў узбэка да пяці гадоў турмы.

Ільвы, а не каты

У чацьвер перад консульствам ЗША ў Бамбэі пратэставалі індыйцы, дамагаючыся, каб Буш даў новае імя сваёй кошцы. Яны кажуць, што называць жывёлу “Індыяй” — значыць, абражаць патрыятычныя пачуцьці індусаў. Транспаранты сьцьвярджалі: “Вы памыляецеся, індусы — ільвы, а не каты!”

С.Р.

Трэ было тэрмінова да прыезду ў Менск галоўнага камуніста-кітайца вывесьці на вуліцы колькі дэманстрантаў з чырвонымі сьцягамі, каб кітаец пабачыў, што беларускія камуністы супраць Лукашенкі. Кітаец ніколі ня дасьць грошай ворагам камунізму!

Сяржук Салаш, Барысаў


40 дзён з дня сьмерці 

Валерыян Навіцкі
нар.12.09.1920 – пам.15.06.2001

Валерыян Навіцкі нарадзіўся на Случчыне ў вёсцы Дубейкі, за 3 км ад Грозава і 22 км ад Слуцку.

Пра ягоны жыцьцёвы шлях можна даведацца з кнігі “Вырваныя бачыны. Да гісторыі Саюзу Беларускай Моладзі”, выдадзенай сёлета ў Менску.

Памятаецца мне тэлефонная гутарка зь ім 13 чэрвеня. Хоць зьняможаны хваробай, ён ясна й шчыра выказваўся пра напісанае Юрэвічам, што месцамі патрабавала б пэўных паправак. А ў пятніцу 15-га чэрвеня наш дарагі сябар, супрацоўнік, адзін з найбольш заслужаных і ахвярных лідэраў зарганізаваных беларусаў у Канадзе адышоў у вечнасьць.

Паводле ягоных успамінаў, бацьку замардавалі ў Карагандзе ў капальні медзі. Стаў ахвярай тэрору, якім пхалі случчакоў-сялянаў у калгасы. Валерыян скончыў Слуцкі пэдтэхнікум, настаўнічаў, падчас нямецкае акупацыі кіраваў раённым аддзяленьнем Саюзу Беларускай Моладзі і далей настаўнічаў.

У Канаду Валерыян Навіцкі прыехаў у канцы 1948 г. і адразу навязаў лучнасьць з нашай грамадой у Таронце. Гэтак на агульным здымку ўдзельнікаў сьвяткаваньня ўгодкаў 25 сакавіка 1949 г. у Таронце побач з Навіцкім бачым і іншых случчакоў, што тады былі пасяліліся ў недалёкім Гамілтоне.

Нялёгкім аказаўся для аранізацыйнай працы той час. На нашы “раскіданыя гнёзды” паняволенай Бацькаўшчыны маскоўскі тыран прынёс галечу, голад, генацыд. З намі, “ворагамі народу”, кантакт пагражаў радні перасяленьнем у Гулаг. Калі ж у шматабяцаючай Канадзе складзеш заяву, каб далі канадыйскае грамадзянства, табе тлумачаць, што такой нейкай беларускай нацыянальнасьці няма, пхаюць цябе дзяржаўныя ўраднікі ў лік палякаў ці расейцаў.

Нашыя арганізацыі, асабліва ж насамперш Згуртаваньне Беларусаў Канады – адно нарадзілася, ды адразу трапіла ў абстрэл, стала мішэняй для тых, хто пад дахам “адзінай і недзялімай” грозна мацюкаліся й агрэсіўна пагражалі, паўтараючы некалі тое валуеўскае “не было, нет і не будет”! Галасьлівыя “непрадрашэнцы”, салідарысты, манархісты ды рознакалібравая камуністычная дрэнь, натхняная з “цэнтраў”, мела тут нанятых адвакатаў, што памагалі абкрадваць беларусаў, якія адыходзілі ў магілы без тэстамэнтаў…

На працягу гадоў Валерыян Навіцкі сумленна працаваў у ЗБК, Крэдытовай Касе, Парафіі БАПЦ, пераважна ў экзэкутыўных органах. У газэце “Беларускі Эмігрант” ягоныя артыкулы пра кагэбэшніцкіх і менскіх “завяртанцаў”, розную бальшавіцкую і расейскую агрэсіўную мафію махляроў выдатна бічавалі адвечных ворагаў нашага шматпакутнага народу. Мы верылі й змагаліся за вызваленьне Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах, як мага інфармавалі канадыйскія ўлады, навуковы сьвет і мэдыі пра запраўдны адыёзны і антыгуманны характар і палітыку «імпэрыі зла».

За пяць гадоў навукі ў Таронцкім унівэрсытэце Валерыян здабыў новую прафэсію: бухгальтарскі ўлік у прамысловасьці. Дыплём даў яму магчымасьць лепш забясьпечыць матар’яльную будучыню сваёй сям’і.

Жаніўся з Натальляй Тупіковай, роджанай на нашым слаўным Палесьсі. Яна выдатна, дзясяткамі гадоў, сьпявала ў хоры парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага, нарадзіла дзьвюх дачок – Валянціну й Ларысу.

Любоў роднае мовы й культуры, адказнасьць, працавітасьць, ахвярнасьць у змаганьні за ідэалёгію беларускай дзяржаўнасьці БНР, пашана правоў чалавека – вось дамінанты характару Валерыяна Навіцкага. Ён жа ня зносіў маральных абібокаў, розных банальных пэданцікаў ды гультаёў, пустодумкаў. У гісторыі беларусаў Канады добры сьлед пакінуў.

Вечарам 17 чэрвеня ў “Кардынал Ф’юнэрал Гоўм” паніхіду адпраўляў Першы Ярарх БАПЦ архіяпіскап Мікалай; айцец Вячаслаў памагаў. Паховіны адбыліся ў панядзелак 18 чэрвеня на праваслаўным могільніку ў Норст Ёрку.

Нашыя шчырыя спачуваньні Натальлі й дочкам у страце вельмі цэннага бацькі й мужа, выдатнага беларускага пісьменьніка-журналіста й грамадзкага дзеяча.

Сумуем разам зь імі. Спачуваньні выказала Згуртаваньне Беларусаў Канады, Парафія Сьв. Кірылы Тураўскага, шматлікія суродзічы. Вялікая, Табе, Валерыян, удзячнасьць за Твой уклад у жыцьцё нашае грамады. Вечная памяць Табе!

 

Кастусь Акула, Таронта


Дыдрык Лохман і Алег Арлоў: Вайна
як камэрцыйнае прадпрыемства

Ад 3 ліпеня ў Чачэніі доўжацца “зачысткі”, якія мала розьняцца ад дзеяньняў дывізіяў СС у Беларусі. Асабліва жорсткія “зачысткі” прайшлі ў вёсках Асінаўская і Сернаводзк. Фармальнаю падставаю для карных акцыяў стаўся падрыў ля Сернаводзку міліцэйскага “ўазіка” з 5-ю асобамі. Гэтыя вёскі знаходзяцца ля мяжы з Інгушэціяй, і сюды паўцякалі з Чачэніі многія мірныя жыхары, спадзеючыся ацалець. Пакідаючы свае котлішчы, яны прыхапілі грошы й каштоўнасьці. Гэта й прыцягнула ўвагу фэдэралаў, якія, нібы марадзёры, шукаюць на гэтай вайне найперш пажывы. Ананімны сьведка, актывіст тутэйшага “Руху грамадзянскага непадпарадкаваньня”, апавядае: “У дзьвюх вёсках фэдэралы затрымалі тысячу чалавек і сагналі іх у поле паміж сёламі Самашкі й Сернаводзк. Найперш адбіралі грошы й каштоўнасьці, а калі ў каго не было, таго забіралі й патрабавалі выкуп ад сям’і. Зьбівалі ўсіх без разбору — мужчынаў, жанчынаў, дзяцей, старых. Прыкладамі білі маіх дзяцей — дачку 12 год і сына 10 год. Пастралялі ў вёсках усіх сабак і кароў. Мужчын ад 17-ці да 70-ці сагналі ў поле й распачалі зьбіцьцё ды зьдзекі. Людзі трацілі прытомнасьць. Тых, хто варушыўся, білі прыкладамі й ботамі. У аўтафургоне катавалі людзей. Я бачыў, як акрываўленых і беспрытомных выкідалі на зямлю… Акцыя доўжылася двое сутак. Уцекачы кінуліся ў Інгушэцію — прэч з Чачэніі, дзе чалавечае жыцьцё набыло адмоўную вартасьць”. Гэтае сьведчаньне прыводзіць новы даклад Маскоўскага прадстаўніцтва міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Human Rights Watch” (HRW).

Усяго ў Ачхой-Мартанаўскай райпракуратуры ляжыць 200 скаргаў. Генэрал Уладзімір Малтанской, камандуючы групоўкаю войскаў у Чачэніі, 14 ліпеня назваў дзеяньні сваіх падначаленых у Асінаўскай і Сернаводзку “шырокамаштабнымі злачынствамі”. Аднак 15 ліпеня Малтанской узяў свае словы назад. Вінаватымі сталіся самі чачэнцы — бо, напрыклад, навошта хавалі грошы ў школьным сэйфе?..

Дырэктар Маскоўскага прадстаўніцтва HRW, галяндзец Дыдрык Лохман і старшыня Рады таварыства “Мэмарыял” Алег Арлоў далі інтэрвію “НН”.

“НН”: Чаму менавіта зачысткі Сернаводзку й Асінаўскай выклікалі такі рэзананс? Наколькі мне вядома, гэткія акцыі доўжацца ўжо некалькі год...

А.А.: Так, зачысткі ў Асінаўскай і Сернаводзку — гэта зусім не ўнікальная й не экстраардынарная зьява. Зачысткі чачэнскіх сёлаў доўжацца ўжо больш за 2 гады. Большасьць акцыяў суправаджаецца рабаваньнем, зьбіваньнямі, катаваньнямі, выкраданьнямі людзей. Але гэтыя дзьве вёскі знаходзяцца на мяжы з Інгушэціяй. Людзі пачалі масава ўцякаць туды, і гэта выклікала розгалас. На тыдзень-другі раней гэткія самыя зачысткі прайшлі ў Курчалойскім раёне: рабаваньне, забойствы, фэдэралы затрымлівалі людзей, трупы якіх потым знаходзілі ў ваколіцах аднавяскоўцы.

Д.Л.: На пачатку лютага мы апублікавалі даклад пра масавыя забойствы ў пасёлку Алды ля Грознага. Пасёлак быў абрабаваны й спалены, эксгумаваныя 30 трупаў. Забітыя былі ў веку ад году да 76-ці. Зачыстку ладзіў Санкт-Пецярбурскі й Пермскі АМОНы. Пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу, але дасюль не названыя вінаватыя. Хоць жыхары Алды, што засталіся жывыя, маглі б пазнаць забойцаў. Толькі пракуратура, відаць, не зацікаўленая ў гэтым. У 2001 г. карныя акцыі прайшлі ў сёлах Курчалой, Цоцын-Юрт, Майртуп, Алхан-Кала, Старыя й Новыя Атагі, Дуба-Юрт, Дачу-Барзой, Чыры-Юрт і інш.

“НН”: Каму выгадная такая вайна?

А.А.: Спачатку вайна была выгадная пэўным групоўкам вакол Пуціна. Яна была скарыстаная як выбарчая тэхналёгія. Менавіта дзякуючы вайне пэўныя групоўкі здолелі захаваць уладу. Цяпер гэтым палітыкам ля ўлады вайна непатрэбная. Але, зразумейце, цяжка выйсьці з гульні, захаваўшы твар.

Цяпер вайна, у першую чаргу, выгадная сілавікам. Дзякуючы ёй яны атрымліваюць узнагароды, мацуюць сваё становішча, а таксама, разам з рэгіянальнымі элітамі, зарабляюць грошы, бо з Чачэніі ў суседнія рэгіёны, пад прыкрыцьцём сілавікоў, цячэ некантраляваная вялізная плынь нафты.

Дадайце сюды яшчэ гэтыя зачысткі, катаваньні, кіднэпінг — гэта ж камэрцыйнае прадпрыемства!.. Яны бяруць вашых крэўных і патрабуюць выкуп. І вы заплоціце, бо інакш іх закатуюць. Вайна ператварылася ў камэрцыйнае прадпрыемства, і сілавікі вельмі актыўна супрацьстаяць ейнаму спыненьню.

“НН”: Як рэагуе на вайну расейскае грамадзтва?

Д.Л.: Расейскае грамадзтва ня ведае праўды пра гэтую вайну. Агульнарасейскія тэлеканалы — ОРТ, РТР — не паказваюць ейнага адваротнага боку. Вядзецца шавіністычная, аднабаковая прапаганда. Маўляў, фэдэралы — самаахвярныя героі, а чачэнцы — хцівыя зладзеі. Таму расейцы ненавідзяць чачэнцаў — усіх”.

Каб перамагчы беларускіх і летувіскіх “зялёных братоў”, КГБ па другой сусьветнай вайне патраціў 10 год. У Ольстэры вайна доўжыцца дзесяцігодзьдзямі. Расейскія вайскоўцы таксама не дасягаюць посьпеху ў змаганьні з мабільнымі групкамі партызанаў — па 4—5 спрактыкаваных байцоў кожная. Такія гурткі ладзяць тэракты ва ўсёй Чачэніі. Разьятраныя вайскоўцы адказваюць карнымі акцыямі супраць мірнага насельніцтва. Замкнёнае крывавае кола, якое падмяла Чачэнію, коціцца па ўсёй Расеі. Ужо вядома пра некалькі жорсткіх забойстваў, учыненых былымі “усмірітелямі Чечні”.

Сьвятлана Курс


What solution?
– Revolution

Антыглябалісты сваімі маніфэстацыямі не сарвалі сустрэчы кіраўнікоў “васьмёркі” найбуйнейшых капіталістычных дзяржаваў, але посьпех мелі: ніхто ня ведае, “пра што зьбіралася” “васьмёрка”, затое ўвесь сьвет падлічваў, колькі чалавек паранена і колькі ачмурэла ў шэрагах змагароў з глябалізацыяй. А ёсьць нават загінулыя пад коламі аўтамабіляў. Сэнсоўная сьмерць!.. Гэта пры тым, што ніхто ня можа толкам патлумачыць, супраць чаго ж змагаюцца антыглябалісты. “Супраць глябалізацыі сусьветнай эканомікі”, — адказваюць. Дык супраць чаго ж?.. “Супраць глябалізацыі...” Дык супраць чаго? Ага, супраць “Макдональдзаў”. А што, “Макдональдзы” горшыя за “Чэбурэчныя”? Лудыты ў свой час змагаліся супраць машыннай вытворчасьці, і Байран ім вершы прысьвячаў. Змагацца супраць глябалізацыі – усё адно што супраць машынаў (на якіх змагары ў Геную і пазьяжджаліся).

У савецкі час модна было пісаць: тое і тое рэклямуецца, каб адцягваць моладзь ад сацыяльнай барацьбы і глыбінных маральных пытаньняў сучаснасьці. “Барацьба з глябалізацыяй” мне нешта вельмі нагадвае. Лукашэнка, дарэчы, быў бы ў такой барацьбе някепскім рулявым. Барыцеся, а я буду вамі тым часам кіраваць. Барыцеся, каб мне латвей вас было трымаць у ярме.

А чаго вартыя такія крокі антыглябалісцкіх колаў, як “сэксуальны страйк”, задума якога сыходзіла ад лідэра камуністаў Генуі Антоніё Бруна? Удзельніцы страйку — прастытуткі Генуі — заявілі пра ўстрыманьне ад сэксуальных кантактаў з усімі, хто хоць як-небудзь спрычыніўся да арганізацыі сустрэчы “васьмёркі”, – чыноўнікамі, паліцыянтамі, перакладчыкамі, кіроўцамі, акрэдытаванымі журналістамі. Маніфэстантам жа, наадварот, свае паслугі прапаноўвалі па зьніжаных цэнах, а то й зусім задарма. Прастытуткі тлумачаць гэты свой крок тым, што глябалізацыя шкодзіць і ім, бо ў іх зьявілася мноства канкурэнтак з Усходняе Эўропы і Афрыкі, што працуюць па “дэмпінгавых” цэнах. Во такія ў нас пратэстанты: межы, кажуць, адкрыйце, усё ўсім дазвольце, але дайце нам цэны трымаць.

Калі ж тутака паразважаць пра тое, што Расея стала паўнавартай капіталістычнай дзяржавай і кожны Вешнякоў мусіць з гэтым лічыцца? Няма як за звонам бітага шкла.

Мікола


Краіна няспраўджаных надзеяў

Артыкул Марыі Жэго “Des “escadrons de la mort” dénoncés en Biélorussie” (“Разаблачэньні пра “эскадроны сьмерці” ў Беларусі”), надрукаваны ў часопісе “Le Monde”, 2 ліпеня 2001 г., выклікаў рэакцыю Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы.

 

Артыкул расказвае пра новае ў расьсьледаваньні зьнікненьняў вядомых палітыкаў Беларусі. Разам з тым, у артыкуле журналістка распавядае кароткую гісторыю Беларусі 90-х вельмі непісьменна і несправядліва для беларусаў. Называе Беларусь беднай краінай на чале з маскоўскай крэатурай — дыктатарам Лукашэнкам, паклоньнікам Гітлера. Называе яе тыповай аграрнай дзяржавай, якая атрымала незалежнасьць толькі ў 1991 г. і не знайшла нічога лепшага, як пайсьці на саюз з Расеяй. Цяпер за Аляксандра Лукашэнкі дзяржава ператварылася ў марыянэтку ў руках Крамля, патрэбную толькі для транспартаваньня газу ў Эўропу і ў якасьці аванпосту перад NАТО. Марыя Жэго піша, што Беларусь “разрываная рознымі гістарычнымі ўплывамі” — “Горадня — балцкі горад, Гомель — украінскі, а Менск — расейскі”.

Натуральна, што такі артыкул ня мог ня выклікаць рэакцыі беларускай эміграцыі. Івонка Сурвілла напісала адказ рэдактару Le Monde. Яна зьвяртае ўвагу на тое, што Беларусь атрымала незалежнасьць у 1918 г., пасьля таго як 123 гады адбыла пад расейскай акупацыяй, і што варта размяжоўваць прэзыдэнта Лукашэнку і ягоную прамаскоўскую палітыку ды беларускі народ. Каб ня новая калянізацыя, беларускі народ зь ягонай сумленнасьцю і працавітасьцю хутка зрабіў бы зь Беларусі новую Данію ўсходу Эўропы.

Такі вось выйшаў працяг нашае тэмы зь мінулага нумару: “Краіна нашых няспраўджаных надзеяў”. Яны ня спраўдзілі нашых надзеяў, мы — іхных. Зьяўленьне артыкулу Марыі Жэго сымптаматычнае. У Францыі прызвычаіліся глядзець на Беларусь праз расейскія акуляры. Але, здаецца, праблема, не ў неадукаванасьці французаў. Няма сучаснага падручніка па гісторыі Беларусі па-ангельску ці француску, у які тая ж журналістка магла б зазірнуць і падаць праўдзівыя зьвесткі. Дык якія могуць быць прэтэнзіі да шараговай францускай журналісткі?

Э.Л.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0