Вера і нявера ў Беларусь

“Улоў мой быў зусiм мiзэрны i таму я быў злы, як поп, якi прыйшоў на хаўтуры i раптам заўважыў, што нябожчык уваскрэс. Мяне мучыла даўняя застарэлая хандра, якая варушылася ў тыя днi на дне кожнай беларускай душы: нявера ў каштоўнасьць сваёй справы, бясьсiльле, глухi боль”.

Уладзімер Караткевіч “Дзікае паляваньне караля Стаха”

Застарэлая хандра, нявера і бясьсільле. Гэткі стан душы пакінуў беларусу ў спадчыну савецкі пэрыяд, калі Ўладзімер Караткевіч пісаў сваю гістарычную бэлетрыстыку. Гэтыя пачуцьці вельмі сугучныя дню сёньняшняму.

Веру трэба здабываць, веру трэба гадаваць, верыць можна стаміц-ца. Вера ёсьць працай. Гэта як з дабром, якое трэба рабіць, тады як зло прыходзіць найчасьцей само. Як і нявера, якая не вымагае ад чалавека ніякіх высілкаў. Сядзіш сабе і ня верыш. Зь верай наадварот — ёю трэба авалодаць, а нявера, якую Даль называў няверствам, валодае табою сама.

Адзін мой знаёмы, родам зь Менску, які жыве цяпер у Польшчы, пахваліўся, што нядаўна быў у Ангельшчыне. Ён з захапленьнем распавядаў пра лёнданскія тэатры, пра “Ковэнт-Гардэн”, пра “Роял Корт” ды багата чаго інашага. “Натуральна, — казаў ён, — нічога падобнага ў нас няма й ня можа быць”. — “Чаму, — пытаюся, — натуральна? У нас жа ёсьць выдатныя рэжысэры, акторы, таксама вялікія традыцыі. Урэшце, нашы тэатры тамака ж, у Брытаніі, шматкроць атрымлівалі ўзнагароды...” — “Ну, што ты! Тамака ж усё гэтак зроблена, гэткія грошы ўкладзеныя... Ну, ты што, не разумееш, што такое Лёндан!?”
Розьніцу паміж Лёнданам і Менскам я разумею. Але не разумею, адкуль гэтак хутка бярэцца грэблівасьць, а ў лепшым выпадку скепсіс да ўсяго беларускага ў тых, хто яшчэ зусім нядаўна гатовы быў горача тое адстойваць, быў гатовы верыць у сваё. Можа людзі стамляюцца верыць бясконца?
Днямі давялося пагаварыць зь яшчэ адной цікавай асобаю. Яна тэатразнаўца й акторка, жыве ў Эўропе. Назаву яе Лізаю. Яе маці — шчырыя беларуска, як і ўся ейная радня, раскіданая па сьвеце.
Па вайне сям’я дзеда выехала на Захад, доўга пераяжджалі з адной эўрапейскай краіны ў іншую, пакуль у адным з краёў не прыкіпелі. Тутака маці й яе браты атрымалі адукацыю, тутака абзавяліся сем’ямі. У гэтай вялікай радні заўсёды паноўнае месца займала беларуская мова. Колькі яна сябе памятае, столькі сваякі распавядалі пра Беларусь. Пра беларускія справы гаварылася й за сямейнымі сталамі й на адпачынку, на Каляды й на Вялікдзень. Здавалася, канца гэтым гамонкам не было. Прыяж-джалі сябры й знаёмыя, і з кожным спатканьнем усё пачыналася наноў: узаемныя пераконваньні ў сьветлай будучыні Беларусі, спрэчкі пра тое, як і што тамака ўладкаваць, як трэба вымаўляць тое ці іншае слова, як сьпяваць песьню. Праміналі гады. Адышло пакаленьне дзядоў і бабуляў. Многія пабраліся шлюбамі зь небеларусамі. А гамонкі пра Беларусь не спыняліся. Наадварот. Палова радні небеларускага паходжаньня пад уражаньнем гэтае зацятасьці імкнулася падладзіцца пад гэты камэртон.

Сама ж рэальная Беларусь пакрысе сьціралася ў іхнай памяці. У сьведамасьці Лізы, як і астатніх беларускіх дзяцей на Захадзе, Беларусь уяўлялася калі ня раем, дык нечым да таго падобным. Тамака жывуць найлепшыя людзі на сьвеце: зычлівыя, ветлівыя, гасьцінныя... Там — неверагоднага хараства краявіды... Там — сапраўдныя сьвятыні...

У сярэдзіне 90-х Ліза наведала Беларусь. Яна рыхтавалася да гэтае вандроўкі гадамі. І зь нецярплівым трымценьнем узіралася ў краявіды за акном цягніка: “Калі ж, нарэшце, Беларусь? “ Ну вось і Берасьце, Баранавічы, Стоўпцы. Лясы, палі, лясы… У Менску людзі азіраліся на яе нетутэйшы выгляд зь недаверам, у краме нейкая цётка пачала абурацца зь яе беларускай мовы: вось, маўляў, прыяж-джаюць палякі, бээнэфаўскі нацыяналізм тут разводзяць. Іншыя людзі, дазнаўшся, што яна з Захаду, няспынна намякалі на грошы. Машыну, якую яна неабачліва паставіла пад акном, разрабавалі за паўгадзіны. Не знайшоўшы сярод рэчаў нічога вартага, параскідалі іх па мікрараёне. Праехаўшы крыху па вёсках і мястэчках, пражыўшы ў Беларусі зь месяц, Ліза вярнулася дамоў.

“Сьлёзы, — кажа яна, — мяне душылі. Сьлёзы крыўды. У мяне было адчуваньне, што мяне падманулі. Мне хлусілі ўсё жыцьцё. Я доўга не магла нават чуць пра беларускасьць. Але пасьля супакоілася. Мае сваякі не вінаватыя. Яны самі падманвалі сябе ўсё жыцьцё. Беларусь для іх ніколі не была рэальнаю”.

Сваякі Лізы, стварыўшы сабе ілюзію, не хацелі зь ёй разьвітвацца. Яны самі ці не наўмысна марудзілі з прыездам у Беларусь, каб не разбураць ілюзорнага сьвету, у якім пражылі большую частку жыцьця. У большасьці, яны гэтак ніколі й не пабывалі ў сапраўдных вясковых хатах, на ўскрайках менскіх мікрараёнаў, не хадзілі па балатах, не зьбіралі тут грыбоў, ня плёхаліся ў рэках. Ці не таму старыя беларуская эмігранты маюць цяпер мала ўплыву на сытуацыю ў Беларусі, што, у адрозьненьне ад Адамкуса, Віке-Фрайбэрге ды яшчэ тысячаў літоўскіх, латвійскіх і эстонскіх эмігрантаў, так і не далі рады прыстасавацца да новае, іншае Беларусі, якой яна стала за 50 гадоў? Бо занадта верылі.

А вось назіраючы за найноўшай хваляю эміграцыі, за тымі, хто мне ведамы нашмат лепей, не магу пазбыцца думкі пра тое, што гэтыя людзі ня вераць... Больш за тое, ня верачы самі ў Беларусь, яны імкнуцца пераканаць усіх вакол сябе, што пэрспэктываў на Бацькаўшчыне няма. Апраўдаць тым самым свой ад’езд. І ня вернуцца яны сюды. Ні за Лукашэнкам, ні пасьля яго. Іх месцы ТУТ зоймуць менш адукаваныя, менш энэргічныя, а то й чужыя людзі.

І ня вернецца той мой знаёмы, які зьезьдзіў у Лёндан, якому я гэтак нічога й не давёў пра вартасьць жывога беларускага тэатру. Новыя эмігранты, карыстаючыся каламутнай беларускай сытуацыяй, шукаюць для сябе найперш матэрыяльных выгодаў. Яны едуць, каб лепей жыць. У тым заганы няма. Але ж навошта па сабе пакідаць паняверку?

Не вяртаюцца вывучаныя за акі-янам беларускія студэнты! І аўстралійскі беларускі дзед не плянуе легчы ў родную зямельку, застаецца на чужыне назаўсёды. Атрымоўваецца пара: нявера і невяртаньне. А вось арыстакрат Антоні Радзівіл лёг у сямейным склепе ў Нясьвіжы. Назаўжды вярнуўся ў край продкаў.

І Ліза вельмі любіць беларускі тэатар. Прыяжджае цяпер у Беларусь ці не штогод. Вывучае беларускі тэатар, жывую беларускую культуру. І з кожным разам усё болей і болей прывыкае да краю, у якім нарадзіліся яе бацькі. Яна верыць у яго. І шмат робіць у сябе ў Эўропе дзеля таго, каб пра Беларусь ведалі як мага болей.

 

Гары Куманецкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0