Беларусь праз 100 гадоў

 

Яшчэ не каралеўства

Вось, прапануе мне спадарства вымысьліць, якой будзе наша Беларусь праз сто гадоў. Але мне не ўдаецца сягнуць думкай аж гэтак далёка, таму прапаную некалькі прапазыцыяў аб тым, што будзе празь пяцьдзясят гадоў, г.зн. у 2051 г.

Сталіцай Беларусі можа й застанецца Менск. Хоць будуць і іншыя прапазыцыі: напрыклад, Слуцак, Асіповічы або зноў жа Наваградак.

Што абавязкова будзе зьменена — дык гэта пэўныя абласныя цэнтры. Буйныя адміністрацыйныя цэнтры блізу межаў дзяржавы прыцягнуць людзтва з суседніх краінаў, і праз тое размыецца беларускасьць тых местаў. Таму цэнтрам Віцебскай вобласьці можа стаць Лепель, Гомельскай — Сьветлагорск або Жлобін, Берасьцейскай – Баранавічы, Гарадзенскай – Ліда або Наваградак. На ўзор амэрыканскіх штатаў, вобласьці будуць больш самастойнымі. Магчыма, зьявіцца ўжо паміж імі розьніца ў заканадаўстве — абласныя рады будуць самі вытвараць пэўныя законы. Наагул, пашырыцца самакіраваньне.

Беларусь станецца цалкам сьвецкай дзяржавай. Немагчыма будзе, каб чыноўныя асобы наведвалі храм з мэтай самарэклямы і каб гэта паказвалі па тэлевізіі. Захаваецца шматканфэсійнасьць. Хрысьціянскія канфэсіі нарэшце пачнуць рэальна збліжацца. Узрасьце й роля паганства — напрыклад, зьявяцца паганскія ярархі.

Вуліцы ў Беларусі будуць прыбіраць з дапамогай пыласосаў, а пэўную іх частку ў кожным гора-дзе мыцьмуць шампунем.

Людзі будуць пільнавацца сваіх справаў і менш цікавіцца палітыкай. Сацыялягічнае дасьледаваньне пакажа, што 34% дарослых грамадзянаў ня змогуць назваць прозьвішча свайго прэзыдэнта (да гэтага часу Беларусь яшчэ ня станецца каралеўствам).

Бальшыня людзей будзе зарабляць на жыцьцё цяжкой разумовай працай, седзячы дома ці ў канторы за кампутарам. Толькі пэўны адсотак займее прывілей прафэсійна працаваць на зямлі. Дзеля гэтага трэ будзе здаць адмысловы іспыт ды прайсьці па конкурсе.

Беларусь застанецца адной зь нямногіх краінаў, дзе будуць прынятыя строгія меры супраць распаўсюджаньня генэтычна зьмененых расьлінаў і прадуктаў. Мэта гэткіх зьмяненьняў — атрымліваць большы вынік зь меншае працы. Але беларусы ня будуць шкадаваць сілаў для працы. У пэўным сэнсе для беларуса прыярытэтам застанецца працэс, а ня вынік.

Будуць дзейнічаць строгія абмежаваньні й на продаж алькаголю. Алькаголь будзе дарагі.

Вялікую частку свайго бюджэту беларуская дзяржава будзе выдаткоўваць на дэмэліярацыю земляў, каб аднавіць першасны стан прыроды краіны. Штогод на гэтую справу будуць выдаткоўваць прыкладна столькі сама, колькі на ўвесь працэс калечаньня прыроды. Падлучацца міжнародныя інвэстары. І ўжо на Палесьсі зьявяцца ладненькія балотцы, хоць яшчэ ня столькі, як патрэбна.

Клімат зробіцца больш гарачым, таму ў гарадох на шматпавярховыя дамы будуць усталёўваць адмысловыя сыстэмы кандыцыянаваньня. Актуальнасьць ацяпленьня ў зімовы пэрыяд будзе зьмяншацца.

Чалавек атрымае магчымасьць жыць вечна. Пасьля таго, як цела зносіцца (гадоў за 120), мозг будзе “перасаджвацца” на кампутар, і чалавек будзе бесьперапынна адчуваць сябе жывым і мець магчымасьць камунікаваць з асяродзьдзем. З часам гэтая паслуга патаньнее, і ўсякі чалавек будзе вольны выбіраць, карыстацца зь яе або не. Знойдуцца й такія, што не захочуць!

Будзе больш свабоды. Людзі зразумеюць, што свабода – гэта не калі нешта дазволена, а калі забаронена забараняць.

Ня будзе ніякіх перашкодаў у распаўсюджваньні інфармацыі. Бо інфармацыя можа быць толькі карыснай, а шкоднае — толькі ейнае выкарыстаньне. Таму ў самым малым з гарадоў Беларусі можна будзе набыць у шапіку газэты й часопісы бальшыні краінаў Эўропы. І ва ўсіх гэтых краінах будуць прадаваць беларускую прэсу.

Дзеля свабоды, самых нізкіх у Эўропе падаткаў і выгодаў геаграфічнага становішча Беларусь станецца вельмі прыцягальнай краінай для імігрантаў. Для кожнай дзяржавы будзе ўсталяваная пэўная гадавая квота. Перавагу будуць мець адукаваныя маладыя людзі з разьвітых краінаў. У Беларусь будуць вяртацца габрэі, іх колькасьць да 2051 г. зноў дасягне 1% ад колькасьці ўсяго насельніцтва.

У 2051 г. у Беларусі жыцьмуць 12 мільёнаў чалавек (ня лічачы кампутарных жыцьцяў).

Над Беларусяй будзе лунаць бел-чырвона-белы сьцяг, гербам назаўсёды стане “Пагоня”.

Беларуская мова ўвойдзе яшчэ не ва ўсе сфэры жыцьця. Але ў нашай мове будуць выдавацца ўжо эратычныя часопісы, і на ёй будуць размаўляць прастытуткі. З гэтага часу за мову можна будзе больш не баяцца.

Аляксандар Урбановіч


Новы праект “Нашае Нівы”

2101 год. Якой будзе Беларусь праз 100 гадоў? Якой будзе дзяржава і які дзяржаўны лад? Якімі будуць гарады? Які горад будзе сталіцай Беларусі? Якімі межы краіны? Што беларусы будуць есьці? Якімі будуць беларускія грошы? Якім транспарт? Якімі сродкі масавай інфармацыі? Якая літаратура будзе чытацца? Ці застануцца тэатры? Якія імёны будуць самымі папулярнымі? Якімі стануць лясы і рэкі? Ці можна будзе купацца ў забруджаных сёньня азёрах? Якія зьвяры зьнікнуць, якія новыя расьліны завядуцца? Што будзе з чарнобыльскай зонай? У якіх цэрквах будуць маліцца людзі? Што яны ведацьмуць пра 2001 год? Што будзе з намі?

Штотыдня — фантазіі пра будучыню Вечнай Беларусі, эсэ, прагнозы і футуралягічныя артыкулы ў рубрыцы “Беларусь праз 100 гадоў”. З гэтага выйдзе цэлая кніга! Чакаем Вашых допісаў. Будзем загадваць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0