Культура 

 

Палесьсе: погляды з розных бакоў

Загародзьдзе-3: Матэрыялы навук.-краязнаўч. канф. “Палесьсе ў ХХ ст.”, 1—4 чэрвеня 2000 г., Беласток/ Уклад. і агульн. рэд. Ф.Клімчука, А.Энгелькінг, В.Лабачэўскай. – Менск: Тэхналёгія, 2001. – 320 с. ISBN 985-458-034-2

Сярод тузіну краязнаўчых выданьняў пінска-берасьцейска-менскае “Загародзьдзе” — найбольш зьмястоўнае, пераўзыходзіць нават віцебскі “Сшытак”. Гэтым разам “Загародзьдзе” выйшла памерам больш за 300 старонак. Адметнасьць трэцяга гадавіка ў тым, што тут перадрукаваныя ня толькі даклады з канфэрэнцыі, але й некаторыя дыскусіі, што дапамагае зразумець, якія тэмы з заходнепалескае дзялянкі (дакладней, кантынэнту — у цывілізацыйным вымярэньні) на сёньня цікавыя й актуальныя. Удзельнікаў беластоцкага форуму зацікавілі дасьледаваньні Э.Смулковай (экс-пасол Польшчы ў Беларусі) з мовы палешукоў; Ф.Клімчука (старшыня таварыства “Загародзьдзе” і рэдактар ягоных гадавікоў), які паспрабаваў на падставе статыстычных зьвестак высьветліць этнічны склад Заходняга Палесься ў ХІХ—ХХ ст. і моўную сытуацыю ў гэтым рэгіёне; В.Давыдзюка — пра сьляды старажытнай жывёлагадоўлі ў духоўнай культуры палешукоў; Г.Кутыровай-Чубалі — пра жніўныя напевы паўднёвай Беларусі. Шмат пытаньняў выклікаў даклад Ю.Туронка пра ўніяцкую акцыю на Палесьсі ў 1925—1942 г. (г.зв. нэаунія, задуманая Каталіцкім касьцёлам) і даклад В.Каліноўскага пра сучаснае палескае пратэстанцтва. Зацікавіліся навукоўцы зьвесткамі А.Кіштымава пра эканамічны ўздым на Палесьсі ў пачатку ХХ ст., дакладам В.Швайка пра расейскую культуру ў Палескім ваяводзтве ў 1921—1939 г., спыніліся на праблемах, узьнятых Э.Мазьком у дакладзе “Палесьсе ў канцэпцыях беларускіх палітычных партыяў Заходняй Беларусі”. Вельмі шмат пытаньняў было да І.Яленскай, якая акрэсьлівала нямецкую палітыку ўкраінізацыі Беларускага Палесься ў 1941—1944 г. Выклікаў цікавасьць заходнепалескі нацыятворчы праект у 1980—1990-х г. Выступоўцы былі адзінадушнымі: “яцьвяскі” праект жывіўся камуністычнымі ўладамі як міна, закладзеная ў падмурак БНФ і незалежнай Беларусі. Таму ўзьлёт і спад “палескага” руху супаў ня толькі з адраджэньнем, але і з заняпадам (на афіцыйным узроўні) беларускай ідэі. Былі закранутыя ў дыскусіі паведамленьні Г.Пахілевіч пра песенны фальклёр сучасных украінцаў Паўночнага Падляшша й Заходняй Берасьцейшчыны, Ю.Барысюка пра навасёлкаўскае ўзброенае выступленьне сялянаў у 1933 г., М.Пакропэка пра вывучэньне драўлянай архітэктуры Палесься ў міжваеннай Польшчы, І.Лаўроўскай пра лёс сакральных збудаваньняў Берасьця ў ХХ ст., Г.Маецкага аб праблеме этнічнага самавызначэньня палешукоў паміж дзьвюма сусьветнымі войнамі.

Застаецца адзначыць два даклады, не кранутыя ў надрукаванай дыскусіі, але вельмі важныя для аматараў і спэцыялістаў па беларускай гісторыі. Гэта матэрыял А.Гардзіенкі пра рэлігійную апазыцыю на Беларускім Палесьсі ў 1960—80-х і дасьледаваньне В.Ільлянкова пра абставіны трагічнай сьмерці Рамана Скірмунта ў 1930 г. Яно адметнае тым, што праводзілася “ў полі”, шляхам апытаньня сьведкаў.

“Ніколі ня думаў, што на канфэрэнцыі паўстануць пытаньні пра настолькі нядаўнюю гісторыю: і пра мікрамову, і пра аб’яднаньне “Полісьсе”, і пра “Суйдіньне”, і пра аб’яднаньне “Етвызь”, — прызнаўся ў час дыскусіі адзін з украінскіх дасьледнікаў. Так, навукоўцы мелі магчымасьць паспрачацца па многіх праблемах, у тым ліку — чыё Палесьсе? Прагучала выказваньне: “Калегі, мы — навукоўцы, і інтэрпрэтацыя палітычная тут не да месца”. Думка спрэчная. Зборнік гэта добра паказвае неадназначнасьцю свайго зьместу. Калі нехта з навукоўцаў адмаўляецца вырашаць галоўныя праблемы, іх вырашаюць невукі. Або тыя, хто шчыра зацікаўлены ў спазнаньні сваёй мінуўшчыны й сучаснасьці. “Загародзьдзе” — каштоўны матэрыял ім для роздуму.

Валеры Пазьнякоў

 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

С.Барыс. Беларускія імёны: Дапаможнік для маладых бацькоў. — Менск: Тэхналёгія, 2001. — 16 с. — Наклад 500 ас. ISBN 985-458-044-Х

Слоўнічак зьмяшчае блізка 650 традыцыйных імёнаў, пададзеных кірыліцаю й лацінкаю, хрысьціянскія й нехрысьціянскія, традыцыйныя для земляў Беларусі й Літвы: Яўнут, Гедымін і інш.; некаторыя імёны маюць падвойную форму: Аўген — Яўген, Ладзімір — Ладымер і г.д.)

Кантакты й дыялёгі: Інфармацыйна-аналітычны й культуралягічны бюлетэнь. № 6 (65), 2001. — Менск: ГА “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў”, ГА “Беларускае таварыства дружбы й культурнае сувязі з замежнымі краінамі”, 2001. — 56 с.: іл. — Наклад 299 ас.

Найцікавейшыя матэрыялы выпуску: Л.Лыч “ХХ ст. і лёс беларускага народу”, М.Міцкевіч “Беларускія студэнты ў Лювэнскім унівэрсытэце”, С.Кошур “З гісторыі беларускае дыяспары ў Чэхіі”. Зважце на публікацыю А.Катлерчука пра польска-царкоўнаславянскі слоўнік Сімяона Полацкага. Міліцыянт А.Мядзелец надрукаваў паведамленьне, ілюстраванае фатаздымкамі, пра капліцу сям’і Густава Сволкеня, былога швэдзкага падданага, памерлага ад ранаў пасьля расейска-турэцкай вайны. Капліца — дагэтуль неапісаны помнік дойлідзтва — месьціцца паблізу в.Барані Астравецкага р-ну, дзе нарадзіўся Казімір Сваяк.

А.Яскевіч. Падзьвіжнікі й іх сьвятыні: Духоўная культура старажытнай Беларусі / Навук.рэд. У.Вялічка, М.Касьцюк; Маст. афармленьне В.Масьцераў. — Менск: Полымя, 2001. — 368 с.: іл. — Наклад 2500 ас. ISBN 985-07-0353-9

Кніга А.Яскевіч мае багата непасьлядоўнасьцяў і недакладнасьцяў. Прыкладам, Коўна дасьледніца чамусь называе “старабеларускім”. Кніга выдадзеная з блаславеньня мітрапаліта Філарэта.

М.Багдановіч. Поўны збор твораў у 3 т. Т.2. Мастацкая проза, пераклады, рэцэнзіі, нататкі, чарнавыя накіды/2-е выд. — Менск: Беларуская навука, 2001. — 600 с. — Наклад 1500 ас. ISBN 985-08-0447-5

Багдановічавы творы перавыдаюцца пасьлядоўна: спачатку 3-і, адразу ж — 2-і, і, мабыць, хутка выйдзе 1-ы том. Выдавецтва “Белорусская наука” не саромеецца свае правінцыйнасьці й піша сябе ў выходных зьвестках па-расейску. Цана 3,3 т.р.

Віктар Мухін

 

Навіны за тыдзень

Праекты музэю

У Музэі сучаснага мастацтва, што каля пл.Якуба Коласа ў Менску, адчынілася выстава двух варыянтаў праекту вялікага Музэю сучаснага мастацтва, у які маюць перабудаваць цяперашні кінатэатар “Беларусь” на Юбілейнай пл. Архітэктары мараць пра велізарны будынак — у 7 разоў большы за кінатэатар. У сквэры побач плянуецца стварыць сад скульптураў пад адкрытым небам. Праўда, кіраўніцтва гораду ўважае гэты плян за нерэалістычны.

Альбом Грышка

Студыя “Bulba records” выпусьціла сольны альбом Валіка Грышка, лідэра рок-гурту “Беларускі клімат”. Песьні ў яго на трасянцы зь беларускіх, ангельскіх, італійскіх і расейскіх словаў.

Адбудова мячэту

У Менску на рагу вуліцаў Татарскай і Грыбаедава пачнуць аднаўляць мячэт паводле архіўных выяваў старога, зруйнаванага саветамі ў 60-х гадах. Мільён даляраў на будаўніцтва адшкадуе Саудаўская Арабія.

Мянчук


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0