1951

Уявіць сабе аповесьць Сэлінджэра ў Беларусі тады, калі яна выйшла з друку, у 1951-м, цяжка. Тады ў краіне не было нібыта анічога, што магло б адгукацца на такі твор. Што ў 51-м было ў нас і што ў сьвеце?

Ужо год цягнецца вайна ў Карэі. У Злучаных Штатах вось-вось наступіць пара макартызму. У 1951-м пакараныя сьмерцю першыя камуністычныя агенты — муж і жонка Розэнбэргі. Працэс Розэнбэргаў скалануў самыя нетры амэрыканскае нацыі. Розэнбэргі — жыды. Антыкамунізм, расізм, антысэмітызм і гамафобія буяюць на поўную моц. У гарадах ідуць масавыя дэманстрацыі, удзельнікі якіх патрабуюць абараніць дзяржаву.

У Эўропе ў 1951 г. утвараецца Эўрапейская супольнасьць вугалю й сталі, у якую ўвайшлі 6 дзяржаваў. А ў Лёндане адбываецца яшчэ адна прыкметная падзея — першы конкурс прыгажосьці «Міс Сьвету — 51».

Тым часам Сталін, выдаўшы «Пытаньні мовазнаўства», распачынае новую працу — «Эканамічныя праблемы ў СССР». У Маскве расстрэлам абвінавачаных сканчаецца справа Габрэйскага антыфашысцкага камітэту. Тым самым сканчаецца і «справа міністра дзяржбясьпекі Абакумава».

Зь Беларусі ў 1951-м начыста высяляюць пратэстантаў. З Баранавічаў у Іркуцкую вобласьць выпраўляюць усіх егавістаў сем’ямі. А за кампанію — і недабітых андэрсаўцаў. Агулам 1012 чалавек. З Маладэчна 1119 егавістаў выпраўляюць на станцыю Ангара. Больш за тысячу чалавек адпраўляюць туды ж зь Ліды.

У Менску нявечаць катэдральны касьцёл, у Магілёве падкладаюць дынаміт пад Багаяўленскі сабор.

Партызаны пад Моталем зьнішчаюць атрад НКВД і начальніка Янаўскае міліцыі. Праз колькі тыдняў пад вёскай Бродніцай, тамсама, на Янаўшчыне, разьбіваюць ужо партызанаў. 9 верасьня 1951 г. у лясох пад Маладэчнам прызямляецца парашутыст Янка Філістовіч, каб утварыць уласны атрад і партызаніць у маладэчанскіх ваколіцах цэлы год.

А сканчаецца гэты год у Беларусі навагоднім падарункам ад Сталіна 25 сьнежня 1951-га: новым, чырвона-зялёным сьцягам, створаным паводле праекту мастака Волкава. Тым самым сьцягам, зь «беларускім арнамэнтам каля дрэўка», што лунае над Беларусяй да сёньня.

Гары Куманецкі

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0