Хоць такога зыходу і чакалі, сёньняшні "дэмарш Мандэльсона" прагучаў як гром з чыстага неба. Не чакаючы меркаванай даты — 21 чэрвеня, Эўразьвяз вуснамі камісара ў справах гандлю абвесьціў, што Беларусь пазбаўляецца прэфэрэнцыяў.

Тым часам Аляксандар Ярашук, лідэр апальнага Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, трохі распавёў пра закулісны бок нядаўняга мерапрыемства ў Жэнэве. Таго самага, вынікам якога стала ўнясеньне Беларусі ў спэцпараграф (што, у сваю чаргу, зрабіла непазьбежнай страту прэфэрэнцыяў у гандлі з Эўразьвязам).

Аказваецца, перад канфэрэнцыяй у Ярашука была нават сустрэча з намесьніцай кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі Натальляй Пяткевіч! Зрэшты, на думку лідэра БКДП, урадавы бок дзейнічаў у Жэнэве настолькі няўклюдна, што ўзьняў супраць сябе нават тых, хто ад пачатку быў нэўтральны ці нават рыхтаваўся замовіць слоўца за афіцыйны Менск. ФПБ нарабіла шуму гісторыяй з падробленымі подпісамі (прабачце, "тэхнічнай памылкай"!), а беларускі віцэ-прэм'ер, са слоў Ярашука, падчас выступу ўвогуле парушыў палітэс, перайшоўшы на асобы. Так што "ўрад сам прывёз у Беларусь спэцпараграф МАП".

Апошнім часам айчыннае начальства раз-пораз атрымлівае жорсткія ўрокі ад міжнароднай супольнасьці. Выглядае на тое, што зачыстка палітычнага ляндшафту саслужыла кіроўнай клясе кепскую службу. Высокія асобы прызвычаіліся гаварыць і рабіць што заўгодна, бяз роздуму скручваць нязгодных у бараноў рог, маніпуляваць лічбамі ды фактамі — і пакрысе страцілі пачуцьцё рэальнасьці. Бо што ні ўчыні, падхалімы пляскаюць у ладкі, у палітычных апанэнтаў ляпы заткнутыя, піпл засяроджана смокча свой "чарлік"... А вось цывілізаванае замежжа, аказваецца, да такога стылю не прывучанае. Ні нахрапам, ні хлусьнёй яго ня возьмеш. І афіцыйны Менск усё часьцей сядае ў галёш.

Зараз галоўнае пытаньне ў тым, які сцэнар паводзінаў выбера ўлада пасьля таго, як скасаваньне прэфэрэнцыяў стала фактам.

На думку палітоляга Валера Карбалевіча, квазілібэралізацыя скончыцца. Рэжым усклікне "ах, вы так!.." — і яшчэ тужэй закруціць шрубкі. Ярашук таксама не выключае, што пачнуць трушчыць "пятую калёну", але ўвогуле аптымістычна мяркуе, што, наадворот, у апазыцыі зьяўляецца вагар, каб трохі напружваць уладу.

Ва ўсякім разе, пільная ўвага замежнікаў можа утрымаць кіраўніцтва дзяржавы ад канчатковага выпальваньня грамадзка-палітычнага поля. Міжнародныя структуры папярэджваюць афіцыйны Менск, што будуць адсочваць сытуацыю на прадмет магчымых рэпрэсіяў, напрыклад, супраць тога самага БКДП. Спальваць масты ў стасунках з Захадам пры вельмі змрочнай кан'юнктуры на ўсходнім кірунку было б зусім недальнабачна. І наадварот, пры наяўнасьці прагрэсу ў выкананьні рэкамэндацыяў МАП лідэр БКДП абяцае як мага хутчэй ініцыяваць вяртаньне прэфэрэнцыяў.

Іншая рэч, што, пры ўсіх магчымых манэўрах, вялікай волі незалежным прафсаюзам у нас не дадуць. Гэта сто пудоў. Хай ужо лепей гараць гарам тыя прэфэрэнцыі! Бо перад вачыма высокага начальства пэўна ж стаіць прывід польскай "Салідарнасьці". Калі пахіснецца створаны ва ўмовах "нафтавага афшору" дабрабыт, дык менавіта структура "а-ля прафсаюз" пад сацыяльна-эканамічнымі лёзунгамі можа сабраць тую крытычную масу, якая застаецца недасяжнай марай тытульнай палітычнай апазыцыі.

У нас не было Майдану, але была плошча Леніна. Ня сьмейцеся, я маю на ўвазе выхад ста тысячаў пралетараў да Дому ўраду ў красавіку 1991 году. Тады, пасьля "паўлаўскага" падваеньня цэнаў, самая ціхмяная, ляяльная савецкая рэспубліка тэрмаядравым выкідам пратэставай энэргіі шакавала маскоўскае начальства. А ў Менску на той момант каму-кольвек, мусіць, увогуле не зашкодзілі б пампэрсы :-)

Балота балотам, але ад гэтых партызанскіх дзяцей чаго заўгодна чакаць можна!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?