Этэр або эфір?

“Наша Ніва” аднаўляе папулярную моўную рубрыку. У ёй — абмеркаваньне актуальных праблем культуры беларускай мовы, яе правапіснай, граматычнай і лексычнай нармалізацыі.

Наша літаратурная мова — у нашых руках. Таму — пішэце пра мову. Чакаем вашых допісаў.

Апошнім часам у практыцы карыстальнікаў несавецкага стандарту нашае літаратурнае мовы паўстала праблема выкарыстаньня беларускае формы слова грэцкага паходжаньня aithēr у розных яго значэньнях, у прыватнасьці, у значэньні асяродзьдзя, у якім пашыраюцца радыёхвалі. Асноўным дапаможнікам для носьбітаў мовы, арыентаваных на новаклясычную традыцыю асваеньня пазычаньняў, застаецца да сёньня праца В.Вячоркі “Правапіс. Спроба сучаснае нармалізацыі”, надрукаваная ў часопісе “Спадчына” ў 1995 г. Мовазнаўца Вячорка на пытаньне пра напісаньне пазычаньняў з грэцкае мовы дае наступны адказ: “Грэцызмы або словы з фармантамі грэцкага паходжаньня могуць мець у мове-крыніцы літары [ph] — “фі” або [th] — “тэта”. (…) У беларускай мове словы з грэцкаю тэтаю перадаюцца пераважна праз т: артаграфія (як артадокс), міт, мітычны, міталёгія, патас (параўн. аднакарэнныя патэтыка, патэтычны), рытм, лягарытм, альгарытм, арытмэтыка, катэдра, этэр”.

Бадай, усё ясна: адпаведнік расейскага эфир — беларускі этэр. Але ня ўсе з гэтым згодныя — значная колькасьць носьбітаў мовы паўстае супраць ужываньня “незразумелага народу” этэру, спасылаючыся на “звычаёвасьць” эфіру. Цікава, што праблемы ўжываньня гуку [т] і адпаведнае літары на месцы грэцкае тэты не было да правапіснае рэформы 1933 г. Зьяўленьне праблемы — вынік, з аднаго боку, уплыву расейскае мовы, з другога — залежнай ад расейскае беларускай пасьлярэформавай традыцыі перадачы іншамоўных паходжаньнем словаў.

Да 1933 г. праблема была ў іншым — у суіснаваньні ў беларускай моўнай прасторы вымаўленчых адменьнікаў грэцкага слова aithēr. “Беларуска — расійскі слоўнік” М.Байкова й С.Некрашэвіча (Менск, 1926) падаваў такі варыянт: “Этар м. — эфир, этарны — эфирный”; тое ж — у “Расійска — беларускім слоўніку” (Менск, 1928) тых сама аўтараў: “Эфир — этар”. А вось “Падручны расійска — крыўскі (беларускі) слоўнік” В. Ластоўскага (Коўна, 1924) падае іншую форму: “Эфир м. грэцк. — этэр, этэрычны”.

У кнізе “Беларуская навуковая тэрміналёгія. Вып.18. Слоўнік хэмічнае тэрміналёгіі. Ч.1. (Агульная хэмія)” (Менск, 1927) знаходзім форму з націскам на першым складзе: “Эфир — этар”. У даведніку “Беларуская навуковая тэрміналёгія. Вып.21. Слоўнік фізычнае тэрміналёгіі” (Менск, 1929) сустракаем дзьве формы з рознымі націскамі, што ня маюць сэмантычных адрозьненьняў: “Упругость эфира — пругкасьць этару” пры “Эфир — этэр, ~ гироскопический — ~ гіраскапічны, ~ космический — ~ касьмічны, ~ неподвижный — ~ нерухомы, ~ подвижный — ~ рухомы, ~ светоносный — ~ сьветланосны, ~ этиловый — ~ этылёвы”, але разам з гэтым: “Эфирный ветер — этарны вецер”.

Акцэнталягічны варыянт этар (з пачатным націскным) можна тлумачыць польскім (eter)/лацінскім (aethēr) пасярэдніцтвам пры пазычэньні слова. Форма этар больш складаная для выясьненьня — пры захаваньні канцавога — “грэцкага” — націску найхутчэй ужо на беларускім грунце адбылася замена этымалягічнага [е] на [а]).

Слоўнік “Тэхнічная тэрміналёгія. Вып.1” (Менск, 1933) пад рэдакцыяй А.Гурла прапануе толькі адну форму: “Эфир — эфір”. Гэта, бадай, адзіны прыклад лексыкаграфічнае нармалізацыі варыянту эфір да моўнае рэформы 1933 г. (эфір — з расейскага эфир, якое ў сваю чаргу — з заходнеэўрапейскіх моваў, але з штучна зьмененым на расейскай (кніжнай) глебе вымаўленьнем на ўзор познагрэцкага — з [ф’]). У пастанове СНК БССР “Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу” гаворыцца: “Іншамоўнае “th” (т) (…) пісаць пераважна праз “ф”: арыфметыка, арфаграфія, лагарыфм, пафас, міф, Афіны, кафедра, але — тэатр, тэзіс, тэорыя, метад”. Ад сярэдзіны верасьня 1933 г., калі пачала ўжыцьцяўляцца рэформа беларускага правапісу, у мове публікаваных у БССР газэт, навуковых выданьняў і слоўнікаў запанавала толькі форма эфір.

Сёньня, пры спробах рэанімацыі беларускае формы этэр, довадам на яе карысьць можа быць афармленьне разгляданага грэцызму ў іншых эўрапейскіх мовах. “Російсько — український сучасний словник” прапануе два варыянты перакладу ўва ўкраінскую мову расейскага слова эфир: “Эфир — етер, ефір; эфирный — ефірний”. Відавочна, ува ўкраінскай мове суіснаваньне дзьвюх формаў мае тыя самыя падставы, што й у нашай мове — паступовы пераход ад расейскіх калек да формаў, бліжэйшых да старагрэцкіх ісьнікаў. У іншых мовах праблемы суіснаваньня этэр — эфір няма. Да прыкладу, “Русско — латышский словарь” перакладае: “Эфир (-а) — а) хим. ēteris; сложный э. — ēsteris; б) 1. (в мировом пространстве) ēters; мировой э. — pasaules ēters; 2. перен. debess dzīles”. “The Pocket Oxford Russian Dictionary” падае: “Эфир, -а — ether; air; эфирный — ethereal; ether, ester; -ое масло — essential oil, volatile oil”. У “Русско — немецком словаре” чытаем: “Эфир м. в разн. знач.дther m -s; сложный ~ хим.Ester m -s”.

Гэткім парадкам, не павінна заставацца ніякіх сумневаў у правільнасьці й прымальнасьці формы этэр. Аднак у цяперашніх умовах функцыянаваньня беларускае мовы і форма эфір можа ўважацца за варыянтную, хаця гэткая варыянтнасьць і не на карысьць самой мове.

Віктар Мухін, Менск


Ад рэдакцыі

Вось як праблема выбару зычнага пры адаптацыі грэцызмаў — т ці ф — паказаная ў грунтоўнай працы Янкі Станкевіча “Да вымовы й правапісу чужых словаў”, друкаванай у 1930 г. у віленскім мовазнаўчым часопісе “Родная мова” (для цікавасьці падаем правапісам арыгіналу):

У грэцкаj мове было асьпіраванае (г.зн. прыдыхальнае, утваранае церцем паветра аб галасавыя зьвязкі без напружаньня апошніх — Ю.Б.) th, абазначанае літараj θ. Пасьлеj грэцкае асьпіраванае th пераjшло ў ф, хоць абазначэньне яго асталося старое. Калі менаваны гук у Грэкаў быў яшчэ сьпірантам, Рымляне пераjмалі ўжо тады грэцкія словы і гэны гук абазначалі пры помачы th. Ад Рымлян грэцкія тэрміны разыjшліся па ўсім сьвеце з вымоваю грэцкага θ як т. І ў Беларусаў грэцкае θ прынята перадаваць пры помачы т (тэатр, арытмэтыка), бо 1) гэтак яно вымаўлялася ў старую пару самое грэцкае мовы, 2) гэтак вымаўляецца ў мове лацінскаj, пераз каторую пашырылася ўсюды і ў нас (...).

Славяне пераjмалі грэцкія словы (блізу вылучна хрысьцянскія jімёны) тады, калі грэцкае θ вымаўлялася як ф. Дык у беларускіх праваслаўных jімёнах зьявіўся ф, каторы пераjшоў у п (Піліп, Панас), хв (Хведар, Хвядос), х (Хама). Гэткая хворма падобных jімёнаў правільна ўжываецца ў беларускаj мове побач із хвормамі, у каторых адбілася пасярэдніцтва лацінскае (Тамаш, Тодар).

Адцеміць яшчэ трэба, што ў беларускаj мове назовы грэцкіх мясцовасьцеў (месты, гарады, астравы і г.д.), існуючых цяпер, ужываюцца паводле jіх грэцкае цяперашняе вымовы, значыцца грэцкае θ перадаецца пераз ф (Афіны)”.

Тым часам у падручніку беларускае мовы “Fundamental Byelorussian” (Таронта, 1974—78) Валянтыны Пашкевіч, дзе фактычна адлюстраваныя пасьляваенныя (эміграцыйныя) нормы новаклясычнага стандарту літаратурнае мовы, маем пра разгляданую праблему шмат сьцісьлей, аднак амаль аналягічнае:

“Лацінскае ph ды іншамоўнае f = ф, а th = т, прыклады:

ф: факт, форма, фронт, філязофія, тэлеграф, рэльеф

т: тэатар, катэдра, каталік, артаграфія, лягарытм, арытмэтыка, Атэны,

як: Тамаш, Тодар, Агата”.

Розьніцу, параўноўваючы высновы зь дзьвюх цытат, заўважым адно ў трактоўках перадачы зычных у Афінах — Атэнах, то бо ўва ўласных назовах. Лацінізаваная форма ці ўсё ж арыентаваная на сучаснае грэцкае вымаўленьне? Які падыход слушнейшы? Наагул, арыентацыя пры асваеньні іншамоўных уласных імёнаў на арыгінальныя гукавыя характарыстыкі лічыцца сёньня ў сьвеце аптымальнаю, гэта ўсясьветная практыка — то ці ж ня варта прыняць нам аргумэнты Янкі Станкевіча?

Юрась Бушлякоў


Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0