Мой радавод

беларускія дзеці пішуць гісторыю сваёй краіны

“Радавод маёй сям’і — гэта дрэва, чые карані трымаюць мяне на роднай зямлі, даюць моц для жыцьця, а галіны, лісточкі на ім — гэта я, мае бацькі, родныя… Я бачыў сваіх прабабулю і прадзядулю толькі на фатаздымках, чуў расказы пра іх жыцьцё ад бацькоў, але й гэтага было дастаткова, каб зразумець: яны — гэта частка вялікай гісторыі роду, вёскі, краіны, сьвету. Яны — частка мяне”.

 

Гэтыя радкі зь дзіцячай працы як найлепш тлумачаць асноўную ідэю конкурсу “Мой радавод: Лёс сям’і ў ХХ ст.”, які ладзіўся суполкай “Дыярыуш” цягам апошніх гадоў. У беларускай сытуацыі, калі нават трывалыя гістарычныя арыенціры фальшуюцца, вельмі важна, каб дзеці вывучалі г.зв. “блізкую гісторыю” — гісторыю дзядоў, бацькоў, сваякоў, гісторыю, якая жыве ў памяці блізкіх людзей, у старых сямейных фотаальбомах, дакумэнтах.

Упершыню конкурсы такога кшталту пачалі ладзіцца каля 30 гадоў таму ў Заходняй Нямеччыне, але сапраўдны фурор яны выклікалі ў краінах Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы — Польшчы, Украіне, Баўгарыі, Славеніі, Расеі. Там конкурсы ладзяцца незалежнымі грамадзкімі інстытуцыямі пад патранажам міністэрстваў асьветы або першых асобаў дзяржавы. У нас арганізаваны Архівам Найноўшае Гісторыі ў 1999 г. першы конкурс “Блізкая гісторыя. Паўсядзённае жыцьцё ў Беларусі: 1945—1965” быў абвешчаны Замяталіным антыдзяржаўным.

Удзел у конкурсе “Мой радавод: Лёс сям’і ў ХХ стагодзьдзі” маглі браць вучні сярэдніх школаў (ад 7 клясы), ліцэяў, каледжаў, гімназіяў, вучэльняў, тэхнікумаў. Задача конкурсу “Мой радавод: Лёс сям’і ў ХХ ст.” была такая: удзельнік ня мусіў складаць падрабязнае генэалягічнае дрэва, але мусіў паказаць сваіх прашчураў у вірах гісторыі краіны. Тэрмін “блізкая гісторыя” сьведчыць пра суб’ектывізм: сакрамэнтальны міт пра Заходнюю Беларусь можа па-новаму загучаць з вуснаў роднай бабулі. Толькі такім чынам выкрышталізуецца нашая агульная гісторыя.

“Тое, што ў дзеда, маці і многіх нашых сваякоў захавалася шмат добрых фатаздымкаў, ускосна сьведчыць пра нябедных на грошы людзей. Глядзі: здымкі разьвітаньня зь нябожчыкам (гэта быў 19-гадовы брат матулі Сёмак). Разьвітаньне адбываецца пад абразамі ў вышываных ручніках, ля двух сумежных вокнаў. 5 дзяўчат. Хлапчук і жанчына ў гадах, не старэйшая за 40. Чыстая бялізна, жывыя кветкі, акуратна прычасаныя валасы. Ня вер нікому, калі пачуеш, што да 1939 г. заходнікі хадзілі ў лахманах, а жылі ў брудзе і смуродзе.

На здымку прыкладна таго ж часу (1925—26) гурт дружак і братоў ля маладых. Гэта таксама нашая радня. Калі ты захочаш параўнаць той час і цяперашні, то яшчэ невядома, на чыю карысьць будуць высновы” (Зьміцер Макаўчук. “Аднаўляю памяць роду па захаваных фатаздымках”.)

Усяго на сёлетні конкурс прыйшло 390 працаў. У журы ўваходзілі гісторыкі, літаратары, культуролягі: Віталь Скалабан, Ігар Кузьняцоў, Вацлаў Арэшка, Алег Трусаў, Ларыса Андросік, Уладзімер Арлоў, Захар Шыбека, Лявон Баршчэўскі.

Па выніках працы былі вызначаныя пераможцы, якім уручылі дыплёмы, памятныя падарункі. “Рэгіянальная Беларусь” і Сямён Домаш адзначылі падарункамі працы навучэнцаў бабруйскай дзіцячай калёніі.

Сяргей Сахараў

Дыплёмы Першай ступені
й памятныя падарункі атрымалі:

1. Антон Ермалёнак, вучань СШ №3 г.Мёры, за працу “Гераічныя і трагічныя старонкі майго радаводу”.

2. Зьміцер Макаўчук, вучань гімназіі №2 г.Пінску, за працу “Аднаўляю памяць роду па захаваных фатаздымках”.

3. Яўген Бельскі, вучань Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа , г.Менск, за працу “Мой род: лініі, пункціры, зыгзагі лёсу”.

4. Аляксей Яцукевіч, вучань СШ №91, г.Менск, за працу “Лёс сям’і ў ХХ ст. Аповеды старога альбому”.

5. Вэраніка Патоцкая, навучэнка Музычнае вучэльні г.Баранавічы, за працу “Сям’я Саўчукоў у ХХ ст.”

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0