З усёй краіны

 

БТ у чаканьні

На мінулым тыдні новы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Валеры Скварцоў прыняў «бунтаўшчыкоў» – прадстаўнікоў прафбюро Дырэкцыі пэрспэктыўнага вяшчаньня. Уважліва выслухаў прэтэнзіі да кіраўніцтва тэлеканалу, пачытаў заяву, паабяцаў разабрацца, прапанаваў падаць яму магчымы сьпіс новай мастацкай рады БТ і канкрэтныя прапановы па зьмяненьні сеткі перадачаў. Прафбюро падрыхтавала сьпіс з 21-й асобы. Сярод іх — паэт і былы старшыня БТ Генадзь Бураўкін, старшыня Саюзу пісьменьнікаў Вольга Іпатава, тэлерэжысэр Віктар Шавялевіч, журналіст Зьміцер Падбярэскі. Таксама «пэрспэктыўныя» супрацоўнікі прапануюць аддаць ім цэлы суботні этэр — пад аўтарскія праграмы, жывыя ток-шоў і г.д.

У той гучнай заяве былі яшчэ патрабаваньні стварыць для кантролю за дзейнасьцю НДТРК Назіральную раду і праверыць фінансавыя справы кіраўніцтва, найперш Рыбакова з Хрусталёвым. Прафбюро сьцьвярджае, што за перадачы, якія каштуюць ад сілы 10 мільёнаў рублёў, БТ плаціла недзяржаўным тэлекампаніям 60 мільёнаў. Пра верагодныя фінансавыя махінацыі Скварцоў адправіў «наверх» дакладную запіску. А наконт Назіральнае рады й без кансультацыяў зь «верхам» адказаў: «Пакуль ня будзе».

Арцём Лук’яновіч

 

Не шкада
на “Шкоду”

Адным зь першых крокаў нядаўна прызначанага старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму Аляксандра Няхаева было рашэньне аб набыцьці зухаватай “Шкоды-Актавіі”. Аўтамабіль куплены на бюджэтныя сродкі. Няхаева не спыніла ні цана аўтамабіля (каля 15000 даляраў), ні тое, што Івацэвіцкі раён – адзін з самых адсталых у вобласьці, ні тое, што ў райвыканкамаўскіх гаражах шмат “Волгаў” ды “Масквічоў”, якія варта толькі падрамантаваць.

Аляксандар Горбач, Івацэвічы

 

“Масквіч”
пад іншамарку

Дзіўная аварыя адбылася ў Мядзеле. Адзін чалавек прыехаў у Мядзельскую больніцу на старэнькім, зь дзясятых рук купленым “Масквічы”, паставіў яго ля варотаў дый пайшоў сабе на працэдуры. А транспартны сродак засумаваў, відаць, без гаспадара, рыпнуў і пакаціўся сам сабою ўніз па дарозе — вядома, мясьціна якая, то з гары, то на гару. “Масквіч” даехаў да скрыжаваньня, дзе трапіў пад колы іншамаркі. Ёй нічога — хіба бампэр пагнуўся трохі, а дзядзьку давядзецца свайму карчу ўвесь бок назад выгінаць... Адсюль выснова: калі на тармазы не спадзяешся, вазі з сабою цагліну дый падкладай пад кола.

Сяргей Мікулевіч, Будслаў

 

Грошы для палякаў

Саюз Палякаў Беларусі распачаў у суботу збор грошай для ахвяраў паводкі, ад якой церпіць Польшча. Прозьвішчы ахвярадаўцаў будуць надрукаваныя ў газэце «Głos znad Niemna».

Я.З.

 

Маладэчанскі трубны — Строеву

Урад зрабіў папярэдні эканамічны пагноз на наступны год. Ён мала розьніцца ад сёлетняга – інфляцыя мусіць складаць 20%, рост ВУП — 4,5%, а сярэднія заробкі — блізу 135 даляраў ЗША. Адно да 220 мільярдаў рублёў вырасьце дэфіцыт бюджэту. Праўда, усе сёлетнія паказчыкі засталіся адно ў плянах. І інфляцыя ў рэальнасьці большая, і рост ВУП меншы, і заробак існуе толькі ў галовах прапагандыстаў.

Старшыня Нацбанку Пракаповіч адказаў расейскаму Цэнтрабанку, што абвінаваціў быў Беларусь у спэкуляцыі расейскім золатам. Паводле ягоных словаў, амаль 100-адсоткавая купля расейскага золата нашым Нацбанкам сталася вынікам беларускіх інвэстыцыяў у здабычу каштоўных мэталаў. Сёлета такія інвэстыцыі склалі 15 млн. даляраў, а у 2002 г. яны павялічацца ўдвая.

Маладэчанскі трубны завод цяпер не беларуская ўласнасьць. Свае пазыкі Наваліпецкаму мэталюргічнаму камбінату прадпрыемства сплаціла кантрольным пакетам акцыяў. Расейцы хочуць укласьці грошы ў мадэрнізацыю заводу і павялічыць выраб сталёвых трубаў у 2—3 разы.

Амаль кожнае пятае будаўнічае прадпрыемства ў Беларусі можна лічыць банкрутам. Найперш гэта тлумачыцца скарачэньнем крэдытаў на жыльлё і попыту на будаўнічыя матэрыялы. Сёньня 70% кватэраў насельніцтва краіны мусіць аплачваць з уласнай кішэні. У чэрвені пры сярэднім заробку 85 даляраў цана квадратнага мэтра дасягала 180—200 даляраў.

24 жніўня ў Менску пачне працаваць новая станцыя мэтро — “Магілёўская” (на дарозе ад унівэрмагу “Беларусь” да Шабаноў). Гэта будзе першая станцыя, адмыслова прыстасаваная для інвалідаў. Іншая справа, што ехаць з той станцыі ім ня будзе куды.

Сяржук Іваноўскі

 

Зубныя шчоткі
з заводу “Форд”

Адкрыты чатыры гады таму завод «Форд» пад Менскам цяпер выпускае зубныя шчоткі. Рабочыя пры такой працы тутака не атрымлівалі заробку зь лютага. Новыя гаспадары вывозяць высокатэхналягічнае абсталяваньне, а замест яго прывозяць старыя станкі. Работнікі ўзбунтаваліся ды напісалі скаргу. Дзяржкантроль пачаў праверку, але, як запусьціць прадпрыемства, ня ведае.

Б.Т.

 

Цэпэліны над Нараччу

У мінулы чацьвер у мястэчку Нарач Вялейскага раёну прыемная мабілізацыйная кампанія ў складзе Касі Камоцкай, гурту “Новае Неба” й барда па мянушцы Чыканас зладзіла канцэрт пад лёзунгам “Верасень, піва, Беларусь”.

 

Імпрэза прайшла ў мясцовым Доме культуры. Гледачоў сабралася чалавек 300, збольшага моладзь — кожны дзясяты жыхар пасёлку. Кася й “Новае Неба” выканалі самыя лепшыя свае песьні. Асабліва ўразілі маладзёнаў “Малітва за Беларусь” ды “Мая краіна”. Нікога не пакінуў абыякавым і гіт Чыканаса “Хімія”. Вітай Шаркоўскі зладзіў віктарыну з гісторыі Беларусі, адорваючы пераможцаў кашулькамі з выявай сонейка, запісамі “Новага Неба”, асадкамі й каляндарыкамі. За ўсім гэтым напружана назіраў нарачанскі ўчастковы, які пасьля абвінаваціў Вітая ў выкрыкваньні “Жыве Беларусь!”. Той патлумачыў, што крычаў “Восень, піва, Беларусь!” – “Но мы жа знаем, што ў Вас у галаве!” – парыраваў ахоўнік парадку ды пайшоў прэч. Пасьля канцэрту музыкаў запрасілі ў госьці Ірына й Алег Ганчарыкі, якія накрылі багаты стол са сьвечкамі ў альтанцы над рэчкаю Нарач. Ганчарыкі – мясцовыя інтэлігенты, якія ўжо адчулі на сабе цяжар цязкоўства з адзіным кандыдатам. Пасьля вячэры й купаньня ў рацэ музыкі ад’ехалі ў Менск.

Першы канцэрт гэтае кампаніі адбыўся ў Любані ў гэткай самай прыязнай атмасфэры. У глыбінцы жыве шмат шляхетных і сьціплых сем’яў, якія любяць беларускае й працуюць для яго. Наступныя канцэрты “пад знакам сонейка” пройдуць на Камянеччыне й Століншчыне.

Сьведка

 

 

Вучыцца бегаць
ды скакаць

У пятніцу ў Эдмантане (Канада) узяў старт чэмпіянат сьвету па лёгкай атлетыцы. Гэтыя спаборніцтвы – адна з самых важных падзеяў спартовага году.

Найлепшага выніку на чэмпіянатах сьвету нашыя спартоўцы дамагліся ў 1993 г. у Гётэборгу (Швэцыя). Там яны заваявалі два залатыя мэдалі ды два срэбныя і занялі другое каманднае месца, адразу за зборнай ЗША.

Потым у нашай лёгкай атлетыцы быў спад, але вынікі Алімпіяды-2000 дазваляюць спадзявацца, што гэты спад скончыўся. Менавіта лёгкаатлеты заваявалі для Беларусі два залатыя мэдалі з усіх трох.

Якія шанцы маем на гэты раз, сказаць цяжка. Найбольшая надзея — на жанчын, а яны ж тым і харошыя, што непрадказальныя.

Лепш за ўсё мы выглядаем у сілавых дысцыплінах, але іх усяго чатыры (штурханьне ядра, кіданьне молату, дзіды й дыску). Да таго ж у бегавых дысцыплінах адзін і той самы чалавек можа, напрыклад, бегчы 100 і 200 мэтраў, ды яшчэ й эстафэту і, адпаведна, мае больш шанцаў на мэдалі ды балы, чым штурхальнік ядра ці кідальнік дзіды — бо ў сілавых дысцыплінах якое-небудзь сумяшчэньне немагчымае.

Так што, калі мы хочам быць прыкметнай лёгкаатлетычнай дзяржавай, трэба вучыцца бегаць ды скакаць. А чаму, урэшце, мы павінны тут адставаць? Што, у Амэрыцы пры 40 градусах трэніравацца лягчэй?

Аптымізм надаюць вынікі чэмпіянату Эўропы для юніёраў, што адбыўся ў Грасэта (Італія). Тут мы атрымалі тры залатыя мэдалі (больш толькі ў чатырох камандаў — Расеі, Вялікай Брытаніі, Польшчы й Нямеччыны, столькі сама яшчэ ў Румыніі). Золата для нас узялі скакун у вышыню Андрэй Чубса, кідальніца дзіды Галіна Кахава ды штурхальніца ядра Натальля Харанэка (дарэчы, таксама прыгажуня, як і Яніна Карольчык). Цалкам сэнсацыйнае срэбра ўзяў Аляксандар Мікалайчук на дыстанцыі 10000 мэтраў.

Такім чынам, “хварэем” за нашых. Відовішча мае быць куды больш займальнае, чым футбольны матч “Славія”—“Інтэр” (Браціслава), дзе было двойчы 0:1 без асаблівых шанцаў для мазыранаў.

A.U.

 

Дні сьмерці пісьменьніц

30 ліпеня памерла Анэля Тулупава, аўтарка зборнікаў вершаў “Станцыя надзей”, “Дабрадзея”, “Босая цішыня”, “Сонца ў хату”, “Скажыце ўсім”, кніжак для дзяцей. Было ёй 63 гады. А сябры днямі адзначылі гадавую па Ніне Чарнейцы, якая памерла летась 28 ліпеня, у 33-гадовым веку ў Жодзіне. Сьветлая памяць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0