За каго галасаваць?

 

Гэтым летам у Беларусі ўсе гавораць пра выбары і кожны сутыкаецца з пытаньнем, за каго галасаваць. Пытаюцца ў мяне сваякі, старыя знаёмцы, выпадковыя спадарожнікі. Асабіста я для гэтага прыдумаў такое клішэ-адказ: згадайце пра свае асабістыя задумкі або мары на бліжэйшы год альбо пяць гадоў; разважце, што вам для зьдзяйсьненьня тых плянаў спатрэбіцца, і ўявіце, ці рэальна гэта пры цяперашняй уладзе. Досьведу такога жыцьця, як цяпер, у нас ужо 7 гадоў. Калі рэальна — галасуйце за працяг, калі не — за альтэрнатыву.

Якія ж нашы пляны на год ці пяць гадоў?

 

Аляксандар Старцаў, галоўны няштатны псыхатэрапэўт Менску: Мая галоўная мэта на пяць гадоў — зьнізіць колькасьць самагубстваў сярод беларусаў. Перамяніць стаўленьне людзей да псыхатэрапэўтаў. Людзі баяцца зьвярнуцца да доктара са сваімі душэўнымі праблемамі, бо думаюць, што іх зачыняць у “дурдом” і будуць карміць таблеткамі да поўнага зьнішчэньня асобы, а потым нікуды не ўладкуешся на працу, не атрымаеш вадзіцельскіх правоў. Хоць псыхіятрыя і псыхатэрапія — розныя рэчы. У нашай краіне ёсьць сетка псыхатэрапэўтычных кабінэтаў амаль пры кожнай буйной паліклініцы, у Менску іх 23.

Аляксандар Бухвостаў, лідэр Партыі Працы: Як палітык, хацеў бы паўдзельнічаць у нармальных мясцовых і парлямэнцкіх выбарах. Гэта было б магчыма пры вяртаньні да Канстытуцыі 1994 г. З творчых плянаў — хачу напісаць кнігу пра гісторыю рабочага руху ў сьвеце з 1985 г. да сёньня.

Зьміцер Саўка, мовазнаўца: За 5 год пляную разам з аднадумцамі стварыць унівэрсальную электронную базу беларускай лексыкі. У ідэале — сабраць усе-ўсенькія беларускія словы.

Аляксандар Памідораў, рок-музыка: Запісаць што-небудзь і выдаць прыстойна. Не супольны праект, а сваё нешта, уласнае. Зрабіць рамонцік у хаце і даехаць, нарэшце, да свайго лецішча, на якім ня быў ужо гады два. Выйграць якую-небудзь гучную судовую справу. Безумоўна, выйграць у лятарэю. Ну, і адчыніць шынок.

Захар Шыбека, галоўны рэдактар часопісу “Спадчына”: У часопісе я зьбіраюся надрукаваць сваю гісторыю Беларусі ХІХ—ХХ ст. Яе ніхто не захацеў надрукаваць — ні дзяржава, ні прыватныя фундатары, бо гэта сумная гісторыя яшчэ жывога мінулага, жорсткая праўда і пра рэвалюцыйны рух, і пра нацыянальнае адраджэньне, якая не спадабаецца ні савецкім людзям, ні патрыятычна настроеным.

Андрэй Федарэнка, пісьменьнік: Напісаць дзіцячую аповесьць. Можа быць, працяг «Шчарбатага талеру». У жыцьцёвых плянах яшчэ й вынікі гэтых выбараў паўплываюць. Ад выніку, можа быць, прыйдзецца кудысьці зьяжджаць. Бо, калі давядзецца жыць тут, дык для гэтага трэба мо будзе ламаць і псыхалягічнае жыцьцё, і нават фізычнае. Можа, зьехаць у вёску. Можа, зьехаць увогуле за межы...

Ігар Кузьняцоў, гісторык: Мара — выдаць маю найважнейшую працу — “Гісторыя рэпрэсіяў: 1917—2001 г.”. Кніга на 800 старонак, у ёй я дасьледаваў рэпрэсіі ў Савецкім Саюзе й Беларусі.

Мікалай Маторанка, галоўны рэдактар крычаўскай газэты “Вольны горад”: Няма ў мяне ніякіх плянаў. Крымінальная справа па абвінавачаньні супрацоўнікаў нашай газэты ў захопе міліцыянта ў закладнікі яшчэ не закрытая.

Юры Данькоў, бізнэсовец: Вы злавілі мяне ў Швайцарыі. Я прыехаў у Цюрых на перамовы з фундатарамі, якія маглі б даць грошай на перабудову цэнтру Менску ў раёне вуліцаў Цэткін, Калектарнай, Нямігі. На тым месцы, дзе былі старыя габрэйскія могілкі, я хачу паставіць помнік ахвярам рэпрэсій ХХ ст., а на горцы, якая цяпер пустуе — міні-city, забаўляльны горад. Яшчэ я зусім нядаўна заклаў фірму “Квартал-цэнтар”, якая займаецца выдавецкай дзейнасьцю, гуртавым гандлем і пошукам нафтапрадуктаў для Беларусі. Я не зьбіраюся кідаць і свайго казыно.

Галіна Бандажэўская, жонка Юр’я Бандажэўскага, зьняволенага былога рэктара Гомельскага мэдінстытуту: Я сябе вельмі кепска адчуваю. У мяне вялікае гора. Жыцьцё спынілася, я нічога ня ведаю. (Плача).

Ларыса Шутко, кіраўніца Беларускага Жаночага Альянсу: Мэта нашае арганізацыі — прывесьці 17—18 жанчынаў у парлямэнт наступнага скліканьня і падрыхтаваць кандыдатку ў прэзыдэнты на наступныя прэзыдэнцкія выбары.

Ксёндз Уладыслаў Завальнюк, пробашч касьцёлу Сьв.Сымона й Алены: У мяне грандыёзныя пляны на гэты год, аднак я не хачу іх адкрываць. Умовы мяняюцца штодня. Вось патэлефануйце празь месяц, я Вам усё адкрыю.

Лявон Вольскі, рок-музыка: Можа, за год будзе нейкая такая кавярня “Мроя”, дзе я буду раз на тыдзень мяшаць кактэйлі, разьліваць піва і абшчацца з народам. Гэта даволі-ткі вар’яцкая ідэя, але ў прынцыпе зрабіць можна. Творчы плян — шыкоўнае выданьне анталёгіі “Мроі” для калекцыянэраў. Ад самых паганых аматарскіх запісаў да самых апошніх. І каб было як трэба — у кардоне, з залатым цісьненьнем. Такая спадчына музычна-культурная: збор усяго, што зроблена.

Міхал Анемпадыстаў, рок-паэт: Няма жыцьцёвых плянаў, няма творчых. Ёсьць нейкія задумы, але іх нельга назваць плянамі. Ну, можа быць, адзіны сур’ёзны плян, які можна ў гэтай сытуацыі паспрабаваць выканаць, — гэта плян эміграцыі зь Беларусі. Бо тут ведаеш — што трэба рабіць, якія дакумэнты зьбіраць. А плянаваньне нейкіх астатніх рэчаў, яно ж будзе ўвесь час натыркацца на нейкія дадатковыя праблемы. Плянаваньне іншых рэчаў — бессэнсоўнае.

Віктар Шніп, паэт: Выдаць «Сабачыя гісторыі». Яшчэ, калі ня сёлета, дык у наступным годзе, адпачыць нармальна. А то ўсё працуеш, працуеш… Хацелася б пабыць у вёсцы. Цэлы месяц. Паглядзець, як красуюць кветкі. Бо ў горадзе сядзіш сярод гэтага каменьня — пораў году не адрозьніваеш. А ў вёсцы ўсё яркае, усё жывое. Усё наша.

Генадзь Сагановіч, гісторык: Вось нядаўна здаў у друк нарыс гісторыі Беларусі. Што ў прынцыпе й не было працай для задавальненьня. Адпрацоўка. І цяпер адчуў такую радасьць, проста хмель ад свабоды. Урэшце бяруся дарабляць “кніжку пра барадачоў” — пра Тэўтонскі ордэн і Беларусь. Хачу штогод па кнізе тоўстай выдаваць. Наступная кніга будзе пра Хмяльніччыну ў Беларусі. А потым — кніга пра Смуту ў Беларусі. Мне хочацца абсалютна іншыя ракурсы знайсьці ў гісторыі. А яшчэ хачу ўцячы ад гэтай мітусьні і начытацца. Раптам адчуў цяпер рэальнасьць гэтай даўняй-даўняй патрэбы. Зьбіраюся тую гару літаратуры, у якую склаў самыя патрэбныя кнігі, перачытаць. Яшчэ хочацца давесьці да ладу хату. Наведаць сябра ў Нью-Ёрку... Ужо ёсьць дастаткова досьведу ў галаве, хапае таго, што было патрэбна. І адно толькі — уцякаць ад мітусьні. І тварыць.

Ева Вежнавец, пісьменьніца: Я хачу яшчэ адно дзіця. І хачу напісаць кніжку сярэдняй велічыні, старонак на сто, прысьвечаную пачатку тысячагодзьдзя ў Беларусі, жыцьцю жанчын у Беларусі. Натуральна, я хачу, каб у мяне была машына й я навучылася яе вадзіць. Яшчэ — вывучыць ангельскую мову, давесьці да ладу сваю нямецкую. На ўсё гэта трэба час, разуменьне мужа і грашовыя сродкі. Якія я пляную сама й зарабіць.

Валеры Костка, падпалкоўнік КДБ у адстаўцы, былы памочнік Г.Карпенкі: Я стаўся прафэсійным пчаляром, фэрмэрам. У найбліжэйшую пяцігодку я замахнуўся пабудаваць рай на ўласным кавалачку зямлі. У палітыку вяртацца пакуль не пляную.

 

Мы апыталі розных вядомых людзей пра іхныя пляны. Усе вядомыя людзі ў той ці іншай ступені творцы. Любы чалавек — у той ці іншай ступені творца. Як творца, кожны з нас будзе выбіраць таго кандыдата, пры якім лягчэй будзе тварыць. А ствараць лягчэй, калі маеш ясную будучыню, сыстэму каардынат. Усё, больш нічога ня трэба. Гэтае ўпэўненасьці ў будучыні дастаткова, каб чалавек-творца адчуў сваю запатрабаванасьць і пісаў свае аповесьці, прадаваў свой марынаваны часнык або будаваў свае бізнэс-цэнтры на сусьветным узроўні. Калі ж гэтага ўсяго няма, тады панікае галавою і творца, рухавік прагрэсу, і ва ўсім разьвіцьці настае паўза, якая пагражае грамадзтву мутацыямі. Мутацыі закранаюць культуру працы і культуру адносінаў між людзьмі, і культуру палітыкі. Урэшце мутацыі дабіраюцца і да маралі.

На маю думку, менавіта такое становішча склалася ў нас за апошнія сем гадоў. Сем гадоў газэты называюць Філіпа Кіркорава зоркай айчыннай эстрады, у тэлевізары — лацінаамэрыканскія страсьці з водарам кавы, на FM — суцэльная Брытні Сьпірс. Такія вось дасягненьні ў галіне культуры ў шырокім яе сэнсе. За гэты самы пэрыяд у суседняй Польшчы стварылі чатыры нацыянальныя спадарожнікавыя тэлеканалы, у Расеі — каналы НТВ, «Культура» і яшчэ сотні нацыянальных і мясцовых, звычайных, кабэльных і спадарожнікавых тэлестанцыяў.

Проста выбіраць на ўзроўні канкрэтнага чалавека. У прынцыпе, яшчэ прасьцей — на ўзроўні цэлай краіны.

Апытваў Зьміцер Бартосік

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0