Востраў Калінінград

Гэты край падобны да расейскай выспы сярод Эўропы. Разам з тым, назваць яго расейскім проста немагчыма. Як немагчыма сказаць, як будзе называцца ягоная сталіца — Калінінград, Кёнігсбэрг ці Каралявец — праз 10 гадоў.

 

Увесну 1225 г. на месцы прускага гарадзішча Твангстэ паўстае фартэцыя, закладзеная багемскім каралём Атакарам ІІ сумесна з Ордэнам. Так пачалася гісторыя Кёнігсбэргу, поўная войнаў ды інтрыгаў. У свае залатыя часы ён быў удвая большы за Бэрлін і налічваў 40 000 жыхароў. У 1701 г., у часе каранацыі славутага Фрыдрыха Вільгэльма, які вызваліў край ад швэдаў ды заснаваў першую прускую ўзнагароду — Ордэн Чорнага арла, натоўпу раздалі 6 тысячаў залатых талераў, а на плошчы біў фантан белага й чырвонага віна. Расейцы, якія акупавалі Кёнігсбэрг у 1758 г., у часе сямігадовай вайны, не рабавалі яго: не дазволілі немцы, якіх шмат было тады сярод расейскага камандаваньня. Афіцэраў нават прымушалі наведваць лекцыі ва ўнівэрсытэце. У часе акупацыі норавы кёнігсбэржцаў зрабіліся вальнейшымі: яны пачалі паліць на вуліцах ды прызвычаіліся піць пунш. Расейцы ўрэшце мусілі сысьці, і Кёнігсбэрг умацаваўся настолькі, што ў 1808 г. прускі каралеўскі двор ды ўрад пераехалі туды зь места Мэмэлю. У 1871 г. у люстраной залі Вэрсалю прускага караля Вільгэльма І каранавалі на нямецкага імпэратара. А празь пяцьдзясят год, паводле новае Вэрсальскае дамовы, Прусію аддзялілі ад Нямеччыны Данцыскім калідорам...

Але паўз усе гэтыя чорныя й залатыя гады, ва ўсіх перамогах і паразах Кёнігсбэрг заставаўся Кёнігсбэргам — з каралеўскім замкам, са славутым унівэрсытэтам, з уласнай філязофскай школай. Ператварэньне яго ў штосьці якасна іншае адбылося пасьля прыходу саветаў.

26 студзеня 1945 г. пачалася аблога Кёнігсбэргу. Савецкія камандзіры меркавалі, што горад абараняе вялікая групоўка немцаў, ды адклалі штурм на 9 тыдняў. За гэты час падцягнулі каля 700 тысячаў салдатаў, 5 тысячаў гарматаў, 1500 самалётаў. Гэта ў 20 разоў перасягала патэнцыял нямецкага гарнізону. Гітлер не дазволіў эвакуявацца 110 тысячам мірных жыхароў места — загадаў абараняцца да немінучага канца. Але й тых, хто здолеў зьбегчы з гораду, таксама чакаў незайздросны лёс. Ноччу з 30 студзеня на 1 лютага савецкая субмарына патапіла пасажырскі ляйнэр “Вільгэльм Густлаф” з 6000 уцекачоў. Уратаваліся толькі 876 чалавек, а капітана субмарыны зрабілі Героем Савецкага Саюзу. Увогуле ж за апошнія месяцы другой сусьветнай ва Ўсходняй Прусіі загінула 2,1 мільёны мірных жыхароў, а больш за 11 мільёнаў ацалелых неўзабаве расьцерушыліся па сьвеце.

Саветы не зрабілі з новых земляў саюзнай рэспублікі. Адразу пасьля вайны ў складзе РСФСР зьявілася Кёнігсбэрская вобласьць. Перайменаваньне ў Калінінград адбылося ў 1946 г. — такі сабе пасьмяротны падарунак “усесаюзнаму старасту”. З 1947 г. нямецкае насельніцтва пачалі вывозіць у савецкую акупацыйную зону ў Нямеччыне, каб не замінала будаваць тут расейскую вобласьць.

Рэпін замест Моцарта

Каралявецкі край стаўся палігонам для перайменаваньняў. Саветы пераназвалі 219 мястэчак і вёсак, выяўляючы пэўную вынаходлівасьць ды цынічны гумар. Так, мястэчка Гэрмаў зрабілася Рускім, Грос пераклалі як Бальшакова і толькі Тэльманава — новая назва мястэчка Дыдлакэн — мела ў сабе нешта нямецкае.

Пераназывалі кожную вулку. Ня ўсім вуліцам пашанцавала за саветамі так, як Ротэнштайнштрасэ, якую літаральна пераклалі як “Краснокаменная”. Часьцей новыя назвы не адпавядалі старым. Вуліцу, што насіла імя заснавальніка бровару Шыфэрдэкэра, назвалі «Кровельной». А старажытнае найменьне вуліцы Альтэр Грабэн (Стары Роў) пераклалі як «Староканавная». Пушкін зьмяніў Гётэ, Рымскі-Корсакаў — Штраўса, Рэпін — Моцарта. З гораду старанна рабілі расейскі абласны цэнтар — пазбавілі яго 20 плошчаў (засталося 5) ды танкамі расстралялі ў 1965 г. Каралеўскі замак. Дарэчы, у 1933-м нацысты таксама займаліся перайменаваньнямі — выкідалі габрэйскія ды летувіскія назовы.

Савецкая ўлада пачала змаганьне і з нацысцкай агітацыяй — надпісамі на сьценах, што заставаліся з 30-х гадоў ды заклікалі да барацьбы за ідэалы Райху. Іх замазвалі фарбаю, але савецкая фарба слабая, сплыла з дажджамі, і надпісы тыя зараз дзе-нідзе можна прачытаць. А на арцы мосту ля Заходняга вакзалу захавалася графіці “Галасуйце за Тэльмана!” — напамін пра колішнія выбары ў Райхстаг.

7,7% беларусаў

Сёньня ў Калінінградзкай вобласьці жыве 78,1% расейцаў. Беларусы складаюць першую па колькасьці “нацменшасьць” — 7,7%. Немцаў, паводле афіцыйных зьвестак, толькі 0,6%. Праўда, панятак “расеец” можа хаваць пад сабою самыя нечаканыя варыянты нацыянальнасьцяў. Доўгі час слова “немец” было тут пад негалоснай забаронай. У пасьляваенныя гады беспрытульнікаў часьцяком “зрусачвалі” ў дзіцячых дамох.

Ленінград —
з каралявецкае цэглы

На высьпе Кнайпгоф — у гістарычным цэнтры Караляўца, — якая цяпер завецца выспай Канта, засталіся адно парэшткі Катэдры. Толькі магіла вялікага філёзафа засьцерагла яе ад поўнага зьнікненьня. Справа ў тым, што з руінаў Кнайпгофа, разбуранага налётам брытанскае авіяцыі ў 1944 г., бралі матэрыял для адбудовы Ленінграду — цэгла, зробленая па тэўтонскай тэхналёгіі, была вельмі якасная, як і вулічны брук. Праз трыццаць гадоў не засталося ня толькі разбураных, але й больш-менш ацалелых будынкаў. Выспу ператварылі ў дэндрапарк з сацрэалістычнымі скульптурамі. Каралявецкі архітэктар Ігар Адынцоў са сваёй фірмай на нямецкія грошы адрэстаўраваў сабор, паглядзець на які прыяжджаюць каля 80 тысячаў турыстаў штогод. Ён прапануе таксама аднавіць старую забудову места, але савецкае пакаленьне месьцічаў працівіцца — не жадае разьвітвацца са звыклым паркам. Улады трымаюцца той самай думкі.

Расейская эўрапейскасьць

Дзяржаўныя чыноўнікі прыдумалі цікавы тэрмін для пазначэньня генэральнай лініі разьвіцьця Калінінграду — “расейская эўрапейскасьць”. То бок, жыць, як эўрапейцы, але ў складзе Расейскай Фэдэрацыі. Зрэшты, прыкладаў “эўрапейскага” жыцьця вакол Караляўца шмат. У 2003 г. у Эўразьвяз уступае Польшча, у 2005 — Літва, і Калініградзкая вобласьць будзе з усіх бакоў аточаная “сапраўднай Эўропай”. Эўрапейцы актыўна ўкладаюць грошы ў каралявецкія праекты — Данія дала каля 10 млн. даляраў, швэды дапамаглі 4 мільёнамі, а вось немцы ахвяравалі толькі 1 мільён.

Эўракамісія сфармулявала“Каралявецкую стратэгію”, якая будзе вызначаць уплыў пашырэньня Эўразьвязу на рэгіён. Эўрапейцы жахаюцца, як за саветамі ў Караляўцы занядбалі сыстэму водазабесьпячэньня ды каналізацыі, якая цяпер забруджвае добрую частку Балтыйскага мора. На рэстаўрацыю Эўрапейскі банк рэканструкцыі ды разьвіцьця разам са Швэцыяй і Даніяй даюць 57 млн. даляраў. Яшчэ адна праблема — адкуль Каралявец будзе браць электрычнасьць, калі Літва, чые электрастанцыі даюць яму ток цяпер, падлучыцца да энэргасыстэмы Цэнтральнай Эўропы праз Польшчу. Непакояць Эўразьвяз і СНІД ды сухоты, пашыраныя ў вобласьці. Існуе праблема харчаваньня — за саветамі была зьнішчаная ўнікальная дрэнажная сыстэма тамтэйшых палёў — калгасныя трактары павыварочвалі з глебы керамічныя трубкі, якія асушвалі занадта вільготныя палеткі. Усходняя Прусія, якая карміла ўсю Нямеччыну, цяпер залежыць ад імпарту прадуктаў. А калі Польшча ды Летува ўвядуць візы для расейцаў, жыхары анкляву ўвогуле застануцца ў ізаляцыі.

Калінінградзкі губэрнатар, былы адмірал Балтфлёту Ўладзімер Ягораў вінаваціць эўрапейскіх палітыкаў, якія, маўляў, згодныя дапамагчы толькі ў тым выпадку, калі вобласьць пачне працэс адлучэньня ад Расеі. Ён кажа, што паводле зьвестак афіцыйных апытаньняў, 95% калінінградцаў лічаць сябе расейцамі, і вобласьць павінна быць “расейскай і квітнеючай”. Цікава, што, паводле іншых зьвестак, 64% студэнтаў Калінінградзкага тэхналягічнага ўнівэрсытэту жадаюць новых эканамічных вольнасьцяў для рэгіёну, 24% бачаць свой край цалкам незалежным, і толькі 10% лічаць, што ён павінен застацца ў складзе Расеі.

Анкляў
на ланцугу

У Нямеччыне 2001 г. абвешчаны годам Прусіі. Праўда, афіцыйна немцы не сьпяшаюцца голасна казаць пра свае інтарэсы на Каралявеччыне — яны дужа баяцца абвінавачваньняў у рэваншызьме ды адраджэньні імпэрскіх амбіцый. А вось неафіцыйныя асобы робяць сьмялейшыя заявы. Напрыклад, экс-міністар замежных справаў Кляўс Кінкель кажа, што Нямеччына павінна прымаць актыўны ўдзел у справах рэгіёну, каб ягонае насельніцтва не згубіла даверу да немцаў. Цікавяцца Караляўцом і літоўцы — яны ўжо ўклалі грошы ці не ў 400 прадпрыемстваў вобласьці. Беларусы таксама маюць свой інтарэс у рэгіёне. Караляўчане ўжо наладжваюць паветраны калідор Калінінград — Беларусь. Але Крамлю не падабаюцца гэткія “заляцаньні” суседзяў да адміністрацыі анкляву. Калінінградзкую вобласьць плянуюць ператварыць у 8-ю фэдэральную акругу, зь непасрэдным падпарадкаваньнем Пуціну. На самакіраваньне, якое разьвівае пачуцьцё незалежнасьці, караляўчанам давядзецца забыцца — губэрнатара заменіць “полпред”.

Шмат зброі, мала грошай

Каралявец няблага абаронены — адных танкаў там 850. “Тут, у рэгіёне разьмешчаныя 47 атамных электрастанцыяў, якія я са сваіх караблёў магу паразіць звычайнай зброяй з дакладнасьцю да трох мэтраў”, — хваліцца камандуючы Балтыйскім флётам віцэ-адмірал Уладзімер Валуеў. Аднак, калі са зброяй усё выдатна, дык з эканомікай наадварот. Жыцьцё ў вобласьці ўвесь час горшае. Тыя тры мільярды рублёў, якія Масква абяцае дадаткова пакідаць Караляўцу зь ягоных падаткаў, дапамогуць мала. Здаровы сэнс падказвае жыхарам, што незалежнасьць прынясе дабрабыт, зробіць з правінцыі нармальную эўрапейскую краіну. Жыхароў Караляўца, асабліва моладзь, даўно вабіць Эўропа — езьдзіць туды таньней, дый няма праблемаў з транзытнымі візамі. Але ідэя адраджэньня Ўсходняй Прусіі мае пакуль замала прыхільнікаў, каб штурхнуць Каралявец на шлях набыцьця незалежнасьці проста заўтра. Насельніцтва краю хутка зробіцца занадта бедным, каб надалей мець жаданьне належаць Расеі, але ўсё-ткі застанецца занадта расейскім, каб сьвядома назвацца прусамі.

Алесь Кудрыцкі

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0