Юры Нуштаеў: “Адраджэньне Ўсходняй Прусіі”
Гутарка зь Юр’ем Нуштаевым, стваральнікам і рэдактарам Інтэрнэт-часопісу “Кёнігсбэрская Кроніка” (http://www.enet.ru/~kc).
“НН”: У якім стане цяпер працэс усходняпрускага адраджэньня?
Ю.Н.: На жаль, сёньня няма ўсёабдымнае публічнае праграмы дзяржаўнага адраджэньня Ўсходняе Прусіі. Няма й зарэгістраваных арганізацыяў, якія б гэтым займаліся. Расейскае заканадаўства, што дзейнічае на нашай тэрыторыі, не дазваляе нам напоўніцу дэкляраваць свае мэты. Мы, актыўная частка кёнігсбэржцаў, разумеем пад адраджэньнем перш за ўсё абуджэньне ўсьведамленьня Ўсходняе Прусіі ў нашых суграмадзянаў. На жаль, пытаньне пра самасьвядомасьць дачаснае. Сёньня мы знаходзімся на этапе “хаджэньня ў народ”, намагаемся перадаць свой энтузіязм людзям навокал. Але, азіраючыся назад, можна сказаць, што, у параўнаньні зь ледзяной пустэчаю розумаў і думак у савецкі пэрыяд тое-сёе ўжо зроблена.
“НН”: Ці адрозьніваецца пруская мова ад нямецкай?
Ю.Н.: Варта адрозьніваць мову старажытных прусаў і ўсходняпрускі дыялект нямецкае мовы. Першая — старапруская — мова балцкіх плямёнаў — роднасная сучаснай літоўскай. У Літве нават намагаюцца аднавіць ды разьвіваць гэтую мову. Усходняпрускі дыялект нямецкае мовы, на які паўплывалі старапруская, летувіская, польская ды скандынаўскія мовы, заўважна адрозьніваецца ад літаратурнага варыянту. Гэты дыялект захоўваюць ды вывучаюць нашыя суайчыньнікі ў Нямеччыне.
Асноўныя мовы краіны будуць залежаць ад яе нацыянальнага складу. Пруская талерантнасьць — адна з асноўных нашых гістарычных каштоўнасьцяў. Расейская мова, пакуль тут жывуць яе носьбіты, ня можа сысьці са сцэны.
“НН”: Ці шмат людзей у “Калінінградзкае вобласьці” гутарыць па-пруску?
Ю.Н.: Непасрэдныя носьбіты дыялекту ва Ўсходняе Прусіі — даваенныя жыхары, якія выпадкова засталіся тут ці вярнуліся на радзіму. Крыху іх жыве ў Літве — гэта, у асноўным, усходняпрускія дзеці, што ўратаваліся пасьля вайны ў летувіскіх сем’ях. Адзінкі захоўваюць яго ў мазурскіх раёнах Польшчы.
“НН”: Ці пагодзіцеся вы на аб’яднаньне зь Нямеччынаю?
Ю.Н.: Аб’яднаньне зь Нямеччынаю ў кантэксьце гістарычнай сувязі й агульнаэўрапейскай эканамічнай ды культурніцкай інтэграцыі падаецца мне натуральным і пажаданым. Дадатковым стымулам і нагодай для такога аб’яднаньня можа стацца вяртаньне нашых прагнаных суайчыньнікаў. Але аб’яднаньне дзяржаўнае, палітычнае ў сёньняшніх умовах ня можа разглядацца сур’ёзна ні ва Ўсходняй Прусіі, ні ў Нямеччыне. Цяжка меркаваць, ці насамрэч Расея “здала” нас Нямеччыне. З пачатку акупацыі ў 1944 г. Масква разглядала Ўсходнюю Прусію выключна як пляцдарм дзеля пасоўваньня імпэрыі ўглыб Эўропы. Расея дагэтуль лічыць нас “ваенным трафэем”.
“НН”: Якія вашыя адносіны з Балтыйскай Рэспубліканскай партыяй?
Ю.Н.: Сёньняшнія пазыцыі БРП, што да неабходнасьці здабыцьця дзяржаўнасьці, умацаваньня грамадзянскае самасьвядомасьці, вяртаньня гістарычных назоваў і каштоўнасьцяў, інтэграцыі ў Эўропу, — складнікі ідэі адраджэньня Ўсходняе Прусіі.
“НН”: Калінінградзкія ўлады варожа ставяцца да прускіх ідэяў?
Ю.Н.: Казаць пра варожасьць ня варта. Патрэба перагляду адносінаў да гістарычнай спадчыны, неабходнасьць падвышэньня статусу тэрыторыі ды іншыя складнікі ідэі прускага адраджэньня фрагмэнтарна агучваюцца людзьмі ўлады. Праўда, робіцца гэта з каньюнктурных меркаваньняў. Увогуле, мясцовая ўлада — выключна прарасейская, яна хваравіта рэагуе на любыя погляды, адрозныя ад афіцыёзу, прасякнутага патасам “адвечнай еднасьці з Расеяй”.
“НН”: Ці ёсьць у прусаў нацыянальны дэвіз накшталт “Жыве Беларусь!”?
Ю.Н.: Пэўнай фразы пакуль няма. Мне здаецца, асаблівую афарбоўку ў сёньняшнім кантэксьце набывае дэвіз зь першага гербу прускай дзяржавы — “Кожнаму сваё”. Заўсёды жывымі застануцца словы з гербу “З намі Бог!”.
Гутарыў Алесь Кудрыцкі