Канстатацыі

Жыцьцё

Сяргей Абламейка

 

Дзе б вы ні спыніліся, вы заўсёды станеце ў некага на дарозе.

Сэнс і бессэнсоўнасьць жыцьця злучаюцца ў боль па ім.

Трагічнага ў нашым жыцьці значна больш, чым мы ад яго чакаем і гатовыя прыняць.

Як добра магло б скласьціся нашае жыцьцё, калі б мы яшчэ дзецьмі ведалі, што людзі ня толькі памыляюцца, але й ня хочуць нічога ведаць аб гэтым. І якімі разумнымі мы былі б, калі б загадзя ведалі, што людзей ня толькі ня трэба клікаць пад свае сьцягі, але й самім ня трэба ставацца пад чыесьці...

Добра было б, каб мы яшчэ ў маладосьці разумелі, што да нас нікому няма справы. А калі і ёсьць, дык часьцей для таго, каб зрабіць сваю справу за наш кошт.

Чым менш будзем спадзявацца ад жыцьця, тым большым уявіцца тое, што ад яго атрымаем.

У кожнага з нас — свае ўзьлёты. І ва ўсіх — адна памылка: мы чакаем вяршыні тады, калі стаім на ёй…

Перш чым выказаць сваю думку, добра падумайце, ці сапраўды цікавяцца вашым меркаваньнем.

Нехта нечага ўсё жыцьцё хоча, а нехта гэта ўсё жыцьцё робіць. Розьніца.

Дабрыня да патрэбных людзей прыносіць страты.

Часьцей пытайце сябе, што застанецца па вас пасьля сьмерці. Гэта дапаможа вам пазбавіцца ад некаторых жарсьцяў і надасьць вашаму жыцьцю новы сэнс.

Ня ўсе ведаюць, куды ісьці. Таму тыя, хто ведае, — карысныя для іншых. Бяда ў тым, што і першым, і другім уласьціва памыляцца: адзін не туды вядзе, другі не за тым ідзе.

Як ні пераймайся, што выбраць сёньня, заўтра ўсё адно пашкадуеш аб зробленым выбары.

Умацоўвацца трэба не для таго, каб быць мацнейшым за ўсіх, але для таго, каб у патрэбным месцы і часе стаць мацнейшым за астатніх.

Той, хто не ўважае сябе больш вартым за іншых, лягчэй стрывае перамогу менш вартага.

Не забывайце пра сябе. Асабліва тады, калі з усіх бакоў вас да гэтага заахвочваюць тыя, хто не забывае пра сябе.

Мала хто хоча задаволіцца малым, але большасьці — давядзецца.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0