З усіх старон

Уiк-энд у Каўнасе

Уладзімер Арлоў

 

З таго дня, як воляю Сталiна Вiльня апынулася за межамi Беларусi, рака Вяльля магла б ужо наталiць смагу ўсiх марсiянскiх пустэльняў. Але, не зважаючы на ўсе намаганьнi новых гаспадароў Вiльнi, колiшняя сталiца Вялiкага Княства нi ў савецкай Лiтве, нi пасьля аднаўленьня незалежнасьцi так i ня сталася лiтоўскай.

Гэта проста немагчыма для гораду, заснаванага крывiчамi. Для гораду, дзе працаваў друкарскi варштат Скарыны i выходзiла «Наша Нiва». Дзе быў Беларускi музэй, дзе пiсаў свае змрочныя камэдыi й аптымiстычныя драмы Францiшак Аляхновiч...

Вiльня нiколi ня будзе лiтоўскiм местам. А таму, калi вы вырашылi прысьвяцiць свой уiк-энд падарожжу ў Лiтву, Вiльню трэба праехаць транзытам.

Вам, напэўна, даводзiлася чуць, што, маўляў, Кiеў — сталiца Ўкраiны, а Львоў — сталiца ўкраiнцаў. Пры ўсёй адрознасьцi гiстарычнага й палiтычнага кантэкстаў штосьцi падобнае можна сказаць i пра Вiльню з Каўнасам. Больш за два дзесяцiгодзьдзi, да той самай сталiнскай рэзалюцыi, Каўнас быў сталiцаю ня толькi лiтоўцаў, але й Лiтоўскай Рэспублiкi.

На аўтобусе цi аўтамабiлi дарога ад Вiльнi да Каўнасу займае нейкую гадзiну. Але за гэты час вы заўважыце, што разам зь ляндшафтам неўпрыкмет зьмянiлася й сама аўра навакольля. Вы адчуеце халаднаватае, але моцнае й упэўненае дыханьне iншага мэнталiтэту, iншае, ужо не славянскае краiны. Адрозна ад Вiльнi, у Каўнасе вашую беларускую мову анiхто не зразумее, аднак, калi вы, пасьля кароткага экспэрымэнту, пяройдзеце на расейскую, дык не адчуеце анiякае насьцярожанасьцi, як, зрэшты, i анiякае прыязнасьцi.

Усьлед за дзяжурнай ветлiвай усьмешкаю вы атрымаеце падрабязнае тлумачэньне, як знайсьцi гатэль «Lietuva». Высьветлiцца, што гатэль зусiм блiзка ад Лайсвэс-алеi або, у перакладзе, алеi Свабоды, на якой вы ў гэты момант стаiце, з прыемнасьцю адзначаючы, што за дзесяць гадоў, як вы былi тут апошнi раз, цэнтральная каўнаская вулiца зьмянiлася толькi да лепшага.

Вашае вока вандроўнiка адзначыць новыя дагледжаныя лiхтарнi, дзясяткi новых кавярняў, пiўных бараў, крамак i крамаў з цалкам эўрапейскiмi вiтрынамi.

Аднак не зьявiлася нейкага прыкметнага мэмарыяльнага знаку на тым месцы, дзе на пачатку 1970-х, на знак пратэсту супраць савецкай акупацыi, скончыў самагубствам сваё маладое жыцьцё каўнаскi юнак Ромас Каланта. Калi вы бывалi ў Празе, адразу згадаеце кветкi й сьвечкi паблiзу помнiка сьвятому Вацлаву, дзе таксама самахоць i з тае ж прычыны разьвiталiся з жыцьцём чэхi Ян Палах i Ян Заiц. Гэтая згадка, магчыма, прымусiць вас задумацца пра таямнiцы славянскае й балцкае душы.

Ваш гатэль знойдзецца на бакавой вулічцы за сотню крокаў ад Лайсвэс-алеi, i на ягоным фасадзе вы ўбачыце адзiнае, вiдаць, ацалелае на каўнаскiх шыльдах расейскае слова «Гостиница». Ад яго, як i ад велiзарнага прыцемнага фае, высознае столi й лесьвiцы з бардовай дарожкаю густа павее 60-мi гадамi мiнулага стагодзьдзя, але ваш нумар будзе ўтульным i цёплым, а тэлевiзар прапануе дзясяткi два праграмаў з поўнай гарантыяй адпачынку ад сэлектарных тэлебiтваў за ўраджай.

Аднак сядзець у нумары няма анiякае рахубы, бо амаль побач Музэй Чурлёнiса й Мастацкая галерэя, падараваная гораду адным з суайчыньнiкаў-эмiгрантаў. Дзесяць гадоў таму вы бачылi ў галерэi вялiкае палатно Марка Шагала. Цяпер яго няма. Карцiну ня ўкралi i не адправiлi на выставу. Проста выявiлася, што эмiгранту-мiльянэру нейкi спрытнюга збыў за пару сотняў тысячаў «зялёных» не арыгiнал, а майстравiтую перамалёўку.

Вашае расчараваньне кампэнсуе выстава твораў амэрыканскiх фотамайстроў, дзе цэнтральнае месца будзе займаць сэрыя мiнэтаў, увекавечаных у вялiкiм памеры й шыкоўным колеры. Вы знойдзеце тут кампазыцыi на любы густ: юнак са старой, стары з амаль дзяўчынкаю, аднаполыя пары й разнаполыя трыё. Дамiнантаю гэтага хваласьпеву мiнэтам будзе акрабатычны аўтамiнэт у выкананьнi смуглявага апалёна з Тэхасу або Калiфорнii.

Зноў апынуўшыся на Лайсвэс-алеi, па дарозе да Ратушнага пляцу вы захочаце запiць свае мастацкiя ўражаньнi глытком чырвонага вiна. У гаспадара кавярнi, падобнага да сiвога барадатага Хэмiнгуэя з папулярнага здымку, чамусьцi ўзьнiкне да вас нечаканая, зрэшты, цалкам бяскрыўдная сымпатыя. Ён падсядзе да вашага столiка за кiлiшкам 50-градуснага «Сукцiнасу» i пасьпее распавесьці пра высокую кватэрную плату ды пра тутэйшых бандытаў, што сёньня апоўднi проста на вулiцы эксклюзіўна прыватызавалi ягоны мабiльны тэлефон.

Вашая сустрэча з бандытамi адбудзецца не каля заснаванага ў ХIV ст. сабору сьв.Вiтаўта i не каля чысьцюткай готыкi дому Пяркунаса. Яна адбудзецца ў самай дэмакратычнай каўнаскай рэстарацыi «Эльф». Там штовечар гарыць вялiкi камiн i грае джаз. Там на велiзарных талерках прыносяць гэткiя ж велiзарныя карбанаты. Там зьбiраюцца студэнты і, палахлiва азiраючыся, смокчуць пiва старшаклясьнiцы. Там зусiм бясьпечна, бо байцы вядомай на крымiнальным фронце «Каўнаскае брыгады» там проста адпачываюць пасьля сваiх сухiх i «мокрых» справаў.

Побач з брыгаднымi шарагоўцамi й камандзірамi, мужчынскае вока зьмецiць зь дзясятак тых, каго Аляксандар Купрын называў «ахвярамi грамадзкага тэмпэрамэнту». Праўда, гэтых упэўненых, бадзёрых і гаваркiх наведнiц «Эльфу» ахвярамi можна будзе назваць хiба што мэтафiзычна. Вы адчуеце, што значна большыя шанцы стацца ахвяраю маюць iхныя клiенты, а таму, падсеўшы да камiну, будзеце мэлянхалiчна ўгамоўваць свой грамадзкi тэмпэрамэнт фiрмовай лiтоўскай настойкай «Паланга».

Пасьля чацьвертага цi пятага кiлiшку вы зь нявыказна цёплым пачуцьцём падумаеце пра жанчын сваёй сiнявокай Беларусi i якраз у сувязi зь iмi згадаеце словы Фрыт’ёфа Нансэна пра тое, што вяртаньне — прыз любога падарожжа.

Вось толькi вяртацца ў Менск — дзеля спакою душы й чысьцiнi ўражаньняў — вам захочацца ў аб’езд Вiльнi.

Напісана для перадачы «Дазвол на выезд» Беларускай службы Радыё Свабода

www. svaboda.org

 

Мы самі

Брытанскі ўрад часова распусьціў органы самакіраваньня Паўночнае Ірляндыі, даўшы шанец прадстаўнікам розных палітычных сілаў Бэлфасту дабіцца аднаўленьня мірнага працэсу. Аднак дзеля гэтага Ірляндзкая Рэспубліканская Армія мусіць здаць зброю.

 

Юніяністы, якія выступаюць за саюз зь Вялікай Брытаніяй, патрабуюць неадкладна гэта зрабіць. Але партыя Шэн Фэйн (у перакладзе з ірляндзкае — “Мы самі”), легальнае крыло падпольнай ІРА, не сьпяшаецца адмыкаць арсэналы. Дэвід Трымбл, лідэр памяркоўных юніяністаў, які ўзначальваў урад Ольстэру, падаў у адстаўку — маўляў, калі не адрачэцеся зброі, дык мы пахаваем мірны працэс. Джэры Адамс, лідэр Шэн Фэйн, толькі плячыма паціснуў: вайна дык вайна — не прывыкаць. А то знайшлі дурняў — у адказ на раззбраеньне ІРА яны раззброяць маргінальныя групоўкі юніяністаў-пратэстантаў. Лепш бы брытанскія войскі раззброілі! Дайце каталікам гарантыі бясьпекі й такія самыя магчымасьці, як пратэстантам — тады й пагаворым.

На мінулым тыдні ІРА прапанавала кампрамісны варыянт: яна будзе зьнішчаць зброю па частках. Не перадаваць брытанскім войскам, нібы капітулюючы, а псаваць сваімі сіламі. Калі трэба, пад грамадзкім кантролем. Але такі варыянт не задавальняе Трымбла ды юніяністаў.

Цікавае супадзеньне: у Паўночнай Ірляндыі каталікі складаюць цяпер 37% насельніцтва, рыхтык як у Беларусі беларускамоўныя паводле перапісу. Да апошняга часу каталікі жылі ў бяспраўным і гаротным стане. Іх не прымалі ў сілавыя структуры і на дзяржаўную службу, эканамічная дыскрымінацыя рабіла зь іх самую бедную групу насельніцтва, а юніяністы штогод ладзілі паказальныя пагромы “тубыльцаў” падчас традыцыйных “аранжысцкіх маршаў”, якія праходзяць праз каталіцкія кварталы. (“Аранжысты” — людзі, верныя брытанскай каралеўскай дынастыі, што йдзе ад Вільгэльма Аранскага). Словам, рабілася ўсё, каб карэнная меншыня пачувалася людзьмі другога гатунку і ня бачыла іншага выйсьця, апроч эміграцыі або пераходу ў лягер юніяністаў. Спатрэбілася некалькі дзесяцігодзьдзяў узброенай барацьбы, каб роўнасьць правоў была замацаваная ў мірных пагадненьнях, міністры ад Шэн Фэйн увайшлі ва ўрад, а ўлады ў Лёндане прызналі, што цярпімасьць неабходна выхоўваць ня толькі ў бунтоўных каталіках. Але Шэн Фэйн і пасьля гэтага жорстка трымаецца сваіх ідэалаў.

Суд Браціславы на мінулым тыдні вырашыў выдаць Вялікай Брытаніі трох яе падданых, якіх падазраюць у прыналежнасьці да групоўкі Real IRA, што адкалолася ад Ірляндзкай Рэспубліканскай Арміі і не прызнае мірных пагадненьняў паміж рэспубліканцамі і юніяністамі. Аднак, хлопцы падалі апэляцыю ў Найвышэйшы суд Славаччыны.

Партызан

 

Сярэдняя Эўропа

Перамовы ў дарозе

Прэзыдэнт Славаччыны Рудальф Шустэр прапанаваў сваім калегам разам узысьці на пік Гэрлах у Славацкіх Альпах (2655 мэтраў). Згадзіліся Квасьнеўскі, Каштуніца, Кучма, Стаянаў, Іліеску, Мадл і Кучан. Адмовіліся, з прычынаў здароўя, Вацлаў Гавэл і аўстрыйскі канцлер Томас Клесьціль. Супраць прэзыдэнцкага турпаходу выступаюць тамтэйшыя эколягі. Паводле правілаў, на гару Гэрлах могуць штодзень уздымацца ня больш за шэсьць групаў па пяць чалавек. Лукашэнку не запрашалі.

 

 

Адстаўка
Аліцыі Гжэшковяк

Маршалак польскага Сэнату доктарка Аліцыя Гжэшковяк абвесьціла, што сыходзіць з пасады. Мяркуецца, што на наступных выбарах левым дастануцца амаль усе сэнацкія крэслы. Аліцыя Гжэшковяк, польская арыстакратка, адна зь лідэрак каталіцкае правіцы, не захацела чакаць прыніжальнай паразы. Беларусы яшчэ пашкадуюць пра сыход пані Гжэшковяк. Яна была сярод тых польскіх палітыкаў, хто найбольш рабіў для падтрымкі нацыянальна-вызвольных рухаў ва ўсім сьвеце, лічачы гэта сьвятым абавязкам палякаў, якія самі вырваліся з-пад расейскага панаваньня, шмат у чым дзякуючы дапамозе сяброў з усяго сьвету.

 

 

 

Вяртаньне Сталіна

Галоўны расейскі камуніст Зюганаў падтрымаў прапанову губэрнатара Валгаградзкае вобласьці М.Максюты, які хоча, у гонар 60-годзьдзя Сталінградзкае бітвы, пераназваць Валгаград назад у Сталінград. Такую прапанову там падтрымлівае шмат хто.

Тры мільёны вымерлі

Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасьць насельніцтва Ўкраіны за апошнія 10 год зьменшылася прыблізна на 3 млн. чалавек: на чэрвень 2001 г. яна склала каля 49,1 млн., тады як у 1991 г. перавышала 52 млн. чалавек. Украінцы ня толькі паміраюць, але й выяжджаюць — паводле зьвестак Дзяржкамстату, штодня край пакідаюць каля 100 чалавек.

 

Забаранілі газэту на кірыліцы

Улады Азэрбайджану зачынілі газэту, рэдакцыя якой адмовілася ад 1 жніўня перайсьці на лацінку. Уласьнік невялікага тыднёвіка “Імпульс” тлумачыў свае дзеяньні тым, што чытачы ня ведаюць новае абэцэды, бо кірыліцай пішуць з 30-х гадоў. Клясычныя творы літаратуры на азэры былі створаныя арабіцай, кірыліца ўжывалася толькі ў савецкі час. Увядзеньнем лацінкі ўлады разьлічваюць палегчыць кантакты краіны з заходняй цывілізацыяй.

 

 

Перазагружаная Матрыца

На пачатку 2003 г. мусіць выйсьці другая частка фільму “Матрыца” — “Перазагружаная Матрыца”. Здымкі ўжо распачаліся. Хоць працягі звычайна горшыя за першыя часткі, мо стараньнямі сп.Станішэўскага новую “Матрыцу” па-беларуску ўбачым ужо на БТ.

С.Р.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0