16.06.2007 / 23:00

Які будзе "наш адказ Мандэльсану"? Прапаганда чакае каманды 6

Пра страту прэфэрэнцыяў дзяржаўныя мэдыі пакуль што маўчаць як рыба. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Пра страту прэфэрэнцыяў дзяржаўныя мэдыі пакуль што маўчаць як рыба. Ва ўсякім разе, маё сканаваньне афіцыёзу не дало плёну. Дарэчы, наконт лёду :-) Навіна №1 — хакей, чарговы трыюмф (хто б сумняваўся!) прэзыдэнцкай каманды. Пра тое, што Эўразьвяз закінуў нам крыўдную шайбу, — ні гу-гу.

У краіне з нармалёвымі СМІ тэма такога значэньня адразу захліснула б этэр і старонкі прэсы. Ня кожны дзень дзяржаву караюць на 400 мільёнаў эўра! Што да пазбаўленьня прэфэрэнцыяў у гандлі з ЭЗ, дык гэта ўвогуле другі выпадак у гісторыі. Да Беларусі так "уганароўвалі" толькі М'янму-Бірму зь яе фактычна прыгонным ладам.

Зрэшты, калі казаць пра краіны з нармалёвымі мэдыямі, дык там проста ня можа быць такой інфармацыйнай нагоды. Ніводная зь іх, натуральна, не рызыкуе трапіць у чорны спіс Міжнароднай арганізацыі працы, бо дзе СМІ вольныя, там і прафсаюзы пачуваюцца іначай. Дэмакратыя або ёсьць, або яе няма (тады пачынаюць казаць пра "сувэрэнную" :-).

А тут, бач, яшчэ і пад самыя выходныя эўракамісар Пітэр Мандэльсан "абрадаваў" весткай. Дзяржаўныя СМІ, пэўна, не пасьпелі атрымаць інструкцыі, якім мусіць быць "наш адказ Мандэльсану". "Мачыць" Захад і "пятую калёну" па поўнай — ці ўсё ж выявіць пэўную абачлівасьць, каб не дражніць гусей яшчэ болей?

Ня выключана, што пры першай публічнай нагодзе на гэтую тэму выкажацца афіцыйны кіраўнік. Тады стане болей зразумела, чакае нас новае закручваньне шрубаў (годзе, пагулялі ў дыялёг з Захадам!) — ці суворыя вонкавыя варункі ўсё ж змусяць доўжыць імітацыю пошукаў узаемаразуменьня з Эўразьвязам.

Маскоўскі паліттэхноляг Сяргей Маркаў мяркуе, што Захад спрабуе зладзіць патаемную змову з часткай беларускай кіроўнае эліты. Маўляў, разьлік на тое, каб разваліць рэжым гэтак сама, як некалі Савецкі Саюз. Праз фармаваньне празаходняй плыні ў намэнклятуры.

Мусіць, маецца на ўвазе тая роль у разбурэньні таталітарнай сыстэмы, якую адыгралі ў СССР фігуры кшталту Гарбачова, Якаўлева. Але параўнаньне кульгае. Тады перабудовачны курс накідаўся з самага верху. А "Вандэю" ладзіла кансэрватыўная частка атачэньня — Лігачоў і кампанія, у тым ліку вярхі беларускай партнамэнклятуры. На розных там пленумах ЦК іншым разам такая палеміка шугала — проста разгул дэмакратыі ў параўнаньні з Усебеларускімі сходамі :-)

Сёньня такая публічная дыскусія ў беларускай уладзе падаецца фантастыкай. Эрозія калі і будзе адбывацца, то іначай, лятэнтна. Бадай, яна і адбываецца. Ва ўсякім разе, там, у кіроўнай эліце стае дастаткова разумных людзей, якія бачаць, што ўяўны маналіт беларускай мадэлі даў трэшчыну.

Эканамісты ўвесь час цьвердзілі, што ў нас малая адкрытая эканоміка, але гэта неяк пралятала міма вушэй. Нафтавы афшор стварыў ілюзію вечнага зямнога раю. Цяпер надыходзіць працьверажэньне. Стала відавочным, наколькі ўразьлівая, наколькі залежная ад вонкавых чыньнікаў створаная ў нас мадэль псэўдаросквіту. Маналіт аказаўся шкарлупкай ў абцугах, якія сьціскаюць Расея і Захад.

400 мільёнаў эўра — сама па сабе сума нібыта і не сьмяротная. Але амаль столькі ж мы ўжо запазычылі за газ Расеі. Пальцы можна загінаць і далей. Неспрыяльныя чыньнікі нарастаюць сьнежным камяком. І хто ведае, ці не справакуе адзін зь іх лавіну? Нездарма рэфрэнам гучыць зараз у вуснах афіцыйнага кіраўніка: страшная не апазыцыя, страшны фінансавы, эканамічны абвал.

У любым выпадку мацнее пагроза, як кажа палітоляг Падгол, "псыхалягічнага дэфолту" ўлады. Таму і маўчыць пакуль што афіцыёз як рыба аб лёд :-).

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Henik / Адказаць
17.06.2007 / 12:04
маўчаць, як вады ўрот набраўшы, біцца, як рыба аб лёд
0
Аляксандар КЛАСКОЎСКІ 2 Henik / Адказаць
17.06.2007 / 12:14
У ідыёмах коскі пры параўнаньнях ня ставяцца. "Б'е як дурны ў дзьверы" і да т.п. :-)) Што ж да кантамінацыі, дык яна тут наўмысная, жартоўная. Хіба ніколі ня чулі?
0
henik / Адказаць
17.06.2007 / 14:33
Не...
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру