З усёй краіны

 

Урэмя зубраваць

На пазамінулым тыдні да начальніка Маладэчанскага ГУУС палкоўніка Сяргея Кухарчыка завіталі мясцовыя “зуброўцы”, выклікаўшы сваім прыходам сьвятарны жах у ягонай сакратаркі. Палкоўнік, аднак, на гутарку пагадзіўся і доўга па-бацькоўску ўшчуваў хлопцаў за пэцканьне платоў ды распавядаў, якім, на ягоную думку, мусіць быць магутны экалягічны рух, а прыканцы прыняў у падарунак добрую беларускую кнігу.

 

У мінулы аўторак некалькі “зуброў” пайшлі ў клюб “Рыф” на канцэрт гурту ТТ-34. На ўваходзе міліцыянт загадаў аднаму зь іх зьняць фірмовую зуброўскую кашульку, а, калі той адмовіўся, паспрабаваў сам яе сьцягнуць. Хлопец, што стаяў побач, сфатаграфаваў гэтую двухсэнсоўную сцэну. Абодвух “зуброў” пад канвоем павялі да бліжэйшага інтэрнату, каб адтуль выклікаць апэратыўную машыну. Сьледам у інтэрнат прыйшлі 20 зуброўцаў і запатрабавалі адпусьціць таварышаў. Міліцыянты, скеміўшы, што ўсе “зубры” ў “варанку” ня зьмесьцяцца, вызвалілі арыштантаў. Маладзёны вярталіся ў “Рыф” гукаючы: “Слава маладэчанскай міліцыі!”

На той самай дыскатэцы адзін малады нацыяналіст сказаў штосьці кепскае “зубрам”. У адказ тыя мэтафарычна паабяцалі яго “закапáць”. Хлопец гукнуў таварышаў (а ў Маладэчне даволі моцныя суполкі “Краю” й БПС). Колькасная перавага беларусаў-беларусаў была відавочная, і беларусам-“зубрам” не заставалася нічога іншага, як сысьці па-ангельску.

Эдвард Людовіч

 

Канфіскацыі-2

16 жніўня супрацоўнікі Камітэту па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю наведалі Ваўкавыскі праваабарончы цэнтар «Аслона», цікавячыся дакумэнтацыяй на тэхнічнае абсталяваньне арганізацыі. Днём раней яны склалі акт аб канфіскацыі кампутараў рэсурсавага цэнтру «Віленшчына», што ў мястэчку Радунь Воранаўскага раёну, аднак супрацоўнікі цэнтру тэхніку не аддалі. Тая самая бяда напаткала супрацоўнікаў аршанскае газэты «Куцейна».

17 жніўня супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэту фінансавых расьследаваньняў (ДФКР) сканфіскавалі ў прыватнай друкарні «Мэджык» 400 тысячаў асобнікаў спэцвыпуску газэты «Наша Свабода», матывуючы гэта тым, што друкарня «Мэджык» належным чынам не падрыхтавала фінансавых дакумэнтаў.

У той самы дзень супрацоўнікі Фрунзэнскага міжраённага аддзелу ўпраўлення ДФКР правялі праверку і склалі вопіс абсталяваньня ў офісе Беларускага рэспубліканскага клюбу выбаршчыкаў. Іх таксама цікавілі бухгальтарскія дакумэнты арганізацыі, ейная фінансавая дзейнасьць і г.д.

Б.Т.

Троечнікі з гарвыканкаму

На праспэкце Скарыны між плошчамі Незалежнасьці і Кастрычніцкай на дамах зьявіліся шыльды з надпісам «Ф.Скарыны прашпект».

Адкуль узялося слова «прашпект», у Менскім гарвыканкаме патлумачыць не змаглі. На тарашкевіцы яно гучыць як «праспэкт», на наркамаўцы — «праспект». Невядома, ці будуць пераробленыя шыльды з памылкамі і хто ў гэтым выпадку кампэнсуе гарадзкому бюджэту страты.

Паводле агенцтва «Ю.С.Ньюс»

 

Налёт на лягер

14 жніўня на Мацярынскае возера, што каля мястэчка Сьвіслач, зьехалася моладзь з усяго Пухавіцкага раёну, усіх — чалавек 40. Акцыя ладзілася ў межах мабілізацыйнай кампаніі, было чым заняцца ўсім — мясцовыя мастакі размалёўвалі ахвочым целы, юнакі і дзяўчаты гулялі ў валейбол, купаліся… Недзе аб адзінаццатай вечара нечакана наляцела дзясяткі тры скінгедаў, пачалі каламі зьбіваць людзей. Дзяўчат, якіх была большасьць, праўда, амаль не чапалі. Скіны зьбілі колькі хлапцоў, патрушчылі й папалілі намёты і прыватныя рэчы актывістаў, спалілі вялікі бел-чырвона-белы сьцяг ды паабяцалі неўзабаве вярнуцца. Асабліва шчыравала адна дзяўчына-скініха. Міліцыя, што ўзьнікла невядома адкуль праз 10 хвілінаў, скінула ўсю віну за інцыдэнт на Вольгу Галубовіч, галоўную арганізатарку форуму, маўляў, як гэта вы — “сабраліся ў паход і міліцыю не папярэдзілі”. Дабраўшыся да зацішнага месца на ўскрайку Сьвіслачы, моладзь пераседзела да сьвітанку.

Падчас налёту скіны крычалі: “Што тут за БНФ сабраўся?” ды “Ах, вам Лукашэнка не падабаецца!”. Вось жа, няма згоды нават сярод моладзі. Беларускія скіны, як бачым, — за Лукашэнку.

Каб арганізатары былі краёўцаў запрасілі папрысутнічаць, такога б ня здарылася.

С.См.

 

“Вілы для маскалёў”

У цікавы спосаб зарабляюць на жыцьцё горацкія жыхары, што жывуць блізу лесу. Раз-пораз вялізныя лесавозы зь бярвеньнем, што едуць у Расею, спыняюцца ня лясных беларускіх сьцяжынах: іхныя колы трапляюць на адмысловыя прыстасаваньні, наторканыя вострымі кавалкамі сялянскіх вілаў. А тутэйшыя людзі за пэўную плату заўжды гатовыя дапамагчы бедалагам-кіроўцам.

Паводле “Тыднёвіка Магілёўскага”

 

Зноў гіпэрінфляцыя?

Урад Беларусі пратэстуе супраць памкненьняў расейскага ўраду прадаць акцыі кампаніі “Слаўнафта”. Калі кампанія стане цалкам прыватнай, узьнікнуць праблемы з пастаўкамі нафты ў Мазыр для перапрацоўкі, — лічаць беларусы. Канцэрн “Белнафтахім” папярэджвае, што з-за недахопу сыравіны вытворчасьць бэнзыну і дызпаліва ўжо ў верасьні істотна зьменшыцца.

Беларусі зноў пагражае гіпэрінфляцыя. Каб забясьпечыць рост заробкаў, за першую палову гэтага году надрукавалі грошай у 2,2 разы болей, чым за такі ж час летась. Але ніякай карысьці для эканомікі краіны ад гэтага няма: за павялічаныя заробкі людзі куплялі найперш імпартныя тавары. За студзень-чэрвень на складах назьбіралася прадукцыі амаль на 400 млн. даляраў ЗША, а колькасьць стратных прадпрыемстваў павялічылася да 34%. Курс беларускага рубля не абваліўся, дзякуючы “стабілізацыйнаму” крэдыту з Расеі.

Уведзеныя сэртыфікаты на некаторыя будаўнічыя матэрыялы. Гэта мае палепшыць якасьць шклопакетаў, кафлі, драўняных плітаў і палімэраў.

“Вэртыкальшчыкам” забаранілі купляць імпартны грамадзкі транспарт. Забарону амаль адразу ж праігнараваў кіраўнік Магілёўшчыны Барыс Батура, які набыў для вобласьці замежныя аўтобусы, заявіўшы, што яны надзейнейшыя і таньнейшыя.

Сяржук Іваноўскі

 

Золата і тры срэбры

У Эдмантане завяршыўся чэмпіянат сьвету па лёгкай атлетыцы. Беларусы ўзялі золата і тры срэбры й апынуліся на 11-м месцы ў камандным заліку.

 

Усе нашыя спартоўцы выступілі ў сваю сілу, неспадзяваным сталася хіба другое месца Валянціны Цыбульскай у спартовай хадзе на 20 км.

Як бачым, мы апярэдзілі ня толькі Ўкраіну, але й Чэхію. Чацьвертае месца ў такім вялікім рэгіёне можна лічыць посьпехам. Асабліва, калі параўнаць з дасягненьнямі іншых краінаў былога СССР. З усіх васьмех азіяцкіх Рэспублік, напрыклад, зафіксаваны толькі адзін выхад у васьмёрку (казашка ў бегу з бар’ерамі).

34 балы з 39-ці беларускай камандзе прынесьлі жанчыны. Але гэта не фэномэн. Так, для Ўкраіны жанчыны здабылі 26 ачкоў з 36-ці, для Баўгарыі — 16 з 17-ці, для Румыніі — 47 з 47! Найбольшы посьпех мы мелі ў сілавых дысцыплінах, нейкія пэрспэктывы пазначыліся ў бегу ды хадзе, але ва ўсіх чатырох відах скокаў (у даўжыню, вышыню, трайным і з шостам) атрымаўся поўны правал. Ня трэ было адпускаць Зьмітра Маркава ў Аўстралію — былы беларус узяў золата. У сусьветнай прэсе, дарэчы, Маркава называюць “уцекачом ад беларускай дыктатуры”.

Сусьветных рэкордаў гэтым разам не было. Самую пераканаўчую перамогу атрымала кідальніца дзіды А.Мэнэндэс з Кубы. Яна апярэдзіла найбліжэйшую суперніцу на 5,88%. Наша Яніна Карольчык тут другая.

…Файны быў чэмпіянат, але ці шмат асалоды атрымалі ад яго беларускія тэлегледачы? Ня вельмі разгонішся глядзець тое РТР. Трэба, каб падлучаўся наш тэлеканал, хоць на найбольш пэрспэктыўныя для нашых спартоўцаў віды. Трэба папулярызаваць лёгкую атлетыку. Правы на тэлетрансьляцыю буйных спаборніцтваў каштуюць нятанна, але гэта ня той выпадак, калі трэба ашчаджаць грошы.

Мы жывем сярод краін-лёгкаатлетычных гігантаў, дый самі тут не апошнія. Дык чаму б ня зладзіць у Беларусі міжнародных спаборніцтваў? Скажам, лёгкаатлетычны матч Украіна-Польшча-Беларусь. Частку грошай можна было б сабраць з заўзятараў. Нашая лёгкая атлетыка вартая таго, каб браць з гледачоў грошы — нават за ўнутраныя спаборніцтвы, калі іх арганізаваць належным чынам.

Наступны чэмпіянат сьвету будзе ў Парыжы за два гады.

A.U.


Пацярпелыя
за Беларусь

13 жніўня ў Жодзіне былі затрыманыя зуброўцы Лявон Ачапоўскі, Віталь Кошалеў, Дзяніс Мархаток, Аляксей Талстоў, Франц Корзун, Зьміцер Чарткоў, Павал Красоўскі, Аляксей Уланаў, Віктар Барысаў, Зьміцер Ляшчынскі, Яўген Мурашка. У Сьветлагорску ў той самы дзень былі затрыманыя зуброўцы Алесь Торап, Эдуард Саранчук, Сяргей Гардзіевіч, Аляксей Жура, Юлія Шкурко, Руслан Лютарэвіч, Кірыла Ксяндзоў, Мая Бобрык, Аляксандар Іваноў, Андрэй Ігнаценка, Сяргей Сарока, Аляксандар Сямашка, якія разгарнулі ля будынку КДБ бел-чырвона-белы сьцяг і сьпявалі беларускія песьні. 14 жніўня ў Горадні затрымалі 16-гадовага Глеба Койпіша. 15 жніўня ў Віцебску былі затрыманыя зуброўцы Марына Камінская, Кірыла Мінееў, Ігар Альшанка, а таксама сабачка-пэкінэс Чыліта. У Шклове затрымалі няпоўнагадовых зуброўцаў Аляксандра Паўловіча, Зьмітра Шалашкова, Міхася Кісялёва, Дзяніса Сенакосава і Максіма Патупчыка, якія, апрануўшы белыя халаты, а адзін — маску з пэўнымі рысамі твару, паехалі сьмяшыць людзей у Гарадзец. Супраць іх распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 368 — абраза прэзыдэнта. Гэта першая ў Беларусі справа такога кшталту пасьля таго, як пачаў дзейнічаць новы Крымінальны кодэкс. Хлопцам пагражае да трох гадоў зьняволеньня. 17 жніўня ў Віцебску былі затрыманыя Ўладзімер Плешчанка, Барыс Хамайда з КХП-БНФ і зуброўцы Аляксандар Сухадолаў, Уладзімер Цішуцін і Аляксандар Горскі. 18 жніўня ў Глыбокім былі затрыманыя зуброўцы Вольга Марозава і Андрэй Палусін за тое, што расьпісвалі заклікамі будынак аўтавакзалу. Прачытаўшы натацыі, іх адпусьцілі. У Антопалі затрымалі Алеся Леўчука з “Руху добрай волі” за тое, што ён падарыў старшыні сельсавету сатырычны твор “Канстытуцыя Белабрысіі”. У Магілёве былі затрыманыя Віктар Нізаўцоў, Уладзіслаў Вішнявецкі, Аляксандар Каліта, Максім Хаменка, Раман Міцін, Іван Панюціч, Сяргей Пашкевіч, Юры Пчэльнікаў, Яўген Сувораў, Максім Шэмплехаў і яшчэ 9 зуброўцаў, а таксама дзед з Чэрыкава, у якога без нагляду на аўтавакзале застаўся хворы сын. Дзеда пратрымалі ў пастарунку 3 гадзіны, бо ён падчас затрыманьня двох амонаўцаў скруціў. У Менску затрымлівалі зуброўцаў Аляксея Шыдлоўскага, Міколу Лугаўцова, Паўла Вайноўскага, Васіля Жакава, Кацярыну Чудакову, Ганну Ягораву, Ірыну Тоўсьцік, Сяргея Марцалева, Юр’я Антонава, Аляксандра Атрошчанкава, Зьмітра Міхлюкова, Аляксандру Анджыеўскую, Вольгу Марозаву і Андрэя Пятрова. У Барысаве была затрыманая Алеся Ясюк і яшчэ 8 зуброўцаў, імёны якіх пакуль рэдакцыі невядомыя.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0